Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім (1381—1384)

Першая вайна за ўладу паміж Ягайлам і Вітаўтам

Грамадзя́нская вайна́ ў Вялі́кім Кня́стве Літо́ўскім 1381—1384 гадо́ў — першы эпізод барацьбы за ўладу паміж стрыечнымі братамі: вялікім князем літоўскім Ягайлам і князем Вітаўтам. Вайна пачалася пасля падпісання Давыдзішкаўскага дагавора між Ягайлам і вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна Вінрыхам фон Кніпродэ. Дагавор быў накіраваны супраць дзядзькі Ягайлы Кейстута, бацькі Вітаўта.

Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім 1381—1384 гадоў
Асноўны канфлікт: Барацьба Вітаўта і Кейстута з аднаго боку, і Ягайлы з другога, за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім
Карта канфлікту Тэўтонскага ордэна супраць ВКЛ і Польшчы
Карта канфлікту Тэўтонскага ордэна супраць ВКЛ і Польшчы
Дата 1381—1384 гады
Месца Вялікае Княства Літоўскае, Жамойць
Вынік Часовае перамір'е, пазнейшае падпісанне Крэўскай уніі(1385).
Праціўнікі
Войскі Кейстута, Вітаўта, Любарта
Тэўтонскі ордэн
Жамойць
Прыхільнікі Ягайлы
Камандуючыя
Кейстут, Вітаўт, Любарт
Вінрых фон Кніпродэ,
Конрад Цёльнер
Ягайла, Скіргайла

Кейстут хутка авалодаў уладай у Літве, аднак падчас мірных перагавораў яны з сынам былі запалонены і перавезеныя ў Крэўскі замак. Праз тыдзень Кейстут сканаў, Вітаўт жа здолеў збегчы, пасля чаго ён звярнуўся па падтрымку да тэўтонскіх рыцараў. Хоць уварванне ў Літву аб'яднаных войскаў Вітаўта і крыжакоў скончылася няўдачай, з дапамогай Ордэна Вітаўту ўдалося замацавацца ў Жамойці. Ягайлу была патрэбна ўнутраная стабільнасць перад пачаткам перагавораў з Вялікім Княствам Маскоўскім і Каралеўствам Польскім з нагоды хрышчэння Літвы, і ён пайшоў на падпісанне перамір'я з Вітаўтам.

Вайна не вырашыла супярэчнасцей, наступны этап дынастычнай барацьбы прыйшоўся на 1389—1392 гады і завяршыўся падпісаннем Востраўскага пагаднення. Ягайла прызнаў Вітаўта вялікім князем літоўскім, а той, у сваю чаргу, прызнаў Ягайлу вярхоўным сюзерэнам Літвы.

Перадгісторыя канфлікту правіць

У 1345 годзе ў Вялікім Княстве Літоўскім адбыўся дзяржаўны пераварот, падчас якога было ўсталявана двоеўладдзе князёў Альгерда і яго брата Кейстута. Браты падзялілі паўнамоцтвы такім чынам, што Альгерд, які быў вялікім князем літоўскім, займаўся пераважна справамі Русі (усходнімі), а Кейстут — заходнімі, ведучы барацьбу з крыжакамі[1]. Мірнае і даволі плённае сукіраванне скончылася ў 1377 годзе па смерці Альгерда. Пераемнікам стаў яго сын ад другога шлюбу (з Ульянай Цвярской) — 27-гадовы Ягайла[2]. Кейстут і Вітаўт прызналі Ягайлу вялікім князем літоўскім і падтрымалі яго, нават тады, калі права Ягайлы на велікакняжацкі стол было аспрэчана старэйшым сынам Альгерда ад першага шлюбу (з Марыяй Віцебскай) Андрэем Полацкім, якому на той час ужо споўнілася 52 гады[3].

Зімой 1378 года Ордэн арганізаваў буйную ваенную кампанію супраць Літвы. Крыжакі дайшлі да Берасця і выйшлі да Прыпяці[4]. Лівонскі Ордэн уварваўся ва Упіцкую зямлю. Чарговая кампанія пагражала сталіцы Княства — Вільні[3].

