Манументальна-дэкаратыўная скульптура

Манументальна-дэкаратыўная скульптура — від дэкаратыўнай скульптуры, цесна звязаны з архітэктурай і прыродным ландшафтам. Прызначана для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, мастоў, трыўмфальных арак, фантанаў, архітэктуры малых форм, упрыгожвання паркаў, плошчаў, вуліц. Уключае: статуі і рэльефы, якія маюць самастойнае значэнне; статуі, якія выконваюць ролю архітэктурных элементаў (атланты, карыятыды), статуі-фантаны; скульптурную арнаментацыю на будынках.

Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Найбольшага росквіту дасягнула ў эпоху антычнасці, у стылях готыкі, рэнесансу, барока і класіцызму ў культавым і палацавым будаўніцтве, садова-паркавым мастацтве, у мастацтве краін Усходу. У 20 ст. развіваецца пераважна як элемент ландшафтнага дызайна, была пашырана ў архітэктуры мадэрну і пабудовах, зарыентаваных на класіцыстычную традыцыю. З’явіліся яе новыя формы: агітацыйная, гульнёвая (для дзіцячых пляцовак), скульптурная інсталяцыі і інш. Часам выкарыстоўваюць сучасныя тэхнічныя сродкі: рух, гук, светлавыя эфекты і інш.

БеларусьПравіць

На Беларусі пашырылася ў XVIXIX стст. у палацавым і культавым долідстве. Складаным сімволіка-алегарычным ладам, экспрэсіўнасцю, багаццем і разнастайнасцю форм вызначалася культавая скулыпура XVIIXVIII стст. (касцёл у в. Новая Мыш Баранавіцкага, Воўчын Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, Міхалішкі Астравецкага, Ішчална Мастоўскага раёнаў Гродзенскай вобласці, бернардзінцаў у Гродне, францысканцаў у Пінску і інш.). У мастацтве класіцызму выкарыстоўвалася ў палацава-паркавых ансамблях, гарадскіх і сельскіх сядзібах (палац Радзівілаў у в. Паланэчка Баранавіцкага раёна, «Паляўнічы домік» у Гомелі, палац Храптовічаў у г.п. Бешанковічы Віцебскай вобласці і інш.).

Сярод паркавых скульптур XIX ст. алегарычная статуя «Багіня Міра» (1834) В. Дэмут-Маліноўскага ў парку палаца Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, кампазіцыя «Хлопчык з лебедзем» (1874) у Аляксандраўскім скверы ў Мінску. У 1930-я гг. зроблены рэльефы ў будынках Дома ўрада (скульптары А. Бембель, У. Рытар, Р. Ізмайлаў), Дома афіцэраў (А. Бембель, А. Глебаў і інш.), Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета (А. Бембель і інш.) у Мінску. У 1950-я гг. манументальна-дэкаратыўная скульптура арганічна суадносілася з архітэктурай класіцыстычнай арыентацыі: Рэспубліканскі міжсаюзны палац культуры прафсаюзаў (скульптары А. Глебаў, С. Селіханаў, В. Папоў), Нацыянальны мастацкі музей (скульптары А. Бембель, П. Белавусаў, С. Адашкевіч, М. Роберман) у Мінску і інш. Імкненнем сцвердзіць новыя пластычныя ідэі вызначаюцца найбольш значныя творы 1970—1990-х гг.: кампазіцыі «Купава» перад будынкам рэстарана «Журавінка» (У. Кузняцоў), «Вянок» фантана ў парку імя Я. Купалы (скульптары А. Анікейчык, Л. Гумілеўскі, А. Заспіцкі), «Юнацтва» ў скверы перад будынкам гасцініцы «Мінск» (скульптар А. Анікейчык), «Бег» над уваходам стадыёна «Дынама» і «Арфей» перад будынкам музычнага вучылішча (абедзве В. Занковіч), «Юнак іграе на жалейцы» і «Поры года» ў гасцініцы «Турыст» (скульптары С. Ларчанка, А. Кішчанка), «Лаўка» ў Міхайлаўскім скверы (скульптар У. Жбанаў), скульптуры «Паэзія», «Музыка», «Сцэнаграфія», «Танец», «Тэатр» на фасадзе Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі і кампазіцыя «Батлейка» каля яго будынка (скульптар Л. Зільбер), скульптурнай групы фантанаў «Поры года» на праспекце Пераможцаў — «Гуканне вясны» («Вясна», А. Шатэрнік), «Купалле» («Лета», Л. Давідзенка), «Свята ўраджаю» («Восень», Ю. Палякоў), «Каляды» («Зіма», В. Занковіч) у Мінску; кампазіцыі «Натхненне» на фасадзе будынка Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра (скульптар Л. Зільбер); «Белая дама з халопам» (Г. Гаравая), «Русалка» (Л. Гумілеўскі), «Анёл-заступнік з хлопчыкам» (А. Фінскі), «Сабака для палявання» (П. Лук, В. Янушкевіч) у палацава-паркавым комплексе ў г. Нясвіж Мінскай вобласці і інш.

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць