Грунвальдская бітва

бітва 1410 года паміж злучаным войскам Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага і войскам Тэўтонскага ордэна
(Пасля перасылкі з Бітва пад Грунвальдам, 1410)

Гру́нвальдская бі́тва, або Бі́тва пад Гру́нвальдам 15 ліпеня 1410 года — бітва паміж злучаным войскам Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага (Ягайла і Вітаўт; 31,5 тыс.ч.[заўв 1]) і войскам Дзяржавы Тэўтонскага ордэна (Ульрых фон Юнгінген; 27 тыс.ч., гарматы[заўв 1]), якая адбылася ў час Вялікай вайны (1409—1411) недалёка ад вёсак Грунвальд, Таненберг і Ладвігова (Усходняя Прусія, сучасная Польшча).

Грунвальдская бітва
Асноўны канфлікт: Вялікая вайна, 1409-1411
Ян Матэйка. «Грунвальдская бітва» (1878)
Ян Матэйка. «Грунвальдская бітва» (1878)
Дата 15 ліпеня 1410
Месца Грунвальд (Таненберг), зараз Польшча
Вынік перамога польска-літоўскага войска
Праціўнікі
Польскае Каралеўства
Сцяг ВКЛ Вялікае Княства Літоўскае
Дзяржава Тэўтонскага ордэна
Камандуючыя
Ягайла
Вітаўт
Ульрых фон Юнгінген
Сілы бакоў
31 500 чалавек 27 000 чалавек
Страты
Невядомыя 9 000 забітыя
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Поўную перамогу, пасля цэлага дня сечы, узяло саюзнае войска Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Загінулі 18 тысяч нямецкіх рыцараў, воінаў і чэлядзі, яшчэ 14 тысяч былі ўзяты ў палон, а ўратавалася толькі трохі больш за 1400 чалавек. Былі ўзятыя ўсе гарматы і 52 сцягі крыжацкага войска.

Палітычнае значэнне бітвы было вельмі важным у гісторыі Польскага Каралеўства і ВКЛ — была спынена нямецкая экспансія на прыбалтыйскія і ўсходнеславянскія землі і пакладзены пачатак палітычнаму заняпаду Тэўтонскага ордэна. Эканоміка ВКЛ атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі, а значыць, і ў Еўропу.

Бітва адбывалася на землях манаскай дзяржавы Тэўтонскага ордэна ў даліне паміж трыма вёскамі: Грунфельдэ (ням.: Grünfelde, Грунвальд) на захадзе, Таненберг (ням.: Tannenberg, цяпер Стэмбарк) на паўночным усходзе і Людвігсдорф (ням.: Ludwigsdorf, цяпер Ладвігова) на поўдні. Ягайла ўпамінаў гэта месца па-лацінску як «in loco conflictus nostri, quem cum Cruciferis de Prusia habuimus, dicto Grunenvelt»[1]. Пазнейшыя польскія летапісцы вытлумачылі слова «Grunenvelt» як «Grünwald» (Грунвальд), што па-нямецку азначае «зялёны лес». Літоўцы (балтамоўныя) узялі гэта за прыклад і пераклалі назву як «Žalgiris».

У выніку, у нацыянальных гістарыяграфіях замацаваліся наступныя назвы:

  • у польскай і беларускай, а таксама рускай і ўкраінскай — Грунвальдская бітва (польск.: Bitwa pod Grunwaldem, руск.: Грюнвальдская битва, укр.: Грюнвальдська битва);
  • у нямецкай гістарыяграфіі — Бітва пад Таненбергам (ням.: Schlacht bei Tannenberg);
  • у літоўскай — Жальгірыс (літ.: Žalgirio mūšis).

Назвы бітвы ў мовах іншых народаў, прадстаўнікі якіх удзельнічалі ў бітве: чэшск.: Bitva u Grunvaldu, рум.: Bătălia de la Grünwald.

У беларускіх летапісах бітва ўпамінаецца, як пабоішча Ягайлы і Вітаўта з немцамі і прусамі «межи городы Дубравны и Острада»[2]. Верагодна, маецца на ўвазе самы блізкі да бітвы горад Дуброўна (польск.: Dąbrówno).

Акрамя таго, у беларускай гістарыяграфіі М. Каяловіч[3] і Д. Даўгяла[4] ў сувязі з бітвай згадвалі летапіснае «Дуброўна», а ў беларускай перыёдыцы 1990-х гадоў рабілася свядомая спроба прыняць «Дуброўна» за нацыянальны варыянт назвы бітвы ў форме «Дубровенская бітва».

Гістарыяграфія і крыніцы

правіць

Крыніцы

правіць
 
Ананімны ліст, датычны бітвы і напісаны паміж 1411 і 1413 гадамі сярэдневяковай нямецкай мовай, адна з нямногіх тагачасных крыніц.
 
Аркуш найважнейшай крыніцы пра бітву Cronica conflictus Wladislai Regis Poloniae cum cruciferis anno Christi

Крыніц пра Грунвальдску бітву няшмат і большасць з іх польскія. Важнейшая і надзейная крыніцай Cronica conflictus Wladislai regis Poloniae cum Cruciferis anno Christi 1410, напісана не пазней за год пасля бітвы яе сведкам[5]. Аўтар хронікі невядомы, пра яго асобу выказана некалькі меркаванняў, у тым ліку, што гэта мог быць каронны канцлер Мікалай Тромба або сакратар караля Ягайлы Збігнеў Алясніцкі[6]. Арыгінальная Cronica conflictus не захавалася, да цяперашняга часу дайшоў яе кароткі пераказ з XVI ст. Другая важная крыніца --Historia Poloniae польскага гісторыка Яна Длугаша (1415—1480)[6], усебаковы і падрабязны пераказ падзей напісаны праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля бітвы. Крыніца лічыцца не самай надзейнай і верагоднай не толькі з-за адносна вялікага часу паміж падзеямі і датай напісання, але і з-за прадузятасці Длугаша адносіна літоўцаў[7]. Ёсць яшчэ адзін твор Длугаша — Banderia Prutenorum — рукапіс XV ст. з выявамі і лацінскімі апісаннямі крыжацкіх харугваў, узятых у бітве і пасля выстаўленых у Вавельскім саборы ў Кракаве. Сярод польскіх крыніц таксама два лісты, караля Ягайлы да сваёй жонкі Ганны Цэльскай і да пазнаньскага епіскапа Войцеха Ястшэмбца, а таксама лісты Ястшэмбца да палякаў пры Святым Стальцы[7]. Сярод нямецкіх крыніц кароткая згадка ў хроніцы Іагана фон Пасілге. Шведскім гісторыкам Свенам Экдалем было выяўлена ананімны ліст, напісаны паміж 1411 і 1413 гадамі на сярэдневяковай нямецкай мове, з апісаннем важных дэталяў літоўскіх манеўраў у бітве[8][9].