Летам 1379 года Скіргайла (родны брат Ягайлы) адправіўся да крыжакоў, каб абгаварыць сітуацыю, магчымыя шляхі хрысціянізацыі Літвы, а таксама дабіцца спынення падтрымкі Андрэя Полацкага з боку Лівонскага Ордэна[5]. Дэталі паездкі невядомыя. Ёсць звесткі, што Скіргайла таксама наведаў імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі[6]. Нягледзячы на тое, што мэта і вынікі паездкі няясныя, часта адзначаецца, што гэта была першая інтрыга, здзейсненая за спінай у Кейстута[7].

Кейстут прапанаваў заключыць перамір'е і абмяняцца ваеннапалоннымі. 29 верасня 1379 года ў Троках было падпісана дзесяцігадовае перамір'е[4]. Гэта быў апошні дагавор, падпісаны Ягайлам і Кейстутам сумесна[4]. Пасля гэтага адбыліся тайныя перагаворы між Ягайлам і крыжакамі ў Вільні[8]. Тым не менш, перамір'е з Ордэнам гарантавала бяспеку толькі хрысціянскім землям Вялікага Княства на поўдні і на ўсходзе, тады як паганскія тэрыторыі на паўночным захадзе заставаліся пад пагрозай з боку крыжакоў[9].

Каля 1379 года Ягайла выдаў сваю аўдавелую сястру Марыю за свайго дарадцу Вайдылу. Некалі Вайдыла быў простым пекарам, але пры Альгердзе ўзвысіўся і атрымаў ад вялікага князя горад Ліду. Пры Ягайле ўплыў Вайдылы дасягнуў піку. Як паведамляе хроніка Быхаўца, Кейстут быў вельмі незадаволены тым, што Ягайла аддаў яго пляменніцу «за халопа», і палічыў гэта асабістай абразай[10].

 
Уяўная прычына вайны: Давыдзішкаўскі дагавор

У лютым 1380 года Ягайла без узгаднення з Кейстутам заключыў перамір'е на пяць месяцаў з Лівонскім Ордэнам для абароны сваіх спадчынных зямель у Літве, а таксама Полацка, які ён толькі што адабраў у свайго брата і канкурэнта Андрэя Полацкага[3]. 31 мая 1380 года Ягайла і вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Вінрых фон Кніпродэ падпісалі тайную дамоўленасць: Давыдзішкаўскі дагавор. У цэлым, умовы яе былі заблытаныя і неадназначныя[11]. Ягайла і Ордэн дагаварыліся аб сумесным ненападзенні, Ягайла згаджаўся не перашкаджаць Тэўтонскаму ордэну ў барацьбе з Кейстутам і яго дзецьмі. Аднак, калі аказанне дапамогі Кейстуту было б неабходным, каб пазбегнуць падазрэнняў, гэты крок не з'яўляўся б парушэннем пагаднення[12].

Некаторыя гісторыкі лічаць, што ініцыятыва падпісання дагавора зыходзіла ад маці Ягайлы Ульяны Цвярской або ад Вайдылы[13]. Іншыя адзначаюць, што Кейстуту было 80 гадоў і ён рашуча не прымаў хрысціянства, тады як Ягайлу было каля трыццаці і ён шукаў шляхі мадэрнізацыі дзяржавы[14]. Існуе таксама версія, што дагавор быў першапачаткова накіраваны супраць Андрэя Полацкага і яго саюзнікаў: брата Дзмітрыя Бранскага і вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя Данскога[9]. Лічаць, што напярэдадні Кулікоўскай бітвы Ягайла, засцярогшы ад небяспекі заходнія межы Княства, аб'яднаўся з Залатой Ардой супраць Вялікага Княства Маскоўскага[3].

Барацьба Кейстута і Ягайлы правіць

Поспех Кейстута правіць

У лютым 1381 года крыжакі ўварваліся ў землі Кейстута і рушылі ў кірунку Трокаў. Войска Ордэна ўпершыню выкарыстала бамбарды[15]. Быў разбураны Наўяпіліс і ўзятыя ў палон каля 3 тыс. чалавек[9]. У чэрвені была разрабавана Жамойць да Меднікаў уключна.

Да Кейстута сталі даходзіць новыя акалічнасці палітычнай сітуацыі. Комтур Остэродэ Гюнтар Гоенштайн апавясціў Кейстута аб тайным дагаворы з Ягайлам[9]. Па хроніцы Быхаўца, остэродскі комтур сказаў Кейстуту: «Ты таго не ведаеш, што князь вялікі Ягайла часта пасылае да нас Вайдылу і ўжо змовіўся з намі, як цябе звесці з тваіх княжанняў»[10]. Відавочна, што Ордэну была выгадна грамадзянская вайна ў Літве, хоць дзеянні Гоенштайна можна расцэньваць і як асабістую паслугу (Гюнтэр быў хросным бацькам дачкі Кейстута Дануты). Кейстут вырашыў параіцца з Вітаўтам[12], той адказаў: «Не вер таму, не думаю, каб гэта так было, таму што ён [Ягайла] са мной жыве ў сяброўстве, і сказаў бы мне»[10].

У той час Ягайла быў заняты задушэннем паўстання палачан супраць свайго брата і паплечніка Скіргайлы. Кейстут зноў стаў жаліцца сыну на Ягайлу: «Ён перш зрабіў мне вялікія страты, аддаў маю пляменніцу, а сваю сястру за халопа, я добра ведаю, што цяпер ён уступіў у змову з немцамі супроць нас; а трэцяе: мы трэці раз ваюем з немцамі, а ён з імі Полацк здабывае, які належыць майму сыну, а твайму брату, Андрэю Гарбатаму. Гэта ўжо другі знак яго непрыязнасці да нас. Ужо гэтым цалкам ясна паказана, што яны разам з немцамі сталі супроць нас»[10]. Аднак і гэтыя словы не пахіснулі ўпэўненасці Вітаўта ў невінаватасці Ягайлы[10]. Незадаволены Вітаўт адбыў «к Гродну і к Дарагічыну»[10].

Скарыстаўшыся адсутнасцю пляменніка, Кейстут вырашыў пачаць вайну. У канцы 1381 года ён на чале войска накіраваўся ў Прусію, але па дарозе рэзка звярнуў да Вільні[13]. Зусім не гатовы да абароны горад быў лёгка ўзяты такім загартаваным военачальнікам, як Кейстут[13]. На шляху да сталіцы быў запалонены і Ягайла[14]. У Вільні быў знойдзены рукапіс Давыдзішаўскага дагавора. Вітаўт быў тэрмінова выкліканы ў сталіцу і, верагодна, садзейнічаў таму, што Кейстут абыйшоўся з Ягайлам даволі мякка. Адзіным сур'ёзным патрабаваннем да яго было пісьмовае прызнанне Кейстута вялікім князем. Ягайла быў адпушчаны, яму таксама былі вернуты яго вотчынныя землі (Крэва і Віцебск)[3][16]. Войска Скіргайлы, якое стаяла пад Полацкам, таксама прызнала вялікім князем Кейстута і, па яго патрабаванні, зняло аблогу[16]. Скіргайла быў вымушаны бегчы ў Лівонію, а Андрэй Альгердавіч змог вярнуцца ў Полацк, прызнаўшы ўладу дзядзькі. Астатнія Гедзімінавічы таксама прызналі Кейстута вялікім князем. З Масквой удалося дагаварыцца наконт адмовы ад прэтэнзіі на Смаленск і Вярхоўскія княствы.

Кейстут аднавіў ваенныя дзеянні супраць крыжакоў[9]. Ён спустошыў наваколлі Велау, Тапіяу, Фрыдланда і Альтэнбурга, дасягнуўшы берагоў Прэгеля. Контрнаступленне Ордэна, які рушыў следам, было адбіта Вітаўтам. У красавіку Кейстут распачаў паход на Георгенбург[9]. Гэтыя паходы былі настолькі паспяховымі, што цалкам скавалі дзеянні Ордэна.

