Архітэктура Вялікага Княства Літоўскага
Архітэктура Вялікага Княства Літоўскага — мастацтва праектавання і будаўніцтва будынкаў і іншых збудаванняў у адпаведнасці з іх прызначэннем, тэхнічнымі магчымасцямі і эстэтычнымі гледжаннямі грамадства XIII—XVIII стагоддзяў.
Замкавае дойлідства
правіцьУ XIII стагоддзі на землях сучасных Усходняй Літвы і Паўночна-заходняй Беларусі ўтварылася дзяржава, вядомая як Вялікае Княства Літоўскае. Неўзабаве яна ўжа далучала ўсю тэрыторыю сучасных Літвы і Беларусі, а таксама істотную частку тэрыторый Украіны (Валынь, Падолле, Кіеўшчына, Чарнігаўшчына, Севершчына, Дзікае поле), Расіі (Смаленшчына, Браншчына) і Польшчы (Падляшша).
Яшчэ ў пару Кіеўскай Русі ўзніклі гарады, якія сталі пасля эканамічнымі, адміністрацыйна-палітычнымі, ваенна-абарончымі і культурнымі цэнтрамі Вялікага Княства Літоўскага. Вызначальная асаблівасць архітэктуры і горадабудаўніцтва гэтага часу — абарончы характар збудаванняў. Абарончая сістэма гарадоў спалучала натуральныя перашкоды (стромкія берагі рэк, схілы), штучныя ўмацаванні. Дзяцінец і горад атачаўся ровам і земляным валам з умацаваннямі з бярвення. Такая сістэма абароны адпавядала тагачаснай тактыцы раптоўных нападаў. З распаўсюджваннем аблогавай тактыкі з’явіўся і новы тып абароннага дойлідства — моцный драўляна-земляныя збудаванні з ўнутрывалавымі гліняна-каменнымі і драўлянымі канструкцыямі (Дрыса, Давыд-Гарадок, Быхаў, Гомель, Радашковічы, Глуск, Пінск, Сураж). Пазней асновай абароны шматлікіх гарадоў (Уладзімір-Валынскі, Камянец, Брэст, Навагрудак, Крэва і інш.) сталі шмат’ярусныя прамавугольныя ці круглыя ў плане каменныя вежы — «слупы»[1].
У канцы XIII — першай палове XVI стст. будуюцца новыя, а таксама перабудоўваюцца са старых, часцей за ўсё драўляна-земляных умацаванняў, крэпасці і замкі на беларускіх землях, на Валыні, у Падоліі, у такіх гарадах, як Вільня, Камянец-Падольскі, Луцк[2].
Узводзяцца манастыры, якія становяцца ўмацаванымі тэрыторыямі: Жыдзічынскі Мікалаеўскі манастыр каля Луцка (XIII ст.), Загораўскі манастыр каля Уладзіміра-Валынскага (XIV ст.), Мылецкі Мікалаеўскі манастыр (Мыльцы на Валыні, XIV ст.)[3],Віцебскі Свята-Траецкі Маркаў манастыр (XIV ст.), Свята-Духаў манастыр (1380-я гг.), Лукомльскі Мікалаеўскі манастыр (XIV), Усвяцкі Свята-Духаў манастыр каля Віцебска[4], заснаваны другі жонкай вялікага князя Літоўскага Альгерда Ульянай.
