Канстытуцыя 3 мая 1791 года

(Пасля перасылкі з Канстытуцыя 3 мая)

Канстыту́цыя 3 ма́я (польск.: Konstytucja 3 maja), Устава аб кіраванні (польск.: Ustawa rządowa) — асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты Чатырохгадовым соймам 3 мая 1791 года ў Варшаве, які змяняў форму праўлення Рэчы Паспалітай з абмежаванай манархіі (т. зв. «змешанай манархіі» — monarchia mixta) на канстытуцыйную манархію. Канстытуцыя рэгулюе правы і абавязкі ўсіх саслоўяў дзяржавы і вызначае прынцыпы арганізацыі дзяржаўнай улады. Галоўная ўвага надаецца сферы палітычных адносін — вызначэнню падзела галін улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай), а самы вялікі і дэталёва прапісаны артыкул Канстытуцыі прысвечаны каралю (вялікаму князю) як кіраўніку выканаўчай улады. У Канстытуцыі дэталёва прапісана і вызначана важная роля караля (вялікага князя) у грамадстве і сістэме ўлады. Уводзілася спадчыннасць трона замест ранейшай выбарнасці манарха соймам. Канстытуцыяй назаўсёды скасоўваліся такія характэрныя да таго часу для Рэчы Паспалітай правы як права ліберум вета (liberum veto) у сойме і права шляхты на канфедэрацыю. Была першым у Еўропе і другім у свеце (пасля Канстытуцыі ЗША[2]) кадыфікаваным асноўным законам, зафіксаваным пісьмова і падзяляўшым тры галіны ўлады (на сучасны ўзор)[3]. Канстытуцыя адлюстроўвае адносіны раннекапіталістычнага (ці перадбуржуазнага) грамадства. 23 лістапада 1793 года дзеянне Канстытуцыі і створаных на яе аснове органаў улады было скасавана рашэннем Гарадзенскага сойма (1793). Канстытуцыя 3 мая стала легендарнай для сучаснікаў і нашчадкаў гісторыі і традыцый Рэчы Паспалітай, бо разглядалася як апошняя надзея выратаваць Рэч Паспалітую ад гібелі і сімвал справядлівасці, незалежнасці і кульмінацыі Асветніцтва ў айчыне[4]. 17 кастрычніка 2014 года Канстытуцыя 3 мая была занесена ў Польскі дзяржаўны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету». 15 красавіка 2015 года (паводле рашэння Еўрапейскай Камісіі) Канстытуцыя 3 мая была занесена ў Спіс Еўрапейскай спадчыны.

Канстытуцыя 3 мая 1791 года
«Устава аб кіраванні»
Тытульная старонка надрукаванай у Варшаве на польскай мове Канстытуцыі 3 мая 1791 года
Тытульная старонка надрукаванай у Варшаве на польскай мове Канстытуцыі 3 мая 1791 года
Створаны ухвалена соймам Рэчы Паспалітай 3 мая 1791 года; паўторна ўхвалена і актыкавана 5 мая 1791 года.
Ратыфікаваны не ратыфікавана канчаткова патрэбнымі 3/4 соймікаў[1] (працэс ратыфікацыі спынены па прычыне ваенных падзей)
Месца захоўвання арыгіналы: Галоўны архіў старажытных актаў (Польшча);
Аўтар кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст, Гуга Калантай, граф Ігнацы Патоцкі, князь Казімір Нестар Сапега, граф Станіслаў Малахоўскі, Станіслаў Сташыц, Сцыпіён П’ятолі і інш.
Завяральнікі 9 прадстаўнікоў канфедэрацыі шляхты Польскага Каралеўства і 5 прадстаўнікоў канфедэрацыі шляхты Вялікага Княства Літоўскага
Мэта стварэння канстытуцыйная манархія

Абставіны прыняцця і легальнасць ухвалы

правіць

Канстытуцыя ад 3 мая 1791 г. была прынята ў ходзе Чатырохгадовага (Вялікага) сойма 1788—1792 гг., які быў аб’яўлены канфедэрацыяй шляхты, што дазваляла прымаць рашэнні і законы большасцю галасоў. З 1790 г. першапачатковая колькасць паслоў на Чатырохгадовы сойм (172 шляхціцы) была павялічана да 346 паслоў, а сенатараў засталася той жа — 155[5]. Аднак у поўным складзе членаў Чатырохгадовы сойм ніколі не працаваў: рашэнні прымаліся звычайна ў прысутнасці каля 200 асоб (паслоў і сенатараў), бо кворуму на сойме Рэчы Паспалітай не патрабавалася[6].

Канстытуцыя была складзена прыхільнікамі рэформ («Патрыятычнай партыяй» на чале з каралём Станіславам Аўгустам, маршалкам сойма Станіславам Малахоўскім, Ігнацы Патоцкім, Гугам Калантаем і Адамам Казімірам Чартарыйскім) на польскай мове і захоўвалася ў тайне да зручнага моманту. Каб забяспечыць ухвале праекта большасць галасоў, маршалак Малахоўскі вырашыў паставіць праект на разгляд сойма ў першыя дні пачатку (з 2 мая 1791 г.) новай сесіі пасля парламенцкіх канікул, бо ў пачатку сесіі звычайна з’язджалася малая колькасць паслоў (і толькі з часам іх колькасць узрастала), а першы тыдзень новай сесіі сойма паводле рэгламенту пачынаўся разглядам малазначных пытанняў[7]. Аб сваіх намерах лідары Патрыятычнай партыі загадзя таемна праінфармавалі лістамі сваіх паслоў-прыхільнікаў і сенатараў-прыхільнікаў, выклікаючы іх у Варшаву[7].

 
Радзівілаўскі палац у Варшаве, дзе засядалі прыхільнікі Канстытуцыі (т.зв. «Радзівілаўскі клуб») — як з Польскага Каралеўства, так і Вялікага Княства Літоўскага. Цяпер перабудаваны і служыць галоўнаю рэзідэнцыяй прэзідэнта Польшчы

Ужо 30 красавіка прыхільныя Патрыятычнай партыі паслы і сенатары (каля 60 асоб) у Варшаве ў Радзівілаўскім палацы, дзе ваўкавыскі пасол і ваўкавыскі староста Павел Ян Грабоўскі ладзіў за свой кошт банкет (частаванне кавай), у закрытым рэжыме бурліва дыскутавалі аб праекце будучай Канстытуцыі, а 1 мая ў Радзівілаўскім палацы зноў адбыўся сход прыхільнікаў, дзе зачыталі праект Канстытуцыі (якая ў той дзень атрымала назву «Ustawa Rządowa») і зрабілі некалькі паправак[8].

2 мая (панядзелак) у Каралеўскім палацы ў Варшаве яшчэ не была адкрыта новая сесія сойма, як прадугледжваў рэгламент, а адбыўся адкрыты сход у Радзівілаўскім палацы паслоў-прыхільнікаў Канстытуцыі на чале з Малахоўскім, якія запрасілі да ўдзелу і іншых паслоў (у тым ліку і непрыхільнікаў новай рэформы), дзе праект Канстытуцыі быў зноў зачытаны для навічкоў[7]. Пратэсты тады былі абсмеяны, а пасля 83 асобы (паслы і сенатары) і маршалак Станіслаў Малахоўскі загадзя падпісалі Канстытуцыю ў доме Малахоўскага[9]. Пачаткова планавалася ўнесці праект на разгляд сойма 5 мая, але гэтая інфармацыя дайшла і да непрыхільнікаў — расійскага пасла і «Гетманскай партыі» (граф Францішак Ксаверый Браніцкі, граф Севярын Жавускі, граф Шыман Касакоўскі і інш.), а гетман Браніцкі пачаў неадкладна рассылаць ганцоў за сваімі паплечнікамі-пасламі[8]. У такой сітуацыі маршалак Малахоўскі пастанавіў адкрыць сесію сойма ў Варшаве 3 мая 1791 г. (а 11 гадзіне раніцы), каб пазбегнуць пагрозы ўжывання сілы з боку праціўнікаў рэформ[10].

 
Мастак Казімеж Вайнякоўскі, карціна «Ухвала Канстытуцыі 3 мая 1791 года», 1806 год. Зала Сената ў Каралеўскім палацы ў Варшаве, дзе праходзіла сесія сойма

Канстытуцыя была прынята на адкрытай сесіі сойма ў Каралеўскім палацы 3 мая 1791 г. прыхільнікамі «Патрыятычнай партыі» пры наяўных 182 асобах (сенатарах і паслах) пасля публічнай зачыткі і бурных дэбатаў на працягу 7 гадзін[11]. Кароль выступаў за ўхвалу Канстытуцыі тройчы. Менавіта станоўчая пазіцыя паслоў ад ВКЛ (перш за ўсё маршалка канфедэрацыі шляхты ВКЛ князя Казіміра Нестара Сапегі) вырашыла справу ўхвалы на сойме Канстытуцыі[12]. Кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст у прысутнасці паслоў і сенатараў на сойме прыняў прысягу Канстытуцыі ў той жа дзень, а князь Казімір Нестар Сапега стаў першым у шэрагу 110 асоб, якія падтрымалі Канстытуцыю[13]. Фармальнага галасавання не было; ухвала была прынята шляхам акламацыі (ухвалай рашэння сходам праз усклікі «згода» без падліку галасоў); пісьмова засведчылі сваю прысягу Канстытуцыі толькі 84 асобы, што было дастаткова для перавагі над непрыхільнікамі[14][15]. У сітуацыі эмацыйнага накалу сойма і гараджан Варшавы ўхваліў Канстытуцыю нават кіраўнік апазіцыйнай «Гетманскай партыі» Францішак Ксаверый Браніцкі, хоць у душы быў супраць і пазней стане міністрам у «Стражы правоў»[16]. 72 паслы выказаліся супраць, але актыўных непрыхільнікаў аказалася толькі 28 асоб[17].

 
Мастак Ян Матэйка, карціна «Канстытуцыя 3 мая 1791 года», 1891 год. Кароль Станіслаў Аўгуст (злева з мантыяй) уваходзіць у Сабор Святога Яна Хрысціцеля, дзе паслы складуць прысягу Канстытуцыі. На заднім плане Каралеўскі палац, дзе праходзіла сесія сойма

Праціўнік Канстытуцыі князь Антоні Станіслаў Святаполк-Чацвярцінскі (1748—1794) выказаўся на сойме, што раней выбранаму каралю народ мог адмовіць у падпарадкаванні, калі кароль не выконваў абавязкі, а па новым праекце спадчынны кароль звальняецца ад адказнасці, якая ўжо перакладаецца на міністраў[18].

Тое, што быў парушаны рэгламент сойма, калі ў першы тыдзень новай сесіі павінны былі разглядацца малазначныя пытанні, а таксама прысутнічала невялікая колькасць паслоў (хоць сесія для ўсіх пачыналася з 2 мая і кворуму не патрабавалася) і многія паслы не былі загадзя праінфармаваны пра праект новай рэформы, не змяншае легальнасці прыняцця Канстытуцыі, бо сама ўхвала Канстытуцыі соймам была толькі пачатковым этапам яе прыняцця, павінна была быць яшчэ канчаткова зацверджана соймікамі і магла быць апратэставана. Яшчэ ў верасні 1790 г. Чатырохгадовы сойм прыняў закон, паводле якога пытанне спадчыннасці трону ў Рэчы Паспалітай можа быць вырашана толькі згодай 3/4 інструкцый соймікаў[1]. А ў лістападзе 1790 г. на разгляд соймікаў быў прапанаваны ўніверсал аб замацаванні пры жыцці караля Станіслава Аўгуста ў якасці наступнага спадкаемцы выбарнага трону — саксонскага курфюрста Фрыдэрыка Аўгуста ІІІ: большасць (54 соймікі) выказаліся станоўча, а 5 з тых 54 соймікаў — выказаліся яшчэ і за спадчыннасць трону за саксонскай дынастыяй[1]. Прыняцце ж Канстытуцыі 3 мая прыспешаным спосабам дало падставу праціўнікам рэформ паставіць пад сумненне легальнасць прыняцця гэтага юрыдычнага акта[19].