Поспех Ягайлы правіць

Многія Гедзімінавічы заставаліся незадаволеныя сваім становішчам. У маі 1382 года мяцеж супраць Кейстута падняў ноўгарад-северскі князь Карыбут (у хрышчэнні — Дзмітрый). Вайдыла, які меў дачыненне да пачатку мецяжу, трапіў у палон і быў павешаны[17]. Кейстут з малым атрадам выступіў на Карыбута, аднак быў разбіты. У гэты час у Вільні ўспыхнула паўстанне прыхільнікаў Ягайлы пад кіраўніцтвам віленскага намесніка і старасты нямецкай грамады купца Га́нуля[3][18]. Купецтва было незадаволена антынямецкай палітыкай Кейстута, які перашкаджаў гандлю[3]. Паводле хронікі Быхаўца, віленскіх гараджан падгаварыў сам Ягайла[16]. Паўстанцы авалодалі горадам, увесь гарнізон быў знішчаны. У той час Вітаўт быў у Троках і не мог умяшацца ў падзеі[6]. 12 чэрвеня ў сталіцу з Віцебска[19] прыбыў Ягайла. Вітаўт паспрабаваў сабраць войскі і атакаваць горад, але быў разбіты і вымушаны вярнуцца ў Трокі[3]. У канцы чэрвеня ў Літву ўварваліся крыжакі пад камандаваннем маршала Конрада Гатэнштайна. Тэўтонцы прасоўваліся да Трокаў з поўначы, у той час як войскі Ягайлы і Скіргайлы падыходзілі з боку Вільны. Па прычыне надыходзячай небяспекі Вітаўт прыняў рашэнне адысці разам з маці ў Гродна[19]. 6 ліпеня Ягайла заключыў з Ордэнам перамір'е ў замку Бражуоль. Крыжакі абавязаліся не падтрымліваць Кейстута[4]. 18 ліпеня былі абложаны Трокі, а ўжо 20 ліпеня гарнізон пагадзіўся пакінуць горад[20]. Ягайла пакінуў у якасці намесніка Скіргайлу, зрабіўшы яго князем троцкім. Пасля ўзяцця горада крыжакі вярнуліся ў Прусію.

 
Войцех Герсон, Кейстут і Вітаўт у палоне ў Ягайлы, 1873

Атрымаўшы экстраннае пасланне ад Вітаўта, Кейстут прыбыў у Гродна, дзе акрэсліў наступны план дзеянняў. Сваю жонку Біруту ён адправіў у Берасце, Вітаўта пакінуў у Гродне, а сам накіраваўся ў Жамойць для збору новага войска. Пасля да яго павінны былі далучыцца Вітаўт і Любарт з падмацаваннямі адпаведна з Гродна і Валыні[9]. Жамойты не мелі асаблівага жадання ўмешвацца ў дынастычныя войны, але Кейстуту ўдалося схіліць іх на свой бок. Верагодна, на язычнікаў паўплывала тое, што на пытанне, ці не збіраецца ён хрысціцца, Ягайла адказаў сцвярджальна. Тым часам слабасцю Вялікага Княства вырашыў скарыстацца мазавецкі князь Януш, які заняў Дарагічын і Мельнік, але быў адкінуты ад Берасця[19].

3 жніўня войска Кейстута, Вітаўта і Любарта, з аднаго боку, і Ягайлы і магістра Лівонскага ордэна Вільгельма фон Фрымерсхайма, з другога, сустрэліся каля Трокаў. Па нямецкіх крыніцах вядома, што Кейстут выдатна ўсведамляў, што шанцы на перамогу ў адкрытай бітве невялікія: у праціўніка было большае войска, да таго ж ваяры-жамойты зусім не рваліся ў бой[3]. У лагер Кейстута прыбыў Скіргайла, які пераканаў Вітаўта пачаць перагаворы. Ягайла прыняў друга дзяцінства і абяцаў яму мір на ўмовах узнаўлення свайго status quo на лістапад 1381 года. Скіргайла разам з Вітаўтам накіраваліся да Кейстута і пераканалі яго пачаць перагаворы з Ягайлам, даўшы пры гэтым гарантыі бяспекі ад імя апошняга[19]. Перагаворы ў лагеры Ягайлы скончыліся, нават не пачаўшыся: прыбыўшыя Кейстут і Вітаўт былі тут жа схопленыя і кінутыя пазней у Крэўскі замак[13]. Войскам было абвешчана, што князі працягнуць перагаворы ў Вільні[19]. Праз пяць дзён (15 жніўня[3]) прыбыўшы ў замак Скіргайла знайшоў Кейстута мёртвым[14]. Ягайла абвясціў, што Кейстут павесіўся, аднак хутка пайшлі чуткі, што стары князь быў забіты[6]. У беларуска-літоўскіх летапісах Ягайлу адкрыта вінавацяць у арганізацыі забойства Кейстута і нават называюцца імёны забойцаў: «великого князя Кейстута удавили коморники великого князя Ягайло, один из них назывался Прокша, который давал ему воду, а были и другие: брат Мостер и Кучук и Лисица Жибентяй»[21]. Ягайла арганізаваў у Вільні пышныя пахаванні па паганскім абрадзе: было складзена вялікае пахавальнае вогнішча, на якім, акрамя цела Кейстута, былі спалены коні, зброя і каштоўныя аздабленні[6].

Барацьба Вітаўта і Ягайлы правіць

 
Выгляд на «Княскую вежу» і руіны Крэўскага замка, фота пач. XX ст.

Вітаўту ўдалося збегчы. Уцёкі былі арганізаваны жонкай Вітаўта Ганнай. Паводле розных дадзеных, Вітаўт абмяняўся адзежай з наведваўшай яго ў зняволенні Ганнай (або адной з яе прыслужніц Аленай[22]) і здолеў непазнаным пакінуць замак[23]. Згодна з паведамленнем Віганда Марбургскага, неўзабаве пасля ўцёкаў (нібы за іх арганізацыю) была ўтоплена жонка Кейстута Бірута[24], а яе дзядзька Відымонт[21] і сваяк Бутрым былі закатаваны[17]. Першапачаткова Вітаўт шукаў дапамогі ў сваёй сястры Дануты і яе мужа Януша Мазавецкага[25], затым у плоцкага князя Земавіта IV[25], аднак яны адмовілі. У гэтых умовах у канцы 1382 года Вітаўт прыняў рашэнне звярнуцца да сваіх нядаўніх ворагаў — тэўтонскіх рыцараў[25].

Вітаўт і яго брат Таўцівіл (ахрышчаны ў Мазовіі пад імем Конрада) былі прыняты новым вялікім магістрам Конрадам Цёльнерам фон Ротэнштайнам, але без вялікага энтузіязму[4]. У гэты час Ягайла вёў перагаворы з Ордэнам з нагоды заключэння дагавора, палажэнні якога былі сфармуляваны 31 кастрычніка 1382 года[26]. Дагавор быў платай Ягайлы за дапамогу крыжакоў у барацьбе з Кейстутам і Андрэем Полацкім[6]. Паводле ўмоў дагавора, Ягайла абавязаўся на працягу чатырох гадоў хрысціянізаваць Княства, перадаць Ордэну Жамойць аж да рэчышча Дубісы, а таксама на працягу чатырох гадоў захоўваць з крыжакамі саюзніцкія адносіны і не пачынаць войнаў без іх згоды[26], што было відавочным абмежаваннем суверэнітэту Вялікага Княства Літоўскага[27]. Тым не менш, дагавор не быў ратыфікаваны. Крыжакі пяць разоў прызначалі дату ратыфікацыі, але Ягайла заўсёды адмаўляў[28]. Заключная сустрэча была прызначана на 19 ліпеня 1383 года, аднак таксама не адбылася па прычыне затрымкі тэўтонцаў з-за мелкаводнасці Нёмана[29]. Іншым фактарам таго, што дагавор так і не быў ратыфікаваны, было тое, што Ягайла без узгаднення з Ордэнам пачаў вайну супраць Януша Мазавецкага і адабраў у яго Дарагічын і Мельнік[25]. Некаторыя гісторыкі лічаць, што ўжо ў той час Ягайла планаваў стратэгічны саюз з Масквой або Польшчай[9]. Крыжакі разлічвалі сутыкнуць Ягайлу і Вітаўта ў барацьбе адзін з адным. 30 ліпеня яны абвясцілі Ягайлу вайну[25].

Вітаўт зрабіў усё магчымае, каб ізноў схіліць на свой бок жамойтаў. 11 верасня 1383 года войска крыжакоў пад камандаваннем вялікага магістра Конрада Цёльнера фон Ротэнштайна ўступіла ў межы Вялікага Княства. Неўзабаве да яго далучыўся і Вітаўт, які прывёў з сабой 3 тыс. жамойтаў. Аблога Трокаў была ўдалай, але Вільню ўзяць не ўдалося, і ўжо 22 верасня кампанія была завершана[25]. Аднак 25 верасня Ягайла і Скіргайла аблажылі Трокі. 3 лістапада пазбаўлены падтрымкі гарнізон здаў горад па дамоўленасці аб свабодным выхадзе.

21 кастрычніка ў Тапіяу Вітаўт быў ахрышчаны па каталіцкім абрадзе пад імем Віганд. Гэтае імя ён атрымаў у гонар свайго хроснага бацькі — рагніцкага комтура Віганда[30]. Крыжакі перадалі Вітаўту замак Новы Марыенбург на Нёмане, каля вусця Дубісы. Да Вітаўта далучыліся яго сваякі і прыхільнікі, пазбаўленыя сваіх вотчынных зямель Ягайлам. Сярод іх былі Таўцівіл, Ганна, брат Ганны Судзімонт і Іван Альгімундавіч Гальшанскі[31].

30 студзеня 1384 года ў Кёнігсбергу Вітаўт заключыў пісьмовы дагавор з крыжакамі, паводле якога ён станавіўся васалам Ордэна як законны князь троцкі і перадаваў яму Жамойць да ракі Нявежы і Ковенскую вобласць[30]. У маі 1384 года крыжакі пачалі будаўніцтва новага замка ў Коўне, названага Новы Марыенвердэр[31]. Гэты замак таксама быў перададзены пад кіраванне Вітаўта. Тут 14 ліпеня быў пацверджаны Кёнігсбергскі дагавор, дапоўнены пунктам пра спадчыну дачкі і братоў Вітаўта, а таксама пра пераход яго зямель у маёмасць Ордэна ў выпадку адсутнасці спадчыннікаў[32].

У гэты час Ягайла (верагодна, пад ціскам маці[26]) заключыў саюз з вялікім князем маскоўскім. Вялася падрыхтоўка да яго жаніцьбы з дачкой Дзмітрыя Данскога Соф'яй і хрышчэння па праваслаўным абрадзе[33]. Каб рэалізаваць азначаны план, Ягайлу было неабходна скончыць вайну з Вітаўтам[14]. Увесну 1384 года пачаліся тайныя перагаворы. Ягайла прапанаваў Вітаўту ў валоданне Валынь з Луцкам[21]. Вітаўт адмовіўся, настойваючы на вяртанні ўсёй сваёй вотчыны, уключаючы занятыя Скіргайлам Трокі. Ягайла абяцаў вярнуць Трокі, як толькі Скіргайла зможа адабраць у Андрэя Альгердавіча Полацк[4]. У ліпені Вітаўт даў згоду і вырашыў пазбавіцца ад апекі Тэўтонскага Ордэна. Ён спаліў Георгэнбург і Новы Марыенбург і з войскам перабраўся ў Літву[31]. У палон да яго трапіў кашталян Новага Марыенбурга Марквард фон Зальцбах, які пасля стаў яго сябрам і адыграў значную ролю ў будучых падзеях. У канцы верасня Ягайла і Вітаўт аблажылі Новы Марыенвердэр. 6 лістапада замак быў узяты і разбураны[15].

Наступствы правіць

Вітаўт вярнуўся ў Літву без пісьмовага дагавора з Ягайлам. Ён уступіў у валоданне Гродзенскай і Берасцейскай землямі (Падляшша) з Гроднам, Берасцем, Ваўкавыскам, Суражам, Бельскам, Дарагічынам, Камянцом[30][34]. Для таго, каб атрымаць у спадчыну Валынь пасля смерці свайго дзядзькі Любарта, Вітаўт быў ахрышчаны па праваслаўным абрадзе[32][35] пад імем Аляксандр[34]. Ён прызнаў вяршэнства Ягайлы і стаў адным з многіх князёў у Вялікім Княстве. Скіргайла працягваў княжыць у Троках.