Атрымала распаўсюджванне будаўніцтва прыватнаўласніцкіх замкаў рэгулярнай ці свабоднай у плане формы, на натуральных ці насыпных узвышшах, з развітай сістэмай абваднення (замак, пабудаваны Вітаўтам у Гродна (1398), замак князёў Чартарыйскіх у Клевані (1495), замак Радзівілаў у Алыку (1534), Троцкі замак (XIV), замкі ў Свіржы (1485), Нясвіжы, Смалянах, Геранёнах). Яны мелі магутныя сцены і вежы, — апошнія служылі і для жылля. Часта ў замка меўся прыбудаваны да яго палац з некалькімі памяшканнямі і замкавай царквой. Цікавы ў стылявым рашэнні Луцкі замак з высокімі прамавугольнымі ў плане вежамі і магутнымі, непрыступнымі сценамі вышынёй да 14 м. У плоскіх паўцыркульных нішах, якія дзе-нідзе ўпрыгожвалі фасады веж, як і ў двухступеньчатых з паўцыркульнымі завяршэннямі аконных праёмах яшчэ праступаюць рысы старажытнарускай архітэктуры. Але спічастыя парталы сведчаць пра ўплыў готыкі. Вельмі ўражвае крэпасць Камянца-Падольскага (XV—XVI стст.), якая ўяўляе сабой складаны архітэктурны ансамбль, наступнымі перабудовамі прыстасаваны для абароны ад артылерыйскага нападу[5].
Для замкавай архітэктуры аж да XV ст., да развіцця артылерыйскай тэхнікі, характэрны прыкметы, уласцівыя раманскаму дойлідству. Гэта быў час, калі абаронная архітэктура вяршэнствавала і ў будаўніцтве, і ў стылявых рысах. Але з развіццём тэхнікі арбалетнай, а пазней гарматнай, павялічваецца вышыня веж і сцен, ускладняецца кампазіцыя замкавых комплексаў.
Пад уплывам фартыфікацыйнага дойлідства Італіі, у Еўропе распаўсюдзілася будаўніцтва ўмацаванняў бастыённай сістэмы, прыйшло яно і ў ВКЛ (Заслаўе, Нясвіж). Абарончыя замкі, якія перашкаджалі татарскім набегам, паўсталі ад Усходняга Падолля да Дняпра. З іх вылучаліся Лідскі замак (1330-я гг.), Рагачоўскі замак каралевы Боны Сфорца (XVI ст.) з вадзяным ровам, земляным валам і мостам на ланцугах[6]. Найбуйнейшым жа драўляным замкам у паўднёвых землях ВКЛ быў кіеўскі, пабудаваны дойлідам Іванам Служкай у 1542: з 14-ю шасціграннымі вежамі, з хваёвага дрэва. У ім знаходзіліся рэзідэнцыя старасты, памяшканне для гарнізона, шматлікія службовыя пакоі, чатыры царквы, касцёл. Сцены замка былі абмазаны глінай, атынкованы і пафарбаваны. Замак з 6-ю вежамі, таксама з хвоі, у 1544 збудаваны ў Жытоміры. Самым невялікім у абарончай лініі быў Чаркаскі замак (1549). У гатычным стылі пабудавана брама гарадской сцяны з капліцай у Вільні (Вострая брама, 1503—1522).
Своеасабліва выявіліся рысы Рэнесансу ў архітэктуры замкаў і палацаў, якія будуюцца ў XVI — першай палове XVII стст. у памесцях магнатаў. Напрыклад, вежы XVI ст. замка Астрожскіх у Астрогу ўвянчаны высокімі атыкамі і своеасаблівымі «каронамі» з развітай аркатурай і дэкаратыўным парапетам з франтончыкамі, валютамі і разьбяным дэкорам[7]. Тыя ж рысы мы бачым у замках у Беражанах (1534—1554 гг.) і Меджыбожы (XVI ст.), у Ляхавічах, Заслаўлі, Любчы[8]. Яшчэ выразней рэнесансныя рысы выявіліся, напрыклад, у замках у Алыку на Валыні з атыкам над брамай (1564)[9], у Збаражы (1631), пабудаваным (часткова) па праекце выбітнага італьянскага дойліда Вінчэнца Скамоцы, замак у Чашніках, у перабудове Мірскага замка ў канцы XVI ст[10].
