Ха́нты (саманазвы ханти, хандэ, кантэк, літаральна «людзі») — угорскі народ, карэнныя насельнікі Заходняй Сібіры. Агульная колькасць — 31 500 чал. (2010 г.). З іх 30 943 чал. жывуць у Расіі (пераважна ў Цюменскай і Томскай абласцях), 429 чал. у Казахстане (2009 г.), 14 у Беларусі (2009 г.).

Ханты
(ханти, хандэ, кантэк)
Агульная колькасць 31500
Рэгіёны пражывання Расія
Мова Хантыйская мова
Рэлігія Праваслаўе, політэізм, шаманізм
Блізкія этнічныя групы мансі, венгры

Ханты маюць агульнае паходжанне з венграмі і мансі. У першай палове 2 тысячагоддзя н. э. яны паспяхова каланізавалі землі ўздоўж рэк Об і Іртыш. У гэты перыяд узнікаюць дзяржаўныя ўтварэнні на чале мясцовых дынастый князёў. У канцы XV — XVI стст. ханты былі заваяваны рускімі, аднак некаторыя дзяржаўныя ўтварэнні працягвалі існаваць да пачатку XIX ст.

Рускія казакі, чыноўнікі і перасяленцы доўгі час называлі хантаў асцякі (руск.: остяки[1]. Мяркуюць, што слова мае цюркскае паходжанне або было запазычана з мовы хантаў і значыць прыналежнасць да ракі Об. Самі ханты падзяляліся на рэгіянальныя групы, што зваліся ад наймення мясцовай ракі. Агульная назва ханты канчаткова замацавалася толькі ў першай трэці XX ст.

Паходжанне правіць

Археолагі звязваюць паходжанне ранніх уграў, агульных продкаў венграў, ханты і мансі з саргацкай і кулайскай археалагічнымі культурамі поўдню Заходняй Сібіры ранняга жалезнага века[2][3]. Заняпад гэтых культур у сярэдзіне I тысячагоддзя н. э. выклікаў міграцыю часткі ўграў на захад і на поўнач. Паўночная галіна ўжо ў VI — IX ст. падзялілася на ханты і мансі. Продкі ханты насялялі тэрыторыі на ўсход і поўнач ад мансі.

На мяжы I і II тысячагоддзяў н. э. сфарміраваліся паўночная, паўднёвая і ўсходняя групы ханты. Пры захаванні аднолькавых керамікі, гліняных антрапаморфных статуэтак, апрацоўкі бронзы яны істотна адрозніваліся пахавальнымі абрадамі[4]. Археолагі лічаць, што ў аснове гэтых адрозненняў знаходзіўся экалагічны фактар. Але генетычныя даследаванни пачатку XXI ст. паказалі істотныя адрозненні ў паходжанні розных груп ханты[5][6]. Так, паўночна-заходняя тэрытарыяльная група падобна суседзям-мансі фарміравалася пераважна дзякуючы мігрантам з паўночнага ўсходу Еўропы і толькі часткова — з Азіі, а больш усходнія — пераважна дзякуючы выхадцам з Усходняй Сібіры і Алтая.

Гісторыя правіць

У першай палове II тысячагоддзя н. э. ханты паспяхова каланізавалі землі ўздоўж рэк Об і Іртыш, дзе развівалі рыбалоўную гаспадарку. У гэты перыяд ішоў актыўны працэс станаўлення дзяржаўных утварэнняў. Сярод іх вядомы Абдорскае, Кодскае, Белагорскае, Эмдэрскае, Казымскае, Назымскае, Бардакоўскае княствы[7][8]. На чале іх стаялі князі, улада якіх была спадчыннай. Яны мелі сталыя ваенныя дружыны, часта вялі вайны, збіралі даніну з заваяваных родаў, захоплівалі маёмасць і рабоў. Сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі цэнтрам княстваў былі добра ўмацаваныя «гарадкі»[9].

З XI ст. ханты і мансі ніжняй плыні Обі былі вядомы ў Старажытнай Русі як Югра. У 11931194 гг. наўгародскі ваявода Ядрэй арганізаваў ваенную экспедыцыю супраць Югры, але пацярпеў паражэнне[10]. З сярэдзіны XV ст. цікавасць да падначалення зямель ніжняй плыні Обі мела Вялікае Княства Маскоўскае. У 1483 г. падчас ваеннай экспедыцыі супраць мансі маскоўскія ратнікі паланілі Кодскага князя Малдана. У 1484 г. Маскву наведала югорскае пасольства, у тым ліку прадстаўнік Кодскага княства Пыткей[11]. Кодскае княства прызнала залежнасць ад Масквы, а Іван III далучыў да свайго тытула «вялікі князь Югорскі». У 14991500 гг. ваенная экспедыцыя С. Курбскага вымусіла прызнаць залежнасць ад Масквы Ляпінскае і Абдорскае княствы[12].

У XV — XVI стст. яшчэ адным важным цэнтрам уплыву на дзяржавы ханты было Сібірскае ханства. Нават у ніжняй плыні Обі мясцовыя князі прымалі татарскія тытулы мурза і тайшы[13]. Пры хане Кучуме Сібірскае ханства імкнулася спыніць выплату даніны Маскоўскаму Княству з боку ханты[14]. Падчас пахода Ярмака ў Сібір ханты ўдзельнічалі ў баях на баку сібірскіх татар, аказвалі супраціўленне заваяванню[15]. К канцу XVI ст. ўсе дзяржавы хантаў былі падначалены Расіяй.

Расійскі гісторык А. У. Галаўнёў вылучаў тры асноўныя этапы падпарадкавання народаў Заходняй Сібіры Расіяй[16]:

  • Ваенны (канец XVI — XVII стст., разгром або ўключанне ў адміністрацыйную сістэму асноўных ваенна-палітычных цэнтраў тубыльцаў)
  • Канфесійны (XVIII ст.; масавае хрышчэнне тубыльцаў)
  • Прававы (з пачатку XIX ст.; прававое падпарадкаванне мясцовага насельніцтва)

На першым этапе некаторыя княствы ханты захавалі сваю аўтаномію. Так, у 1583 г. кодскі князь Алача здолеў дамовіцца з рускімі казакамі, у далейшым удзельнічаў у паходах супраць мансійскага Кандынскага княства і нават пашырыў свае тэрыторыі[17]. У 1586 г. абдорскі князь Лугуй атрымаў ад Івана IV ахоўную грамату[18]. Роды кодскіх князёў Алачавых і абдорскіх князёў Тайшынаў мелі правы расійскіх дваран[19]. Праз іх ішла выплата ясака ў расійскі дзяржаўны скарб, яны ўдзельнічалі ў ваенных паходах на баку расійскіх войск, за што атрымалі правы кіраваць і судзіць мясцовае насельніцтва. У 1609 г. княгіня Ганна Алачава падрыхтавала змову супраць расійскіх улад, прыцягнула да яе мансі і абдорцаў. Але змова была выкрыта, Ганна арыштавана. У 1642 г. яе ўнук князь Дзмітрый Алачаў быў пазбаўлены свайго тытула, а Кодскае княства ліквідавана[20]. Абдорскія князі Тайшыны фармальна захоўвалі ўладу да канца XIX ст.

На другім этапе ў 17141718 гг. дзякуючы высілкам мітрапаліта Філафея Ляшчынскага ханты намінальна прынялі праваслаўе, хаця прыхільнікі традыцыйнай веры аказвалі місіянерам супраціўленне[21]. У вынику рэформы 1822 г.[22] ханты былі падначалены мясцовым расійскім адміністрацыйным структурам.