Першапачаткова прыхільны да Масквы, Ягайла ўступіў у перагаворы з палякамі. Польская шляхта шукала прыдатнага кандыдата на ролю караля краіны і жаніха маладой каралевы Ядвігі. 14 жніўня 1385 года была заключана Крэўская унія, якая ўстанавіла асабістую унію паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. Адной з умоў уніі была хрысціянізацыя Літвы. У 1386 годзе Ягайла быў ахрышчаны пад імем Уладзіслаў і каранаваны. Намеснікам на Літве ён пакінуў Скіргайлу[36]. Скарыстаўшыся адсутнасцю Ягайлы, барацьбу за ўладу ў Княстве аднавіў Андрэй Полацкі. Вітаўт увесь гэты час заставаўся лаяльным да ўлады Ягайлы і дапамагаў у барацьбе з Андрэем[4].

Пасля паражэння і паланення Андрэя Полацкага Скіргайла адмовіўся перадаць Вітаўту Троцкае княства, тым самым парушыўшы абяцанне. У якасці кампенсацыі Ягайла перадаў Вітаўту Луцк і Уладзімір-Валынскі[4][32], аднак гэта не дапамагло палепшыць адносіны паміж стрыечнымі братамі. У той жа час расла незадаволенасць літвінаў палітыкай Ягайлы: стратай суверэнітэту і ростам уплыву палякаў[37]. Ашуканыя крыжакі не пакінулі прэтэнзій на Жамойць і працягвалі весці вайну. Гэтыя акалічнасці дазвалялі Вітаўту разлічваць на спрыяльны зыход у выпадку паўстання. У 1389 годзе ён збег да Ордэна, дзе зноў знайшоў падтрымку. Распачалася чарговая грамадзянская вайна, у якой Вітаўт дабіўся значных поспехаў. Гэта дазволіла яму падпісаць Востраўскае пагадненне з Ягайлам на выгадных для сабе ўмовах. Ягайла прызнаваў Вітаўта вялікім князем літоўскім і кіраўніком Троцкага княства, Вітаўт, у сваю чаргу, прызнаваў уладу Ягайлы ў якасці вярхоўнага князя літоўскага. Фармальна залежны, на практыцы Вітаўт дзейнічаў самастойна. Больш таго, шмат у чым Ягайла сам залежаў ад Вітаўта[38]. Усталяваныя адносіны праіснавалі да 1430 года, калі пасля 38 гадоў кіравання вялікі князь Вітаўт памёр.