Гістарыяграфія

правіць

У 1961 годзе Я. і В. Хайнацкія выдалі бібліяграфію Грунвальдскай бітвы, куды ўключана 457 пазіцый. Да гадавіны бітвы, у 1990 годзе ў Польшчы з’явіліся дзве бібліяграфіі з 1162 і 1173 пазіцый. З 1991 года па ініцыятыве Польскай Акадэміі навук выдаюць часопіс «Studia grunwaldzkie». Аб’ёмную бібліяграфію выпусціла ў 2010 годзе Wojewódzka Biblioteka Publiczna ў Ольштыне[10].

Гістарычная абстаноўка

правіць

Літоўскі крыжовы паход і Крэўская унія

правіць
 
Тэрыторыя Дзяржавы Тэўтонскага ордэна паміж 1260 і 1410; месцы і даты значных бітваў, уключаючы Грунвальдскую бітву, пазначаныя скрыжаванымі чырвонымі мячамі

У 1230 годзе тэўтонскія рыцары, крыжацкі ваенны ордэн, перамясціліся ў Хелмінскую зямлю[ru] і распачалі Прускі крыжовы паход[ru] супраць паганскіх прускіх племянных саюзаў. Пры падтрымцы Папы і імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі тэўтоны заваявалі і перавялі ў хрысціянства большасць прусаў да 1280 года, пасля чаго звярнулі сваю ўвагу на Вялікае Княства Літоўскае. Амаль на працягу ста гадоў крыжакі рабілі набегі на літоўскія землі, асабліва на Жамойць, бо яна аддзяляла тэўтонаў ад іх адгалінавання ў Лівоніі. Прыгранічныя рэгіёны ператварыліся ў незаселеныя пустэчы, але крыжакі дабіліся толькі нязначных тэрыторый. Князі літоўскія ўпершыню адмовіліся ад Жамойці ў часы Грамадзянскай вайны ў ВКЛ 1381—1384 гадоў паводле Дубіскага міру. Жамойцкія землі былі выкарыстаны ў якасці разменнай манеты, каб забяспечыць тэўтонскую падтрымку аднаму з бакоў ва ўнутранай барацьбе за ўладу.

У 1385 годзе вялікі князь літоўскі Ягайла згодна з умовамі Крэўскай уніі ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай. Ягайла прыняў хрышчэнне і быў каранаваны каралём польскім пад іменем Уладзіслаў II, тым самым была створана дынастычная унія паміж Польскім Каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім. Афіцыйная хрысціянізацыя Літвы пазбавіла Ордэн рацыянальнага абгрунтавання сваіх дзеянняў у рэгіёне[11]. Вялікі магістр Ордэна Конрад Цёльнер фон Ротэнштайн пры падтрымцы венгерскага караля Жыгімонта Люксембургскага публічна, пры Папскім двары[ru], паставіў пад сумненне шчырасць Ягайлавага пераходу ў хрысціянства[11].

У 1389 годзе паміж Ягайлам і Вітаўтам разгарэлася новая міжусобная вайна, якая закончылася ў 1392 годзе Востраўскім пагадненнем, паводле якога Вітаўт пажыццёва станавіўся Вялікім князем Літоўскім[12]. У 1398 годзе Вітаўт без удзелу Ягайлы падпісаў Салінскі дагавор, згодна з якім Вялікае Княства Літоўскае саступала Ордэну Жамойць, а ўзамен Вітаўт атрымліваў ад рыцараў ваенную дапамогу[13]. Адносіны ВКЛ з Ордэнам у чарговы раз рэзка абвастрыліся пасля таго, як у 1401 годзе Вітаўт падтрымаў паўстанцаў у падуладных рыцарам землях Жамойці[14].

У 1404 годзе паміж ВКЛ, Польскай Каронай і Ордэнам быў заключаны Рацёнжскі дагавор, які пацвердзіў Вітаўтаву саступку крыжакам Жамойці да Нявежы, а таксама часткі Судавіі[15]. Аднак, Вітаўт не пакідаў надзеі вярнуць сабе Жамойць. Па гэтым жа дагаворы Карона за выкуп вярнула сабе Добжынскую зямлю[15], але яе тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Ордэна наконт Гданьскага Памор’я засталіся незадаволенымі. Тым не менш, у цэлым дзве дзяржавы знаходзіліся ў перамір’і паводле Калішскага міру 1343 года[16].

Канфлікт таксама тлумачыўся гандлёвымі меркаваннямі: крыжакі кантралявалі цячэнне трох найвялікшых рэк (Нёмана, Віслы і Дзвіны) у Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім[17].

Вайна, перамір’е і падрыхтоўка

правіць
 
Фрагмент барэльефа першай паловы XIV ст. з Мальбарка. Ліцвіны б’юцца з рыцарамі.

«Вялікая вайна» 1409—1411 гадоў пачалася з-за імкнення Вялікага Княства Літоўскага вярнуць балцкія землі (Жамойць) з-пад улады Тэўтонскага ордэна; Польшча хацела вярнуць сабе спрэчныя землі на польска-ордэнскім памежжы (Добрынскую зямлю, Памор’е, Новую Марку)[18] і выступала саюзнікам княства ў гэтым канфлікце.

У маі 1409 года выбухнула паўстанне на падуладнай тэўтонам Жамойці. Вялікае Княства Літоўскае падтрымала паўстанне, у адказ крыжакі прыгразілі ўварваннем. Польшча аб’явіла, што падтрымлівае прэтэнзіі ВКЛ і ў сваю чаргу прыгразіла ўварваннем у землі Ордэна. Як толькі прускія войскі эвакуіраваліся з Жамойці, тэўтонскі вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген 6 жніўня 1409 года аб’явіў вайну Польскаму Каралеўству і Вялікаму Княству Літоўскаму[19]. Крыжакі спадзяваліся перамагчы Польшчу і Літву паасобку і пачалі з набегаў на Вялікую Польшчу і Куявію, захопліваючы палякаў знянацку[20]. Крыжакі спалілі замак у Добрыне (Добжын-над-Віслай), захапілі Баброўнікі пасля чатырнаццацідзённай аблогі, заваявалі Быдгашч і разрабавалі некалькі мястэчак[21]. Палякі арганізавалі контрнаступленне і вярнулі сабе Быдгашч[22]. Жмудзіны напалі на Мемель (Клайпеда)[20]. Аднак ні адзін з бакоў не быў гатоў да поўнамаштабнай вайны.

Рымскі кароль Вацлаў IV згадзіўся стаць пасрэднікам ва ўрэгуляванні канфлікту. Перамір’е было падпісана 8 кастрычніка 1409 года тэрмінам да 21 чэрвеня 1410 года[23]. Абодва бакі выкарысталі гэты час для падрыхтоўкі да вайны, збіраючы войскі і займаючыся дыпламатычнымі манеўрамі. Абодва бакі адпраўлялі пісьмы і пасланнікаў, вінавацячы адзін аднаго ў розных грахах і злачынствах перад хрысціянскім светам. Вацлаў IV, атрымаўшы ад крыжакоў падарунак у 60 тысяч флорынаў, абвясціў, што Жамойць паўнапраўна належыць крыжакам, і толькі Добрынская зямля павінна быць вернута Польшчы[24]. Крыжакі таксама заплацілі 300 тысяч дукатаў імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонту Венгерскаму, які меў віды на Малдаўскае княства, за яго ваенную падтрымку[24]. Жыгімонт паспрабаваў разбіць польска-літоўскі саюз, прапаноўваючы Вітаўту каралеўскую карону; прыняцце Вітаўтам такой прапановы парушыла б умовы Востраўскага пагаднення і выклікала б польска-літоўскія рознагалоссі[25]. Адначасова Вітаўт змог дабіцца перамір’я з Лівонскім ордэнам[26].

У пачатку снежня 1409 года Вітаўт з Ягайлам на ваеннай нарадзе ў Берасці выпрацавалі стратэгічны план будучых ваенных дзеянняў супраць Ордэна[27]: іх арміі павінны былі аб’яднацца ў адну вялікую сілу і рушыць у напрамку да Марыенбурга (Мальбарк), сталіцы Тэўтонскага ордэна[28]. Крыжакі, заняўшы абарончую пазіцыю, не чакалі супольнай польска-літоўскай атакі і пачалі рыхтавацца да двайнога наступлення — з боку палякаў, уздоўж Віслы ў напрамку да Данцыга (Гданьск), і з боку літвінаў, уздоўж Нёмана ў напрамку да Рагніта (цяпер горад Нёман у Калінінградскай вобласці)[29]. Каб процістаяць такой пагрозе, Ульрых фон Юнгінген засяродзіў свае сілы ў Швецы (Свеце), у цэнтральным пункце, адкуль тэўтонскія войскі маглі даволі хутка зрэагаваць на ўварванне з любога боку[30]. Значныя гарнізоны былі пакінуты ва ўсходніх замках Рагніта, Райна (цяпер Рын) каля Лётцэна (Гіжыцка) і Мемеля (Клайпеда)[29]. Каб утаіць свае планы і ўвесці ў зман крыжакоў, Ягайла і Вітаўт арганізавалі некалькі набегаў на сумежныя тэрыторыі, тым самым прымушаючы крыжакоў трымаць іх войскі на месцы[28].

Паход у Прусію

правіць
 
Карта ваенных перамяшчэнняў у Грунвальдскай кампаніі

На першым этапе Грунвальдскай кампаніі ўсе польска-літоўскія войскі сабраліся пад Чэрвінскам, у вызначаным месцы за 80 км ад прускай мяжы, дзе саюзнае войска перайшло цераз Віслу па пантоннаму мосту[31]. Гэты манеўр, які патрабаваў дакладнасці і ўзгодненасці руху шматэтнічнага польска-літоўскага войска, быў выкананы прыкладна за тыдзень з 24 чэрвеня па 30 чэрвеня 1410 года[29]. Польскія салдаты з Вялікай Польшчы сабраліся ў Познані, а салдаты з Малой Польшчы — у Вольбужы. 24 чэрвеня 1410 года Ягайла і чэшскія наёмнікі прыбылі ў Вольбуж[29]. Праз тры дні польскае войска ўжо знаходзілася ў вызначаным месцы пад Чэрвінскам.

Літоўскае войска выступіла з Вільні 3 чэрвеня 1410 года і злучылася з русінскімі палкамі ў Гродна[29]. Яны прыбылі ў Чэрвінск у той жа дзень, калі палякі перасяклі Нёман.

Пасля пераходу цераз раку да польска-літоўскага войска далучыліся мазавецкія войскі Земавіта IV і Януша Варшаўскага[29].

3 ліпеня 1410 года вялікае войска пачало свой паход на поўнач у напрамку да Марыенбурга (Мальбарк), сталіцы Прусіі. 9 ліпеня яно перайшло прускую мяжу[31].

Пераход цераз Віслу заставаўся тайнай для крыжакоў, пакуль венгерскія дыпламатычныя прадстаўнікі, якія спрабавалі дагаварыцца аб перамір’і, не паведамілі пра гэта Вялікаму магістру Ордэна Ульрыху фон Юнгінгену[32]. З’яўленне саюзнага войска на поўдні Прусіі застала вялікага магістра знянацку[33]. Як толькі Ульрых фон Юнгінген уразумеў польска-літоўскія намеры, ён пакінуў 3000 рыцараў у Швецы (Свеце) пад кіраўніцтвам Генрыха фон Плаўэна[34] і адправіў асноўнае войска арганізоўваць лінію абароны на рацэ Дрвенцы каля Кужэтніка[35]. Пераход цераз раку быў умацаваны астрогам[36].

11 ліпеня 1410 года пасля пасяджэння ваеннага савета[37] Ягайла вырашыў не пераходзіць цераз раку ў такім моцна абароненым месцы. Замест гэтага войска павінна было абысці раку, павярнуўшы на ўсход, у напрамку да яе вытокаў, дзе больш ніякіх вялікіх рэк не аддзяляла яго войска ад Марыенбурга[35]. Рушэнне працягнулася на ўсход у напрамку да Дзялдава без спроб захапіць сам горад[38]. Тэўтонскае войска ішло па Дрвенцы на поўнач, перасякло яе каля Любавы і пасля рушыла на ўсход паралельна польска-літоўскаму войску. Апошняе ўжо спустошыла вёску Гільгенбург (Дуброўна)[39]. Фон Юнгінген быў настолькі раз’юшаны жорсткасцю саюзных войск, што пакляўся перамагчы захопнікаў у бітве[40].

Сілы бакоў

правіць
Розныя ацэнкі сіл бакоў[41]
Гісторык Польскі Літоўскі Тэўтонскі
Карл Хэвекер і
Ханс Дэльбрук
16500 11000
Яўген Разін[42] 16000—17000 11000
Макс Оэлер 23000 15000
Ежы Ахманьскі 22000—27000 12000
Свен Экдаль 20000—25000 12000—15000
Анджай Надольскі 20000 10000 15000
Ян Дамброўскі 15000—18000 8000—11000 19000
Зігмантас Кяупа[43] 18000 11000 15000—21000
Марыян Біскуп 19000—20000 10000—11000 21000
Дэніэль Стоўн[11] 27000 11000 21000
Стэфан Кучыньскі 39000 27000

Устанавіць дакладны лік воінаў, якія ўдзельнічалі ў бітве, даволі складана[44]. Ні ў адной з тагачасных крыніц не прыведзена дакладнага падліку колькасці воінаў у атрадах. Ян Длугаш у сваіх працах прыводзіць колькасць харугваў у саюзным войску: 50 у палякаў і 40 у літвінаў[45]. Але ў «Гісторыі Польшчы» Длугаш наогул не называе колькасць нямецкіх харугваў, пазней — у Banderia Prutenorum — ён апісвае 51 нямецкую харугву, узятую палякамі пад Грунвальдам. Такім чынам, тэўтонскае войска налічвала не менш чым 51 харугву. Але пры гэтым няясна, колькі чалавек было пад кожнай харугвай. Структура і колькасць як пяхотных адзінак (кап’яносцаў, лучнікаў, арбалетчыкаў), так і артылерыйскіх, таксама невядомыя. Ацэнкі, зробленыя рознымі гісторыкамі, часта бываюць неаб’ектыўнымі з-за палітычнай ці нацыянальнай прадузятасці[44]. Нямецкія гісторыкі прыводзяць, як правіла, меншыя лічбы, тады як польскія звычайна выкарыстоўваюць большыя ацэнкі[41]. Прафесійныя ацэнкі польскага гісторыка Стэфана Кучыньскага: 39 000 польска-літоўскіх і 27 000 тэўтонскіх воінаў[45] у заходняй літаратуры прыводзяцца як «агульнапрызнаныя»[44][46][47].