Цяперашняя сталіца Беларусі горад Мінск напачатку XVII ст. быў абнесены земляным валам з бастыёнамі. Працяглы час горад заставаўся драўляным. У XVII—XVIII стст. была пабудавана двухпавярховая каменная ратуша і некалькі каменных храмаў у стылі барока (езуіцкі касцёл Дзевы Марыі, касцёлы манастыроў бернардынаў і бернардзінак). У 1795 у Мінску было 11 каменных храмаў і 6 драўляных.
Узорам абароннага замка рэнесанснага стылю можна лічыць і рэзідэнцыю Сяняўскіх у Беражанах: у выглядзе шматгранніка, да двух бакоў якога ў двары прыбудаваны трохпавярховыя жылыя памяшканні, казарма і капліца. У 1586—1589 Крыштофам Радзівілам пабудаваны Біржайскі палац-замак са штучным возерам. У XIV ст. у Вільні пабудаваны некалькі каменных замкаў для вялікіх князёў літоўскіх (Віленскія замкі). У XIV ст. збудаваны Медніцкі замак каля Вільні з тоўстымі двухмятровымі сценамі, пяцівежавы замак у Оршы (1398).
Будаўнічыя матэрыялы
правіцьАсноўнымі будаўнічым матэрыяламі служылі дрэва, цэгла і камень. Цэгла, якая ўжывалася для будаўніцтва манастыроў і замкаў, мела форму тонкіх і параўнальна шырокіх плітак. У пісьмовых крыніцах таго часу яна завецца грэчаскім словам «плінфа». Гліну разміналі ў вялікай яме, затым ёю запаўнялі драўляную форму. Потым гэты сырэц складалі ў штабелі і сушылі два тыдні, пасля чаго абпальвалі ў адмысловых печах. Пазней нароўні з плінфай пачалі рабіць і брусковую цэглу, якая ўжо распаўсюдзіўся ў Еўропе[11].
Для падмурка збудаванняў бралі валуны, пры змяшаным муры сцен — больш-меней плоскія буйныя камяні, галоўным чынам граніт, гейс ці кварцыт. Камяні шліфаваліся. Для дэкаратыўнасці часам выкарыстоўваўся пірафілітавы сланец (так званы чырвоны шыфер) — у прыватнасці, у збудаваннях Кіева, Чарнігава, Гродна, Оўруча. Таксама для аздаблення часам выкарыстоўваліся мясцовы пліткавы вапняк, рачны ракушачнік.
Сувязным матэрыялам была вапна, якая атрымоўвалася абпалам. Запаўняльнікам раствора служыла дробнатаўчоная цэгла. У муры валынскіх замкаў акрамя таўчонай цэглы ў якасці запаўняльніка выкарыстоўвалі яшчэ і таўчоную крэйду. Пры будаўніцтве з валуноў і буйнапамернай цэглы (Навагрудскі замак, Лідскі замак, Крэўскі замак[12], Густынскі манастыр на Чарнігаўшчыне, Траецкі манастыр-крэпасць у Межырычах) выкарыстоўвалі 3-слаёвы мур (2 цагляныя сцены, а паміж імі забутоўка з дробных камянёў і бітай цэглы, залітая вапнавым растворам)[13].
Для падлог у замках, манастырах і палацах выкарыстоўваліся паліўныя керамічныя пліткі. Іх укладвалі па дыяганалі да восі будынка, пакрывалі палівай аднаго з колераў — жоўтага, зялёнага ці вішнёва-карычневага. Былі пліткі і з рознакаляровым роспісам, з арнаментам[14].
У мур скляпенняў будынкаў часта закладвалі керамічныя сасуды. У сучаснай архітэктуры іх завуць галаснікамі. Яны служылі не толькі для лепшай акустыкі будынка, але і для палягчэння вагі скляпення. Галаснікі ёсць у збудаваннях Валыні, Чарнігава, Полацка. Шмат іх закладзена, напрыклад, у сценах гродзенскай Каложскай царквы[15].