У 1920-ыя і 1930-ыя гг. Обскі рэгіён ператварыўся ў месца ваенных сутычак, у якія аказаліся ўцягнутымі карэнныя насельнікі[23]. У 1930 г. была створана Асцяка-Вагульская нацыянальная акруга, пачалося стварэнне алфавіта і пісьма ханты, школ і культурных ўстаноў для навучання на роднай мове. Аднак савецкія рэформы (калектывізацыя, узбуйненне паселішчаў, раскулачванне і інш.) руйнавалі звыклы лад жыцця. Карэннае насельніцтва часцяком выціскалася з абжытых месцаў, пазбаўлялася ўласнасці на гаспадарчыя ўгоддзі, а традыцыйнае гаспадарка дэградавала. Ханты ўдзельнічалі ў Казымскім паўстанні (19311934 гг.)[24] і паўстаннях 1934 і 1943 г. на Ямале[25]. У пасляваенны час з’явіліся нацыянальныя інтэлектуальныя колы (пісьменнікі, настаўнікі, журналісты). З канца 1980-ых гг. ханты робяць захады для адраджэння нацыянальнай культуры.

Культура правіць

 
Рыбалоў каля зрубнай хаціны, 1900 г.

Заняткі правіць

Ужо да прыходу рускіх паўднёвыя ханты былі знаёмы з земляробствам і жывёлагадоўляй. Сеялі галоўным чынам ячмень. Апрацоўвалі палі матыкамі, каласы вырывалі, а не зразалі, замест малацьбы абпальвалі[26]. Пазней навучыліся вырошчваць гародніну. Трымалі канёў для перавозкі грузаў, кароў і авечак[27]. Міграцыя на поўнач вымусіла ханты трымаць аленяў. У тундры і лесатундры аленегадоўля самадыйскага тыпу, калі выпасваюць статкі па 1000—1500 галоў, вандруюць у мерыдыянным кірунку: увесну — на поўнач, увосень — на поўдзень[28]. У лясной зоне аленяў трымаюць пераважна з транспартнымі мэтамі.

Галоўным заняткам здаўна было рачное рыбалоўства. Ім займаліся ўсе групы ханты. Рыбу лавілі на працягу года з дапамогай лоўчых прылад. Асноўным сезонам для рыбалоўства лічылася лета. У абдорска-кунавацкай групы ханты гэты занятак аказаў значны ўплыў на народны календар, стаўленне завалаў у ліпені суправаджалася асаблівымі рытуаламі[29].

З даўніх часоў паляванне падзялялася на мясное (на дзікіх буйных зяроў і птушак) і футравае[30]. Апошняе пачыналася з першым снегам і мела важнае значэнне, паколькі футрам выплочвалі ясак. Звяроў здабывалі з дапамогай дзіды, пазней — стрэльбы. Таксама карысталіся капканамі. Кодскія ханты ў XVII ст. скардзіліся на недахоп футравых жывёл у навакольных лясах, чым апраўдвалі ваенныя кампаніі супраць іншых ханты, мансі, ненцаў і селькупаў[31]. Юганскія ханты спецыялізаваліся на паляванні на зайцоў[32]. На ласёў палявалі ў канцы лета — пачатку восені з дапамогай сабак. Зрэдку здабывалі мядзведзяў у бярлогах рагацінай і стрэльбай. Вадаплаўную птушку палявалі звычайна ўвесну, падчас прылёту, і ўлетку, падчас лінькі.

Жытло правіць

Традыцыйны лад жыцця большасці ханты быў толькі напалову аселы. Існавалі стацыянарныя зімовыя паселішчы, а таксама часовыя летнія ў месцах здабычы[33]. Зімовыя паселішчы налічвалі ад 5 да 25 хацін, сезонныя — не болей за 3-5. Хаціны размяшчаліся на берагах рэк на некаторай адлегласці аднан ад адной. Традыцыйнае паселішча ўключала жылую хаціну, адзін ці некалькі гаспадарчых свіранаў, навесы для захоўвання маёмасці, глінабітная печ для выпечкі хлеба пад падстрэшкам, адкрыты летні агмень для прыгатавання ежы, вешала для прасушкі сетак і адзення, вялення і вэнджання рыбы, будкі для сабак. Зімовыя хаціны чамыш кат былі зрубнымі, заглыбленымі ў зямлю. Ацяпляліся глінянымі агменямі. Для дадатковага ацяплення абкладваліся мохам. Хаціны ладзіліся аднакамернымі. На зямлю насцілалі дошкі, над імі — цыноўкі і скуры, летам завешвалі тканінай ад камароў. Ханты-аленегадоўцы часцяком жылі ў чумах ненецкага тыпу.

Транспарт правіць

 
Традыцыйныя лыжы

Традыцыйныя сродкі перасоўвання — лыжы, нарты з запрэжкамі для аленяў і сабак. Улетку карысталіся лодкамі — кадаўбамі, з дошак, вялікімі лодкамі з каютамі, крытымі драўнянай карою[34].

Вопратка правіць

Вопратку найчасцей шылі з рыбіных і птушыных скур. Футра выкарыстоўвалася для ацяплення і ўпрыгожвання. Замест нітак выкарыстоўвалі ласіныя і аленевыя сухажыллі. Таксама вопратку склейвалі рыбіным клеем. Летнюю вопратку рабілі з крапіўнага і канаплянага палатна[35]. Мужчынскае адзенне было глухім, жаночае — з распа́хам. У астатнім элементы адзення мала адрозніваліся[36]. Распаўсюджаная вопратка: халат, шуба, кафтан, штаны, хустка і інш.

Кухня правіць

Народная кухня ханты ўключае мноства страў з рыбы. Рыба з’яўлялася асноўнай крыніцай сілкавання, але нарыхтоўвалася сезонна. Таму ханты вынайшлі мноства спосабаў перапрацоўкі і захавання: замарожванне, варэнне, вяленне, сушэнне, вэнджанне, слабы падагрэў, смажанне, спалучэнне смажання і сушэння, вэнджання і сушэння, падрыхтоўка халадца з лускі. Свежую злоўленую рыбу елі волкай, у яе кроў мачалі хлеб. Ніводная частка рыбы не выкідвалася, перапрацоўвалася ў муку[37]. Ласункам лічылі вараныя разам рыбныя вантробы, пузыры, ікру. Рыбны тлушч ужывалі самастойна, разам з хлебам, ягадамі, мукой і г. д. Саленне рыбы з’явілася позна, пад уплывам рускіх[38]. Да нашых дзён соль амаль не ўжываецца ў традыцыйнай кулінарыі. Затое жавалі драўняную смалу як сродак ад цынгі[39].

Мяса ўжывалі значна радзей, звычайна дзічыну. Яго елі вараным, смажаным, сушаным, рабілі мясны суп. Мяса аленяў часам елі волкім, пілі аленевую кроў. Раслінная ежа была яшчэ больш рэдкай, чым мяса. Яе галоўнай крыніцай было збіральніцтва. Муку куплялі звонку. З яе пяклі хлеб у спецыяльных печах, што ладзілі на двары або нават на санках[40]. Ханты не ўжываюць некаторыя віды рыб і жывёл, а таксама грыбы. Выключэнне складаюць грыбы мухамор і чага. Мухаморам карысталіся ў рытуальных мэтах. З чагі рабілі муку, якую дадавалі ў іншую ежу, заварвалі разам з травяным напоем. У апошнія два стагоддзі найбольш любімым напоем стаў чай. Яго вараць у катле, часам дадаюць травы, чагу, муку.

Грамадства правіць

За некалькі стагоддзяў традыцыйнае грамадства ханты зведала вялікія змены. І. Ляпёхін зазначаў, што ханты і мансі жывуць «сроднымі» групамі[41]. Існаванне кроўных родаў пацвярджаецца сучаснымі этнаграфічнымі матэрыяламі. Так, у абдорска-кунавацкіх ханты род завецца и рат ёх, літаральна «людзі аднаго агменя»[42]. Агонь у кроўных сваякоў лічыцца агульным, звышнатуральна злучае іх. Часам некалькі и рат ёх складаюць большую па колькасці сваяцкую арганізацыю. У канцы XVIII ст. блізкія сваякі сяліліся ў адным сталым паселішчы. Некалькі паселішчаў уздоўж ракі мелі назву воласці. У паўночных ханты захаваўся падзел на 2 экзагамныя групы сир Пор і Мось[43], якія часцяком завуцца фратрыямі. Кожная група лічыць, што паходзіць ад асобнага продка: Пор — ад мядзведзя, Мось — ад жанчыны-гарбаткі. У іх маюцца асобныя сакральныя цэнтры для арганізацыі святаў, асобныя звычаі, чальцы аднаго сир кпяць з чальцоў іншага[44]. Знутры сваяцкіх калектываў забаронены шлюбы.

Асновай сацыяльнага ладу ў канцы 18 стагоддзе ст. была малая нуклеарная сям'я — 77,8 % ад усіх сем’яў. На чале яе стаяў мужчына. Спадчына і сваяцтва перадаваліся па мужчынскай лініі. Поруч існавалі пашыраныя непадзеленыя бацькоўскія, радзей братэрскія сем’і. Да сярэдзіны XIX ст. колькасць непадзеленых сем’яў толькі павялічвалася, іх структура ўскладнялася[45]. Прычынай таму мог быць нізкі дэмаграфічны прырост пры сталай патрэбе ў рабочых руках для лову. Для традыцыйнай сям’і была характэрна строгая рэгламентацыя адносін паміж мужчынамі і жанчынамі. Яна выяўлялася ва ўсіх сферах жыццядзейнасці: размеркаванні прасторы, асаблівасцях паводзін, прыняцці ежы, адпраўленні культаў.

Дакументы XVII — XVIII стст. адлюстроўваюць існаванне палігініі сярод заможных прадстаўнікоў грамадства, куплю жонак, рабства. Рабамі станавіліся ваеннапалонныя. Вылучаўся сацыяльны пласт «лепшых людзей», што не выплочваі ясак і жылі за лік іншых. На чале такога традыцыйнага грамадства стаялі князі[46]. Іх улада перадавалася па спадчыне. Князі валодалі часткай рыбных і паляўнічых угоддзяў, збіралі і размяркоўвалі ясак. Важнай функцыяй князёў было ўзначальванне ваеннай дружыны. Іх ваенныя таленты апяваліся ў эпічных творах.

Ваенная справа правіць

Да ўключэння зямель ханты ў склад Расіі яны мелі свае дзяржаўныя фарміраванні, якія вялі актыўную ваенную знешнюю палітыку. Яны аказвалі ваеннае супраціўленне заваяванням. Нават пасля падначалення Расіі Кодскія і Абдорскія князі захоўвалі аўтаномію, іх ваенныя сілы выкарыстоўваліся Раійскай дзяржавай у сваіх мэтах[47]. Аснову ваенных фарміраванняў складала нешматлікая княская дружына з цяжкаўзброеных пяхотнікаў ляк. Звычайна яна знаходзілася ва ўмацаваным паселішчы, куды не дапушчаліся простыя абшчыннікі. У мірны час ляк вялі асабістую гаспадарку, займаліся паляваннем і рыбалоўствам. Падчас вайны збіралася лёгкаўзброенае апалчэнне. У Кодскім княстве служылымі лічыліся ўсе ханты першапачатковай вотчыны князёў Алачавых, у адрозненні ад жыхароў захопленых зямель[48]. Спрыт, фізічная сіла, цягавітасць, уменне карыстацца лукам фарміраваліся з дзяцінства.

Распаўсюджаная зброя: лукі з дзвюмя сярэднімі накладкамі, стрэлы, мячы, палашы, кінжалы, нажы, шаблі і інш. Даспехі выраблялі са скуры, косці, рыбнага клею, металаў. Звычайнай амуніцыяй воінаў былі шлемы. Ва ўмовах тайгі і балот хуткае перасоўванне вялікага войска не давала перавагі, таму практыкавалі раптоўныя напады і набегі. Па паводзінах птушак маглі вызначыць рух варожага войска. У выпадку нападу на ўмацаванні вывешвалі на тычках чырвоныя кавалкі тканіны. Бой пачынааўся з перастрэлкі з лукаў, толькі потым уступалі ў рукапашную сутычку. Зыход бою магла вырашыць сутычка двух найбольш умелых ваяроў. Аблога умацаванняў магла праходзіць наступным чынам: авангард латнікаў пад прыкрыццём лучнікаў павінен быў прасекчы пралом у сцяне, потым разам з астатнімі воінамі пракрасціся ўнутр[49].

Народная творчасць правіць

Для фальклора ханты характэрна, што аднолькавы сюжэт выконваецца ў празаічнай ці песеннай форме. Існавала пераходная форма — рытмізаваная проза. Старажытныя песенныя творы выконваліся ў рытуальным стане, выканавец і слухач перапоўніваліся адчуваннямі, блізкімі да экстазу, выкліканымі манатонным матывам, частымі паўторамі. Часам спевакі з’ядалі мухаморы і «слухалі» іх «спевы», якія нібы толькі паўтаралі для астатніх слухачоў. Сярод празаічных жанраў вылучаюцца наступныя[50]:

  • Йис-потар («размова пра старажытнасць», міф)
  • Катра-ёх-потар («размова старых людзей» — паданні і генеалагічныя гісторыі)
  • Мось-потар (казка)
  • Нях-потыр («смешная размова» — апавяданне з выдумкамі)

Песенныя жанры: бытавыя індывідуальныя песні, у тым ліку «песні лёсу», песні пра вандроўкі, лірычныя, пахвальныя, скаргі, любоўныя, сацыяльна-канфліктныя, прысвечаныя дзіцяці ці жывёле. Песні мелі стабільны тэкст, які вывучваўся іншымі выканаўцамі.

Распаўсюджаныя музычныя інструменты:

  • Тумран (варган)[51]
  • Тор-сапль-юх (струнны інструмент)[52]
  • Кугель-юх і нін-юх (смычковыя струнныя інструменты)[53]

Мова правіць

Родная мова ханты адносіцца да ўгорскай групы фіна-ўгорскай моўнай сям’і, блізкая да венгерскай і асабліва да мансійскай моў. Адрозніваецца дыялектычным багаццем. Вылучаюцца 3 дыялектныя масівы: усходні, паўночны, паўднёвы (вымерлы)[54]. Літаратура развіваецца на аснове казымскага, шурышкарскага, сургуцкага и вахаўскага дыялектаў.

Да ўзнікнення пісьмовасьці ханты карысталіся знакамі-тамга[55], што адлюстроўвалі сакральныя сімвалы і піктаграмы, выконвалі функцыю асабістай пячаткі або подпіса ўпаўнаважаных асоб. Першыя спробы стварэння пісьмовасці на аснове кырыліцы рабіліся з канца XIX ст. У 1931 г. распрацавана пісьмовасць на аснове лацінкі. З 1937 г. пераведзена на кірыліцу[56]. Усяго было праведзена 5 рэформ пісьмовасці. Адзіная графічная аснова ўведзена толькі ў 2008 г., але выкарыстоўваецца абмежавана[57].

Мова ханты лічыцца ў Расіі мовай карэннага малалікага народа[58], выкарыстоўваецца некаторымі мясцовымі СМІ, вывучаецца ў школах. Колькасць носьбітаў стала скарачаецца.

Рэлігія правіць

У традыцыйных рэлігійных вераваннях ханты падзялялі сусвет на верхні (нябесны), сярэдні (зямны) і ніжні (падземны). Яны верылі, што на небе ўладарыць вярхоўны бог Торум (або Нум-Торум, Санки-Торум), які з’яўляецца стваральнікам Зямлі[59], адказвае за дзённае святло, маральнасць і сусветны лад[60]. Падземным светам кіруе Куль (або Кынь-лунк ). Ён выступае то як партнёр Торум, то як носьбіт варожага пачатку[61]. За зямным светам наглядае Мир-шэтиви-хо (у некаторых паданнях Эква-Пыгрись), адзін з сыноў Торум[62]. Штодня ён аб’язджае Зямлю на крылатым кані Товлынг-лув, аказвае дапамогу людзям. Ханты таксама верылі ў багоў-заступнікаў пэўных мясцовасцяў, шматлікіх духаў, шанавалі багіню агню[63]. Шанаваліся некаторыя жывёлы, асабліва мядзведзь[64] і жаба[65]. Шаманы йолта ку мелі вельмі абмежаваныя функцыі[66]. Ханты выраблялі ідалаў, перавозілі іх разам са скарбам. У XVI ст. адным з найважнейшых сакральных цэнтраў з’яўлялася Белагорскае княства ў месцы зліцця Обі і Іртыша.

У выніку кантактаў з сібірскімі татарамі сярод ханты некаторы час распаўсюджваўся іслам[67], але ён істотна не адбіўся на наступным развіцці гэтага народа. У XVIII ст. пры падтрымцы ўладаў адбывалася актыўная хрысціянізацыя. У 17141718 гг. большасць ханты намінальна прынялі праваслаўе[68], хаця працягвалі захоўваць многія традыцыйныя звычаі.