Тэўтонскі ордэн

правіць

Вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген прывёў на бітву асноўную армію Ордэна, у якую ўваходзілі найміты і госці з Еўропы. Сярод тэўтонцаў, акрамя ўласна членаў ордэна і іх васалаў, былі рыцары з Германіі, Францыі і Англіі, а таксама наёмнікі швейцарцы, англічане і інш. Арганізацыйна армія складалася не менш чым з 51 харугвы агульным лікам 21 тыс. конных рыцараў і 6 тыс. пяхоты і артылерыстаў. Апроч гэтага, у абозе было каля 5 тыс. чэлядзі.

Нягледзячы на меншую колькасць, тэўтонскае войска мела перавагі ў дысцыпліне, ваеннай падрыхтоўцы і лепшую вайсковую амуніцыю[42]. Іх цяжкая кавалерыя была адной з найлепшых у Еўропе. Тэўтонскае войска мела бамбарды, якія маглі страляць свінцовымі і каменнымі ядрамі[42]. Як на тэўтонскім, так і на польска-літоўскім баку ў бітве ўдзельнічалі атрады з розных краін і зямель, уключаючы шматлікіх наймітаў; напрыклад, багемскія наёмнікі біліся на кожным з бакоў[48]. Тэўтоны таксама запрашалі рыцараў-добраахвотнікаў. Прадстаўнікі дваццаці двух розных народаў, пераважна германскіх і з розных частак Свяшчэннай Рымскай імперыі, далучыліся да тэўтонцаў[49]. Сярод крыжацкіх рэкрутаў былі прадстаўнікі з Вестфаліі, Фрызіі, Аўстрыі, Швабіі[48] і Штэтына (Шчэцін)[50]. Наёмныя аддзелы крыжакоў фарміраваліся з чэхаў, мараваў, швейцарцаў. Два венгерскія вяльможы, Міклош Гараі і Сцібар са Сцібожыц, прыслалі для крыжакоў 200 воінаў[51], але падтрымка з боку Жыгімонта Венгерскага была неістотнай[52].

Саюзнае войска Польшчы і ВКЛ

правіць

Агульны лік саюзнага войска дасягаў 31,5 тыс.ч., сярод іх 18 тыс. польскіх конных рыцараў і 2 тыс. пяхоты, 11 тыс. лёгкай конніцы ВКЛ і 500 пяхоты. Арганізацыйна войска складалася з 50[53] польскіх харугваў і 40 харугваў ВКЛ.

Галоўнакамандуючым польска-літоўскага войска быў кароль Ягайла; аднак ён не ўдзельнічаў непасрэдна ў бітве. Літоўскімі воінамі кіраваў непасрэдна Вялікі князь Вітаўт, які быў другім у вярхоўным камандаванні і дапамагаў у распрацоўцы стратэгіі кампаніі. Вітаўт актыўна ўдзельнічаў у самой бітве, кіруючы як літоўскімі, так і польскімі войскамі[54].

Польскае войска

правіць

Паводле Длугаша, Польскае войска складалася з 51 харугвы. У яго склад уваходзілі ўласна польскія палкі, палкі наёмнікаў з Багеміі і Маравіі, а таксама палкі «зямлі Леапольскай», «зямлі Падольскай, якая мела тры харугвы, з прычыны шматлікасці свайго насельніцтва», «зямлі Галіцкай». З чэхаў складаліся дзве паўнацэнныя харугвы пад камандаваннем Яна Сокала з Ламберка[55]. Магчыма, адным з воінаў у чэшскім войску быў Ян Жыжка, будучы кіраўнік гусіцкага руху[56][57]. Аляксандр I Добры камандаваў малдаўскім войскам[58].

Войска ВКЛ

правіць

Войскам ВКЛ камандаваў вялікі князь Літоўскі Вітаўт, стрыечны брат Ягайлы. У войску ВКЛ было 4[59] харугвы з літоўскіх (у сучасным сэнсе, балцкіх) зямель, 36 з зямель Русі[60] (у т.л. 28 з зямель у беларускіх этнічных межах, 8 — з украінскіх). У склад літвінскага апалчэння ўваходзілі Гарадзенская, Ковенская, Лідская, Смаленская, Мсціслаўская і Аршанская (пад камандаваннем князя Смаленскага Сямёна Лугвена Альгердавіча), Полацкая, Віцебская, Кіеўская, Пінская, Наваградская, Берасцейская, Ваўкавыская, Драгічынская, Медніцкая, Крамянецкая, Старадубская харугвы. У літоўскае войска таксама ўваходзіў кантынгент татар Залатой Арды пад камандаваннем хана Джалал ад-Дзіна[61].

Смаленскія палкі

У расійскай і савецкай гістарыяграфіі асобна вылучаліся «тры рускія смаленскія палкі (харугвы)». Аднак казаць, што гэтыя палкі былі рускімі (велікарускімі) ў сучасным значэнні слова, няслушна. Бо ўлічваючы тагачасныя этнаграфічныя межы[62], гэтыя палкі былі сабраны ў асноўным з крывіцкіх зямель і, відаць, складаліся з воінаў са Смаленска, Полацка і Мсціслава. Таму, мабыць, істотную долю (калі не большасць) ў гэтых палках складалі продкі сучасных беларусаў. Князь Ноўгарада Вялікага Лугвен-Сымон Альгердавіч, які камандаваў і гэтымі трыма палкамі, і наогул палкамі паўночнай часткі ВКЛ, меў пры сабе і ноўгарадскі атрад.

Перад бітвай

правіць
 
Фелікс Сыпнеўскі  (польск.). «Перад бітвай пад Грунвальдам», 1852

Рана раніцай 15 ліпеня 1410 года праціўнікі сышліся на раўніне ў трохвугольніку паміж сёламі Грунвальд, Таненберг (цяпер — Стэмбарк) і Людвігсдорф (цяпер — Ладвігова)[63]. Войскі ордэна пастроіліся фронтам у 2 км паміж Грунвальдам і Танебергам у два рады. Правае крыло першай лініі ўзначальваў Конрад Ліхтэнштэйн, левае — Фрыдрых Валенрод, другую лінію — сам вялікі магістр. Саюзнікі выстраіліся ў тры рады на працягу 2,5 км паміж Грунвальдам і Людвігсдорфам. На левым крыле знаходзіліся палякі (сумесна з чэхамі, руссю і інш.) пад камандаваннем кароннага маршала Польшчы Збігнева з Бжэзя, трэцяя лінія — на чале з самім Уладзіславам, на правым — літоўскія войскі пад кіраўніцтвам Вітаўта, на крайнім правым флангу — татарская конніца Джалал-ад-Дзіна, старэйшага сына Тахтамыша.

Абодва войскі выстраіліся ў процілеглыя рады ўздоўж восі паўночны ўсход — паўднёвы захад. Польска-літоўскае войска размясцілася на ўсход ад Людвігсдорфа і Таненберга[64]. Польская цяжкая кавалерыя ўтварыла левы фланг, літоўская лёгкая кавалерыя ўтварыла правы, а наёмніцкія атрады размясціліся па цэнтры. Салдаты саюзнікаў былі пастроены ў тры рады клінападобных утварэнняў каля 20 чалавек глыбінёю[64]. Тэўтонскія рыцары сканцэнтравалі сваю элітную цяжкую кавалерыю пад камандаваннем вялікага маршала Фрыдрыха фон Валенрода насупраць літоўцаў[63].

Крыжакі, якія першымі падрыхтавалі сваё войска да бітвы, спадзяваліся справакаваць на атаку палякаў і літоўцаў. Тэўтонскім палкам, апранутым у цяжкую браню, у чаканні нападзення прыйшлося прастаяць некалькі гадзін пад пякучым сонцам[65]. У адной хроніцы было выказана меркаванне, што крыжакі выкапалі «воўчыя ямы», каб нападаючае войска ўвалілася ў іх[66]. Яны таксама паспрабавалі выкарыстаць гарматную зброю, але невялікі дождж увільгатніў порах, і ў выніку было зроблена толькі два гарматныя стрэлы[65]. Але Ягайла не спяшаўся пачынаць атаку. Таму Вялікі магістр адправіў пасланцаў з двума мячамі, «каб памагчы Ягайлу і Вітаўту ў бітве». Гэты жэст з боку Вялікага магістра азначаў знявагу і правакацыю[67]. Вядомыя як «Грунвальдскія мячы», яны сталі адным з нацыянальных сімвалаў Польшчы.

Пачатак бітвы

правіць
 
Мініяцюра Дыбольда Шылінга. Бітва пад Грунвальдам (каля 1515 г.)
 
Гравюра з «Хронікі ўсяго свету» Марціна Бельскага. XVI ст.
 
Схема ваенных пазіцый у пачатку бою.

Вітаўт пры падтрымцы некалькіх польскіх харугваў пачаў атаку на левы фланг тэўтонскага войска[65]. Пасля больш чым гадзіны жорсткай сечы з крыжакамі літоўская лёгкая конніца пачала адступаць. Ян Длугаш апісвае такі ход падзей як поўнае знішчэнне ўсяго літоўскага войска. Паводле Длугаша, крыжакі падумалі, што перамога ўжо іхняя, і, зламаўшы свой строй, пачалі бязладную пагоню за адступаючымі літоўцамі, і назбіралі шмат здабычы перад тым, як вярнуцца на поле бітвы да польскіх атрадаў[68]. Але Длугаш не ўпамянуў пра літоўцаў, якія пазней вярнуліся на поле бітвы. Такім чынам, Ян Длугаш паказаў бітву, як перамогу Польшчы без старонняй дапамогі[68]. Такі погляд быў аспрэчаны сучаснымі гісторыкамі. Яны выказалі меркаванне, што адступленне было спланаваным, стратэгічным манеўрам[69]. Гэта меркаванне атрымала шырокае прызнанне пасля таго, як у 1963 годзе шведскі гісторык Свен Экдаль адкрыў і апублікаваў нямецкае пісьмо[70]. У лісце, напісаным праз пару гадоў пасля бітвы, невядомы аўтар перасцерагаў новага Вялікага Магістра, каб ён пільнаваўся падманных адступленняў, падобных да тых, што выкарыстоўваліся ў Вялікай Бітве[9]. Стэфен Торнбул сцвярджаў, што літоўскае адступленне не зусім падыходзіла пад звычайныя правілы падманнага адступлення. Такое адступленне звычайна ажыццяўлялася адной ці дзвюма вайсковымі часцямі (у адрозненне ад усяго астатняга войска) і хутка перацякала ў контратаку[71].

Разгар бітвы

правіць
 
Выява з Бернскай хронікі Дыбольда Шылінга-Малодшага. Бітва пад Грунвальдам

У той час, як літоўскія войскі адступалі, пачалася сеча паміж польскімі і тэўтонскімі сіламі. Крыжакі пад камандаваннем вялікага комтура Куна фон Ліхтэнштайна сканцэнтраваліся на правым польскім флангу. Шэсць харугваў фон Валенрода не пагналіся за адступаючымі літоўцамі, а далучыліся да атакі на правы фланг[43]. Асабліва каштоўным трафеем была харугва Кракава. Здавалася, што крыжакі пачалі браць верх, і ў адзін момант каралеўскі каронны харунжы Марцін з Врацімавіц выраніў кракаўскую харугву[72]. Але яе тут жа падхапілі, і сеча прадоўжылася.

 
Фелікс Сыпнеўскі  (польск.). «Бітва пад Грунвальдам», каля 1848—1850

Ягайла разгарнуў свае рэзервы — другую лінію свайго войска[43]. Вялікі магістр Ордэна Ульрых фон Юнгінген асабіста павёў 16 харугваў (прыкладна трэць крыжацкага войска) да правага фланга палякаў[73]. Ягайла разгарнуў свае апошнія сілы, трэцюю лінію сваёй арміі[43]. Рукапашны бой дайшоў да польскага камандавання, і адзін крыжак, пазней ідэнтыфікаваны як Лупольд ці Дыпольд Кёкерыц, кінуўся прама на караля Ягайлу[74]. Сакратар Ягайлы Збігнеў Алясніцкі выратаваў каралю жыццё. Атрымаўшы каралеўскую ласку, пазней ён стаў адным з самых уплывовых людзей у Польшчы[11].

Заканчэнне бітвы

правіць
 
Схема ваенных пазіцый у канцы бою.

У гэты час літоўскія атрады перастроіліся і прыйшлі на дапамогу палякам, ударыўшы па крыжаках з тылу[75]. Пасланыя ў абход польскія аддзелы пачалі акружаць правы фланг крыжакоў з захаду. Ульрых фон Юнгінген паспрабаваў прабіцца скрозь літоўскія рады, але быў забіты[75]. Паводле Cronica conflictus, Дабеслаў з Алешніцы сваёй дзідай прабіў шыю вялікаму магістру[75]. Длугаш сцвярджаў, што магістра забіў Мшчуй са Скрынна. Геройскую смерць у баі прынялі амаль усе саноўнікі Тэўтонскага ордэна, за выключэннем трох комтураў, што збеглі з поля бітвы. Акрамя Вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена загінуў і вялікі маршал Фрыдрых фон Валенрод[76].