Гарадское будаўніцтва
правіцьНеабходнасць абароны вызначыла і аблічча горада. Ён меў вонкавыя ўмацаванні, якія апярэзвалі ўсю гарадскую тэрыторыю. У кампазіцыю ўмацаванняў уключаліся рэкі, вадаёмы. Асноўныя вуліцы з’яўляліся працягам дарог, якія злучалі горад з наваколлямі. У пачатку такіх вуліц у сцяне рабілі браму. Пазней радыяльныя вуліцы гарадоў злучаліся папярочнымі паўкальцавымі вуліцамі і стваралі радыяльна-кальцавую сістэму. У XV—XVI ст. звычайна фармавалася два гарадскіх цэнтра: замак князя і рыначная плошча з гандлёвымі шэрагамі; у гарадах, якія атрымалі магдэбургскае права, на плошчы ўзводзілася ратуша. З ростам рамяства і гандлю пашыраліся пасады, іх планіроўка стала больш спарадкаванай, брукаваліся вуліцы. Па перыметры плошчаў і на блізкіх да іх вуліцах размяшчаліся хаты рамеснікаў і гандляроў, пры будаўніцтве якіх часам выкарыстоўвалася тэхніка «прускага мура».
Дамы ў горадзе звычайна будаваліся драўляныя, аднапавярховыя, выключэнне — асабнякі, будынкі для гарадскіх улад, культавыя збудаванні. Галоўныя вуліцы, як правіла, брукаваліся[16].
На гандлёвых плошчах гарадоў і буйных мястэчкаў будавалі гасціныя двары, важніцы, ко́рчмы (аўстэрыі). З XVI ст. размяшчэнне апошніх рэгламентавалася Статутамі ВКЛ, велікакняжацкімі і каралеўскімі прывілеямі. Напрыклад, Статут 1529 (раздзел 3, стар. 17) забараняў будаўніцтва аўстэрый «пакутных, на местах неслушных», а Магілёўскі статут 1594 рэкамендаваў іх будаўніцтва «на гостинцах, и то не близко села… на местах некоторых назначоных, где домы въездные для людей переезджых… врад звудовати повинен».
Некаторыя буйныя гарады і манастыры мелі сваіх майстроў-будаўнікоў (дойлідаў), з XVI ст. яны былі ўжо пры замках, у сядзібах магнатаў. Вядома, напрыклад, імя давыд-гарадокскага майстра Івана Буяковіча.
Панскія маёнткі
правіцьКомплекс будынкаў панскіх маёнткаў быў розным па памерах. У найбольш буйных былі і жылыя (палацы, хаты з сенцамі, святліцы), і гаспадарчыя (стайні, хлявы, клеці, свірны і інш.) будынкі. Пры некаторых маёнтках былі вадзяныя млыны, рудні, кузні. Будынкі ў маёнтках сярэдняй і дробнай шляхты галоўным чынам былі драўлянымі. Магнаты ж будавалі палацава-замкавыя ансамблі, выкарыстоўваючы камень і цэглу, дамы ўзводзілі складанай шматпакаёвай планіроўкі. У буйных маёнтках з’явіўся парк[17].
Мястэчкі
правіцьМястэчкі займалі своеасаблівае месца ў гістарычнай сістэме паселішчаў Вялікага Княства Літоўскага. Яны, як паселішчы пераходнага стану паміж вёскай і горадам, аб’ядноўвалі ў сабе ўклад вясковага і гарадскога жыцця, побыт селяніна і гараджаніна. Для свайго часу яны — магчыма, самы дасканалы і гарманічны тып паселішчаў[18].
Узніклі мястэчкі ў сувязі з таргамі, якія ў першай палове XV ст. праводзіліся каля велікакняжацкіх і буйных панскіх маёнткаў. Некаторыя мястэчкі ўзнікалі адначасова пры будаўніцтве замкаў (Іказнь, 1504, Машчаніца, 1546), іншыя — пры замках, ужо існуючых (Варонічы, 1563, Сураж, 1564). Шэраг мястэчкаў утварыўся блізка ад манастыроў на царкоўных землях (Баркалабава, 1623, Жыровічы, 1643, Ігумен, Відзы), а пры ажыццяўленні валочнай памеры — на месцы былых вёсак (Моталь) і на незасвоеных землях (Смалявічы, Ліпск, Васількова). З часам яны развіліся ў своеасаблівыя міжгарадскія гандлёва-рамесныя цэнтры. З развіццём гандлю закладваліся мястэчкі і на гасцінцах (Мілейчыцы, Нача, Барань, Старобін)[19].
Некаторыя мястэчкі налічвалі да 300 «дымоў», у XVI ст. да 1500 жыхароў.
Будаўніцтва з сярэдзіны XVII стагоддзя
правіцьЗ другой паловы XVII ст. з-за войн і эпідэмій развіццё гарадоў у Вялікім Княстве Літоўскам прыпынілася амаль на стагоддзе. Хоць варта адзначыць з’яўленне такіх выдатных будынкаў, як касцёл манастыра трынітарыяў у Крывічах. Касцёл Маці Божай у Касцяневічах, касцёл дамініканцаў у Зембіне, касцёл дамініканцаў у Ракаве на месцы старога, пабудаванага ў 1686 па фундацыі К. Сангушка.
У XV-першай палове XVI ст. толькі на беларускіх землях было каля 40 гарадоў і 200 мястэчкаў. У сярэдзіне XVII ст. у Вялікім Княстве Літоўскам было 757 гарадоў і мястэчкаў[20].
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Ткачоў М. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. ― Мн., 1978
- ↑ Rewizja zamków ziemi Wołyńskiej w połowie XVI wieku // Źródła dziejowe. — Warszawa, 1877. — T. 6. — S. 70; И. В. Антипов. Оборонительные башни «волынского типа» в системе укреплений городов Западной Руси. // Поселения: среда, культура, социум. Материалы тематической научной конференции. Санкт-Петербург, 6-9 октября 1998 г. Издательство Санкт-Петербургского университета. СПб., 1998
- ↑ Грушевський М. Опис подільських замків 1491 р. // ЗНТШ. — 1895. — Т. 7 — С. 1 — 18]
- ↑ Сапунов А. П. Усвят (местечко Витебской губернии) со святынями его. ― Витебск, 1889
- ↑ Tyszkiewicz К. Wiadomosc historyczna o zamkach horodyszczach i okopiskach starożytnych na Litwie i Rusi Litewskiej. ― Wilno, 1859, s. 162.
- ↑ Шчакаціхін М. Замак у Рагачове // Наш край. ― Мн., 1926, № 10-11. С. 26-33
- ↑ Годованюк Е. М. Пам’ятки будівельної діяльності князів Острозьких в Острозі // Острозька давнина: Дослідження і матеріали. Вип. 1. ― Львів, 1995
- ↑ Aleksandrowicz, S. Opis zabudowy miasteczka Lubcza nad Niemnem z 1644 r. / S. Aleksandrowicz // Kwartalnik historji kultury materyalnej. 1962. No 3-4. S. 617—632
- ↑ Раппопорт П. А. Волынские башни // МИА. — 1952. — Вып. 31. C. 203—223
- ↑ Иодковский И. И. Замок в Мире // Древности. ― М., 1915. т. 6
- ↑ Пастернак. С., Гаврилишин В. Початок каменярськоі промисловості на західному Поділлі / / Пам’ятники Украіни. 1973. № 1. С. 33
- ↑ Чарняўскі І., Цэйтліна М. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці Крэўскага замка // Каштоўнасці мінуўшчыны.― Мн., 2001
- ↑ Bargiel В., Zakoscielna А. Строительный материал архитектуры польско-русского рубежа в раннем средневековье // Тез. докл. пол. делегации на V Междунар. конгр. слав, археологии, Киев, 1985. Warszawa, 1985. С. 234.