Зноскі

  1. Остяк
  2. Кулайская культура в гунно-сарматское время (II в. до н. э.—V в. н. э.)
  3. Кулайская культура в гунно-сарматское время Часть II
  4. В. А. Могильников, Формирование коренного населения Тюменского Обь-Иртышья
  5. Northwest Siberian Khanty and Mansi in the junction of West and East Eurasian gene pools as revealed by uniparental markers
  6. Genetic features of ancient West Siberian people of the Middle Ages, revealed by mitochondrial DNA haplogroup analysis
  7. Угорские княжества
  8. Казымское княжество Архівавана 17 ліпеня 2017.
  9. А. Мельников, Военное дело таежных народов Западной Сибири
  10. Янин В. Я послал тебе бересту… / Валентин Янин. — Москва: Школа «Языки русской культуры», 1998 С. 322
  11. СИБИРЬ ПЕРЕД ПРИСОЕДИНЕНИЕМ К РУССКОМУ ГОСУДАРСТВУ
  12. Продвижение русских в Зауралье
  13. Перевалова Е. В., 2000. Обдорские князья Тайшины (историко-этнографический очерк) Архівавана 17 ліпеня 2017.
  14. Д. И. Иловайский, Московско-царский период. Первая половина или XVI век
  15. Поход Ермака Тимофеевича и его гибель
  16. Головнев А. Говорящие культуры. С. 89 — 91
  17. КОДСКОЕ КНЯЖЕСТВО Большая российская энциклопедия(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2019. Праверана 20 ліпеня 2017.
  18. Обдорское княжество — Государства мира
  19. Перевалова Е. В., 2000. Обдорские князья Тайшины (историко-этнографический очерк) Архівавана 17 ліпеня 2017.
  20. Гл.: Бахрушин, С. Остяцкие и вогульские княжества в XVI—XVII веках. — Ленинград: Из-во народов Севера, 1935
  21. ФИЛОФЕЙ ЛЕЩИНСКИЙ
  22. СИБИРСКИЕ РЕФОРМЫ 1822 ГОДА В ОТЕЧЕСТВЕННОЙ И ЗАРУБЕЖНОЙ ИСТОРИОГРАФИИ
  23. Советский период — Музеи Югры
  24. Казымское восстание Архівавана 10 жніўня 2014.
  25. Восстания на Ямале 1934 , 1943 гг.
  26. Животноводство и земледелие хантов и мансов Архівавана 28 ліпеня 2017.
  27. Хозяйство традиционное обских угров
  28. Занятия и промыслы
  29. ВИДЫ ХОЗЯЙСТВЕННОЙ ДЕЯТЕЛЬНОСТИ ХАНТЫ: РЫБОЛОВСТВО, ОХОТА И ОЛЕНЕВОДСТВО Архівавана 5 мая 2017.
  30. Охота и рыболовство хантов и мансов Архівавана 25 ліпеня 2017.
  31. Гл.: Бахрушин, С. Остяцкие и вогульские княжества в XVI—XVII веках. — Ленинград: Из-во народов Севера, 1935
  32. Охота и рыболовство хантов и мансов Архівавана 25 ліпеня 2017.
  33. Поселения и жилища
  34. Ханты Архівавана 1 снежня 2017.
  35. Как и где живут ханты и манси. — Про ханты и манси. Архівавана 17 ліпеня 2017.
  36. Одежда хантов Архівавана 28 мая 2017.
  37. Кухня ханты: суп из рыбной муки. Рецепт в инфографике
  38. Как соль попала на стол ханты и манси
  39. Животноводство и земледелие хантов и мансов Архівавана 28 ліпеня 2017.
  40. Кухня ханты и манси Архівавана 8 жніўня 2017.
  41. Цыт. па: Бахрушин, С. Остяцкие и вогульские княжества в XVI—XVII веках. — Ленинград: Из-во народов Севера, 1935
  42. Родственные отношения ханты Архівавана 8 верасня 2017.
  43. Пор — Культурное наследие Югры
  44. Успенская С. С., ЭТНИЧЕСКАЯ ИДЕНТИФИКАЦИЯ НАРОДА ХАНТЫ В ФОЛЬКЛОРЕ И ТРАДИЦИОННЫХ ПРЕДСТАВЛЕНИЯХ
  45. Дрянкова О. О., СЕМЬЯ У ХАИТОВ В КОНЦЕ XVIII — ПЕРВОЙ ТРЕТИ XX ВЕКА. С. 16
  46. Бахрушин, С. Остяцкие и вогульские княжества в XVI—XVII веках. — Ленинград: Из-во народов Севера, 1935
  47. Бахрушин, С. Остяцкие и вогульские княжества в XVI—XVII веках. — Ленинград: Из-во народов Севера, 1935
  48. Сибирские князья и дружина
  49. А. Мельников, Военное дело таежных народов Западной Сибири
  50. В. М. КУЛЕМЗИН, Н. В.ЛУКИНА, Знакомьтесь: ХАНТЫ
  51. Тумран — костяной хомус народа ханты
  52. Традиционный музыкальный инструмент хантов Архівавана 24 жніўня 2017.
  53. МУЗЫКАЛЬНЫЕ ИНСТРУМЕНТЫ Архівавана 18 ліпеня 2017.
  54. Хантыйский язык
  55. Тамга — Культурное наследие Югры
  56. Подробная информация о хантыйском языке
  57. Проблемы хантыйской письменности и пути ее совершенствования обсудили в Ханты-Мансийске Архівавана 24 чэрвеня 2022.
  58. Хантыйский язык
  59. Создание мира (мифы хантов) Архівавана 7 жніўня 2017.
  60. Небесный бог Нум-Торум Архівавана 13 верасня 2014.
  61. Обитатели Нижнего мира Архівавана 9 верасня 2017.
  62. Мир-суснэ-хум, Мир-шэтиви-хо
  63. Огонь и божество огня Архівавана 4 жніўня 2017.
  64. Медвежий праздник
  65. Ханты — Коренные народы Ямало-Ненецкого автономного округа(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 жніўня 2017. Праверана 5 жніўня 2017.
  66. Верования традиционные (ханты)
  67. Ханты и манси тоже когда-то были мусульманами
  68. ФИЛОФЕЙ ЛЕЩИНСКИЙ

Літаратура правіць

Спасылкі правіць