Зноскі правіць

  1. Rowell S. C. Baltic Europe // Michael Jones. The New Cambridge Medieval History c. 1300—c. 1415. — Vol. VI. — Cambridge University Press, 2000. — P. 709—710. — ISBN 0-521-36290-3. (англ.)
  2. Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 64 — ISBN 5-17-035350-2. (руск.)
  3. а б в г д е ё ж з і Kiaupa Z. Kiaupienė J., Kunevičius A. The History of Lithuania Before 1795 / English ed. — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — P. 124—126. — ISBN 9986-810-13-2. (англ.)
  4. а б в г д е ё ж Ivinskis Z. Vytauto jaunystė ir jo veikimas iki 1392 m. // Paulius Šležas. Vytautas Didysis. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. — P. 7—32. (літ.)
  5. Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — ISBN 0-929700-56-2. — P.168. (англ.)
  6. а б в г д Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — ISBN 0-929700-56-2. — P.170—171 (англ.)
  7. Kučinskas A. Kęstutis. — Vilnius: Mokslas, 1988. — P. 159. — ISBN 5-420-00623-5. (літ.)
  8. Kučinskas A. Kęstutis. — Vilnius: Mokslas, 1988. — P. 161. — ISBN 5-420-00623-5. (літ.)
  9. а б в г д е ё ж Ivinskis Z. Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. — Rome: Lietuvių katalikų mokslo akademij, 1978. — P. 271—273. (літ.)
  10. а б в г д е Хроника Быховца / Сост. и автор предисл. Н. Н. Улащик. — М.: 1966. — З. 62. (руск.)
  11. Baranauskienė I. Kas buvo Kęstučio nužudymo organizatorius? // Naujasis židinys — aidai. — 5 (173). — May 2005 — P. 180—186. (літ.)
  12. а б Jonynas I. Dovydiškės sutartis // Vaclovas Biržiška. Lietuviškoji enciklopedija. — T. VI. — Kaunas: Spaudos Fondas, 1937. — P. 1341—1344. (літ.)
  13. а б в г Koncius J. B. Vytautas the Great, Grand Duke of Lithuania. — Miami: Franklin Press, 1964. — P. 21—23. (англ.)
  14. а б в г Jakštas J. Lithuania to World War I // Albertas Gerutis. Lithuania: 700 Years. translated by Algirdas Budreckis — 6-th ed. — New York: Manyland Books, 1984. — P. 57—58. — ISBN 0-87141-028-1. (англ.)
  15. а б Christiansen E. The Northern Crusades. — London: Penguin Books, 1997. — P. 164—165. — ISBN 0-14-026653-4. (англ.)
  16. а б в Хроника Быховца / Сост. и автор предисл. Н. Н. Улащик. — М.: 1966. — З. 63. (руск.)
  17. а б Rowell S. C. Pious Princesses or Daughters of Belial: Pagan Lithuanian Dynastic Diplomacy, 1279—1423 // Medieval Prosopography 15 (1): 25. — Spring 1994. — ISBN 0198-9405. (англ.)
  18. Semkowicz W. Hanul, namiestnik wilehski (1382—1387) i jego rod // Ateneum Wilenskie, 1830. — N 1-2. (польск.)
  19. а б в г д Хроника Быховца / Сост. и автор предисл. Н. Н. Улащик. — М.: 1966. — З. 64. (руск.)
  20. Kučinskas A. Kęstutis. — Vilnius: Mokslas, 1988. — P. 173. — ISBN 5-420-00623-5. (літ.)
  21. а б в Хроника Быховца / Сост. и автор предисл. Н. Н. Улащик. — М.: 1966. — З. 65. (руск.)
  22. Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 67 — ISBN 5-17-035350-2. (руск.)
  23. Jonynas I. Vytauto šeimyna. Istorijos baruose. — Vilnius: Mokslas, 1984. — P. 35—38. (літ.)
  24. Gudavičius E. Birute. // Vytautas Spečiūnas. Lietuvos valdovai (XIII—XVIII a.): enciklopedinis žinynas. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. — P. 74—75. — ISBN 5-420-01535-8. (літ.)
  25. а б в г д е Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — ISBN 0-929700-56-2. — P.173—174 (англ.)
  26. а б в Kiaupa Z. Kiaupienė J., Kunevičius A. The History of Lithuania Before 1795 / English ed. — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — P. 127—128. — ISBN 9986-810-13-2.
  27. Ivinskis Z. Dubysos sutartys // Vaclovas Biržiška. Lietuviškoji enciklopedija. — T. VII. — Kaunas: Spaudos Fondas, 1933—1944. — P. 94—96.
  28. Ivinskis Z. Vytauto jaunystė ir jo veikimas iki 1392 m. // Paulius Šležas. Vytautas Didysis. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. — P. 20—22.
  29. Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — ISBN 0-929700-56-2. — P.174
  30. а б в Sužiedėlis S. Vytautas the Great // Encyclopedia Lituanica. — VI. — Boston, Massachusetts: Juozas Kapoc(ius, 1970—1978. — P. 208—209.
  31. а б в Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — ISBN 0-929700-56-2. — P.175—177
  32. а б в Gudavičius E. Vytautas Didysis // Vytautas Spečiūnas. Lietuvos valdovai (XIII—XVIII a.): enciklopedinis žinynas. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. — P. 79—80. — ISBN 5-420-01535-8.
  33. Gieysztor A. The kingdom of Poland and the grand duchy of Lithuania, 1370—1506 // The New Cambridge Medieval History c.1415-c.1500. — Vol. VII. — Cambridge University Press, 1998. — P. 731. — ISBN 0-521-38296-3.
  34. а б ЭнцВКЛ 2005.
  35. Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — ISBN 0-929700-56-2. — P.178
  36. Davies N. God’s Playground: A History of Poland. The Origins to 1795. — Vol. I. — Oxford University Press, 2005. — P. 94—95. — ISBN 978-0-19-925339-5.
  37. Stone D. Z. The Polish-Lithuanian State, 1386—1795. — Seattle: University of Washington Press, 2001. — P. 18. — ISBN 0-295-98093-1.
  38. Барбашёв А. И. Витовт и его политика до Грюнвальденской битвы (1410 г.) (руск.) — СПб.: Типография Н. Н. Скороходова, 1885. — P.10

Літаратура правіць