- ↑ Равдина Т. В. Поливные керамические плитки из Пинска // КСИА 1963. Вып. 96. С. 110
- ↑ Коложская церковь // Памятная книжка Гродненской губернии на 1866 г. ― Гродно, 1866. C. 30-32
- ↑ Квитницкая Е. Д. Планировка Гродно в XVI—XVIII вв. // АН. № 17. М., 1961; Чарняўская Т. І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада.― Мн., 1980; Сас П. М. Феодальные города Украины в конце XV — 60-х годах XVI в. — Киев, 1989
- ↑ Насевіч В. Л. Феадальныя маёнткі і іх уладальнікі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Круглянскага р-на. — Мн., 1996. С. 92 — 106, 117—119
- ↑ Лакотка А. Мястэчка / А. Лакотка // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 11. ― Мн., 2000. С. 79-80
- ↑ Aleksandrowicz, S. Miasteczka Bialorusi i Litwy jako osrodki handlu w XVI i w I polowie XVII w. /S. Aleksandrowicz // Rocznik Bialostocki. T.1.Bialystok, 1961. S. 63-130
- ↑ Капыскі З. Ю. Структура і колькасць гарадоў Беларусі ў XVI-першай палавіне XVIII ст. // Весці АН БССР. Серыя грамад. навук, 1965, № 1
Літаратура
правіць- Антипов И. В. Оборонительные башни «волынского типа» в системе укреплений городов Западной Руси. // Поселения: среда, культура, социум. Материалы тематической научной конференции. Санкт-Петербург, 6-9 октября 1998 г. Издательство Санкт-Петербургского университета.― СПб., 1998, с. 193—197.
- Асеев Ю. С. Стили в архитектуре Украины. — К.: Будівельник, 1989.
- Годованюк Е. М. Два храма XV в. на Волыни // Архитектурное наследство. Вып. 27. ― М., 1979.
- Грицкевич А. П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв. ― Мн., 1975.
- Грушевский А. С. Города Великого княжества Литовского в XIV—XVI вв.: Старина и борьба за старину. ― Киев, 1918.
- Кацер М. С. Белорусская архитектура. Исторический очерк. ― Мн., 1956.
- Крачковский Ю. Ф. Православные святыни города Вильны в XIV—XVIII вв. // Труды IX археологического съезда 1893 года. Т. 2. ― М., 1897.
- Кушнярэвіч А. М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст.: Гістарычнае і архітэктурна-археалагічнае даследаванне. ― Мн., 1993.
- Малевская М. В. Архитектурный комплекс Новогрудского детинца XIII—XIV в.в. // Древнерусское государство и славяне. Материалы симпозиума. — Минск, 1983. — с. 122—125.
- Молчанова Л. А. Из истории развития сельских поселений и усадеб белорусов // Сов. этнография, 1956. № 1.
- Памятники градостроительства и архитектуры Украинской ССР. В 4-х томах. Гл. Редкол.: Н. Л. Жариков. ― К.: Будівельник, 1983—1986.
- Перлштейн А. Описание города Острога // ЧИОИДР. 1847. Кн. 4. Смесь. С. 137—142.
- Пичета В. И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. ― Мн., 1958.
- Похилевич Д. Л. Землеустройство и поземельный кадастр в Белоруссии, Литве и Украине в XVI—XVII вв. ― М., 1952.
- Раппопорт П. А. Волынские башни // Материалы и исследование по археологии СССР. — М., 1952, № 31.
- Раппопорт П. А. Военное зодчество западно-русских земель X—XIV в. // Материлы и исследования по археологии СССР. ― Л., 1967. Вып. 140.
- Сергачев С. А. Белорусское народное зодчество. ― Мн., 1992.
- Сказание о Межигорском монастыре // Вестник Западной России. 1869, т. III, кн. 8, Отд. IV, с. 162—172.
- Слюнькова И. Н. Архитектура городов верхнего Приднепровья XVII- середины XIX в. ― Мн., 1992 ISBN5-343-00885-2
- Ткачёв М. А. Замки Белоруссии. — 2-е изд. — Мн.: Полымя, 1987.