Пад націскам, страціўшы кіраўніцтва, тэўтонскія рыцары пачалі адступаць да свайго лагера. Гэта абярнулася супраць саміх крыжакоў, калі абозная чэлядзь паўстала супраць сваіх гаспадароў і далучылася да аблавы[77]. Рыцары паспрабавалі пабудаваць т.зв. вагенбург: яны акружылі ўвесь лагер умацаванымі вазамі[77]. Зрэшты, абарона была хутка разбіта, і лагер быў спустошаны. Паводле Cronica conflictus, больш рыцараў памерла там, чым на полі бою[77]. Бітва доўжылася дзесяць гадзін[43].

Тэўтонскія рыцары спісалі паражэнне на здраду Мікалауса фон Рэніса (Мікалая з Рыньска), камандзіра хелмінскай харугвы, які пазней быў абезгалоўлены без суда[78]. Ён быў заснавальнікам і лідарам «Саюзу Яшчаркі» — групы крыжакоў, якія сімпатызавалі Польшчы. Паводле меркавання тэўтонаў, фон Рэніс апусціў сваю харугву, што было прынята за сігнал да здачы і прывяло да панічнага адступлення[79]. Легенда, што крыжакоў «ударылі нажом у спіну», адгукнулася пасля Першай сусветнай вайны ў легендзе пра ўдар нажом у спіну і займала нямецкую гістарыяграфію аж да 1945 года[78].

Вынікі

правіць

Страты і ваеннапалонныя

правіць
 
Рэлікварый крыжака, захоплены палякамі ў якасці трафея ў бітве пад Грунвальдам

Паражэнне тэўтонскіх рыцараў было нечуваным. Каля 8 тысяч тэўтонскіх воінаў было забіта[80] і яшчэ 14 тысяч было ўзята ў палон[81]. Паводле тэўтонскай плацежнай ведамасці, толькі 1427 чалавек вярнулася ў Марыенбург патрабаваць сваю грашовую выплату[81]. З 1 200 чалавек, пасланых з Данцыга, вярнулася толькі 300[50]. Паводле розных крыніц, ад 200 да 400 братоў Ордэна было забіта, уключаючы большасць тэўтонскага камандавання — вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген, вялікі маршал Фрыдрых фон Валенрод, вялікі комтур Куна фон Ліхтэнштайн, вялікі скарбнік Томас фон Мергайм, маршал забяспечваючых войск Альбрэхт фон Шварцбург і дзесяць комтураў[82].

Пасля бітвы трое рыцараў Ордэна — Марквард фон Зальцбах, комтур Брандэнбурга (цяпер пасёлак Ушакова), Генрых Шаўмбург, фогт Самбіі, і Юрген Маршалк, збраяносец вялікага магістра, былі пакараны смерцю паводле загаду Вітаўта за іх «абразлівыя паводзіны пасля ўзяцця ў палон»[81]. Пра Маркварда фон Зальцбаха вядома, што аднойчы, яшчэ задоўга да бітвы, ён сказаў непрыстойнасць пра Вітаўтаву маці ў прысутнасці самога Вітаўта[81]. І цяпер Вітаўт, убачыўшы сярод палонных Маркварда, звярнуўся да яго і прыпомніў той выпадак, разлічваючы, што крыжак папросіць прабачэння. Але той пачаў фанабэрыцца і дзёрзка сябе паводзіць[83]. Ягайла ўгаворваў Вітаўта супакоіцца і не караць Маркварда, але крыжак усё роўна працягваў лезці на ражон. У выніку комтура адвялі ў жыта і абезгаловілі[81].

Целы фон Юнгінгена і іншых высокапастаўленых кіраўнікоў Ордэна былі перавезены для пахавання ў Марыенбургскі замак 19 ліпеня 1410 года[84]. Целы ніжэйшых чыноў Ордэна і дванаццаці польскіх рыцараў былі пахаваны ў Таненбергскай царкве[84]. Астатніх памерлых пахавалі ў некалькіх брацкіх магілах. Адзіным прадстаўніком вышэйшага тэўтонскага камандавання, які ўцёк з поля бою, быў Вернер фон Тэтынгер, комтур Эльбінга (Эльблонг)[81].

Польскія і літоўскія сілы ўзялі некалькі тысяч палонных. Сярод іх былі князі Конрад VII Белы з Алесніцы і Казімір V з Памераніі[85]. Большасць простых воінаў і наёмнікаў была вызвалена неўзабаве пасля бітвы на ўмове, што яны прыбудуць у Кракаў 11 лістапада 1410 года[86]. У палоне затрымалі толькі тых, ад каго можна было чакаць выплаты выкупу. Былі назначаны істотныя выкупы: напрыклад, найміт Гольбрахт фон Лойм павінен быў заплаціць «шэсцьдзесят разоў суму ў 150 пражскіх грошай», што адпавядала больш чым 30 кілаграмам срэбрам[87].

Далейшая кампанія і мір

правіць
 
Пасля бітвы замак Марыенбурга, сталіца Тэўтонскага ордэна, быў два месяцы абложаны польска-літоўскім войскам

Пасля бітвы польскія-літоўскія войскі адклалі сваю атаку на тэўтонскую сталіцу ў Марыенбургу (Мальбарк), застаўшыся на полі бою яшчэ на тры дні, і толькі пасля рушылі да сталіцы Тэўтонскай дзяржавы, праходзячы ў сярэднім па 15 км за дзень[88]. Асноўныя саюзныя сілы прыбылі к добра ўмацаванаму Марыенбургу толькі 26 ліпеня 1410 года. Гэтая затрымка дала Генрыху фон Плаўэну дастаткова часу для арганізацыі абароны. Ягайла таксама пасылаў свае палкі да іншых тэўтонскіх замкаў, якія часта здаваліся без супраціўлення[89], уключаючы такія значныя гарады, як Данцыг (Гданьск), Торн (Торунь) і Эльбінг (Эльблонг)[90]. Толькі восем замкаў засталіся ў руках тэўтонцаў[91]. Асаджаючыя войскі чакалі скорай капітуляцыі свайго ворага і не былі падрыхтаваны да працяглай аблогі з-за нястачы амуніцыі, баявога духу і эпідэміі дызентэрыі[92]. Крыжакі звярнуліся па дапамогу да сваіх саюзнікаў. Жыгімонт Венгерскі, Вацлаў IV, кароль рымскі і чэшскі, і Лівонскі ордэн паабяцалі фінансавую падтрымку і ваеннае падмацаванне[93].

Аблога была знята 19 верасня 1410 года. Польска-літоўскія войскі пакінулі гарнізоны ў захопленых раней замках і вярнуліся дадому. Але крыжакі скора адваявалі гэтыя замкі. К канцу кастрычніка ў руках палякаў заставалася толькі чатыры крыжацкія замкі ўздоўж мяжы[94]. Ягайла сабраў новае войска і нанёс чарговае паражэнне крыжакам у бітве пад Карановам 10 кастрычніка 1410 года. Пасля некалькіх драбнейшых стычак абодва бакі згадзіліся на перагаворы.