На наступны дзень (4 мая) невялікая група з 28 асоб (паслоў і сенатараў на чале з Антоніем Станіславам Святаполк-Чацвярцінскім) падала пратэст на прыняцце Канстытуцыі (хоць пазней некаторыя асобы адклікалі свой пратэст)[20], аднак 5 мая пытанне ўхвалы Канстытуцыі было вырашана на зноў адкрытай сесіі сойма канчаткова. Зноў менавіта маршалак канфедэрацыі ВКЛ князь Казімір Нестар Сапега 5 мая, імкнучыся выправіць усе непаразуменні і верагодныя адступленні ад юрыдычнай працэдуры адбытай 3 мая ўхвалы, заклікаў, каб уся Пасольская ізба прасіла Канстытуцыйную Дэпутацыю падпісаць Канстытуцыю — і ўсе сабраныя паслы трохкратнымі ўсклікамі «згода» аднастайна пацвердзілі сваю ўхвалу Канстытуцыі. У выніку апеляцыя апанентаў (ад 4 мая) была адвергнута Канстытуцыйнай Дэпутацыяй, якая падпісала Канстытуцыю, а сойм ухваліў аднагалосна «Дэкларацыю сабраных станаў», якая скасоўвала ўсе ранейшыя юрыдычныя акты, якія супярэчылі Канстытуцыі 3 мая[21]. Такая падтрымка на сойме была забяспечана ў першую чаргу прысутнасцю групоўкі галоўных паслоў-прыхільнікаў (т.зв. «Радзівілаўскі клуб»), якая 4 мая дала маршалку сойма Станіславу Малахоўскаму сваю згоду і заруку[22]. У Дэкларацыі двойчы падкрэсліваўся федэрацыйны характар Рэчы Паспалітай («у дзяржавах Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага»)[23]. Падтрымалі Канстытуцыю і некаторыя паслы, якія не былі на сесіі 3 мая: яны заявілі, што былі звязаны інструкцыямі соймікаў, але пабачылі, што новая Канстытуцыя не пашырае правы каралеўскай улады больш, чым патрэбна, і пераканаліся ў выратавальнасці новага закона для айчыны[24]. Таксама 5 мая Канстытуцыя была ўпісана ў варшаўскія гродскія кнігі, што рабіла яе юрыдычным актам абавязковай сілы; ёй прысягнула войска[25].

Юрыдычны акт пачынаў паступова атрымліваць падтрымку шляхты ў рэгіёнах, хоць да таго большасць шляхты не была прыхільніцай скасавання вольнай элекцыі манарха, — большая частка соймікаў, якія абмяркоўвалі дакумент у 1791 г. і пачатку 1792 г., падтрымалі ўхвалу Канстытуцыі: у ВКЛ 27 соймікаў шляхты з 33 прысягнулі Канстытуцыі; а ў Польскім Каралеўстве з 42 соймікаў 10 соймікаў прысягнулі, а 27 соймікаў пакуль толькі ўхвалілі Канстытуцыю[26][27]. Сесіі соймікаў праходзілі спакойна і паважна[28]. Далейшыя разгляды і абмеркаванні былі перарваны дзеяннямі Таргавіцкай канфедэрацыі (1792) і пачаткам вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у 1792 г.

Аўтары і падпісанты Канстытуцыі

правіць
 
Спіс 14 падпісантаў у рукапісным польскамоўным арыгінале Канстытуцыі 3 мая 1791 года, які захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў (Archiwum Główne Akt Dawnych) у Варшаве (Польшча)

У аснову праекта Канстытуцыі 3 мая 1791 г. была пакладзена Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна (1789), прынятая ў час Вялікай французскай рэвалюцыі. Справа рэформы дзяржаўнага кіравання (у прыватнасці — пытанне аб увядзенні спадчыннасці трона, узначальванне каралём Стражы правоў (кабінета міністраў), абвяшчэнне «каталіцкай рэлігіі абодвух абрадаў» (г.зн. рымска-каталіцкага і ўніяцкага) пануючай рэлігіяй у Рэчы Паспалітай, мажлівасць набыцця мешчанінам шляхецкіх правоў і зямельнай уласнасці) была афіцыйна пастаўлена Патрыятычнай партыяй на сойме 2 жніўня 1790 г. у «Праекце да формы кіравання», а канчатковы праект Канстытуцыі (пасля абмеркаванняў на канферэнцыях і ў кулуарах) быў гатовы ў сакавіку 1791 г.[29] Галоўнымі аўтарамі сталі кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст (уласна склаў пачатковы варыянт[30]), граф Ігнацы Патоцкі, граф Станіслаў Малахоўскі і Гуга Калантай (апошняму прыпісваюць канчатковую рэдакцыю)[31]. Да аўтараў Канстытуцыі таксама адносяць сакратароў караля — Сцыпіёна П’ятолі, Аляксандра Ліноўскага і Піуса Кіцінскага, якія непасрэдна дапамагалі манарху[32].

Галоўнымі падпісантамі Канстытуцыі былі: а) соймавы маршалак і маршалак канфедэрацый малапольскай і велікапольскай правінцый Польскага Каралеўства — вялікі каронны рэферэндарый граф Станіслаў Малахоўскі; б) маршалак канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага — генерал літоўскай артылерыі князь Казімір Нестар Сапега. Іншых падпісантаў налічвалася 12 чалавек: па 4 чалавекі ад ВКЛ, Малапольскай правінцыі і Велікапольскай правінцыі Польскага Каралеўства[33]:

Малапольшча:

Вялікапольшча:

Вялікае Княства Літоўскае:

 
Факсімільная копія польскамоўнага арыгінала Канстытуцыі 3 мая 1791 года, якая пастаянна знаходзіцца ў экспазіцыі Залы Сената Каралеўскага палаца (Варшава)

Існуе некалькі рукапісных арыгіналаў Канстытуцыі, бо ўхвалы сойма пісаліся пісарамі соймавай канцылярыі ў некалькіх экзэмплярах. І ўсе тыя экзэмпляры маюць статус арыгіналу, калі пад імі стаяць арыгінальныя аўтографы маршалкаў сойма і ўпаўнаважаных асоб[34]. У прыватнасці, рукапісны польскамоўны экземпляр Канстытуцыі з арыгінальнымі аўтографамі ёсць і ў Літоўскай метрыцы — у той частцы кніг Літоўскай метрыкі, якая зараз знаходзіцца ў польскім Галоўным архіве старажытных актаў (Archiwum Główne Akt Dawnych)[34]. Аўтограф караля (вялікага князя) пад арыгіналамі Канстытуцыі 3 мая 1791 г. не значыцца, бо ніколі не было такой практыкі, каб манарх сваім аўтографам падпісваў законы сойма[35].

У той жа час паміж рукапіснымі арыгіналамі ёсць невялікія, малазначныя разыходжанні — філалагічнага характару (арфаграфія, лексіка і сінтаксіс). Аналіз паказаў, што большасць друкаваных у форме кніжак польскамоўных экзэмпляраў Канстытуцыі (а пасля і многія пераклады) для азнаямлення шырокіх колаў грамадскасці рабілася ў 1791—1792 гг. з таго арыгінала Канстытуцыі, які быў уключаны ў склад Літоўскай метрыкі[36]. Маюць адрозненні тыя кніжкі, якія рабіліся прыватнымі асобамі (напрыклад, Паўлам Ксаверыем Бжастоўскім) сабе напамяць[37]. Рукапісны польскамоўны арыгінал Канстытуцыі 3 мая 1791 года, поўная факсімільная копія якога пастаянна знаходзіцца ў экспазіцыі Каралеўскага палаца (Варшава), адносіцца да фонда Публічны архіў Патоцкіх (бо быў прыватым экзэмплярам графаў Патоцкіх і захоўваўся ў іх палацы ў Крашовіцах) і належыць Галоўнаму архіву старажытных актаў (Archiwum Główne Akt Dawnych)[38].

Характар юрыдычнага акта 3 мая 1791 года

правіць

Да прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 года ў Рэчы Паспалітай любая пастанова (закон) сойма называлася «канстытуцыяй», а ў сённяшнія часы пад канстытуцыяй разумеецца толькі асноўны закон дзяржавы. Для адлюстравання значнасці і прынцыповасці юрыдычны акт ад 3 мая 1791 г. атрымаў афіцыйную назву «Ustawa Rządowa». Польскамоўная назва «Ustawa Rządowa» перакладаецца як «Устава аб кіраванні», «Устава аб праўленні»: мелася на ўвазе — аб форме дзяржаўнага праўлення, аб дзяржаўным ладзе[39][40].

Юрыдычны акт «Ustawa Rządowa» яго творцамі разумеўся не проста як нейкі звычайны закон, прыняты соймам, а як асноўны закон краіны і называўся ў тэксце дакумента як «народная канстытуцыя». У Канстытуцыі 3 мая 1791 г. прама гаворыцца аб першаснасці і перавазе гэтага юрыдычнага акта над іншымі, аб галоўным і цэнтральным становішчы яго ў сістэме права дзяржавы[20]. Планавалася, што «народная канстытуцыя» прымаецца надоўга і змяніць яе можа толькі спецыяльны «канстытуцыйны сойм» — «экстраардынарны», што яшчэ раз кажа пра важнасць закона і сур’ёзнасць адносін парламентарыяў да яго, пра нерадавое значэнне гэтага юрыдычнага акта[41].

Канстытуцыя рэгулюе перш за ўсе сферу палітычных адносін і ўстанаўлівае форму дзяржаўнага кіравання Рэчы Паспалітай[31]. Пераважны аб’ём тэксту Канстытуцыі закранае тэму падзелу галін улады, а самы вялікі і падрабязна прапісаны артыкул прысвечаны каралю (вялікаму князю) як кіраўніку выканаўчай улады. Дэталёва вызначаецца і замацоўваецца важная роля караля ў грамадстве і сістэме ўлады.

5 мая 1791 г. Гуга Калантай, галоўны стратэг рэформ, абвясціў, што пасля працы над «палітычнай канстытуцыяй» (мелася на ўвазе канстытуцыя 3 мая 1791 г.) прыступае да рэдагавання «эканамічнай канстытуцыі» (кадыфікацыя законаў адносна праў уласнасці на падставе перадавых ліберальных эканамічных тэорый, дазвол сялянам набываць зямлю ва ўласнасць, апека дзяржавы над вытворчасцю, стварэнне ўмоў для інвестыцый і адкрыцця публічнага крэдыту і г.д.) і «маральнай канстытуцыі» (праект рэформы адукацыі), аднак гэтая праца так і не была завершана[42].

Структура Канстытуцыі

правіць
 
Рукапісны польскамоўны арыгінал Канстытуцыі 3 мая 1791 года, які дэманстраваўся ў Каралеўскім палацы ў Варшаве (Польшча) у 2002 г.

Канстытуцыя складаецца з прэамбулы; 11 артыкулаў, якія лёгка групуюцца ў блокі артыкулаў; і заканчэння ў выглядзе спіса 14 падпісантаў.

Спачатку першым ідзе артыкул, прысвечаны пануючай рэлігіі («I. Пануючая рэлігія»). Затым, наступныя па парадку тры артыкулы («II. Шляхта-землеўладальнікі», «III. Гарады і мяшчане», «IV. Вясковыя сяляне») прысвечаны статусу саслоўяў. Потым ідуць чатыры артыкулы («V. Урад, або вызначэнне публічных улад», «VI. Сойм, ці заканадаўчая ўлада», «VII. Кароль. Выканаўчая ўлада», «VIII. Судовая ўлада»), прысвечаныя тром паасобным галінам улады — заканадаўчай (сойм), выканаўчай (кароль і ўрад) і судовай. Наступныя два артыкулы («IX. Рэгенцтва», «X. Выхаванне каралеўскіх дзяцей») прысвечаны выключна каралеўскай уладзе. І апошнім ідзе артыкул («XI. Народныя ўзброеныя сілы»), прысвечаны статусу ўзброеных сіл.

Па тэкставым аб’ёме самым вялікім ёсць артыкул «VII. Кароль. Выканаўчая ўлада» — каля 33 % усяго тэксту Канстытуцыі. А самым вялікім блокам ёсць група артыкулаў, прысвечаная тром асобным галінам улады, — каля 66 % усяго тэксту Канстытуцыі.

Улічваючы, што каралю прысвечаны артыкулы «VII. Кароль. Выканаўчая ўлада», «IX. Рэгенцтва», «X. Выхаванне каралеўскіх дзяцей», а таксама ў тым ці іншым аспекце некаторыя абзацы іншых артыкулаў, то сумарна ролі караля ў сістэме ўлады прысвечана каля 48 % тэксту Канстытуцыі. Напрыклад, каралю, які меў пэўную судовую ўладу, давалася права амністыі ў дачыненні да прысуджаных да смерці людзей, акрамя асоб, якія здзейснілі дзяржаўныя злачынствы; ён узначальваў народныя ўзброеныя сілы і г.д.