- Трусов О. А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв. Архитектурно-типологический анализ. — Мн., 1988.
- Турцевич А. О. Трокский замок. ― Вильна, 1901.
- Флиер А. Я. К вопросу об архитектуре зальных православных храмов начала XVI в. в Белоруссии // АН, № 34. ― М., 1986.
- Якимович Ю. А. Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в.: Справочное пособие. ― Мн., 1991.
- Архітэктура Беларусі: Энцыкл. давед. / Беларус. энцыкл.; Рэдкал.: А. А. Воінаў і інш. ― Мн.: БелЭн, 1993.
- Архітэктура Беларусі. Нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце: у 4 т. / пад навук. рэд. А. І. Лакотка. Т. 2: XV — сярэдзіна XVIII ст. Мінск: Беларуская навука, 2006.
- Бохан Ю. М. Мястэчкі вярхоўяў Віліі і нёманскай Беразіны ў XV—XVIII ст. (па археалагічных і пісьмовых крыніцах): Дыс … канд. гіст. навук / Ю. М. Бохан. ― Мн., 1994.
- Брэжго Б. Замкі Віцебшчыны. — Вільня: Друкарня Я. Левіна, 1933.
- Вайцэховіч З. Віленскія замкі. — Менск: Выдавецкая ініцыятыва, 2000.
- Гайба М. Навагрудская Замкавая царква //Новогрудские епархиальные ведомости. 2000. — № 3 (13).
- Годованюк Е. М. Взаємозв’язки в мурованій архітектурі України, Білорусії та Литви XIV—XVI ст. // Українське мистецтво в міжнародних зв’язках: Дожовтневий період. ― К., 1983.
- Годованюк О. Монастирі та храми Волинського краю. ―Київ, 2004.
- Голубеў В. Ф. Сялянскае землеўладанне и землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII ст. ― Мн., 1992.
- Грушевський М. Опис подільських замків 1491 р. // ЗНТШ. — 1895. — Т. 7 — С. 1 — 18.
- Доўнар-Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі. ― Мн., 1994
- Дзярновіч А. Замак // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя у 3 т. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 643—646. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4. (белор.)
- Дзярновіч А. І., Трусаў А. А., Чарняўскі І. М. Лёс Крэва. ― Мн., 1993.
- Казакоў Л. Ю. Панскі гаспадарчы двор і фальварак на Беларусі (другая палова XVI — пачатак XVII ст.) // Працы гістарычнага факультэта БДУ. Навук. зборнік. Вып. 3. ― Мн., 2008.
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Мн., Беларуская энцыклапедыя. ― 2000.
- Кушнярэвіч А. М. Мураванае мілітарнае гатычнае дойлідства ВКЛ: гісторыка-архітэктурная тыпалогія // Весці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. — Мн., 2002. — № 3. (белор.).
- Лакотка А. Народнае дойлідства Беларусі // Беларусазнаўства. Зб. 4. ― Мн., 1994.
- Лакотка А. І. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. ― Мн., 1999.
- Рожко В. Православні монастирі Волині. — Луцьк, 1997.
- Сбор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Т. 1-6. ― Мн., 1984—1987.
- Сіцінський Е. Оборонні замки Західного Поділля XIV—XVII ст. ― К., 1928.
- Соркіна І. В. Складанне сеткі мястэчак на беларускіх землях (XV — пачатак XX ст.) // Шляхі развіцця інтэлекта і творчасці маладых: Матэрыялы рэспубліканскай навук.-практ. канфер. Гродна, 2001. С. 212—217.
- Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. / Пад рэд. П. А. Раппапорта. Інстытут гісторыі АН БССР. — Мн.: Навука і тэхніка, 1978.(белор.)
- Ткачоў М. А. Замкі Беларусі (XIII—XVIII ст.). ― Мн., 1977.
- Троневич П. Волинь в сутінках української історії XIV—XVI ст. — Луцьк, 2003.
- Трусаў А. А. Манументальнае дойлідства Беларусі XI—XVIII стагоддзяў. Гісторыя будаўнічай тэхнікі. — Мн.: Лекцыя, 2001. (белор.).
- Чарняўскі І. М. Грамадзянскае мураванае дойлідства Беларусі ў XII—XV стст. // Помнікі мастацкай культуры Беларусі: Новыя даследаванні. Зборнік артыкулаў. ― Мн., 1989.
- Шаблюк В. Да пытання фарміравання мястэчак Беларускага Панямоння // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 10.― Мн., 1996.
- Шаблюк В. В. Сельскія паселішчы Верхняга Панямоння XIV—XVIII стст. ―Мн., 1996
- Abraham W. Powstanie organizacji Kościoła Lacińskiego na Rusi. ― Lwów, 1904.
- Architektura gotycka w Polsce. Katalog zabytków. Pod.red. T.Mroczki, M.Arszyńskiego. ― Warszawa, 1995. — T.1-2.
- Domańska H.Z. Badańia nad problemem przystosowania zamków Pomorza Wschodniego do broni palnej w latach 1390—1520 // Kwartalnik architektury i urbanistyki. — 1976. — R. XXI. — Z. 4.
- Bujak A. Zamki i zamczyska. — Warszawa, 1991.
- Historia kultury materialnej Polski w zarysie od XIII do XV wieku / Pod red. A.Rutkowskiej — Płachcińskiej. ― Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1978.
- Lietuvos architekturos istorija. ― V., 1988.
- Miłobędzki A. Zamek w Mokrsku Górnym i niektóre problemy Małopolskiej architektury XV i XVI wieku // Biuluteń Historii sztuki. ― Warszawa, 1959. — R. XX. — № 1.
- Morelowski M. Znaczenie baroku wileńskiego XVIII stulecia.― Wilna. 1940.
- Morelowski M. Zarysy syntetyczne sztuki wileńskiej od gotyku do neoklasycyzmu. ― Wilna, 1938—1939.
- Morelowski M. Wschód i Zachód w zamku troeckim // Prace I materially sprawozdawcze Sekcji Historii Sztuki Towarzystwa Przyjaciól Nauk w Wilnie. ― Wilno, 1935. — T. II.
- Piskadło A. Grody, zamki, fortece. Budownictwo i architektura obronna do schylku średniowiecza. ― Warszawa, 1977.
- Polak T. Zamki na kresach: Bialorus, Litwa, Ukraina. ― Warszawa, 1997.
- Jankievičiené A. Lietuvos medine sakraline architektura. ― Vilniaus, 1998.
- Zachwatowicz J. Architektura Romańska od połowy XI do końca XII wieku // Sztuka Polska przedromańska do schylku XIII wieku / Pod.red. Walickiego M. ― Warszawa, 1971. — T. 1.
Спасылкі
правіцьАрхітэктура Вялікага Княства Літоўскага на Вікісховішчы |
- Драўляныя замкі ВКЛ Архівавана 19 кастрычніка 2013.
- Культавае дойлідства Беларусі
- Культавае дойлiдства XV—XVIII на Беларусi
- Стары Луцк
- Заслаўскі замак Архівавана 25 чэрвеня 2008.
- Гальшанскі замак Архівавана 2 красавіка 2013.
- Лідскі замак Архівавана 28 красавіка 2013.
- М. Ткачоў. Геранёны. Замак Гаштольдаў
- Любча над Нёманам Архівавана 4 жніўня 2008.
- Україна під владою Литви та Польщі (ХІV — перша половина ХУІІ ст.) Архівавана 23 студзеня 2013.
- Вольга Бажэнава. Радзівілаўскі Нясвіж
- Т. Габрусь. Помнікі пратэстанцкага храмабудаўніцтва Беларусі
- Дубенскі замак Архівавана 11 лютага 2012.
- Літоўцы адновяць нашы замкі. Віртуальна