 
Памятная манета Нацыянальнага банка Беларусі да 600-годдзя Грунвальдаскай бітвы

Торунскі мір быў падпісаны ў 1411 годзе. Згодна з яго ўмовамі крыжакі саступалі Добрынскую (Добжынскую) зямлю Польшчы і згаджаліся пакінуць свае прэтэнзіі на Жамойць пры жыцці Ягайлы і Вітаўта[95], хаця дзве іншыя вайны — Галодная вайна 1414 года і Голубская вайна 1422 года — пасля вяліся да падпісання Мельнскага міру, які назаўсёды вырашыць тэрытарыяльныя спрэчкі[96]. Палякі і літвіны не змаглі пераўтварыць сваю ваенную перамогу ў тэрытарыяльную і дыпламатычную выгаду. Аднак, Торунскі мір лёг цяжкім фінансавым цяжарам на крыжакоў, ад якога яны так і не акрыялі. Крыжакі павінны былі выплачваць кантрыбуцыю срэбрам. Па ацэнках, іх сума складала дзесяцікратны гадавы даход караля Англіі, разбіты па чатырох гадавых выплатах[95]. Каб пакрыць гэтыя выплаты, крыжакі пачалі інтэсіўна пазычаць грошы, канфіскоўваць золата і срэбра з цэркваў і павышаць падаткі. Два галоўныя прускія гарады, Данцыг (Гданьск) і Торн (Торунь), паднялі паўстанне супраць павышэння падаткаў[97]. Пасля паражэння пад Грунвальдам у тэўтонскіх рыцараў было недастаткова сіл, каб абараніць тыя землі, што засталіся. Пасля таго, як Жамойць стала афіцыйна хрысціянскай, тады як Польшча і Літва былі хрысціянскімі краінамі ўжо доўгі час, тэўтонцам стала складаней набіраць новых крыжакоў-добраахвотнікаў[98]. У выніку, Вялікія Магістры былі вымушаны спадзявацца на атрады наёмнікаў, што дорага абыходзілася іх і без таго вычарпанаму бюджэту. Унутраныя канфлікты, эканамічны заняпад і павышэнне падаткаў прывялі да нестабільнасці краіны і заснавання Прускай канфедэрацыі ў 1441 годзе. Пазней гэта прывяло да шэрагу канфліктаў, якія выліліся ў Трынаццацігадовую вайну 1454—1466 гадоў[99].

Цікавыя факты

правіць

Падчас бітвы гераічна праявіў сябе рыцар Мацей[be-x-old][100], за што кароль Ягайла зрабіў яго каронным харунжым і падарыў землі пад Люблінам, у т.л. вёску Грушкі[ru], пасля чаго Мацей атрымаў прозвішча Грушэцкі і з’явіўся родапачынальнікам шляхецкага i дваранскага роду Грушэцкіх.

Заўвагі

правіць
  1. а б Сучасная ацэнка. Гл.таксама сілы бакоў.

Крыніцы

правіць
  1. Ekdahl 2008, p. 175
  2. ПСРЛ. Т. 35: Летописи Белорусско-литовские. с. 32 (Нікіфараўскі летапіс), 54 (Супрасльскі летапіс).
  3. Коялович. Грюнвальденская битва. с. 4.
  4. Довгялло, Дм. Ив. Битва при Грюнвальде 15 июля 1410 г. // Виленский календарь на 1910 год: двадцать седьмой год издания. — Вильна: Электротипография «Русский почин», [1909?]. — VIII, 126, 177 с. — С. 23—45.
  5. Jučas 2009, p. 8
  6. а б Jučas 2009, p. 9
  7. а б Jučas 2009, p. 10
  8. Jučas 2009, p. 11
  9. а б Ekdahl 1963
  10. ANITA ROMULEWICZ, ANNA WYSOCKA, SYLWIA BIAŁECKA. BIBLIOGRAFIA GRUNWALDZKA za lata 1990—2010. Архівавана 20 верасня 2015. ― OLSZTYN 2010. S. 105. Wojewódzka Biblioteka Publiczna im. Emilii Sukertowej-Biedrawiny ISBN 978-83-924572-8-2
  11. а б в г Stone 2001, p. 16
  12. Гісторыя Беларусі ў 6 тамах. Т. 2. с. 113.
  13. Гісторыя Беларусі ў 6 тамах. Т. 2. с. 120—121.
  14. Гісторыя Беларусі ў 6 тамах. Т. 2. с. 122.
  15. а б Гісторыя Беларусі ў 6 тамах. Т. 2. с. 123.
  16. Urban 2003, p. 132
  17. Kiaupa, Kiaupienė & Kuncevičius 2000, p. 137
  18. Гісторыя Беларусі ў 6 тамах. Т. 2. с. 124.
  19. Turnbull 2003, p. 20
  20. а б Ivinskis 1978, p. 336
  21. Urban 2003, p. 130
  22. Kuczynski 1960, p. 614
  23. Jučas 2009, p. 51
  24. а б Turnbull 2003, p. 21
  25. Kiaupa, Kiaupienė & Kuncevičius 2000, p. 139
  26. Гісторыя Беларусі ў 6 тамах. Т. 2. с. 126.
  27. Гісторыя Беларусі ў 6 тамах. Т. 2. с. 125.
  28. а б Turnbull 2003, p. 30
  29. а б в г д е Jučas 2009, p. 75
  30. Jučas 2009, p. 74
  31. а б Turnbull 2003, p. 33
  32. Urban 2003, p. 141
  33. Гісторыя Беларусі ў 6 тамах. Т. 2. с. 127.
  34. Urban 2003, p. 142
  35. а б Turnbull 2003, p. 35
  36. Jučas 2009, p. 76
  37. Jučas 2009, p. 63
  38. Turnbull 2003, p. 36
  39. Turnbull 2003, pp. 36–37
  40. Urban 2003, pp. 148–149
  41. а б Jučas 2009, pp. 57–58
  42. а б в Разин 1999, p. 486
  43. а б в г д Kiaupa 2002
  44. а б в Turnbull 2003, p. 25
  45. а б Ivinskis 1978, p. 338
  46. Davies 2005, p. 98
  47. Johnson 1996, p. 43
  48. а б Turnbull 2003, p. 29
  49. Разин 1999, pp. 485–486
  50. а б Jučas 2009, p. 56
  51. Urban 2003, p. 139
  52. Christiansen 1997, p. 227
  53. Мяркуецца, што Ян Длугаш (Гл. таксама: #Гістарыяграфія) памылкова двойчы палічыў харугву Жыгімонта Карыбутавіча.
  54. Jučas 2009, p. 64
  55. Turnbull 2003, p. 26
  56. Jan Žižka at Grunwald: from mercenary to Czech national hero. Radio Prague (16 ліпеня 2010). Праверана 16 August 2012.
  57. Kto jest kim na obrazie Jana Matejki? Cz. 2. Gazeta.pl (14 ліпеня 2024). Праверана 16 August 2012.
  58. Urban 2003, p. 138
  59. Што тлумачыцца тым, што значныя часткі балцкіх зямель былі тады пад нямецкай акупацыяй.
  60. Jerzy Urbankiewicz. Legenda jazdy polskiej, Vol. 1. Wyd. Wojciech Grochowalski. 1996. p. 59.
  61. Turnbull 2003, p. 28
  62. Напрыклад, паводле А. Грыцкевіча.
  63. а б Jučas 2009, p. 77
  64. а б Turnbull 2003, p. 44
  65. а б в Turnbull 2003, p. 45
  66. Urban 2003, p. 149
  67. Turnbull 2003, p. 43
  68. а б Jučas 2009, p. 78
  69. Гісторыя Беларусі ў 6 тамах. Т. 2. с. 129—130.
  70. Urban 2003, pp. 152–153
  71. Turnbull 2003, pp. 48–49
  72. Jučas 2009, p. 83
  73. Turnbull 2003, p. 53
  74. Turnbull 2003, p. 61
  75. а б в Turnbull 2003, p. 64
  76. Гісторыя Беларусі ў 6 тамах. Т. 2. с. 131.
  77. а б в Turnbull 2003, p. 66
  78. а б Urban 2003, p. 168
  79. Turnbull 2003, p. 79
  80. Urban 2003, p. 157
  81. а б в г д е Turnbull 2003, p. 68
  82. Jučas 2009, pp. 85–86
  83. Длугош. Грюнвальдская битва. 1962. с. 110.
  84. а б Jučas 2009, p. 87
  85. Turnbull 2003, p. 69
  86. Jučas 2009, p. 88
  87. Pelech 1987, pp. 105–107
  88. Urban 2003, p. 162
  89. Urban 2003, p. 164
  90. Stone 2001, p. 17
  91. Ivinskis 1978, p. 342
  92. Turnbull 2003, p. 75
  93. Turnbull 2003, p. 74
  94. Urban 2003, p. 166
  95. а б Christiansen 1997, p. 228
  96. Kiaupa, Kiaupienė & Kuncevičius 2000, pp. 142–144
  97. Turnbull 2003, p. 78
  98. Christiansen 1997, pp. 228–230
  99. Stone 2001, pp. 17–19
  100. Polski Słownik Biograficzno-Genealogiczy/Gruszecki