Артыкул «III. Гарады і мяшчане» цалкам уключае ў сябе раней прыняты соймам закон «Гарады нашы Каралеўскія вольныя ў дзяржавах Рэчы Паспалітай» ад 18 красавіка 1791 г., а артыкул «VI. Сойм, ці заканадаўчая ўлада» цалкам уключае ў сябе раней прыняты соймам закон «Закон аб сойміках» ад 24 сакавіка 1791 г.[31] Адсюль навізной артыкулаў Канстытуцыі была менавіта форма дзяржаўнага ўладкавання, а не сукупна палітыка-эканамічная праблематыка (стварэнне больш выгадных умоў развіцця мануфактурнай вытворчасці і гандлю, кампраміс паміж аджываючымі феадальна-прыгонніцкімі і новымі, капіталістычнымі адносінамі і г.д.).

Дзяржаўны лад і дзяржаўны апарат Рэчы Паспалітай па Канстытуцыі 3 мая 1791 года

правіць

Канстытуцыйная манархія

правіць
 
Зала Сената ў Каралеўскім палацы ў Варшаве, дзе была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791 года. (На фота злева ад манаршага трону — факсімільная копія Канстытуцыі 3 мая). Фота 2016 г.

Захоўваючы многае з традыцый Рэчы Паспалітай, Канстытуцыя цалкам змяніла дзяржаўны лад: форма праўлення Рэчы Паспалітай у выглядзе абмежаванай манархіі (т.зв. «змешанай манархіі» — monarchia mixta) змянялася на канстытуцыйную манархію[43]. У арганізацыі сістэмы дзяржаўнага кіравання рэалізоўвалася канцэпцыя французскага асветніка Шарля Мантэск’ё аб падзеле ўлады на тры галіны (заканадаўчую, выканаўчую і судовую), што безумоўна лічыцца станоўчым бокам Канстытуцыі[44].

У пачатку Канстытуцыі адзначаецца, што каталіцкая канфесія (рымска-каталіцкага абраду) з’яўляецца пануючай, а іншым канфесіям і рэлігіям гарантуецца свабода і талерантнасць. Аднак адрачэнне ад каталіцтва было забаронена, за што прадугледжвалася смяротнае пакаранне. Гэта кажа аб раннебуржуазным характары канстытуцыі, калі рэлігія не была аддзелена ад дзяржаўных устаноў. Аднак у Канстытуцыі ўжо паказваецца іншая крыніца ўлады, чым у юрыдычных актах папярэдняй эпохі (Бог). Лепш за ўсе новы дух Канстытуцыі адлюстроўвае артыкул «V. Урад, або вызначэнне публічных улад», які сцвярджае — услед за Жан-Жакам Русо, — што: «Усялякая ўлада ў чалавечым грамадстве бярэ свой пачатак у волі народа», чым выразна фармулявалася суверэннасць народа[45].

Канстытуцыяй назаўсёды забараняліся канфедэрацыі шляхты (і канфедэрацкія соймы). Асновай войска станавіліся прафесійныя «народныя ўзброеныя сілы», якія падпарадкоўваліся выканаўчай уладзе і служылі абароне цэласці дзяржавы і абароне правоў народа. Канстытуцыя абвяшчалася нязменнай на 25 гадоў. Перагледзець яе мог толькі спецыяльны канстытуцыйны сойм.

Заканадаўчая ўлада

правіць

Заканадаўчая ўлада, паводле Канстытуцыі, належала двухпалатнаму сойму (ніжэйшая палата — Пасольская ізба, вышэйшая — Сенатарская ізба). Аднак сойм ужо перастаў (як было раней) складацца з трох соймавых станаў (караля, Сената і Пасольскай ізбы). Маршалак сойма выконваў кантрольную функцыю, бо ў выпадку крызісу меў права склікання сойма (раней гэта права належала каралю). Пазіцыя караля ў сойме была зведзена да ролі старшыні Сената, дзе ён меў адзін голас (два галасы — у выпадку роўнасці галасоў пры галасаванні членаў Сената па якім-небудзь пытанні). Кароль меў таксама права заканадаўчай ініцыятывы і меў права гэтак жа, як і маршалак, склікаць сойм у любы момант на сесію — і сойм павінен быў быць «гатовым», каб у экстраным парадку сабрацца і зацвярджаць/адхіляць рашэнні і законы ў час па-за звычайнымі сесіямі.

Прынцыповае значэнне мела Пасольская ізба, якая зацвярджала законы, вырашала пытанне аб падатках, аб вайне і міры, аб прыцягненні крэдытаў, вырабе манеты, кантролі выканаўчай улады. Ізба складалася з 204 паслоў (з іх 24 прадстаўлялі гарады з дарадчым голасам), выбраных на 2 гады на мясцовых сойміках. Паслы прадстаўлялі ўжо ўвесь «народ шляхецкі», а не толькі свой рэгіён, бо Канстытуцыяй было ліквідавана права ліберум вета (liberum veto) і ўсе пастановы сойма павінны былі прымацца большасцю галасоў. Ліквідавалася таксама такая з’ява як соймікавыя інструкцыі для паслоў (інструкцыі сойміка ўжо набывалі толькі дарадчы характар для пасла). У Пасольскай ізбе прадстаўнікі каралеўскіх гарадоў мелі права паўнаважнага голасу па гарадскім і эканамічным справам і дарадчага голасу па астатніх пытаннях. Выбарчы голас атрымалі асобы шляхецкага саслоўя з 18 гадоў жыцця, якія мелі гадавы прыбытак больш за 100 злотых і былі запісаны ў земскія кнігі.

Сенат (Сенатарская ізба), які складаўся з 132 саноўнікаў (ваявод, кашталянаў, маршалкаў, каталіцкіх біскупаў, уніяцкага мітрапаліта[46] і міністраў) і караля, быў пазбаўлены права заканадаўчай ініцыятывы. Сенат у параўнанні з папярэднім яго статусам і правамі атрымліваў права голасу і права адтэрмінаванага вета (забароны) закона. Адхілены Сенатам закон мог быць праведзены ў жыцце шляхам новага галасавання Пасольскай ізбы, але ўжо новай кадэнцыяй сойма (г.зн. новым скліканнем). Сенат Рэчы Паспалітай да той пары дэ-факта не ўяўляў сабой асобную палату сойма, а выконваў функцыі каралеўскай рады і менавіта кароль (вялікі князь) раней вырашаў, якім быць становішчу Сената[47].

Выканаўчая ўлада

правіць

Выканаўчая ўлада належала каралю (вялікаму князю) і Радзе («Стражы правоў») з 6 міністраў, якая была падсправаздачна сойму. «Стража правоў, або каралеўская рада» (фактычна — кабінет міністраў) складалася з пяці міністраў, прызначаных каралём, і прымаса (г.зн. кіраўніка каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай — у прыватнасці, Гнезненскага архібіскупа). Прымас уводзіўся ў склад «Стражы», таму што ўзначальваў Адукацыйную камісію (міністэрства адукацыі), з’яўляючыся міністрам адукацыі[41]. У пасяджэннях Стражы правоў з дарадчым голасам прымаў удзел і маршалак сойма (спікер), а таксама спадчыннік прастола па дасягненні паўналецця і прыняцця прысягі на «народнай канстытуцыі».

Міністры кіравалі асобнымі сферамі кіравання: справай паліцыі — адзін з маршалкаў, дзяржаўнай пячаткай (унутранымі справамі) — адзін з канцлераў, знешнімі справамі — іншы з канцлераў, войскам — адзін з гетманаў, дзяржаўным скарбам — адзін з падскарбіяў. Міністры не кіравалі гэтымі справамі непасрэдна, а з дапамогай адпаведных урадавых «Вялікіх камісій» (адукацыі, войска, скарба, паліцыі, замежных спраў), куды членаў прызначаў сойм. Усе рашэнні караля павінны былі мець подпіс міністра са Стражы, бо паводле Канстытуцыі манарх не адказваў перад соймам і судом за свае рашэнні. Аднак міністр быў адказны за прынятыя рашэнні і за парушэнні закона і мог быць адкліканы з пасады Пасольскай ізбой[41]. Такім чынам, упершыню ў свеце быў сфармуляваны (у пісаным праве) прынцып палітычнай (парламентарнай) адказнасці міністра, нават калі апошні ніякіх законаў не парушаў[48].

Пажыццёвасць дзяржаўных пасад скасоўвалася, змянялася іх выбарнасцю на дзяржаўным утрыманні. Кароль самастойна прызначаў сенатараў, біскупаў, міністраў, чыноўнікаў і афіцэраў, акрамя тых, якія прызначаліся соймам і соймікамі. На рэгіянальным узроўні (у ваяводствах і паветах) выканаўчая ўлада належала парадкавым цывільна-вайсковым камісіям, якія выбіраліся мясцовымі соймікамі[41].

Судовая ўлада

правіць

Суды паводле Канстытуцыі былі цалкам незалежны ад выканаўчай і заканадаўчай улад[41]. Захоўваўся ранейшы прынцып саслоўнасці суда — асобныя суды для кожнага саслоўя. Захоўвалася юрысдыкцыя ўладальніка зямлі (шляхціца ці царквы) над сялянамі ў прыватных ці царкоўных маёнтках. Захоўваліся асобныя трыбуналы ў ВКЛ, Вялікапольшчы і Малапольшчы.

Навізной было ўвядзенне рэферэндарскіх судоў для разгляду спраў вольных сялян[41]. Земскія і гродскія суды аб’ядноўваліся ў зямянскія суды. Падобна ж рэфармаваліся гарадскія суды, пакідаючы асэсарскі суд як касацыйную інстанцыю[41].

Статус караля (вялікага князя) па Канстытуцыі 3 мая 1791 года

правіць

Канстытуцыя, прынятая на сойме, напісана ад імя апошняга манарха Рэчы Паспалітай — караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста. Па Канстытуцыі кароль (вялікі князь) меў вялікае сімвалічнае значэнне для дзяржавы («Асоба караля — святая і недатыкальная». «Ён павінен быць не самаўладцам, а бацькам і кіраўніком народа, і такім яго прызнае і аб’яўляе цяперашняя канстытуцыя»), роўна як і спадчыннікі прастола.

Канстытуцыя ключавым чынам змяніла статус караля (вялікага князя). Галоўным змяненнем была адмена вольнай элекцыі (выбарнасці) манарха шляхтай; была ўведзена спадчыннасць трона. Гэта надавала, паводле задумкі, вялікую стабільнасць палітычнай сістэме: у Канстытуцыі адкрыта ўказвалася, што пераход да спадчыннасці трону тлумачыцца жаданнем гарантаваць бяспеку кожнаму грамадзяніну, закрыўшы дарогу грамадзянскім войнам у перыяд міжкаралеўя і элекцыі, чым раней перыядычна карысталіся замежныя дзяржавы, імкнучыся дэстабілізаваць уладу і ўстанавіць свой уплыў[49]. Стража правоў адначасова з’яўлялася рэгенцкай радай на чале з каралевай, а ў выпадку яе хваробы — прымасам. Рэгенцтва ўводзілася толькі ў трох выпадках: 1) у час малалецтва караля; 2) у час псіхічнай хваробы караля, якая выклікае працяглую неадэкватнасць; 3) у выпадку захопу караля ў палон на вайне.

Кароль узначальваў выканаўчую ўладу, але гэтая ўлада не была абсалютнай. Ён страціў права санкцыі законаў. У той жа час па Канстытуцыі кароль меў пэўны ўплыў на ўсе сферы грамадства і іншыя галіны ўлады. Улада караля заставалася абмежаванай і збалансаванай іншымі галінамі ўлады, але пры пэўным збегу абставін дазваляла пераважыць чашу шаляў на бок караля, бо кароль быў пастаянна дзеючым дзяржаўным інстытутам. Лічыцца, што ў 1791—1792 гг. каралю Станіславу Аўгусту ўдалося сканцэнтраваць выканаўчую ўладу ў Стражы правоў (сваім кабінеце міністраў) і ў 1792 г. атрымаць некаторыя паўнамоцтвы, якія раней належалі сойму[49].

Пасля смерці польскага караля і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста, паводле Канстытуцыі, трон павінен быў заняць саксонскі курфюрст Фрыдэрык Аўгуст ІІІ, прадстаўнік дынастыі Ветынаў, а пасля яго — яго сыны ці муж дачкі[50]. Некаторыя гісторыкі лічаць, што палажэнні Канстытуцыі аб парадку пераходу трону насілі ў сабе характар цудоўнага кампрамісу: Патрыятычная партыя хацела ўвесці прынцып спадчыннасці трону, а Гетманская партыя, хоць і бараніла права вольнай элекцыі манарха шляхтай, але ў яе шэрагах панавала добрая памяць аб часах кіравання Аўгуста II і Аўгуста III, а таму быў моцным сантымент да саксонскай дынастыі Ветынаў[51]. А Фрыдэрык Аўгуст ІІІ быў унукам Аўгуста III.

Становішча саслоўяў па Канстытуцыі

правіць
 
Рукапісны польскамоўны арыгінал Канстытуцыі 3 мая 1791 года

Канстытуцыя ўтрымлівае яшчэ шмат чаго ад феадальных традыцый. Канстытуцыя захоўвала саслоўнаць грамадства з тыповай мадэллю «шляхта — мяшчане — сяляне». Абвясціла нязменнасць Кардынальных правоў, захавала карпаратыўнасць і адзінаўладдзе за шляхецкім саслоўем, шляхецкія правы і прэрагатывы абвяшчала непарушнымі[52]. Грамадзянскія свабоды распаўсюджваліся на прывілеяванае саслоўе — шляхту, якой былі прысвечаны практычна ўсе артыкулы Канстытуцыі. Адначасова рабіліся ўступкі жыхарам гарадоў дзяржаўнай юрысдыкцыі, у ліку якіх — асабістая недатыкальнасць, права набыцця зямлі і шляхецкага статусу, заняцця ніжэйшых адміністрацыйна-судовых, афіцэрскіх (акрамя шляхецкай кавалерыі) і царкоўных пасад, доступ у адвакатуру.

Хоць сацыяльныя адносіны ў дзяржаве працягвалі мець саслоўны характар, Канстытуцыя ўводзіла пэўныя ўмовы, якія адкрывалі магчымасць змены гэтага становішча рэчаў[52]. Артыкул «III. Гарады і мяшчане» цалкам уключае ў сябе раней прыняты соймам закон «Гарады нашы Каралеўскія вольныя ў дзяржавах Рэчы Паспалітай» ад 18 красавіка 1791 г. Паводле гэтага закона мяшчанскае саслоўе (гараджане) атрымала грамадзянскія правы, такія ж, як і шляхта. Для прадстаўнікоў мяшчанскага саслоўя адкрываліся шырокія магчымасці набілітацыі (г.зн. узвядзення чалавека ў статус прадстаўніка вышэйшага саслоўя — шляхты) — шляхам выплаты ў дзяржаўны скарб падаткаў не ніжэй устаноўленага цэнзу і куплі маёнтка. Акрамя таго, кожны сойм павінен быў набілітаваць (па рэкамендацыі земскіх паслоў і гарадскіх улад) па 30 мяшчан, якія валодалі нерухомасцю ў горадзе.

Артыкул «VI. Сойм, ці заканадаўчая ўлада» цалкам уключае ў сябе раней прыняты соймам закон «Закон аб сойміках» ад 24 сакавіка 1791 г., паводле якога шляхта, якая не мела ва ўласнасці зямлю, страчвала палітычныя правы, а для арандатараў зямлі ўводзіўся маёмасны цэнз, што дакладна вызначалася законам аб сойміках.

У немалой меры Канстытуцыя была рэалізацыяй сацыяльных ідэй прадстаўнікоў як заходнееўрапейскага Асветніцтва, так і прадстаўнікоў Асветніцтва Рэчы Паспалітай[52]. Канстытуцыя не цалкам рэалізоўвала ідэю эпохі Асветніцтва аб прадастаўленні палітычных правоў для ўладальнікаў маёмасці, а грамадзянскіх правоў — для ўсіх, аднак тэндэнцыя гэтага выразна прамалёўваецца[52]. У артыкулах Канстытуцыі ўжо не гаворыцца аб «народзе шляхецкім», а аднойчы згадваецца новае значэнне «народа» як усіх жыхароў Рэчы Паспалітай і часцей у значэнні «і гарадскія зямельныя ўласнікі», пад якімі разумеліся ўладальнікі зямлі і капіталу[53]. Вялікая ідэя эвалюцыйнага пераўтварэння сацыяльнага ладу Рэчы Паспалітай апіралася на прынцыпе, што падставай палітычных правоў ёсць не прывілеі па праву нараджэння, а ўласнасць (хоць у першую чаргу — зямельная)[54].

У дачыненні да сялян Канстытуцыя пацвярджала наяўнасць кантрактаў паміж землеўладальнікам і селянінам (альбо сялянскай суполкай) і дэкларавала юрыдычную апеку над гэтымі кантрактамі, што павінна было спрыяць паляпшэнню становішча сялян. Абавязкі па выкананні кантрактаў ускладаліся на абодва бакі. Палажэнні артыкула аб сялянах прадугледжвалі не толькі статус вольнага чалавека для сялян-іншаземцаў, якія прыязджаюць у Рэч Паспалітую на сталае жыхарства, але і для сялян-уцекачоў з Рэчы Паспалітай, а таксама даўгавую амністыю апошнім, ад чаго колькасць свабодных сялян павінна была толькі ўзрастаць.

Такім чынам, Канстытуцыя адлюстроўвае адносіны раннекапіталістычнага (ці перадбуржуазнага) грамадства, калі ўсёй паўнатой правоў (у тым ліку абіраць і быць абраным у парламент) валодалі толькі тыя, хто пераадольваў усталяваны маёмасны цэнз[55][56]. Канстытуцыя ні ў якім разе не кансервуе феадальна-прыгонніцкі лад[57].

Пытанне уніі Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага

правіць

Канстытуцыя 3 мая 1791 года скасавала паасобныя цэнтральныя органы выканаўчай улады Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), ствараючы адзін кабінет міністраў, але фармальна (юрыдычна) не ліквідавала дзяржаўную унію паміж Польскім Каралеўствам і ВКЛ[58]. Канстытуцыя абыходзіла бокам пытанне аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным ладзе Рэчы Паспалітай — аб узаемаадносінах Польскага Каралеўства і ВКЛ[59]. Лічыцца, што прыняцце Канстытуцыі 3 мая, дзе часова абыходзілася пытанне ўзаемаадносін Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага, было саступкай канфедэрацыі шляхты ВКЛ (на чале з князем Казімірам Нестарам Сапегам) польскаму боку ў імя найвышэйшых інтарэсаў усёй Рэчы Паспалітай[60]. Згодна з Канстытуцыяй 3 мая, польскі кароль захаваў тытул вялікага князя літоўскага. У ВКЛ засталося сваё судаводства; свой скарб; сімволіка; сістэма ўрадаў (пасад), тытулаў і званняў; і інш.[61]

Юрыдычныя акты, якія былі прыняты, як да ўхвалы Канстытуцыі, так і пасля, не ліквідавалі федэрацыйную аснову Рэчы Паспалітай, а надавалі ёй новую, больш цесную форму[62]. Неўзабаве пытанне ўзаемаадносін Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага было ўдакладнена Чатырохгадовым соймам у законе «Узаемныя заручыны абодвух народаў» («Zaręczenie Wzajemne Obojga Narodów»), які быў прыняты 20 кастрычніка 1791 г. з падачы кіраўніка канфедэрацыі шляхты ВКЛ князя Казіміра Нестара Сапегі (верагодным аўтарам закона лічыцца Тэадор Корсак) і якім сцвярджалася, што унія Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага захоўваецца, і Рэч Паспалітая не ператвараецца ва ўнітарную дзяржаву[63]. Стварэнне адзінага цэнтральнага апарата выканаўчай улады Рэчы Паспалітай, уведзенага Канстытуцыяй 3 мая, дапаўнялася прынцыпам закона «Узаемныя заручыны абодвух народаў» аб захаванні парытэта ў заняцці цэнтральных пасад выканаўчай улады паміж прадстаўнікамі ВКЛ і Польскага Каралеўства і гарантаванні самастойнасці ў арганізацыі мясцовых улад, судоў і інш. Устава «Узаемныя заручыны абодвух народаў» стала істотным дапаўненнем і ўдакладненнем Канстытуцыі 3 мая і якраз устанаўлівала федэрацыю раўнапраўных дзяржаў, якая кіравалася роўным прадстаўніцтвам ад Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага ва ўладных структурах федэрацыі, ліквідоўваючы ранейшыя дыспрапорцыі ў прадстаўніцтве[64].

Тагачасныя пераклады на іншыя мовы

правіць
 
Канстытуцыя 3 мая 1791 года на польскай мове. Друкарня Міхала Гроля, надворнага друкара караля Станіслава Аўгуста (горад Варшава), 1791 г.

Пачатковыя варыянты Канстытуцыі, пазнейшыя рэдагаванні Канстытуцыі яе аўтарамі і канчаткова прыняты варыянт Канстытуцыі для зацвярджэння на сойме былі на польскай мове. Вядома, што толькі на працягу 1791 г. Канстытуцыя на польскай мове выходзіла з друку ў форме кніжак і ў газетных публікацыях 14 разоў (а можа, і больш) — цалкам звыш 20 тыс. экзэмпляраў[65][66].

Яшчэ ў ходзе шматмесячнай працы над варыянтамі Канстытуцыі ксёндз Сцыпіён П’ятолі (сакратар караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста) рабіў паралельна пераклады версій Канстытуцыі на міжнародную ў тыя часы ў Еўропе французскую мову (для азнаямлення замежных манаршых двароў) і лічыцца па той прычыне адным з сааўтараў Канстытуцыі[67]. Адразу па ўхвале Канстытуцыя была надрукавана па распараджэнні караля ў Варшаве на французскай мове ў друкарні Пятра Дзюфора асобнай кніжкай, а пазней на нямецкай мове ў варшаўскай друкарні Міхала Гроля. У ліпені і жніўні 1791 г. па-французску Канстытуцыю надрукавалі і варшаўскія газеты[68]. Варыянт Канстытуцыі быў перасланы ў Санкт-Пецярбург да расійскай імператрыцы Кацярыны II[69], а таксама ў Вялікабрытанію, Аўстрыю, Францыю (дзе Канстытуцыю пасля чытання, напрыклад, высока ацаніў абат Сіес), Галандыю, Прусію, Саксонію і інш.[70][71]

У 1791 г. у Лондане Канстытуцыя была надрукавана асобнымі кніжкамі на англійскай мове (у друкарні Джона Дэбрэта) і нямецкай мове, бо французская мова, у адрозненні ад іншых краін Еўропы, не была мовай двара і вялікай палітыкі ў Вялікабрытаніі[67]. 24 мая 1791 г. у Германіі газета «Spener Zeitung» надрукавала Канстытуцыю па-нямецку[67].

У час работы Чатырохгадовага сойма разглядаліся розныя праекты рэформы становішча сялян (у першую чаргу старосцінскіх сялян), пра што было вядома самім сялянам. Сяляне падымалі хваляванні; некаторыя спецыяльна збягалі за мяжу, каб па вяртанні ў Рэч Паспалітую атрымаць па Канстытуцыі волю, але іх чакала толькі судовае пакаранне[72].

Расія доўгі час выкарыстоўвала рэлігійны фактар (лозунг абароны праваслаўных) для ўплыву на Рэч Паспалітую і ўмяшання ў яе справы, таму сярод праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай узнікалі хваляванні (у тым ліку з падачы мясцовага праваслаўнага кліру)[73]. Паводле звестак рускага гісторыка Мікалая Кастамарава, адзін з аўтараў Канстытуцыі вялікі літоўскі маршалак граф Ігнацы Патоцкі ў красавіку 1792 г. загадаў перакласці Канстытуцыю на «рускую мову», каб «узняць супраць Масквы русінаў[74] — тады паўстане ўся Беларусія, уся Украіна, паўстануць казакі»[75][76]. Быў зроблены рукапісны пераклад на «рускую мову» і ў Вільні на падставе яго пачалі друкавацца брашуры з тэкстам Канстытуцыі на «рускай мове»[77]. Пад «Беларусіяй», верагодна, меліся на ўвазе падзвінскія і падняпроўскія паветы і ваяводствы Вялікага Княства Літоўскага, якія пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. увайшлі ў склад Расійскай імперыі і адначасова ў склад Беларускага генерал-губернатарства і якія Патоцкі хацеў вярнуць у склад Вялікага Княства Літоўскага дэманстрацыяй юрыдычных свабод[78]. Са звестак Кастамарава не зусім зразумела, што разумееца пад «рускай мовай»: «руская мова» ВКЛ (старабеларуская мова/стараўкраінская мова), якой амаль не карысталіся з канца XVII ст., ці афіцыйная літаратурная «руская мова» (вялікаруская мова) Расійскай імперыі, якой карысталіся ў справаводстве праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст.[79] Лёс брашур з тэкстам Канстытуцыі на «рускай мове» невядомы.

Канстытуцыя 3 мая не была перакладзена на літоўскую мову ў XVIII ст. Ёсць толькі рукапісны літоўскамоўны пераклад Канстытуцыі (без аўтографаў), створаны ў пачатку XIX ст. у Расійскай імперыі (ужо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай) са шматлікімі паланізмамі, беларусізмамі і лацінізмамі і які нідзе не быў надрукаваны[80][81]. Земскія акты (г.зн. афіцыйнае справаводства) у Вялікім Княстве Літоўскім працягвалі весціся толькі на польскай мове (і часам на лацінскай мове) аж да самага апошняга падзела (1795) Рэчы Паспалітай. За ўвесь перыяд існавання дзяржавы ў канцылярскіх установах ВКЛ у XIV—XVIII стст. не было створана ніводнага акта, цалкам напісанага на той ці іншай балцкай гаворцы.

Папулярызацыя ў грамадстве і ацэнкі

правіць
 
Мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 г., пастаўленая Янам Лапацінскім у 1792 г. у сваім маёнтку Лявонпаль (Полацкае ваяводства)

Першапачатковую ацэнку самім грамадствам Рэчы Паспалітай прынятая ў Варшаве 3 мая 1791 г. Канстытуцыя атрымала неадкладна не толькі ў Варшаве, але і ва ўсёй дзяржаве. У Варшаве была сустрэта з вялікім энтузіязмам, як рэвалюцыйны акт і сапраўдны пачатак вялікіх рэформ, а прыхільнікі (у тым ліку сам кароль Станіслаў Аўгуст) не бяздзейнічалі ў справе папулярызацыі Канстытуцыі[82]. Па просьбе каталіцкіх біскупаў Рэчы Паспалітай папа рымскі перанёс дзень Святога Станіслава на 3 мая[83].

Папулярным лозунгам стала «Кароль з народам. Народ з каралём»; пляменніца караля графіня Марыя Тэрэза Тышкевічроду Панятоўскіх) адной з першых надзела капялюш са стужкай, дзе быў напісаны такі лозунг, што стала модным[84]. Табакеркі, гузікі, галаўныя ўборы ўпрыгожваліся юбілейнымі вензелямі і палымянымі словамі[85]. Стала модным братанне шляхты з мяшчанамі. Летам 1791 г. адбыліся першыя гарадскія выбары ва ўсёй краіне па новым законе аб гарадах, а абраныя прадстаўнікі ад гарадскога самакіравання прыбылі ў Варшаву для дэманстрацыі гарачай падтрымкі Канстытуцыі[86]. Яўрэі ў сінагогах спявалі песню падзякі ў гонар Канстытуцыі[83]. Манарх — польскі кароль і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст — радаваўся як дзіця і ацэньваў прынятую соймам Канстытуцыю «дасканалей» англійскага і амерыканскага ўзораў, лічачы, што яна «мудрэй <…> і зусім процілеглая французскай рэвалюцыі», дзе абыходзіліся крывавым спосабам[85]. 8 мая адбыліся афіцыйныя ўрачыстасці і святкаванні ў Варшаве на чале з каралём Станіславам Аўгустам[87].

Сярод паслоў Чатырохгадовага сойма адразу ўзнікла палітычная групоўка «Згуртаванне прыяцеляў Уставы аб кіраванні 3 мая», якая налічвала 126 паслоў, 14 сенатараў і 73 іншыя (непарламенцкія) асобы з мяшчан і якая распрацоўвала праекты законаў[88][89]. Планавалася (паводле рашэння сойма ад 5 мая 1791 г.) пабудаваць у Варшаве касцёл Божага Наканавання ў гонар Канстытуцыі, закладка якога адбылася 3 мая 1792 г. каралём Станіславам Аўгустам і прымасам Міхалам Ежы Панятоўскім[90].

У Віленскай езуіцкай акадэміі навучэнцам загадалі зубрыць Канстытуцыю як «узорны буквар кіравання і арганізацыі Рэчы Паспалітай»[85]. 12 чэрвеня 1791 г. у свой маёнтак Хойнікі (Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства) Караль Прозар запрасіў заможных шляхціцаў-суседзяў з Оўруцкага, Мазырскага і Рэчыцкага паветаў: стралялі з гармат; атрымалі какарды з двухкаляровай стужкай (бела-зялёнай) і надпісам «кароль, закон і айчына»; наведалі імшу; частаваліся за сталом вакол пышных дэкарацый; крычалі «віват, кароль з народам і народ з каралём»[91]. 1 ліпеня 1791 г. 96 святароў Пінскай праваслаўнай кангрэгацыі (дзе прысутнічалі таксама ўніяцкія пінскі епіскап Яўхім Гарбацкі і тураўскі епіскап Іасафат Булгак) аб’явілі аўтакефалію праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай, абяцалі абараняць Канстытуцыю «усімі сіламі ад усялякай напасці ўнутранага паўстання» і ўрачыста адракліся ад расійскага падпарадкавання; у пачатку жніўня ўладальнік мястэчка Мерач Вінцэнт Езафовіч вітаў 3-майскую Канстытуцыю ілюмінацыяй і дазволіў радасную працэсію местачкоўцаў[85]. Самыя ж вялікія па размаху ўрачыстасці ў 1791 г. адбыліся ў маёнтку Пулавы князёў Чартарыйскіх[92]. У 1792 г. шляхціц Ян Лапацінскі паставіў у сваім маёнтку Лявонпаль у Полацкім ваяводстве (на мяжы з Расіяй) мемарыяльную калону ў гонар Канстытуцыі, каб увекавечыць месца, дзе заканчваецца свабода і пачынаецца няволя[85].

Сучаснымі гісторыкамі Канстытуцыя характарызуецца як прагрэсіўная, бо ўводзіла канстытуцыйную манархію, падзяляла галіны ўлады, хацела аптымізаваць і ўзмацніць дзяржаўны лад і дзяржаўны апарат і была вынікам грамадскага кампрамісу[93]. У выніку прыняцця Канстытуцыі ўзмацняліся цэнтральныя органы выканаўчай улады: быў створаны ўрад (Стража правоў), якога пасля скасавання Пастаяннай Рады (1775—1789) не было, і сканцэнтраваны ў руках караля і міністраў; урадавыя камісіі (міністэрствы), дагэтуль залежныя ад сойма, звязваліся разам і падпарадкоўваліся каралю і міністрам[94]. Прыняцце законаў менш залежала ад капрызаў і інтрыг сенатараў[95].

У той жа час, асобныя гісторыкі сцвярждаюць, што слабым пунктам Канстытуцыі быў прынцып спадчыннасці трона (ва ўмовах адсутнасці папярэдняй афіцыйнай згоды з боку саксонскага курфюрста), а лепей было б захаваць выбарнасць трона ці ўвесці прэзідэнцкую форму кіравання, што магло б прадухіліць ад знешняга ўмяшальніцтва і забяспечыць 20-30 год спакою для Рэчы Паспалітай[96][97]. Аднак адзначаецца, што ў любым выпадку такой была воля «народа» Рэчы Паспалітай — шляхты, якая хацела рэфармаваць дзяржаву і на сойміках рабіла ўхвалу Канстытуцыі, не адкідаючы мажлівасці паправак[98].

Папраўкі, наступствы і адмена Канстытуцыі

правіць

Пашырэннем і дапаўненнем Канстытуцыі стала ўхвала соймам 16 мая 1791 г. закона «Соймы»[99]. Месцам правядзення соймаў вызначана Варшава, але кожны трэці сойм павінен быў адбывацца ў Гродне (на тэрыторыі ВКЛ); вызначалася роўнае прадстаўніцтва ад ВКЛ і Польскага Каралеўства ў соймавых камісіях. Закон надзяляў сойм паўнамоцтвамі даваць рэкамендацыі Стражы правоў ці непасрэдна яе камісіям (міністэрствам); прадугледжваў мажлівасць скасавання распараджэння міністраў, калі грамадзянін падаў скаргу на парушэнне тым распараджэннем яго законных праў, а адпаведная соймавая дэпутацыя грамадзяніна падтрымала; удакладняў, што ўхвала падаткаў павінна быць падтрымана 3/4 галасоў, а пытанні міждзяржаўных саюзаў, вайны і міру, палітычных спраў, устанаўлення колькасці войска і дзяржаўных крэдытаў — 2/3 галасоў[100]. Сесія сойма павінна была цягнуцца 70 дзён з мажлівасцю двухразовага яе працягу ў кожным разе па 15 дзён[100]. Прадугледжваліся і асобныя сесіі паслоў ад ВКЛ[101]. «Гатовы сойм» мог быць скліканы экстраардынарна ў выпадку канфлікту паміж каралём і Стражай правоў альбо паміж урадавымі камісіямі. Кворум устанаўліваўся ў 1/4 сойма. Сенатар сходзіў з пасады, калі не прысутнічаў па значнай прычыне на двух соймах запар[100]. Дапаўненнем было таксама прыняцце закона «Экстраардынарны канстытуцыйны сойм», які апісваў працэдуру змен у канстытуцыі, якія маглі рабіцца раз у 25 год[100].

Ужо ў чэрвені 1791 г. на сойме былі ўнесены папраўкі ў Канстытуцыю: права караля прызначаць на пасаду сенатара было заменена правам караля зацвярджаць асобу на пасаду сенатара з ліку кандыдатаў, прапанаваных соймам; было абмежавана права караля на амністыю злачынцаў (выключаліся асобы, асуджаныя на смерць соймавымі і ваеннымі судамі, а таксама іншымі судамі за забойства, крадзёж скарбу і наезды)[102]. У чэрвені 1791 г. па прапанове Гуга Калантая сойм пачаў працаваць над Кодэксам Станіслава Аўгуста — кадыфікацыяй права Рэчы Паспалітай, для чаго сойм стварыў дзве кадыфікацыйныя камісіі — асобна для Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага[103].

У кастрычніку 1791 г. сойм таксама прыняў закон, які ўстанаўліваў колькасць паслоў ад кожнай правінцыі Рэчы Паспалітай (г.зн. Малапольшчы, Вялікапольшчы і ВКЛ) па 68 паслоў; на кожным сойміку трэба было выбіраць па 2 паслы; прадугледжваў, што пасля смерці караля Станіслава Аўгуста, ваяводы і кашталяны будуць зацвярджацца на пасаду новым каралём (вялікім князем) з падвоенай колькасці кандыдатаў, прадстаўленых соймікам[104].

Ніякія з якасцей Канстытуцыі 3 мая ўжо не маглі выратаваць Рэч Паспалітую ад знешнепалітычных пагроз. Хоць Чатырохгадовы сойм усе рэформы рабіў нерадыкальнымі, з жаданнем унутрыграмадскага кампрамісу і імкнуўся не раздражняць характарам сваіх рэформ суседнія «вялікія дзяржавы» (Расію, Аўстрыю, Прусію, Вялікабрытанію), якія аб’яўлялі аб сваёй прыхільнасці да Асветніцтва, але нават умераныя рэформы ў Рэчы Паспалітай, якія мелі на мэце ўзмацненне дзяржавы праз паляпшэнне дзяржаўнага ладу і войска, сустрэлі негатыўную рэакцыю ваенна моцных «асветніцкіх» суседзяў, бо прагрэсіўныя рэформы Рэчы Паспалітай пагражалі складзенаму балансу палітычных сіл у Еўропе[105]. Расійская імператрыца Кацярына II свядома публічна параўноўвала крывавыя падзеі французскай рэвалюцыі з варшаўскімі падзеямі ў маі 1791 г., хоць у Еўропе добра ведалі пра мірны характар «рэвалюцыі» у Рэчы Паспалітай[106]. Вялікабрытанія ўхваліла прыняцце Канстытуцыі 3 мая, але актыўна (дыпламатычна і вайскова) не падтрымлівала Рэч Паспалітую супраць Расіі, Прусіі і Аўстрыі[107].

Канстытуцыя была прынята занадта позна, ужо пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Наадварот, грамадства было расколата надвое, і прыняцце Канстытуцыі стала прычынай стварэння Таргавіцкай канфедэрацыі (1792) і падставай для ваеннага ўмяшання ў 1792—1793 гг. замежных дзяржаў (Расіі і Прусіі) у справы Рэчы Паспалітай з мэтай перашкодзіць прагрэсіўнаму рэфармаванню апошняй і падзяліць тэрыторыю ахопленай гвалтам краіны. Менавіта акт канфедэрацыі, падпісаны пяццю магнатамі Рэчы Паспалітай у Санкт-Пецярбургу (Расійская імперыя) 27 красавіка 1792 г. і наўмысна датаваны 14 мая 1792 г. і прывязаны ў рэквізітах да мястэчка Таргавіца (Рэч Паспалітая), упершыню назваў ухвалу 3 мая 1791 г. соймам Канстытуцыі «дзяржаўным пераваротам», навязанай «трацінай паслоў» сойму і «ўсяму народу»[108].

23 лістапада 1793 г. дзеянне Канстытуцыі і створаных на яе аснове органаў улады было скасавана рашэннем Гарадзенскага сойма (1793), на якім быў ухвалены другі падзел Рэчы Паспалітай (1793). Узнятае ў 1794 г. патрыятычнае паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі праходзіла, у тым ліку, пад лозунгам аднаўлення дзеяння ў Рэчы Паспалітай Канстытуцыі 3 мая 1791 г.[109] Аднак пасля паразы паўстання хутка адбыўся і канчатковы трэці падзел Рэчы Паспалітай (1795).

Свята Канстытуцыі 3 мая

правіць

Дзень Канстытуцыі 3 мая пачаў святкавацца як нацыянальнае свята яшчэ ў Рэчы Паспалітай: 3 мая 1792 г. у Варшаве, Вільні, Горадні, Мінску і ва ўсёй дзяржаве адбыліся афіцыйныя патрыятычныя святочныя мерапрыемствы[110].

Па прычыне зняцця забароны шляхецкаму саслоўю займацца гандлем і рамяством паводле закона аб гарадах (ад 18 красавіка 1791 г.), які стаў часткай Канстытуцыі, сярод заможнай шляхты стала модным запісвацца ў мяшчанскае саслоўе. Так, мечнік ВКЛ князь Міхал Клеафас Агінскі, прыспешаны каралём Станіславам Аўгустам, у знак падтрымкі рэформ і дэманстрацыі асветніцкіх поглядаў у Вільні ў ратушы ўрачыста ўпісаў сябе 16 красавіка 1792 г. у кнігі муніцыпалітэта, тым прыняўшы для сябе «больш нізкае» гарадское права і фармальна стаўшы мешчанінам[111]. Менавіта ў якасці дэлегата муніцыпалітэта Вільні Агінскі ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях з нагоды першай гадавіны Канстытуцыі, якія адбыліся 3 мая 1792 г. у Варшаве[112].

У цяперашні час Дзень Канстытуцыі 3 мая святкуецца ў Рэспубліцы Польшча (у 1919—1939 гг. і з 1981 г.) і Літоўскай Рэспубліцы (упершыню пачалося з 2007 г.)

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) у Расійскай Імперыі, пры Часовым урадзе Расіі ў г. Мінску 20 красавіка 1917 г. (па старому стылю; а новаму — 3 мая) адбылося святкаванне Дня Канстытуцыі 3 мая — з дазволу мінскага грамадзянскага каменданта і адначасова мінскага губернскага камісара Барыса Самойленкі[113]. Ініцыятыва святкавання была праяўлена шматлікімі польскімі бежанцамі ў г. Мінску[114], мясцовым польскім і каталіцкім насельніцтвам, якія таксама імкнуліся прыцягнуць да святкавання дня Канстытуцыі ў першую чаргу жыхароў-беларусаў[115]. Святкаванне пачалося раніцай урачыстай імшой ва ўсіх каталіцкіх касцёлах. Пасля імшы ўдзельнікі свята пастроіліся шарэнгамі па восем чалавек у калоны, узнялі траспаранты з лозунгамі «Свабода, роўнасць, братэрства»[116] і «За нашу і вашу свабоду»[117], рушылі па галоўных вуліцах Мінска пад аркестры, якія выконвалі гімны «Марсельеза», «Яшчэ Польшча не загінула» і іншыя песні. Сярод маніфестантаў знаходзіліся мінскі губернскі камісар Барыс Самойленка з намеснікамі, мінскі гарадскі галава Станіслаў Хржанстоўскі з членамі ўправы і галоснымі, дэлегаты вайсковага з’езда польскага духавенства, а таксама іншыя людзі розных прафесій і нацыянальнасцей. Маніфестацыя была прыхільна сустрэта ў горадзе з боку астатняга насельніцтва[115].

«Памяць свету» ЮНЕСКА

правіць

17 кастрычніка 2014 г. Канстытуцыя 3 мая была занесена ў Польскі дзяржаўны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету»[118].

Аб’ект Еўрапейскай спадчыны

правіць
 
Знак Еўрапейскай спадчыны (European Heritage Label)

15 красавіка 2015 г. у Бруселі (як сталіцы Еўрасаюза) Канстытуцыя 3 мая была афіцыйна і ўрачыста занесена ў Спіс Еўрапейскай спадчыны (які на той момант налічваў 29 аб’ектаў — разам з Канстытуцыяй 3 мая) — паводле рашэння Еўрапейскай Камісіі[119]. Падчас афіцыйнай цырымоніі, адбытай 27 красавіка 2015 г. у Бруселі ў бібліятэцы, доктар Губерт Вайс (дырэктар Галоўнага архіва старажытных актаў, дзе захоўваецца арыгінал Канстытуцыі 3 мая) атрымаў Знак Еўрапейскай спадчыны (European Heritage Label) для Канстытуцыі 3 мая[120].

У Польшчы афіцыйныя ўрачыстасці з нагоды надання Знаку Еўрапейскай спадчыны адбыліся 3 чэрвеня 2015 г. у Варшаве каля Палацу Рачынскіх, які з’яўляецца сядзібай Галоўнага архіва старажытных актаў[121].

Гл. таксама

правіць

Зноскі

правіць
  1. а б в Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej… С. 232.
  2. Першай канстытуцыяй, якая падзяляла тры галіны ўлады, была па сутнасці некадыфікаваная брытанская канстытуцыя: рэжым канстытуцыйнай манархіі ў Англіі быў усталяваны ў 1689 г. прыняццем Біля аб правах.
  3. Augustyniak, U. Historia Polski 1572—1795… С. 121; Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — T. 6. — С. 112; Чудаков, М. Ф. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 года… С. 24.
  4. Dzieje Sejmu Polskiego… С. 93; Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej… С. 239; Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 57.
  5. Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — T. 6. — С. 108.
  6. Напрыклад, «Закон аб сойміках» ад 24 сакавіка 1791 г., які стане складовай часткай Канстытуцыі 3 мая 1791 г., быў ухвалены пры тайным галасаванні 101 станоўчым голасам супраць 64 негатыўных галасоў, а большасць паслоў не прысутнічала на сесіі. Гл.: Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 243, 234, 235, 287.
  7. а б в Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 35.
  8. а б Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 693; Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 36.
  9. Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej… С. 231—232; Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 36.
  10. Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 36.
  11. Dzieje Sejmu Polskiego… С. 86; Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej… С. 235.
  12. Бардах, Ю. Канстытуцыя 3 мая і «Узаемныя Заручыны Абодвух Народаў» 1791 г. Архівавана 28 красавіка 2015.… С. 380.
  13. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 273, 276.
  14. Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej… С. 233.
  15. Шляхам акламацыі, напрыклад, у ходзе Чатырохгадовага сойму было прынята 20 кастрычніка 1788 г. такое важнае рашэнне як павелічэнне колькасці войска Рэчы Паспалітай да 100 тыс. чалавек.
  16. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 274; Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 696.
  17. Dzieje Sejmu Polskiego… С. 86; Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej… С. 233.
  18. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 266; Kalinka, W. Ustawa Trzeciego Maja… С. 34.
  19. Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 38; Augustyniak, U. Historia Polski 1572—1795… С. 120—121.
  20. а б Dzieje Sejmu Polskiego… С. 86.
  21. Dzieje Sejmu Polskiego… С. 86; Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej… С. 236; Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 39; Kalinka, W. Ustawa Trzeciego Maja… С. 42.
  22. Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 39.
  23. Бардах, Ю. Канстытуцыя 3 мая і «Узаемныя Заручыны Абодвух Народаў» 1791 г…. С. 383; Чудаков, М. Ф. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 года… С. 17.
  24. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 276.
  25. Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 39; Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej… С. 236.
  26. История Литвы / А. Эйдинтас, А. Бумблаускас, А. Кулакаускас, М. Тамошайтис. — С. 103; Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 47.
  27. На Філадэльфійскі канвент, які распрацаваў Канстытуцыю ЗША 1787 г., былі абраны прадстаўнікі ад 12 штатаў (13-ы штат, Род-Айленд, адмовіўся ўдзельнічаць) — усяго 74 дэлегаты. Аднак некаторыя дэлегаты не змаглі прыбыць на канвент, а некаторыя не пажадалі. У выніку максімальная колькасць удзельнікаў пасяджэнняў Філадэльфійскага канвента была 55 чалавек, а пры канчатковым галасаванні 17 верасня 1787 г. прысутнічала толькі 42 дэлегаты. Падпісалі ж Канстытуцыю на Філадэльфійскім канвенце 39 дэлегатаў, пасля чаго яе праект быў адпраўлены ў Кангрэс. Праект Канстытуцыі павінен быў уступіць у сілу, калі атрымліваў ратыфікацыю 9 штатаў, г.зн. 2/3 штатаў ЗША. Гл.: История США : в четырех томах. — Москва : Наука, 1983. — Том 1. — С. 185—186, 191.
  28. Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej… С. 245.
  29. Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 690, 692; Augustyniak, U. Historia Polski 1572—1795… С. 119—120; Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя… С. 262.
  30. Polska na przestrzeni wieków… С. 362.
  31. а б в Augustyniak, U. Historia Polski 1572—1795… С. 120.
  32. Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej… С. 237.
  33. Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 112—113.
  34. а б Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 67.
  35. Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 66.
  36. Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 68.
  37. Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 67—81.
  38. Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 64.
  39. Augustyniak, U. Historia Polski 1572—1795… С. 120; Dzieje Sejmu Polskiego… С. 86; Чудаков, М. Ф. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 года… С. 22.
  40. Некаторыя беларускамоўныя даследаванні перакладаюць назву як «Урадавы закон».
  41. а б в г д е ё Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 695.
  42. Augustyniak, U. Historia Polski 1572—1795… С. 883; Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej… С. 239; Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 696; Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 50; Чудаков, М. Ф. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 года… С. 29.
  43. Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 30—32, 694, 695; Augustyniak, U. Historia Polski 1572—1795… С. 121; Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 42, 44; Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — T. 6. — С. 129; Сагановіч, Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя… С. 299—300.
  44. Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 694; Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 42; Dzieje Sejmu Polskiego… С. 87; История Литвы / А. Эйдинтас, А. Бумблаускас, А. Кулакаускас, М. Тамошайтис. — С. 101.
  45. Augustyniak, U. Historia Polski 1572—1795… С. 121; Dzieje Sejmu Polskiego… С. 87; Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 43.
  46. Яшчэ 23 ліпеня 1790 г. уніяцкі мітрапаліт быў уведзены ў склад Сената Рэчы Паспалітай, дзе быў прыраўняны па статусе да каталіцкага біскупа і засядаў пасля каталіцкага смаленскага біскупа. Гл.: Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 96; Тымовский, М. История Польши. — М., 2004. — С. 289; Kalinka, W. Sejm Czteroletni. — Lwów, 1884—1886. — wyd. 3-e. — T. 2. — S. 373—380. Уніяцкі мітрапаліт паводле рашэння Гарадзенскага сойма ад 23 лістапада 1793 г. захаваў сваё месца ў Сенаце Рэчы Паспалітай нават пасля скасавання Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Гл.: Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя… С. 289.
  47. Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 694.
  48. Чудаков, М. Ф. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 года… С. 28; Бардах, Ю. История государства и права Польши… С. 297.
  49. а б Тымовский, М. История Польши. — М., 2004. — С. 287.
  50. Паводле польскага гісторыка С. Корвіна, безумоўна, існаваў палітычны праект выдання адзінай дачкі саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста I (Фрыдэрыка Аўгуста ІІІ) за князя Юзафа Панятоўскага, пляменніка польскага караля і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста з мэтай захавання трону Рэчы Паспалітай у руках дынастыі Панятоўскіх, чым і тлумачыцца падтрымка Станіславам Аўгустам Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Гл.: Korwin, S. Trzeci Maj i Targowica… S. 48. Выказваюцца меркаванні, што не толькі Юзаф Панятоўскі, але і другі пляменнік (Станіслаў Панятоўскі) мог стаць жаніхом адзінай дачкі (на момант ухвалы Канстытуцыі) саксонскага курфюрста. Гл.: Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — T. 6. — С. 125.
  51. Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — T. 6. — С. 124—125.
  52. а б в г Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 693.
  53. Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 693, 694.
  54. Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — T. 6. — С. 121.
  55. Historia Polski / pod red. S. Kieniewicza i W. Kuli. — T. II, cz. I. — С. 273, 277; Чудаков, М. Ф. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 года… С. 23—24.
  56. У прынятай у 1787 г. Канстытуцыі ЗША выбарчыя правы грамадзяніна не вызначаліся, а былі ўстаноўлены канстытуцыямі асобных штатаў краіны. Амаль ва ўсіх штатах для атрымання выбарчага права трэба было мець уласнасць — пэўны памер зямлі ці капіталу, г.зн. праходзіць маёмасны цэнз. Жанчыны, рабы і індзейцы не атрымалі выбарчых правоў. Дробныя фермеры, рабочыя, бедныя рамеснікі таксама былі пазбаўлены выбарчых правоў і атрымалі іх толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў. У 1780-ыя гг. з 3 млн. насельніцтва ЗША толькі каля 120 тыс. чалавек мелі выбарчае права. Жанчыны ў ЗША атрымалі актыўнае выбарчае права толькі ў 1920 г. паводле 19-й папраўкі да Канстытуцыі ЗША.
  57. Гісторыя Беларусі: у 6 т. / Ю. Бохан [і інш.]. — Т. 2. — С. 236; Historia Polski / pod red. S. Kieniewicza i W. Kuli. — T. II, cz. I. — С. 273, 277; Ливанцев, К. Е. Польская конституция 3 мая 1791 года Архівавана 4 сакавіка 2016.
  58. Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 694; Чудаков, М. Ф. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 года… С. 29.
  59. Бардах, Ю. Канстытуцыя 3 мая і «Узаемныя Заручыны Абодвух Народаў» 1791 г. Архівавана 28 красавіка 2015.… С. 379, 382—383, 391.
  60. Бардах, Ю. Канстытуцыя 3 мая і «Узаемныя Заручыны Абодвух Народаў» 1791 г. Архівавана 28 красавіка 2015.… С. 400.
  61. Калі раней у польскай гістарыяграфіі існавала думка, што Канстутуцыя 3 мая 1791 г. ліквідавала ранейшую унію Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага і стварыла ўнітарную дзяржаву, то цяпер існаванне дзяржаўнага дуалізма Рэчы Паспалітай (дзяржаўнай асобнасці Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага) аж да самага апошняга падзелу ў 1795 г. (нават пасля прыняцця Канстуцыі 3 мая 1791 г.) у сучаснай польскай гістарыяграфіі не аспрэчваецца. Падрабязней гл.: Malec, J. Problem stosunku Polski do Litwy w dobie Sejmu Wielkiego (1788—1792) / J. Malec // Czasopismo Prawno-Historyczne. — 1982. — t. XXXIV. — z. 1. — S. 31 — 50; Michalski, J. Zagadnienia unii polsko-litewskiej w czasie panowania Stanisława Augusta / J. Michalski // Zapiski Historyczne. — 1986. — t. LI. — z. 1. — S. 112—132; Szczątka, Z. Ustawa Rządowa z 1791 r. /Z. Szczątka // Konstytucje Polski. Studia monograficzne z dziejów polskiego konstytucjonalizmu, pod red. Mariana Kallasa. — Warszawa, 1990. — t. 1. — S. 56—58; і інш. Выказваюцца меркаванні, што да першага падзела Рэчы Паспалітай (1772) па сутнасці існаваў дзяржаўны труалізм Рэчы Паспалітай (Польскае Каралеўства, Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкае Княства). Гл.: Paluszyński, T. Czy Rosja uczestniczyła w pierwszym rozbiorze Polski czyli co zaborcy zabrali Polsce w trzech rozbiorach? / T. Paluszyński. — Poznań : Rys, 2006. — 91 s. Аднак у соймавых дакументах часцей бытавалі фармуліроўкі аб дуалізме: «Карона Польская і Вялікае Княства Літоўскае» і г.д. Гл.: Paluszyński, T. Czy Rosja uczestniczyła w pierwszym rozbiorze Polski czyli co zaborcy zabrali Polsce w trzech rozbiorach? / T. Paluszyński. — Poznań : Rys, 2006. — С. 46. Прыкметна, што адзін з падпісантаў Канстытуцыі 3 мая граф Юзаф Касакоўскі (інфлянцкі і курляндскі біскуп) паставіў свой аўтограф пад дакументам менавіта як прадстаўнік ад канфедэрацыі шляхты ВКЛ.
  62. Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 696; Чудаков, М. Ф. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 года… С. 30.
  63. Бардах, Ю. Канстытуцыя 3 мая і «Узаемныя Заручыны Абодвух Народаў» 1791 г. Архівавана 28 красавіка 2015.… С. 389, 392; Dzieje Sejmu Polskiego… С. 91; Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 694, 696; История Литвы / А. Эйдинтас, А. Бумблаускас, А. Кулакаускас, М. Тамошайтис. — С. 102—103; Paluszyński, T. Czy Rosja uczestniczyła w pierwszym rozbiorze Polski czyli co zaborcy zabrali Polsce w trzech rozbiorach?.. С. 48.
  64. Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — T. 6. — С. 109; Polska na przestrzeni wieków… S. 364; Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 694, 696; Rostworowski, E. Legendy i fakty XVIII w… С. 152; Чудаков, М. Ф. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 года… С. 29.
  65. Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 69.
  66. Напрыклад, польскі бібліёграф Караль Эстрэйхер (1827—1908), акрамя ўказаных 14 выданняў, адначыў і 16-старонкавае выданне Канстытуцыі 3 мая ў Мінску (ВКЛ) ксяндзамі базыліянамі, папяровыя экзэмпляры якога не знайшліся ў цяперашні час. Гл.: Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 84.
  67. а б в Polska na przestrzeni wieków… С. 362; Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 48.
  68. Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 48, 69.
  69. Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя… С. 271.
  70. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 279.
  71. Такая адкрытасць тлумачылася тым, што ў XVIII ст. у Заходняй Еўропе ўжо цвёрда панаваў прынцып захавання балансу (раўнавагі) сіл паміж галоўнымі палітычнымі цэнтрамі, таму нават невялікія палітычныя змены (напрыклад, спадчыннасць трона Сардзініі), якія маглі прывесці да парушэння раўнавагі і ўзнікнення палітычнай і ваеннай перавагі адной з краін, закраналі інтарэсы і прыцягвалі ўвагу самых моцных еўрапейскіх дзяржаў. Стваральнікі Канстытуцыі спецыяльна інфармавалі замежныя двары, што ніякіх пагроз новая рэформа не нясе.
  72. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 292—297, 301.
  73. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 281, 297.
  74. „Русінамі“ у Рэчы Паспалітай называлі насельніцтва як праваслаўнага веравызнання, так і ўніяцкага, бо ў іх быў падобны царкоўны абрад — званы па традыцыі як „рускі абрад“ (obrządek Ruski) у супрацьвагу з каталіцкім абрадам (званым як „рымскі абрад“). Гл. напрыклад: Kalendarz Powszechny Świąteczny Domowy i Gospodarski obrządku łacińskiego i ruskiego (1847)(недаступная спасылка).
  75. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 345; Соловьев, С. М. История падения Польши. Восточный вопрос… С. 229; Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя… С. 270—271.
  76. Цалкам верагодна, што Кастамараў літаратурна (з сучаснай яго часу тэрміналогіяй) цытуе крыніцы, спасылкі на якія не прыводзяцца.
  77. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 346.
  78. Канстытуцыйныя нормы аб асабістай вольнасці для эмігрантаў і прававой апецы над прыгоннымі прымусілі расійскую імператрыцу Кацярыну II заключыць: «Гэта ж пацягне ў Польшчу большасць сялян з Белай Расіі». Гл.: Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя… С. 271.
  79. Вядома, што ў тыя часы ў Вільні былі ўніяцкія кляштары (ордэна базыльян), дзе меліся друкарні і якія былі ў стане зрабіць адпаведны пераклад на «старабеларускую мову» («стараўкраінскую мову»).
  80. а б Старажытныя літоўскамоўныя тэксты (старадрукі і рукапісы) Архівавана 12 кастрычніка 2014.
  81. Верагодна, што з’яўленне ў пачатку XIX ст. літоўскамоўнага пераклада Канстытуцыі 3 мая са шматлікімі паланізмамі, беларусізмамі і лацінізмамі (pawinasties, wałnastis, linia pakaleniaus, Błagasłowima, pastanawimas, deśpieczeństwa, Prowu Sprawiedliwu, mużijkay (г.зн. сяляне; літаральная калька з беларускага слова «мужыкі»), mieszczonay (мяшчане), wiera (вера) і г.д.), а таксама некаторых іншых юрыдычных актаў часоў Вялікага сойма (1788—1792), неяк звязана з даследчыцкай дзейнасцю Тадэвуша Чацкага ці ксяндза Францішка Ксаверыя Богуша (1746—1820). Хоць, мажліва, з’яўленне ў XIX ст. пераклада Канстытуцыі на літоўскую мову выклікана іншымі прычынамі.
  82. Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 693, 697, 698; Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej… С. 239.
  83. а б Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 698.
  84. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 277.
  85. а б в г д Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя… С. 270.
  86. Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej… С. 244.
  87. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 278.
  88. Dzieje Sejmu Polskiego… С. 91; Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 52.
  89. Некаторыя гісторыкі лічаць «Сход прыяцеляў Уставы аб кіраванні 3 мая» першай сапраўднай палітычнай партыяй у гісторыі Рэчы Паспалітай. Гл.: Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 697.
  90. Dzieje Sejmu Polskiego… С. 93.
  91. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 289.
  92. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 290.
  93. Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 695; Dzieje Sejmu Polskiego… С. 91; Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — T. 6. — С. 117, 124, 129; Чудаков, М. Ф. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 года… С. 30.
  94. Kalinka, W. Sejm Czteroletni. — Lwów, 1888. — wyd. 3-e. — T. 3. — S. 101; Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — T. 6. — С. 123.
  95. Kalinka, W. Sejm Czteroletni. — Lwów, 1888. — wyd. 3-e. — T. 3. — S. 101.
  96. Kalinka, W. Ustawa Trzeciego Maja… С. 56, 59; Augustyniak, U. Historia Polski 1572—1795… С. 124; Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 699; Тымовский, М. История Польши. — М., 2004. — С. 287.
  97. Заўзятым прыхільнікам ліквідацыі манархічнага ладу і ўвядзення рэспубліканскага строю з выбраным прэзідэнтам на двухгадовую кадэнцыю быў граф Станіслаў Шчэнсны Патоцкі (1751—1805), які ўскладаў надзеі на Расію, каб увесці падобны лад у Рэчы Паспалітай, што ацэньваецца як наіўнасць. Гл.: Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 700. Трэба адзначыць, што адной з галоўных прычын стварэння антыфранцузскіх кааліцый супраць рэспубліканскай Францыі ў ходзе Вялікай французскай рэвалюцыі быў менавіта рэспубліканскі лад Францыі, які вельмі раздражняў суседнія еўрапейскія манархіі
  98. Kalinka, W. Ustawa Trzeciego Maja… С. 59, 60.
  99. История Литвы / А. Эйдинтас, А. Бумблаускас, А. Кулакаускас, М. Тамошайтис. — С. 101; Dzieje Sejmu Polskiego… С. 90.
  100. а б в г Dzieje Sejmu Polskiego… С. 90.
  101. История Литвы / А. Эйдинтас, А. Бумблаускас, А. Кулакаускас, М. Тамошайтис. — С. 101.
  102. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 288.
  103. Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 50.
  104. Dzieje Sejmu Polskiego… С. 90—91.
  105. Dzieje Sejmu Polskiego… С. 91, 93; Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — T. 6. — С. 130; Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 42; Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 326; Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — T. 6. — С. 117.
  106. Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795… С. 700; Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji… С. 48.
  107. Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — T. 6. — С. 130.
  108. Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя… С. 273.
  109. Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя… С. 335.
  110. Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой… С. 342—345.
  111. Сярод іншых вядомых асоб, якія ў тую пару запісаліся ў кнігі віленскіх мяшчан, былі: віленскі харунжы Антоній Тызенгаўз (28 красавіка 1791 г.); віленскі ксёндз Францішак Ксаверый Богуш (11 мая 1791 г.); архітэктар Ваўрынец Гуцэвіч (11 мая 1791 г.); князь Казімір Нестар Сапега (7 верасня 1791 г.); рэктар Марцін Пачобут-Адляніцкі; мінскі староста Міхал Геранім Бжастоўскі (2 лютага 1792 г.); шамбялян Марцін Лапацінскі; упіцкі харунжы Бенедыкт Карп; і інш. Гл.: Tyszkiewicz, E. Opisanie powiatu borysowskiego… С. 126—127.
  112. Шмігельскіце-Стукене, Р. Нарысы палітычнай і дыпламатычнай дзейнасці Міхала Клеафаса Агінскага… С. 246.
  113. Барыс Самойленка 4 сакавіка 1917 г. быў зацвержаны на тыя пасады Старшынёй Савета Міністраў Часовага ўрада Расіі князем Георгіем Львовым. Часовы ўрад Расіі дазволіў правядзенне святкавання Дня Канстытуцыі 3 мая ў прыфрантавым Мінску, бо рознымі дэмагагічнымі захадамі імкнуўся перацягнуць на свой бок польскае насельніцтва і настроіць яго супраць Германіі. Германія ў сваю чаргу імкнулася прыцягнуць палякаў на акупіраваных немцамі землях і даўно рабіла захады па стварэнні марыянетачнай польскай дзяржаўнасці ў ходзе Першай сусветнай вайны. Гл.: Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.)… С. 7, 26, 27.
  114. У часы Першай сусветнай вайны ў Мінску сканцэнтравалася значная колькасць бежанцаў з польскіх губерняў Расійскай Імперыі.
  115. а б Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.)… С. 27.
  116. Лозунг «Свабода, роўнасць, братэрства» з’яўляецца лозунгам Вялікай французскай рэвалюцыі.
  117. Пад лозунгам «За нашу і вашу свабоду» праходзілі нацыянальна-вызваленчыя паўстанні ў XIX ст. за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах да першага падзелу (1772).
  118. Старинные польские документы внесены в список ЮНЕСКО «Память мира» Архівавана 14 верасня 2017.
  119. Ustawa Rządowa, czyli Konstytucja 3 Maja; Znak Dziedzictwa Europejskiego dla Konstytucji 3 maja
  120. Znak Dziedzictwa Europejskiego dla Konstytucji 3 maja; Archiwum Główne Akt Dawnych; Minister kultury: Konstytucja 3 Maja była ustawą wyrażającą mądrość polskiej wspólnoty narodowej; Konstytucja 3 Maja, Stocznia Gdańska i zabytki Lublina związane z Unią Lubelską znalazły się wśród 16 laureatów Znaku Dziedzictwa Europejskiego; Polska w ZDE
  121. Znak Dziedzictwa Europejskiego dla Konstytucji 3 maja

Літаратура

правіць
  • Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя: Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай / Я. К. Анішчанка. — Мінск : Хурсік, 2003. — 470 с.
  • Анішчанка, Я. К. Канстытуцыя 3 мая 1791 / Я. К. Анішчанка // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. : у 3 т. — Мінск : БелЭн, 2006. — Т. 2. — С. 34—35.
  • Анішчанка, Я. К. Канстытуцыя 3 мая 1791 / Я. К. Анішчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : энцыкл.: у 6 т. — Мінск, 2006. — Т. 4. Кадэты — Ляшчэня. — С. 88—89.
  • Анішчанка, Я. К. Палітычная гісторыя у часы падзелу Рэчы Паспалітай : Доктарская дысертацыя / Я. К. Анішчанка. — Мінск : Хурсік, 2006. — 256 с.
  • Бардах, Ю. История государства и права Польши / Ю. Бардах, Б. Леснородский, М. Пиетрчак. — Москва : Юридическая литература, 1980. — 560 с.
  • Бардах, Ю. Канстытуцыя 3 мая і «Узаемныя Заручыны Абодвух Народаў» 1791 г. Архівавана 28 красавіка 2015. / Ю. Бардах // Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага / Ю. Бардах. — Мінск : Беларускі гістарычны агляд, 2002. — С. 364—408.
  • Васілевіч, Г. А. Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі / Г. А. Васілевіч, Т. І. Доўнар, І. А. Юхо. — Мінск : Права і эканоміка, 2001. — 363 с.
  • Вішнеўскі, А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах (Са старажытных часоў да нашых дзён) : Вучэб. Дапаможнік / А. Ф. Вішнеўскі, Я. А. Юха; пад агульн. рэд. праф. А.Ф, Вішнеўскага. — Мінск : Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь, 2003. — 320 с.
  • Гісторыя Беларусі: Падруч. у 2 ч. / Я. К. Новік, Г. С. Марцуль, І. Л. Качалаў і інш.; Пад рэд. Я. К. Новіка, Г. С. Марцуля. — Мінск : Выш. шк., 2003. — Ч. 1. Ад старажытных часоў — па люты 1917 г. — 416 с.
  • Гісторыя Беларусі: у 6 т. / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Экаперспектыва, 2000—2012. — Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. — Мінск : Экаперспектыва, 2008. — 688 с.
  • Довнар-Запольский, М. В. История Белоруссии / М. В. Довнар-Запольский. — Минск : Беларусь, 2003. — 680 с.
  • История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И. Н. Кузнецов, В. Г. Мазец. — Минск : Амалфея, 2000. — 672 с.
  • История Литвы / А. Эйдинтас, А. Бумблаускас, А. Кулакаускас, М. Тамошайтис. — Вильнюс : Eugrimas, 2013. — 318 с.
  • История Литовской ССР / А. Таутавичюс, Ю. Юргинис, М. Ючас и др.; Ред. колл. Б. Вайткявичюс (отв. ред.) [и др.]. — Вильнюс : Мокслас, 1978. — 676 с.
  • История США : в четырех томах / Г. Н. Севостьянов (гл. ред.), Е. Ф. Язьков, Г. П. Куропятник и др. — Москва : Наука, 1983. — Том 1. 1607—1877. — 688 с.
  • История южных и западных славян : в 2 т. / Под ред. Г. Ф. Матвеева и З. С. Ненашевой. — 2-е изд. — Москва : МГУ, 2001. — Т. 1. Средние века и Новое время. — 2001. — 688 с.
  • Костомаров, Н. И. Собрание сочинений. Исторические монографии и исследования: в 8 кн. / Н. И. Костомаров. — Санкт-Петербург : Тип. М. М. Стасюлевича, 1905. — Кн. 7., Т. XVII—XVIII. Последние годы Речи Посполитой. — 714 с.
  • Ливанцев, К. Е. Польская конституция 3 мая 1791 года / К. Е. Ливанцев // Вестник Ленинградского университета. — 1958. — № 23. — С. 136—143.
  • Радаман, А. Сойм / А. Радаман // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. : у 2 т. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 615—617.
  • Сагановіч, Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя / Г. Сагановіч. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2001. — 412 с.
  • Соловьев, С. М. История падения Польши. Восточный вопрос / С. М. Соловьев. — Москва : Астрель-АСТ, 2003. — 364 с.
  • Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам. па курсу «Гісторыя Беларусі» / М. Я. Сяменчык; Беларус. дзярж. пед. ун-т. — Мінск, 1994. — 112 с.
  • Тымовский, М. История Польши / М. Тымовский, Я. Кеневич, Е. Хольцер. — М. : Весь Мир, 2004. — 544 с.
  • Чудаков, М. Ф. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 года. Государственно-правовая характеристика: учебно-методическое пособие / М. Ф. Чудаков. — Минск: Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2005. — 37 с.
  • Шмігельскіце-Стукене, Р. Нарысы палітычнай і дыпламатычнай дзейнасці Міхала Клеафаса Агінскага (ад Варшаўскага сойма 1786 г. да Гарадзенскага сойма 1793 г.) / Р. Шмігельскіце-Стукене // ARCHE. — 2014. — № 6. — С. 229—267.
  • Юха, І. А. Крыніцы беларуска-літоўскага права / І. А. Юха. — Мінск : Беларусь, 1991. — 238 с.
  • Юха, Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі / Я. А. Юха. — Мінск: Універсітэцкае, 1992. — 270 с.
  • Юхо, И. История юридической науки Беларуси / И. Юхо, С. Сокол. — Минск: Бел. негос. ин-т правоведения, 2000. — 96 с.
  • Augustyniak, U. Historia Polski 1572—1795 / U. Augustyniak. — Warszawa : PWN, 2008. — 1006 s.
  • Dzieje Sejmu Polskiego / J. Bardach [i in.]; koordynator pracy J. Bardach. — Warszawa : Wyd-wo Sejmowe, 1997. — 392 s.
  • Historia Polski / pod red. S. Kieniewicza i W. Kuli. — Warszawa : WPN, 1958. — T. II, cz. I. — 432 s.
  • Kalinka, W. Sejm Czteroletni / W. Kalinka. — Lwów : Nakł. Księgarni Seyfartha i Czajkowskiego w Wydawniczej, z Drukarni Ludowej, 1884. — wyd. 3-e. — T. 1. — 683 s.
  • Kalinka, W. Sejm Czteroletni / W. Kalinka. — Lwów : Nakł. Księgarni Seyfartha i Czajkowskiego w Wydawniczej, z Drukarni Ludowej, 1884—1886. — wyd. 3-e. — T. 2. — 637 s.
  • Kalinka, W. Sejm Czteroletni / W. Kalinka. — Lwów : Nakł. Księgarni Seyfarta i Czajkowskiego w Wydawniczej, z Drukarni Ludowej, 1888. — wyd. 3-e. — T. 3. — 115 s.
  • Kalinka, W. Ustawa Trzeciego Maja : ustęp z niewydanego trzeciego tomu «Sejmu Czteroletniego» / W. Kalinka. — Kraków : Księgarnia Spółki Wydawniczej Polskiej, 1896. — 60 s.
  • Kocój, H. Elektor Saski Fryderyk August III wobec Konstytucji 3 Maja / H. Kocój. — Kraków : Wydaw. Uniwersytetu Jagiellońskiego, 1999. — 259 s.
  • Korwin, S. Trzeci Maj i Targowica / S. Korwin. — Kraków : Druk wł. L. Anczyca i spółki, 1890. — 242 s.
  • Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji / E. Kowecki. — Warszawa : PWN, 1991. — 151 s.
  • Leśnodorski, B. Dzieło sejmu czteroletniego (1788―1792): studium historyczno-prawne / B. Leśnodorski. — Wrocław : Wydawnictwo Zakładu Narodowego im. Ossolińskich, 1951. — 473 s.
  • Łojek, J. Geneza i obalenie Konstytucji 3 maja / J. Łojek. — Lublin : Wydaw. Lubelskie, 1991. — Wyd. 2. — 558 s.
  • Malec, J. Problem stosunku Polski do Litwy w dobie Sejmu Wielkiego (1788—1792) / J. Malec // Czasopismo Prawno-Historyczne. — 1982. — t. XXXIV. — z. 1. — S. 31—50.
  • Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795 / M. Markiewicz. — 2-e wyd. — Kraków : Wyd-wo Literackie, 2006. — 760 s.
  • Michalski, J. Zagadnienia unii polsko-litewskiej w czasie panowania Stanisława Augusta / J. Michalski // Zapiski Historyczne. — 1986. — t. LI. — z. 1. — S. 112—132.
  • Paluszyński, T. Czy Rosja uczestniczyła w pierwszym rozbiorze Polski czyli co zaborcy zabrali Polsce w trzech rozbiorach? / T. Paluszyński. — Poznań : Rys, 2006. — 91 s.
  • Polska na przestrzeni wieków / H. Samsonowicz [i in.]; redactor wydania J. Tazbir. — 2-e wyd. — Warszawa : WPN, 2006. — 803 s.
  • Rostworowski, E. Legendy i fakty XVIII w. / E. Rostworowski. — Warszawa : PWN, 1963. — 523 s.
  • Rostworowski, E. Maj 1791 — maj 1792: rok monarchii konstytucyjnej / E. Rostworowski. — Warszawa : Zamek Królewski, 1985. — 39 s.
  • Rostworowski, E. Ostatni król Rzeczypospolitej. Geneza i upadek Konstytucji 3 maja / E. Rostworowski. — Warszawa : Wiedza Powszechna, 1966. — 348 s.
  • Szczątka, Z. Ustawa Rządowa z 1791 r. / Z. Szczątka // Konstytucje Polski. Studia monograficzne z dziejów polskiego konstytucjonalizmu, pod red. Mariana Kallasa. — Warszawa, 1990. — t. 1. — S. 56—58.
  • Tyszkiewicz, E. Opisanie powiatu borysowskiego pod względem statystycznym, geognostycznym, historycznym, gospodarczym, przemysłowo-handlowym i lekarskim, z dodaniem wiadomości: o obyczajach, spiewach, przysłowiach i ubiorach ludu, gusłach, zabobonach itd. Архівавана 19 красавіка 2014. / E. Tyszkiewicz. — Wilno : Druk. A. Marcinowskiego, 1847. — 520 s.
  • Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — Kraków : Fogla, 2001. — T. 6 : Polska w czasach przełomu (1764—1815) / S. Grodziski. — Kraków : Fogla, 2001. — 302 s.

Спасылкі

правіць

Першакрыніца

правіць
 
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Канстытуцыя 3 мая 1791 года