Лявон Іванавіч Дубейкаўскі
Ляво́н Іва́навіч Дубе́йкаўскі або Ві́тан-Дубе́йкаўскі (7 (19) ліпеня 1869, в. Дубейкава Мсціслаўскага павета — 6 лістапада 1940, Вільня) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, паэт, інжынер-будаўнік, архітэктар.
Лявон Іванавіч Дубейкаўскі | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | 7 (19) ліпеня 1869 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 6 лістапада 1940 (71 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Партыя | |
Член у | |
Працаваў у гарадах | Вільнюс, Смаленск, Відзы і Дрысвяты |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьРаннія гады
правіцьНарадзіўся 7(19) ліпеня 1869 года ў засценку Дубейкава Мсціслаўскага павета Магілеўскай губерні ў сям’і дробнага шляхціца Яна Дубейкаўскага і Агапы, з роду Дзеружынскіх. Старажытны шляхецкі род Дубейкаўскіх браў свой пачатак прыкладна з XIV ст., з часоў існавання Імсціслаўскага ўдзельнага княства. Некалі заможны род у час падзелаў Рэчы Паспалітай збяднеў ды заняпаў[1]. Ахрышчаны ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мсціславе[1].
Пасталеўшы, Дубейкаўскі пачаў збіраць беларускі фальклор, самастойна апрацоўваў вусныя народныя творы, спрабаваў пісаць сам. На пачатку 1890-х гадоў ён напісаў байку «Пацягне воўк — пацягнуць і воўка» ды верш «Бура».
Скончыў Мсціслаўскае гарадское вучылішча. У 17 гадоў, насуперак волі бацькоў, што прапаноўвалі яму ісці ў пісары, Лявон Дубейкаўскі выправіўся ў Варшаву і паступіў вучыцца на будаўніка ў школу будаўнічых рамёстваў[1]. Каб зарабляць грошы на навучанне ды пражыццё, вечарамі падпрацоўваў на будоўлі[1].
Праз два гады, маючы ўжо дыплом прафесійнага будаўніка, вярнуўся на радзіму. Спачатку ён працаваў пры аднаўленні старых будынкаў, а пасля пачаў узводзіць і ўласныя. З пачатку 1890-х гадоў Лявон Дубейкаўскі кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Чачэрску, у мястэчках Свіслач Асіповіцкага павета і Смальяны Аршанскага павета. Падчас рэканструкцыі Смальянскага касцёла працаваў разам з вядомым архітэктарам Лявонам Даўкшам , знаёмства з якім шмат у чым вызначыла далейшы прафесійны выбар Дубейкаўскага[1].
У часе адбудовы аднаго з касцёлаў на Магілёўшчыне ён пазнаёміўся з маладым мясцовым святаром, які адкрыў для яго беларускую літаратуру. Першаю беларускаю кнігаю стаў зборнік вершаў Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская». Захоплены вершамі, Дубейкаўскі, разам са сваім сябрам, перапісваў іх і завучваў на памяць[2].
Пачатак архітэктурнай дзейнасці. Першая рэвалюцыя
правіцьУ 1894 годзе атрымаў падрад на будаўніцтва новага каменнага касцёла ў Смаленску. З 1896 па 1898 год кіраваў вялікай брыгадай будаўнікоў, якая выконвала асноўныя працы па ўзвядзенні храма[3]. У 1897 годзе з мэтаю лепшай арганізацыі ўласнай будаўнічай справы ён заснаваў прыватнае інжынернае «Таварыства Л. Дубейкаўскі і Ко»[1], якая выконвала будаўнічыя, інжынерна-праектныя, цэментавыя і рэстаўрацыйныя працы[4], а праз год — завод жалеза-бетонных вырабаў[1].
Праз нейкі час выехаў на вучобу ў Санкт-Пецярбург, дзе праз год, у 1903 годзе[5], экстэрнам здаў экзамены на званне інжынера-архітэктара пры Інстытуце цывільных інжынераў[1]. Разам з будаўніцтвам цывільных будынкаў Дубейкаўскі ўзводзіць па просьбе мясцовых праваслаўных святароў цэрквы ў Ярцаве і Манастыршчыне Смаленскай губерні[1], якія былі скончаны ў 1903 годзе[4]. У 1904 годзе пабудаваў у Вязьме каменны дом казначэйства, у Смаленску — будынак гарадской пошты (не захаваўся)[4].
У час расійска-японскай вайны і рэвалюцыйных падзеяй 1905—1906 гадоў, калі будаўнічае прадпрымальніцтва ў Расійскай імперыі перажывала заняпад, Лявон Вітан-Дубейкаўскі вырашыў ліквідаваць сваю справу, прадаў уласны завод, паклаў грошы ў банк і выехаў у Парыж, дзе ў 1907—1909 гадах вучыўся ў архітэктурнай школе[1], пасля заканчэння атрымаў у 1910 годзе званне архітэктара-мастака[1].
Дубейкаўскі ўладкаваўся на працу ў Варшаве, у прыватнае архітэктурна-будаўнічае бюро Лільпопа і Янкоўскага. Набраўшыся за 3 гады прафесійнага вопыту ды склаўшы патрэбны капітал, Лявон стварыў уласную праектную фірму па будаўніцтве прамысловых і жылых дамоў. Адначасова ён выкладаў будаўнічую справу ў Варшаўскім сярэднім прамыслова-тэхналагічным вучылішчы інжынера Пятроўскага. Паводле яго праекта была ўзведзена фабрыка братоў Рынгаў, шэраг даходных дамоў у Варшаве. Уваходзіў у склад Кола архітэктараў у Варшаве (Koła architektów w Warszawie). Этапнай для яго стала праца над прыватным праектам палацавага ансамбля па вул. Флора, 7 у Варшаве, які ён выканаў у стылі еўрапейскага мадэрну. Для будаўніцтва архітэктурнага комплексу ў пачатку 1914 г. былі праведзены падрыхтоўчыя работы, але ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны далейшая праца была спынена[1].
Беларускае адраджэнне. БНР
правіцьСтала выпісваў беларускую прэсу і літаратуру, ліставаўся з рэдакцыямі газеты «Наша Ніва» і каталіцкім штотыднёвікам «Biełarus». Некалькі разоў наведваў Вільню, дзе блізка пазнаёміўся з лідарамі беларускага нацыянальнага руху: братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Іваноўскім, Уладзіславам Сталыгвам, кс. Францішкам Будзькам ды інш., дапамагаў матэрыяльна пецярбургскай выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца»[1]. Увосень 1916 годзе Дубейкаўскі прыехаў у Санкт-Пецярбург, дзе атрымаў нечаканую прапанову ад кс. Францішка Будзькі зрабіць праект беларускага касцёла ў Янатрудзе[1]. Дзякуючы хадайніцтву біскупа Эдварда Ропа Францішак Будзька дамогся зацвярджэння праекта ад афіцыйных расійскіх уладаў, але лютаўская рэвалюцыя 1917 года парушыла планы святара[1].
Перыяд з 1917 года Дубейкаўскі цалкам аддаў беларускай нацыянальнай справе. У Беларусь ён пераехаў незадоўга да бальшавіцкага перавароту, знайшоўшы прытулак у фальварку Міхаўцы пад Радашковічамі, у сядзібе беларускага літаратара і палітычнага дзеяча Аляксандра Уласава[1]. У 1917 годзе член Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску.
З 1 чэрвеня 1918 года пастановай Народнага Сакратарыята Беларусі Лявон Вітан-Дубейкаўскі быў зацверджаны галоўным урадавым архітэктарам Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён пачаў распрацоўваць узоры дзяржаўных нацыянальных узнагарод (эскізы гэтых узораў захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва). Па заданні ўрада БНР летам таго ж года архітэктар завяршыў праект будынка Першай беларускай нацыянальнай гімназіі ў Будславе. Атрымаўшы ўрадавую грашовую субсідыю, Дубейкаўскі сам паехаў туды і ўзначаліў будаўніцтва. Але польская акупацыя не дазволіла яму завяршыць справу. Паводле загаду новай адміністрацыі Будслаўская беларуская гімназія была ліквідавана як «прытулак бальшавізму»[1].
Каб паспрыяць паразуменню польскай і беларускай інтэлігенцыі, ён выступіў адным з ініцыятараў стварэння восенню 1919 года Польска-беларускага таварыства, у якое ўвайшлі княгіня Магдалена Радзівіл, граф Ежы Чапскі, Эдвард Вайніловіч ды інш. вядомыя асобы. Цвёрда трымаючыся ідэі незалежнасці Беларусі, Дубейкаўскі выступаў у беларускім друку супраць польскага шавінізму. Уступіў ў шэрагі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі[1].
Ведаючы добрыя сувязі Дубейкаўскага ў Варшаве, старшыня Рады міністраў БНР Антон Луцкевіч зацвердзіў яго 15 чэрвеня 1919 на пасаду консула беларускага ўрада ў Польшчы. На той час Дубейкаўскі займаў пасаду архітэктара ў Янаве Люблінскага ваяводства, але пакінуў прыбытковае месца і выехаў у польскую сталіцу бараніць інтарэсы Беларусі. У кастрычніку 1919 года ён ініцыяваў стварэнне Беларускага камітэта у Варшаве, выконваў абавязкі яго старшыні[1].
У лістападзе 1920 года падпісаў План-канспект нарады («Слуцкая акцыя») некаторых беларускіх сацыялістаў з прадстаўнікамі мясцовых землеўласнікаў па абмеркаванні сумесных дзеянняў супраць бальшавікоў, асноўныя палажэнні якога былі: вызваленне Беларусі і дасягненне яе незалежнасці; незалежнасць Беларусі здабываецца шляхам федэрацыі з Польшчай праз больш цесную яе сувязь з Сярэдняй Літвой; надзея толькі на ўласныя сілы, сілы краю, а значыць — палітыка праводзіцца ў духу выканання ўсіх пастулатаў насельніцтва; унутраныя непаразуменні паміж палітыкамі і іншымі слаямі насельніцтва павінны быць выключаны; нацыянальная роўнасць; дзяржаўнасць несумненна беларуская; апора на мясцовыя самаўрады; узбройванне ўсяго насельніцтва Беларусі і прыём у рэгулярнае беларускае войска добраахвотнікаў з Польшчы; радыкальная зямельная рэформа і яе рэкламаванне; пазбяганне рэквізіцый; дапамога ў забеспячэнні харчаваннем; законны ўрад, створаны Найвышэйшай Радай, — склад ураду: 50% беларусаў, 40% палякаў і 10% яўрэяў. Такі нацыянальны склад ураду і ўся сітуацыя — каб атрымаць гарантыі дапамогі ад Польшчы; апора на Польшчу, Сярэднюю Літву і Францыю — каб змагацца з бальшавікамі. Сярод іншых падпісчыкаў плана-канспекта былі: Альгерд Гардзялкоўскі, Раман Аляксандравіч Скірмунт, Ігнат Антонавіч Парэмбскі, Абязерскі, Павел Жаўрыд, Чэслаў Урбанавіч Крупскі, Андрэй Якубецкі, Ражноўскі, Кузьма Цярэшчанка, Аркадзь Антонавіч Смоліч, Антон Неканда-Трэпка, Сяргей Баран[6]. Запланаваныя намеры не ажыццявіліся, а таксама правалілася вярбовачная кампанія Беларускай вайсковай камісіі (БВК) на Гарадзеншчыне ў склад беларускіх збройных аддзелаў[7].
Член масонскай ложы (Вільня). Пасля эміграцыі Рады БНР працаваў у беларускім прадстаўніцтве ў Варшаве (1919—1922).
Дзейнасць у Заходняй Беларусі
правіць3 1922 года жыў у Вільні (Польская Рэспубліка) ажаніўся з Юліянай Мэнке. Быў прэзідэнтам беларускай каталіцкай парафіі імя Св. Міколы, дзеячом Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Удзельнічаў у выданні газеты «Беларускі фронт». За беларускую дзейнасць праследаваўся польскімі ўладамі.
Займаўся архітэктурна-будаўнічымі работамі, між іншым праектаваў царкву ў Відзах і касцёл у Дрысвятах. Будаваў кляштар пад Варшавай і мікрараён на Антокалі ў Вільні. У другой палове 1930-х гадоў з-за цяжкай хваробы архітэктар практычна не працаваў. Аўтар праекта «дома Вадэйкаў» у Галавічполі (пач. 1930-х)[8]. У 1935 годзе далучыўся да Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, займаў пасаду першага віцэ-старшыні, прадстаўнік партыі ў Беларускім нацыянальным камітэце[9].
Узімку 1939—1940 гадоў перанёс цяжкі грып. Памёр 6 лістапада 1940 года ад раку страўніка[1]. Пахаваны на могілках Роса ў Вільні.
-
«Дом Вадэйкаў» (1935)
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у Уладзімір Ляхоўскі. Рупіўся дзеля Бога і людзей . Наша вера № 2(5)/1998. Праверана 8-3-2021.
- ↑ Ляхоўскі У. Рупіўся дзеля Бога і людзей: Жыццёвы шлях Лявона Вітан-Дубейкаўскага // Наша вера. 1997. № 4
- ↑ Дубейковский Леон Янович(недаступная спасылка)
- ↑ а б в [1]Архитектура и строительство № 7 (206) 2009 г. Калейдоскоп
- ↑ Вітан-Дубейкаўскі Лявон Іванавіч. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
- ↑ Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах 2006, с. 325—326.
- ↑ Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах 2006, с. 17.
- ↑ nashaniva.by
- ↑ Na našym froncie // Новы шлях № 4 (14) : часопіс. — Вільня: 10 жніўня 1935. — С. 8.
Літаратура
правіць- Vitan K. Lavon Vitan-Dubiejkauski: Da 85 uhodkaŭ naradżeńnia. Niu Jork. 1954.
- Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. ISBN 5-85700-078-5
- Календарыюм // «Czasopis» № 07-08/2004
- Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 296—297. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.
- Ляхоўскі У. Рупіўся дзеля Бога і людзей: Жыццёвы шлях Лявона Вітан-Дубейкаўскага // Наша вера. 1997. № 4.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лявон Іванавіч Дубейкаўскі
- Уладзімір Ляхоўскі. Рупіўся дзеля Бога і людзей. Наша вера
- Сяргей Харэўскі. Беларускі стыль у будаўніцтве 1921—1939 гг. (Лявон Вітан-Дубейкаўскі) на www.radzima.org
- Біяграфія Л. Вітан-Дубейкаўскага на svaboda.org(недаступная спасылка)
- Кветка Вітан. Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Да 85-х угодкаў нараджэння. Нью-Ёрк, 1954. // на pawet.net
- Вітан-Дубейкаўскі Лявон. Дзяды. Беларускія народныя звычаі // Наша слова.pdf № 44 (96), 1 лістапада 2023. // на pawet.net
- Вітан-Дубейкаўскі Лявон. Каляды. Беларускія народныя звычаі // Наша слова.pdf № 51 (103), 20 снежня 2023 // на pawet.net