Бібліяграфія

правіць
Найбольш актуальныя выданні
  • Jóźwiak S., Kwiatkowski K., Szweda A., Szybkowski S. Wojna Polski i Litwy z Zakonem Krzyżackim w latach 1409—1411. — Malbork, 2010.
  • Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410 Quellenkritische Untersuchungen. Band I: Einführung und Quellenlage. — Berlin: Duncker & Humblot, 1982.
  • Kwiatkowski K. Zakon niemiecki jako «Corporatio Militaris», cz. I. — Toruń: Uniwersytet Mikołaja Kopernika, 2012. — 602 s. ISBN 978-83-231-2959-2
Першакрыніцы
  • Ян Длугош. Грюнвальдская битва Архівавана 1 лютага 2012.. М.: Изд. АН СССР, 1962. (перавыданне — СПб.: Наука, 2007).
  • Ян Длугош. Прусские хоругви / пер. с лат. И. Дьяконова, с нем. Thietmar. — Сайт «Восточная литература». Приведено по изданию: Ekdahl S. Die «Banderia Prutenorum» des Jan Długosz: eine Quelle zur Schlacht bei Tannenberg 1410: Untersuchungen zu Aufbau, Entstehung und Quellenwert der Handschrift: mit einem Anhand, Farbige Abbildungen der 56 Banner mit Transkription und Erläuterungen des Textes. — Vandenhoeck und Ruprecht, 1976. — 315 p.
  • Johann von Posilge: Chronik des Landes Preussen; завершана ў 1418 годзе.
  • Cronica conflictus Wladislai regis Poloniae cum cruciferis, Anno Christi 1410; спасылка: Z. Celichowski, Poznań 1911 Архівавана 14 снежня 2014. (лац.)
Дадаткова
  • Разин, Е. А. (1999). История военного искусства VI – XVI вв. Vol. 2. Издательство Полигон. ISBN 5-89173-041-3. (руск.)
  • Davies, Norman (2005). God's Playground. A History of Poland. The Origins to 1795. Vol. I (Revised ed.). Oxford University Press. ISBN 978-0-19-925339-5.
  • Ekdahl, Sven (1963). "Die Flucht der Litauer in der Schlacht bei Tannenberg". Zeitschrift für Ostforschung(ням.). 1 (12). Архівавана з арыгінала 18 ліпеня 2011. Праверана 14 лістапада 2013.
  • Ekdahl, Sven (2008). "The Battle of Tannenberg-Grunwald-Žalgiris (1410) as reflected in Twentieth-Century monuments". In Victor Mallia-Milanes (рэд.). The Military Orders: History and Heritage. Vol. 3. Ashgate Publishing, Ltd. ISBN 978-0-7546-6290-7. (англ.)
  • Ivinskis, Zenonas (1978). Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties(літ.). Rome: Lietuvių katalikų mokslo akademija. OCLC 70309981.
  • Johnson, Lonnie (1996). Central Europe: Enemies, Neighbors, Friends. Oxford University Press. ISBN 0-19-510071-9. (англ.)
  • Kiaupa, Zigmantas; Kiaupienė, Jūratė; Kuncevičius, Albinas (2000), The History of Lithuania Before 1795, Vilnius: Lithuanian Institute of History, ISBN 9986-810-13-2
  • Kiaupa, Zigmantas (2002). "Didysis karas su Kryžiuočiais". Gimtoji istorija. Nuo 7 iki 12 klasės. Vilnius: Elektroninės leidybos namai. ISBN 9986-9216-9-4. Архівавана з арыгінала 3 сакавіка 2008. Праверана 14 лістапада 2013. (літ.)
  • Kuczynski, Stephen M. (1960). The Great War with the Teutonic Knights in the years 1409–1411. Ministry of National Defence. OCLC 20499549.
  • Pelech, Markian (1987). "W sprawie okupu za jeńców krzyżackich z Wielkiej Wojny (1409–1411)". Zapiski Historyczne(польск.). 2 (52). Архівавана з арыгінала 28 September 2011. Праверана 1 June 2010.
  • Stone, Daniel (2001). The Polish-Lithuanian state, 1386-1795. University of Washington Press. ISBN 978-0-295-98093-5. (англ.)
  • Jučas, Mečislovas (2009), The Battle of Grünwald, Vilnius: National Museum Palace of the Grand Dukes of Lithuania, ISBN 978-609-95074-5-3
  • Christiansen, Eric (1997), The Northern Crusades (2nd ed.), Penguin Books, ISBN 0-14-026653-4
  • Turnbull, Stephen (2003). Tannenberg 1410: Disaster for the Teutonic Knights. Campaign Series. Vol. 122. London: Osprey. ISBN 978-1-84176-561-7. (англ.)
  • Urban, William (2003). Tannenberg and After: Lithuania, Poland and the Teutonic Order in Search of Immortality (Revised ed.). Chicago: Lithuanian Research and Studies Center. ISBN 0-929700-25-2. (англ.)

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць