Вялікае Княства Фінляндскае

(Пасля перасылкі з Вялікае княства Фінляндскае)

Вялі́кае Кня́ства Фінля́ндскае — аўтаномнае княства ў складзе Расійскай імперыі ў 1809—1917 гадах. Было створана ў выніку Фінскай вайны на землях, якія да гэтага ўваходзілі ў склад Швецыі. У 1917 годзе сейм княства прыняў дэкларацыю незалежнасці, узнікла сучасная дзяржава Фінляндыя.

Гістарычная дзяржава
Вялікае Княства Фінляндскае
Suomen suuriruhtinaskunta
Storfurstendömet Finland
Великое княжество Финляндское
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Гімн: Гімн Фінляндыі
< 
 >
1809 — 1917

Сталіца Турку (18091812)
Хельсінкі (18121917)
Мова(ы) шведская, фінская, руская
Афіцыйная мова шведская,
фінская (1902[1]1917),
руская (18091863, 19001917)
Рэлігія Евангелічна-лютэранская царква Фінляндыі і праваслаўе
Грашовая адзінка рубель Расійскай імперыі (18091860)
фінляндская марка (18601917)
Плошча 360.000 км² (1850)
Насельніцтва 1.636.900 (1850)
Форма кіравання манархія, дуалістычная манархія[d], парламенцкая манархія і асабістая унія
Дынастыя Раманавы
Вялікі князь
 • 18091825 Аляксандр I (першы)
 • 18941917 Мікалай II (апошні)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Перадумовы стварэння правіць

Пачынаючы з сярэдніх вякоў Фінляндыя знаходзілася пад уладай шведскага каралеўства. Яшчэ ў часы шведскіх крыжовых паходаў (XII—XIII стагоддзі) пачаліся канфлікты Швецыі з Наўгародскай дзяржавай за кантроль над землямі паўднёвай Фінляндыі і Карэльскім перашыйкам. У канцы XV стагоддзя канфлікты працягнуліся ўжо з Маскоўскай дзяржавай, а пазней і з Расійскай імперыяй. У выніку Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў Расія далучыла да сябе частку Старой Фінляндыі разам з Выбаргам. Цягам XVIII стагоддзя Швецыя рабіла спробы вярнуць землі, але яны скончыліся яшчэ большымі стратамі.

У лютым 1808 года пачалася Фінская вайна, прычынай чаго быў Тыльзіцкі мір 1807 года паміж Расіяй і Францыяй, паводле каторага Расія павінна была прымусіць Швецыю далучыцца да гандлёвай блакады[en] Вялікабрытаніі, з чым не пагаджаўся шведскі кароль. На загад імператара Аляксандра I расійскае войска пачало наступ у падкантрольнай Швецыі частцы Фінляндыі. Ужо праз месяц расіяне захапілі вялікія вобласці на поўдні Фінляндыі, яшчэ праз некаторы час здалося камандаванне Свеаборга, не верачы ў поспех абароны. Шведы пры падтрымцы Вялікабрытаніі спрабавалі правесці контрнаступленне і мелі частковы поспех на моры, але не далі рады ў баях на сушы, у выніку чаго адступілі канчаткова.

 
Боргаскі сойм 1809 года.

Ідэя далучыць Фінляндыю ўзнікла ў Расіі ўжо падчас вайны. Частка фінскіх сялян вяла партызанскую вайну, бо падтрымлівала шведскага караля і не хацела прыгону, але сярод іншых саслоўяў пашыраліся прарасійскія настроі і расчараванне ў здольнасцях Швецыі абараніць Фінляндыю. У чэрвені 1808 года Аляксандр падпісаў маніфест, дзе абяцаў захаваць шведскія законы і фінансава падтрымліваць краіну. У канцы восені 1808 года група фінскіх дэпутатаў наведала Санкт-Пецярбург і прасіла імператара склікаць сойм, дзе саслоўі б абвясцілі яго кіраўніком Фінляндыі. На загад Аляксандра 29 сакавіка 1809 года быў скліканы Боргаскі сойм. Імператар прысягнуў паважаць рэлігійны статус-кво, правы саслоўяў, і «канстытуцыю краіны», як ён назваў дзеючыя законы, а таксама заявіў, што Фінляндыя «з гэтага моманту была ўзнятая да рангу нацыі»[1]. 17 верасня 1809 года Швецыя і Расія падпісалі Фрыдрыхсгамскі мірны дагавор, згодна з якім Расія атрымала шэсць фінскіх ленаў, Аландскія астравы і частку лена Вестэрботэн[en]. Гэтая падзея паклала канец шведскаму праўленню ў Фінляндыі[2]:69-71. На далучаных да Расіі землях было створана аўтаномнае Вялікае Княства Фінляндскае.

Першыя гады расійскага кіравання правіць

У 1808 годзе, напачатку Фінскай вайны, генерал-губернатарам Фінляндыі[en] быў прызначаны былы шведскі генерал Георг Магнус Спрэнгтпортэн[ru]. У снежні 1808 ён прапанаваў стварыць фінскі ўрадавы кабінет, які б падпарадкоўваўся генерал-губернатару. Праз канфлікты з суайчыннікамі, улетку 1809 года Спрэнгтпортэна змяніў на пасадзе генерал Барклай-дэ-Толі[2]:74.

Яшчэ з 1808 года дарадцу імператара Міхаілу Спяранскаму было даручана дакладваць пра справы ў Фінляндыі ў абыход генерал-губернатара. У 1811 годзе для гэтага стваралася пасада фінскага дзяржаўнага сакратара, які мусіў складаць даклады з падтрымкай Камітэта па справах Фінляндыі ў Санкт-Пецярбургу. Акрамя Фінляндыі, з усіх частак імперыі такая пасада існавала толькі для Польшчы. Першым сакратаром стаў Густаў Морыц Армфельт[2]:74-75.

 
Будынак Сената на Сенацкай плошчы ў Хельсінкі. Фота 1894 года.

У жніўні 1809 года імператарам быў зацверджаны Статут, распрацаваны напярэдадні Боргаскага сойма фінскім камітэтам на чале з Якабам Тэнгстромам[en], біскупам Турку[en]. Статут перадаваў уладу ад губернатара ўрадаваму кабінету, які ў 1816 годзе быў перайменаваны ў Імператарскі сенат Фінляндыі[fi]. Сенат складаўся з дэпартамента юстыцыі і дэпартамента эканомікі, і збольшага набіраўся з чыноўнікаў «шведскай» Фінляндыі, якія не валодалі рускай мовай. Згодна са Статутам, генерал-губернатар быў старшынём Сената, аднак не меў права голасу ў грамадзянскіх справах. На практыцы ў яго кампетэнцыі ўваходзіў толькі кантроль над узброенымі сіламі княства. Таксама генерал-губернатар мог забяспечваць прапановы Сената пісьмовым заключэннем[2]:74-75.

У 1812 годзе сталіца Вялікага Княства была перанесена з Турку ў Хельсінкі, што мела стратэгічныя перавагі праз знаходжанне там крэпасці Свеаборг. У тым жа годзе да княства была далучаная Выбаргская губерня[2]:75.

У жніўні 1812 года ў Турку адбылася сустрэча расійскага імператара Аляксандра I і пераемніка шведскага трона Карла XIV Юхана. Швецыя адмовілася ад ідэі вяртання Фінляндыі і падтрымала Расію ў вайне з Напалеонам. У абмен на гэта расійскі імператар пагадзіўся з рашэннем Швецыі заваяваць Нарвегію і стварыць шведска-нарвежскую унію[2]:76.

Стаўленне фінскага грамадства да расійскай улады правіць

Фінскае грамадства не адразу прыняло далучэнне да Расіі, узброены супраціў сялянства працягваўся і пасля завяршэння Фінскай вайны. Стаўленне пачало змяняцца з усведамленнем таго, што старыя законы і прынцыпы функцыянавання грамадства не будуць зменены новай уладай. Першымі лаяльнасць да расійскай улады прадэманстравалі чыноўнікі і духавенства, напрыклад біскуп Якаб Тэнгстром[en], які быў прызначаны арцыбіскупам. Важным рэпутацыйным крокам было развіццё Хельсінкі як сталіцы[2]:76-77.

З мэтай паляпшэння лаяльнасці чыноўнікам павысілі ўтрыманне, для іншых прадстаўнікоў грамадскага сектара ўвялі адмысловае форменнае адзенне. У 1812 годзе было прынятае прадпісанне, якое абавязвала чыноўнікаў здаваць экзамен на валоданне расійскай мовай, але яно сустрэла пратэст і было скасавана. Камунікацыя паміж расійскай і фінскай уладай праводзілася на французскай і нямецкай мовах, або з дапамогай перакладчыкаў[2]:77-78.

Пасля вайны з Напалеонам узмацніўся кантроль за грамадствам, бо кіраўніцтва імперыі баялася пашырэння рэвалюцыйных ідэй. Павялічылася цэнзура, забараняўся ўвоз палітычнай літаратуры. У 1817 годзе ў Турку была заснаваная першая ў Фінляндыі паліцэйская ўправа. Для падтрымання парадку ў краіне была размешчаная пятнаццацітысячная дывізія расійскага войска. Сяляне вызваляліся ад абавязку ўтрымання салдат, што перашкаджала ўзнікненню ўласных сепаратысцкіх сіл[2]:78-79.

У 1819 годзе ў Фрыдрыхсгаме быў створаны Фінскі кадэцкі корпус[en], праз выхаванне ў якім праходзіла шмат фінскіх дваран. Агулам каля 4 тысяч фінаў зрабілі афіцэрскую кар’еру ў расійскім войску, з якіх амаль 300 дасягнулі генеральскай або адміральскай годнасці. Расійская мова была абавязковым прадметам для вывучэння ў корпусе, спрыяючы збліжэнню Фінляндыі з Расіяй[2]:79.

Журналіст Аўгуст Шаўман[fi] адзначаў у сваіх мемуарах, што ў 1830-х гадах усе яго аднагодкі былі ўпэўненыя ў тым, што інтэграцыя з Расіяй будзе толькі паглыбляцца, а шведскае панаванне засталося ў мінулым. Тым не менш, у XIX стагоддзі працягваліся цесныя культурныя і гандлёвыя дачыненні паміж Фінляндыяй і Швецыяй, таму гэты перыяд атрымаў назву «доўгага развітання»[2]:79-80.

Фармаванне нацыянальнай самасвядомасці правіць

У першай палове XIX стагоддзя асновай ідэнтычнасці[en] большай часткі жыхароў Фінляндыі была рэлігія, а не фінская нацыянальная самасвядомасць. Пашырэнне нацыяналізму ў Еўропе пачалося толькі пасля Напалеонаўскіх войнаў, і закранула спачатку частку фінскіх акадэмічных вярхоў, якія ў далейшым працавалі над замацаваннем нацыянальных пачуццяў сярод іншых слаёў насельніцтва. У гэты час набыў вядомасць лозунг «Мы больш не шведы, рускімі станавіцца не хочам, дык давайце будзем фінамі». Яго часта прыпісваюць гісторыку Адольфу Арвідсану[en], хаця такую думку выказваў яшчэ ў 1811 годзе Армфельт[2]:83.

Пазіцыі фінскай мовы сярод адукаваных жыхароў былі слабыя, хоць і аддзяленне ад Швецыі мела для яе некаторы станоўчы эфект. У пачатку XIX стагоддзя больш за 85 % насельніцтва гаварылі рознымі фінскімі дыялектамі, але адміністрацыйная і акадэмічная эліта як дома, так і на працы працягвала карыстацца шведскай мовай да 1880-х гадоў. Развіццё адукацыі спрыяла яшчэ большаму пашырэнню шведскай, бо на ёй вялося навучанне ў універсітэтах і школах[2]:83-84.

З 1820-х гадоў пачаліся дыскусіі вакол павелічэння ролі фінскай мовы. Гэта было звязана з распаўсюджаннем рамантычных ідэй такіх аўтараў як Шэлінг, Фіхтэ і Геер, што заклікалі да больш актыўнай палітычнай ролі звычайных людзей, якія ў выпадку Фінляндыі гаварылі збольшага па-фінску. Фінскі гісторык Адольф Арвідсан выступаў за тое, каб фінская мова атрымала афіцыйны статус і быў супраць надання гэтага статусу расійскай мове. Ён успрымаў мову і народную культуру як неабходную частку нацыянальнага духу, патрэбную на шляху да дзяржаўнасці. Погляды Арвідсана прывялі яго да звальнення з акадэміі ў Турку[en] і вымушанай эміграцыі ў Швецыю[1][2]:83-84. Звальненне Арвідсана акрэсліла межы палітычнай дыскусіі ў Фінляндыі, а фінская прэса ў далейшым правяралася на прадмет пытанняў да юрыдычнага палажэння княства і яго будучыні, аж да ўсталявання паўнамаштабнай цэнзуры ў 1829 годзе[1].

У 1822 годзе, праз год пасля звальнення Арвідсана, у акадэмію Турку паступілі тры студэнты, якія пазней сталі вядомымі дзеячамі культуры ў Фінляндыі: Юхан Рунеберг, Эліяс Лёнрут[en] і Юхан Снельман[2]:85.

Юхан Рунеберг стаў нацыянальным паэтам, напісаў паэмы «Паляўнічыя на ласёў» (шведск.: Älgskyttarna, 1832), дзе апісваўся побыт сялян з унутраных абласцей Фінляндыі, і «Апавяданні прапаршчыка Столя» (шведск.: Fänrik Ståls sägner, 1848, 1860) з апісаннем патрыятызму і самаахвярнасці фінаў у вайне 1808—1809 гадоў. У 1832 годзе ён з сябрамі заснаваў «Гельсінгфорскую ранішнюю газету» (шведск.: Helsingfors Morgonblad), якая да 1840-х гадоў была адзіным рупарам нацыянальна скіраванай інтэлігенцыі[2]:85-86. Рунебергу ўдавалася балансаваць на мяжы дазволенага, ствараючы патрыятычную літаратуру так, каб быць не заўважаным цэнзурай. Увесну 1848 года верш «Наш край», якім распачынаюцца «Апавяданні прапаршчыка Столя», быў прадстаўлены як новы гімн краіны на студэнцкім свяце. Музыку для гімна напісаў нямецкі кампазітар Фрэдрык Пасіус[en]. У апошняй страфе паэт маляваў карціну айчыны, якая дасягне калісьці росквіту, «памужнелая ў ліхалецці»[2]:88.

 
Вокладка першага выдання «Калевалы», 1835 год.

Эліяс Лёнрут увайшоў у гісторыю дзякуючы выданню фінскага нацыянальнага эпасу «Калевала» (1835, 1849), перакладзенага на многія мовы, у тым ліку беларускую. «Калевала» была створана на аснове старажытных народных паданняў, якія Лёнрут збіраў падчас падарожжаў. Мова твора была складанай, таму да канца XIX стагоддзя нават у самой Фінляндыі з ім часта знаёміліся праз шведскі або нямецкі пераклад. У 1831 годзе Лёнрут узяў удзел у заснаванні Фінскага літаратурнага таварыства[fi], якое з часам зрабілася цэнтрам нацыянальнага абуджэння[2]:85-86.

 
Першы выпуск газеты «Сайма», 4 студзеня 1844 года.

Юхан Снельман выступаў за моўнае адзінства Фінляндыі, стварэнне літаратуры на фінскай мове. Ён натхняўся грамадскай філасофіяй Гегеля і ідэямі Гердэра, і распрацаваў тэорыю дзяржавы, якая б абапіралася не на пэўную форму кіравання, а на сваю адпаведнасць «патрабаванням нацыянальнага духу». Нацыянальны дух для яго выражаўся ў больш «патрыятычных» дзеяннях законатворцаў, стварэнні законаў на карысць усіх грамадзян[1]. У 1844 годзе, будучы дырэктарам школы ў мястэчку Куопіа ў азёрнай частцы Фінляндыі, ён пачаў выдаваць шведскамоўны часопіс «Сайма» (Saima) пад лозунгам «Адзін народ — адна мова». Часопіс выклікаў дэбаты ў прэсе, большасць удзельнікаў якіх падтрымлівала павелічэнне ролі фінскай мовы, але крытыкавалі ідэю Снельмана пра перавод на яе сістэмы вышэйшай адукацыі, бо не разумелі чаму шведскамоўная адукацыя і літаратура Фінляндыі не могуць быць нацыянальнымі[2]:86-87.

На фінскай мове ў 1830-х гадах выдаваліся газеты «Штотыднёвыя весці Оўлу» (фінск.: Oulun Wiikko-Sanomia) і «Выбаргскі веснік» (фінск.: Sanan Saattaja Wiipurista). У 1841 годзе абедзве газеты былі зачыненыя праз нястачу падпісчыкаў, але пачаў выдавацца фінскамоўны мовазнаўчы часопіс «Суомі» (фінск.: Suomi) Лёнрута. Большасць дыскусій пра моўную сітуацыю ўсё яшчэ праводзілася на шведскай мове, а публічнае выкарыстанне фінскай мовы было рэдкім і выклікала здзіўленне. Пад канец зімы 1845 года ў газеты патрапіла навіна пра студэнцкую вечарынку ў Хельсінкі, дзе некаторыя госці, у тым ліку Боргаскі біскуп Отэлін[fi], рабілі прамовы па-фінску. Пра гэтую ж падзею пісаў у «Сайме» Снельман, падкрэсліваючы камізм таго, што прамова фінскага біскупа па-фінску ўспрымалася як штосьці незвычайнае. У грамадскіх дыскусіях фінская мова пачала актыўна выкарыстоўвацца толькі ў 1870-х гадах[2]:87.

На фоне Ліпеньскай рэвалюцыі ў Францыі, паўстання 1830-31 гадоў у Польшчы, Беларусі і Літве, шэрагу еўрапейскіх рэвалюцый канца 1840-х гадоў, у Расійскай імперыі ўзмацнялася цэнзура і кантроль за іншадумствам. Кіраўніцтва імперыі на чале з Мікалаем I баялася распаўсюджання рэвалюцыйных ідэй і дапамагала падаўляць паўстанні ў іншых краінах. Павелічэнне кантролю датычылася і Фінляндыі. У канцы восені 1846 года быў зачынены часопіс «Сайма». У 1848-49 гадах накладаліся дадатковыя абмежаванні на дзейнасць грамадскіх арганізацый. У 1849 годзе фінскія студэнты выказалі незадаволенасць прызначанымі ўніверсітэцкімі чыноўнікамі і планамі выкарыстоўваць Фінскі гвардзейскі батальён[fi] для падаўлення паўстання ў Венгрыі, на што імператар адказаў пагрозай рэарганізацыі ўніверсітэтаў у вышэйшыя рамесныя вучылішчы, аднак рэарганізацыя так і не была здзейснена. У сакавіку 1850 года выйшла пастанова, якая забараняла выдаваць літаратуру на фінскай мове, акрамя рэлігійнай і эканамічнай. Шведскамоўныя газеты праходзілі строгую працэдуру праверкі і маглі адлюстроўваць толькі погляды афіцыйных выданняў. Такім чынам, цэнзура ў Фінляндыі была нават больш жорсткай, чым у самой Расіі[1]. Многія фінскія дысідэнты пераязджалі ў Швецыю і публікавалі там артыкулы, якія нелегальна распаўсюджваліся ў Фінляндыі[2]:87-89.

Крымская вайна правіць

На палітычную сітуацыю ў Вялікім Княстве Фінляндскім, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, паўплывалі падзеі Крымскай вайны 1853-56 гадоў. Асноўнай прычынай вайны быў канфлікт паміж Расіяй і Асманскай імперыяй за панаванне на Басфоры і ўсходнім Міжземнамор’і. Калі расійскае войска заняло поўдзень Балкан і патапіла асманскую эскадру на Чорным моры, у вайну на баку Асманскай імперыі ўмяшаліся Вялікабрытанія і Францыя каб аслабіць расійскі ўплыў у Еўропе[2]:89.

 
Бамбардзіроўка Свеаборга ў Лонданскіх навінах[en].

Адным з месцаў, дзе разгортваліся баявыя дзеянні, было Балтыйскае мора. Рыхтуючыся да нападу, расійскае камандаванне рэарганізавала марскую абарону Санкт-Пецярбурга, умацавала крэпасці, у тым ліку на фінляндскім узбярэжжы, павялічыла колькасць расійскага войска ў Фінляндыі да 70 тысяч. У 1854 годзе флот кааліцыі атакаваў шэраг фінскіх партовых гарадоў, разбурыў крэпасць Бомарсунд[ru] на Аландсіх астравах. З 9 па 11 жніўня 1855 года эскадра саюзнікаў цягам 46 гадзін бамбіла[fi] крэпасць Свеаборг. Жыхары Хельсінкі маглі назіраць за падзеяй з горада. Тэлеграф дазволіў саюзнікам хутка паведамляць пра ход бамбардзіроўкі ў прэсе. Калі аперацыя скончылася, эскадра знялася з якара, не здзейсніўшы ніводнай значнай вылазкі на сушы. Мэтай бамбардзіроўкі была дэманстрацыя сілы і зніжэнне прэстыжу Расіі[2]:89-90.

У часе вайны фінская прэса выказвала падтрымку Расійскай імперыі. Фінскае грамадства было раззлавана атакамі на фінскія гарады і паралізацыяй фінскага гандлю варожым флотам. Крытыка Расіі выказвалася ў кулуарах ліберальных колаў[2]:90.

Вайна скончылася паражэннем Расіі пасля заняцця праціўнікамі Севастопаля. У сакавіку 1856 года быў падпісаны мір, паводле якога Расія адмаўлялася ад марскіх баз на Чорным моры і Аландскіх астравах. Гэта азначала страту Расіяй уплыву ў Еўропе. У канцы вайны сканаў імператар Мікалай I, які праводзіў кансерватыўную палітыку. Яго змяніў Аляксандр II, у часе кіравання каторага былі праведзеныя маштабныя грамадскія рэформы, што закранулі і Фінляндыю[2]:90.

Адраджэнне сойма і першыя рэформы правіць

Дзякуючы прадэманстраванай Фінляндыяй лаяльнасці падчас Крымскай вайны і нежаданнем павялічваць палітычную напружанасць унутры краіны, Аляксандр II у 1856 годзе пагадзіўся на асобны ад агульнаімперскага курс рэформ у Вялікім Княстве Фінляндскім. Мэтамі рэформ былі развіццё гандлю і суднаходства, прамысловасці, павелічэнне колькасці вясковых школ, удасканаленне камунікацый і павышэнне ўтрымання чыноўнікам. Паводле дзеючых шведскіх законаў, падобныя змены маглі быць праведзены толькі соймам. Увосень 1863 года, упершыню за 54 гады, сойм быў скліканы, і на яго адкрыцці імператар паабяцаў зрабіць скліканне саслоўяў рэгулярным[2]:92. Адначасова з гэтым аслаблялася цэнзура, а ў 1865 годзе яна была цалкам скасавана[1].

Статс-сакратар Фінляндыі Аляксандр Армфельт[ru] пры падтрымцы міністра фінансаў Расійскай імперыі фон Рэйтэрна[ru] пераканаў імператара, што спрыяльным для пацярпелай ад інфляцыі расійскай эканомікі будзе ўвядзенне ў Фінляндыі асобнай валюты, заснаванай на срэбным грашовым стандарце. У 1865 годзе адзінай законнай валютай на тэрыторыі Фінляндыі прызнавалася фінская марка[fi] і пені[2]:93-94.

У 1869 годзе быў прыняты соймавы статут, паводле якога сойм мусіў збірацца прынамсі кожныя 5 год. Пры гэтым заставаўся дзейнічаць падзел на чатыры саслоўі: духавенства, дваранства, бюргерства і сялянства. Гэта параджала няроўнасць паміж рознымі пластамі грамадства. Напрыклад, сярод сялян правам абіраць прадстаўнікоў у сойм валодалі толькі найзаможнейшыя 4,5 %[2]:92-93.

У 1870-х гадах у Расійскай імперыі праводзілася вайсковая рэформа[ru], у выніку якой была ўведзена ўсеагульная воінская павіннасць. Фінляндыя, аднак, мела асобны закон, прыняты ў 1878 годзе. Паводле яго камандны і асабісты склад фінскага войска набіраўся толькі з фінскіх грамадзян і войска не магло перамяшчацца за межы Фінляндыі. Такі асобны статус княства выклікаў крытыку расійскіх нацыяналістаў[2]:93.

Усяго за 1863—1906 годы фінскі сойм прыняў каля 400 законаў, што спрыяла фармаванню грамадзянскай супольнасці і развіццю капіталізму ў Фінляндыі. Асобны палітычны статус і заканадаўства павялічвалі разрыў паміж Фінляндыяй і Расійскай імперыяй[2]:93-94.

Фенаманы і лібералы правіць

Адраджэнне сойма і актыўная заканадаўчая дзейнасць у другой палове XIX стагоддзя прывялі да развіцця дыскусіі аб тым, як мусіць развівацца краіна. Паўсталі дзве асноўныя групы з рознымі поглядамі на палітычную сітуацыю: фенаманы[fi] і лібералы.

 
Ір’ё Коскінен, адзін з лідараў фенаманаў.

Фенаманы мелі сваёй мэтай аддаленне Фінляндыі ад Швецыі і развіццё ўласнай культуры. Іх аснову складалі саслоўі сялян і духавенства. Расійскае кіраўніцтва бачыла пагрозу ў шведскай мове, бо праз яе са Швецыі маглі распаўсюджвацца непажаданыя палітычныя ідэі, таму ў гэтым пытанні фенаматы атрымалі дзяржаўную падтрымку. Лідарам фенаманаў быў Юхан Снельман, які атрымаў годнасць прафесара філасофіі і пасаду старшыні Сената ў 1863—1868 гадах. Дзякуючы яго намаганням з адабрэння Аляксандра II было прынятае Палажэнне аб мовах, з годна на працягу 20 гадоў фінская мова мусіла стаць раўнапраўнай мовай адміністрацыі княства. Прафесар гісторыі і новы лідар фенаманаў з 1870-х гадоў Ір’ё Коскінен разглядаў шведскі перыяд гісторыі Фінляндыі як перыяд прыгнёту. Расійская імперыя, наадварот, успрымалася як чыннік, які дазволіў Фінляндыі пазбавіцца прыгнёту і сфармавацца як дзяржаве. Коскінен увёў у палітычны дыскурс паняцце «народу» як гістарычнага і палітычнага актара. У 1882 годзе ён быў прызначаны на пасаду ў Сенаце. У 1880-х гадах з асяроддзя фенаманаў вылучылася група моладзі на чале з Лаўры Ківекясам[fi], які патрабаваў больш актыўных мер у справе пераходу грамадства на фінскую мову[2]:94-96.

 

Фінскі Народ, хоць і позна з’явіўся на гістарычнай сцэне, пакрысе дагнаў іншыя народы свету на шляху да цывілізацыі і сацыяльнага прагрэсу, і адначасова прабудзілася ягоная самасвядомасць, і гэты пасталелы нацыянальны дух пачаў імкнуцца да пэўнага стану дзяржаўнасці. Такім чынам, аддзяленне ад Шведскай імперыі было падрыхтавана натуральным рухам гісторыі Фінскага народа[3].

Ір’ё Коскінен
 
 

Цяпер пытанне стаіць наступным чынам: хто мае кіраваць краінай, нязначная меншасць, чыя пазіцыя грунтуецца на старых сацыяльных няшчасцях, ці народная большасць?[4]

Ір’ё Коскінен
 

Публіцыст і прафесар філасофіі Юхан Перандэр[fi] адмаўляў мове і этнасу ролю галоўных каштоўнасцяў фенаманаў. Ён ставіў палітычнае развіццё нацыі вышэй за этнічную гамагеннасць. Яго палітычнай стратэгіяй было развіццё грамадзянскай супольнасці. У сваіх поглядах на нацыяналізм Перандэр звяртаўся да ідэй Таквіля, Маркса і Джона Сцюарта Міля. Пры гэтым ён усё яшчэ выступаў за развіццё фінскай мовы, бо тагачасны яе стан, на думку Перандэра, тармазіў палітычны прагрэс і блакіраваў магчымасці нацыі да самаарганізацыі[1].

Іншага погляду на ролю народа прытрымліваўся паплечнік Коскінена, адзін з лідараў фенаманаў Агатон Меўрман[fi]. Ён бачыў мэтай нацыянальнага руху цывілізаваць звычайных людзей. Крыніцай нацыянальнай маралі для яго была рэлігія. Толькі «праведныя і рэлігійныя» людзі маглі быць сапраўднай часткай фінскай нацыі і выражаць яе палітычную волю. На практыцы Меўрман прадстаўляў інтарэсы заможнага сялянства, звужаючы паняцце народа да адносна невялікай групы[1].

Лібералы паходзілі збольшага з саслоўяў дваранства і бюргерства. Для іх большай пагрозай была русіфікацыя, а традыцыйныя для Фінляндыі шведскія законы яны разглядалі як абарону ад гэтага. Таму ідэі пра пераход да фінскай мовы і аддаленне ад Швецыі ўважаліся лібераламі небяспечнымі[2]:94-96. Фенаманаў яны называлі «кансерватарамі» і абвінавачвалі ў зацікаўленасці толькі «апалітычнай моўнай рэформай». Самі лібералы натхняліся развітымі палітычнымі сістэмамі іншых краін, асабліва брытанскай парламенцкай сістэмай[1]. Найбольш вядомымі прадстаўнікамі ліберальнага падыходу былі журналіст Аўгуст Шаўман[fi] і прафесар дзяржаўнага права Леа Мехелін[fi]. Шаўман у газетах «Гельсінгфорская штодзённая газета» (шведск.: Helsingfors Dagblad) і «Веснік сталіцы» (шведск.: Hufvudstadsbladet) распаўсюджваў ідэю аб тым, што адзінае, што звязвала Фінляндыю з Расійскай імперыяй — асабістая унія з імператарам, дэклараваная на Боргаскім сойме[2]:94-96.

У ліберальных шведскамоўных газетах таксама выказваліся ідэі пра разуменне паняцця «народ» у шырокім сэнсе і пра палітычную нацыю, падобныя да ідэй Перандэра. Лібералы працягвалі прасоўваць свае погляды і параўноўваць палітычную сітуацыю ў Фінляндыі з больш «развітымі краінамі», але моўнае пытанне не дазваляла ім стаць сапраўды папулярнымі ў грамадстве. Няўдалымі былі спробы лібералаў адказаць на крытыку фенаманаў, што ставілі пад пытанне іх адданасць нацыянальнай справе. Пазіцыя лібералаў падпала пад уплыў новай нацыяналістычнай свекаманскай[fi] групы, так званых «вікінгаў». Вікінгі падкрэслівалі, што шведскай мовай карыстаецца не толькі старая эліта, але і многія сяляне і рабочыя краіны, асабліва на паўднёвым і заходнім узбярэжжах. Таксама яны ўказвалі на расавыя адрозненні паміж шведскім і фінскім насельніцтвам Фінляндыі. Радыкальная пазіцыя «вікінгаў» прыцягнула некаторых лібералаў, што пачалі бачыць шведскую мову неабходнай умовай для развіцця высокай культуры і захавання канстытуцыйнага ладу. Пры абмеркаванні моўнага заканадаўства ў 1883 годзе ліберальны пракуратар[fi] Сената Роберт Мантгомеры[fi] заявіў, што фінская мова не можа быць прызнана афіцыйнай, бо шведскі кодэкс 1743 года забараняе яе выкарыстанне ў судах. Гэта выклікала яшчэ большую крытыку фенаманаў, якія пачалі палітычную кампанію супраць «касмапалітычнага» лібералізму. Лібералы так і не змаглі сфармаваць уласную партыю, а новыя пакаленні ліберальных інтэлектуалаў пачыналі карыстацца фінскай мовай і крытыкавалі сваіх папярэднікаў за грунтаванне на «чужынскай ідэалогіі»[1].

Як лібералы, так і фенаманы праяўлялі крытычнае стаўленне да саслоўнай сістэмы ў парламенце, калі каментавалі дыскусію, якая праходзіла на гэты конт у Швецыі. Для развіцця нацыі ім здавалася неабходнай лепшая палітычная рэпрэзентацыя грамадства. Пры гэтым аналагічную сітуацыю ў Фінляндыі яны адкрыта не крытыкавалі, бо лічылі больш важным забеспячэнне таго, каб сойм працягваў збірацца ў будучым, хай нават і ў саслоўным фармаце[1].

Абедзве групы падзялялі погляд на Фінляндыю як на асобную дзяржаву, што развілася цягам XIX стагоддзя. Іх дыскусія вакол мовы і ролі народа адкрывала дарогу новым і больш радыкальным ідэям. Гэта не задавальняла расійскіх славянафілаў[ru] і кіраўніцтва, якое не хацела губляць кантроль над княствам. У 1881 годзе імператар Аляксандр II быў забіты[ru] і яго сын і пераемнік Аляксандр III пачаў пераход да больш строгай інтэграцыйнай палітыкі. Калі ў 1889 годзе фінскі Сенат выказаў уласныя прапановы наконт Усерасійскага ўказу аб мытнях, імператар, жартуючы, пацікавіўся, ці належыць Расія Фінляндыі, ці ўсё ж наадварот. Праз год у Фінляндыі была скасаваная ўласная пошта, пачаўся працэс інтэграцыі фінскай арміі ва ўзброеныя сілы Расійскай імперыі[ru][2]:95-97.

Утварэнне нацыянальнай культуры правіць

 
Захарыас Тапеліус (справа) з Юханам Рунебергам, 1863 год.

У канцы XIX стагоддзя ў грамадстве пачынае распаўсюджвацца погляд на Фінляндыю як на асобную нацыю з уласнай гісторыяй. Адным з найбольш вядомых папулярызатараў гэтай ідэі быў шведскамоўны фінскі пісьменнік Захарыас Тапеліус[fi]. Вялікімі тыражамі выдаваліся ягоныя вершы, казкі, раманы і школьныя падручнікі. У 1875 годзе Тапеліус выдаў «Кнігу пра нашу краіну[sv]» (шведск.: Boken om vårt land) для пачатковай школы, паводле якой фінскія дзеці навучаліся да 1930-х гадоў. Большасць з твораў Тапеліуса былі перакладзены на фінскую мову[2]:105.

Пачынальнікам мастацкай літаратуры на фінскай мове быў Алексіс Ківі, які ў 1871 годзе апублікаваў раман «Сем братоў[fi]», дзе апісваў сутыкненне фінскай вёскі з цывілізацыяй. Раман Ківі стаў шырока вядомым у 1890-х гадах. У 1880-х пачаўся росквіт нацыянальнай драматургіі. Вядомай пісьменніцай у гэтым кірунку стала Міна Кант, якая натхнялася творамі Генрыка Ібсена. Працы Міны Кант закраналі тэму сацыяльнай няўпэўненасці эмансіпаваных жанчын і сярэдняга класа[2]:105.

Фінская літаратура пераймала практыкі як скандынаўскай, так і расійскай літаратур. Раманы Аўгуста Стрындберга і Георга Брандэса[da] паўплывалі на прозу Юхані Аха[fi]. Уплыў Івана Тургенева, Льва Талстога, і Антона Чэхава заўважны ў працах Арвіда Ярнефельта[fi] і Ёэля Лехтанена[fi]. У тыя часы ў Еўропе вядучымі кірункамі мастацтва былі сімвалізм і нацыянальны рамантызм. Кантакты фінскіх дзеячаў з іншымі культурамі адбываліся праз супольнасці скандынаўскіх мастакоў у Берліне і Парыжы. Напрыклад, Ян Сібеліус ствараў там свае першыя накіды да музычных кампазіцый паводле «Калевалы»[2]:105-106.

 
Акселі Гален-Калела на фоне фрэскі «Абарона Сампа[fi]» паводле сюжэта з «Калевалы», 1928 год.

Сярод жывапісцаў адным з найбольш вядомых стаў Альберт Эдэльфельт, які ілюстраваў «Апавяданні прапаршчыка Столя» Рунеберга з падзеямі Фінскай вайны. «Калевалу» ілюстраваў мастак Акселі Гален-Калела. Яго фрэскі выклікалі цікавасць публікі на адкрыцці павільёна Фінляндыі на Сусветнай выстаўцы 1900 года ў Парыжы[2]:106-107.

У пачатку XX стагоддзя набыла папулярнасць паэзія Эйна Лейна[fi], Л. Анервы[fi] і Ота Манінена[fi]. Творы Эйна Лейна сумяшчаюць у сабе нацыянальную культуру Фінляндыі і агульнаеўрапейскія сімвалізм і ніцшэантсва. У шведскамоўнай паэзіі выбітнай фігурай была мадэрністка Эдзіт Сёдэргран, што пісала свае вершы верлібрам і ўнікала нацыянальных і гістарычных матываў. Агулам у параўнанні з фінскамоўнай літаратурай, шведскамоўная губляла свае пазіцыі, да яе ўжывалі тэрмін «літаратура бяздзейных людзей»[2]:107.

 
Будынак чыгуначнага вакзала ў Хельсінкі.

Характэрным архітэктурным стылем таго часу быў югендстыль. Для яго характэрныя асіметрыя, матэрыялы і арнаменты з фінскай і скандынаўскай міфалогіі, зварот да народнай творчасці. Прыклады будынкаў у югендстылі: Домскі сабор у Тамперэ (1907), Нацыянальны музей (1910) і чыгуначны вакзал[en] (1916) у Хельсінкі. Распаўсюджанне югендстылю было выклікана ў тым ліку папулярнасцю падобных кірункаў у іншых краінах Еўропы[2]:108.

Русіфікацыя і новы парламент правіць

Пачатак XX стагоддзя характарызаваўся спробамі Расійскай імперыі зменшыць аўтаномію Фінляндыі, што ішло ў разрэз з развіццём фінскай нацыянальнай культуры і самасвядомасці. Палітыку русіфікацыі праводзіў імператар Мікалай II, сын Аляксандра III. Расійскае кіраўніцтва было незадаволенае разрывам паміж фінскімі і агульнадзяржаўнымі законамі, наяўнасцю ў Фінляндыі ўласнага войска і недастатковым распаўсюджаннем расійскай мовы ў справаводстве княства[2]:108-109.

У 1898 годзе для ажыццяўлення інтэграцыйных рашэнняў генерал-губернатарам Фінляндыі быў прызначаны генерал Мікалай Бобрыкаў. У лютым 1899 года імператар падпісаў маніфест[fi], паводле якога на Фінляндыю распаўсюджваліся расійскія законы, а ўсе палітычна значныя фінскія законы мусілі разглядацца расійскай адміністрацыяй. Такім чынам зніжаўся ўплыў фінскага сойма на палітыку княства. Маніфест выклікаў абурэнне ў фінскім грамадстве, бо многія пабачылі ў ім парушэнне заканадаўства Фінляндыі і абяцання імператара паважаць фінскі закон. За некалькі тыдняў былі сабраныя каля паўмільёна подпісаў пад зваротам да імператара. Фінскія журналісты, навукоўцы і мастакі заахвочвалі сваіх замежных калег да салідарнасці з Фінляндыяй. Кіраўніцтва імперыі адказала на пратэсты далейшым узмацненнем інтэграцыі[2]:109.

У 1900 годзе моўны маніфест абвяшчаў расійскую мову афіцыйнай мовай Фінляндыі. Трэба адзначыць, аднак, што ўжо ў 1902 годзе імператарскім указам афіцыйны статус быў нададзены фінскай мове, разам са шведскай[1].

Улетку 1901 года выйшаў імператарскі Указ аб воінскай павіннасці, які прадугледжваў скасаванне фінскай арміі і пяцігадовую службу ў расійскай арміі для ўсіх ваеннаабавязаных. Гэта выклікала яшчэ большую незадаволенасць, і ў якасці пратэсту ўвесну 1902 года амаль палова ваеннаабавязаных не прыбылі ў пункты прызыву[2]:109-110.

 
Забойства Бобрыкава, аўтар невядомы.

Рэформы Бобрыкава працягваліся: у наступныя гады быў скасаваны Фінскі кадэцкі корпус[fi], падвышаўся статус расійскай мовы ў органах цэнтральнага кіравання, душылася апазіцыя. Гэта прывяло да радыкалізацыі фінскага грамадства. Узнік канспірацыйны[en] рух, які дзейнічаў разам з расійскімі рэвалюцыянерамі. У чэрвені 1904 года быў здзейснены замах на Бобрыкава[en], у выніку якога ён быў забіты[2]:110.

На пратэсты ўнутры Фінляндыі накладалася тое, што ў 1905 годзе сітуацыя ў самой Расійскай імперыі была нестабільнай праз расійска-японскую вайну. У выніку імператар пайшоў на ўступкі і ўвесну 1905 года дзейнасць Указа аб воінскай павіннасці была прыпынена, а пасля замененая штогадовым грашовым зборам. У кастрычніку 1905 года адбылася ўсерасійская стачка[ru], якая прымусіла імператара да новых уступак. У Расійскай імперыі была створаная Дзяржаўная дума[ru], а ў Фінляндыі прыпыненыя рэформы 1899 года. Улетку 1906 года быў створаны аднапалатны сойм Фінляндыі з 200 выбарных прадстаўнікоў. На змену саслоўнай сістэме прыйшло ўсеагульнае выбарчае права[en], у выніку чаго колькасць грамадзян з правам галасаваць павялічылася з 126 тысяч да 1,3 мільёна. У тым ліку галасаваць маглі жанчыны, што зрабіла Вялікае Княства Фінляндскае першай краінай у Еўропе, дзе жанчыны атрымалі выбарчае права[2]:110.

 
Чырвоная дэкларацыя[fi], апублікаваная фінскімі сацыял-дэмакратамі 14 лістапада 1905 года. Адно з патрабаванняў — усеагульнае выбарчае права.

Такая радыкальная змена ў выбарчым заканадаўстве была магчымая дзякуючы шэрагу перадумоў. Некаторая крытыка саслоўнай сістэмы гучала ўжо ў другой палове XIX стагоддзя, але ў той час так і не стала паўнацэннай часткай палітычнай дыскусіі, бо захаванне статуса-кво ў канстытуцыйным праве здавалася больш бяспечным варыянтам для тагачасных фінскіх палітыкаў, якія баяліся скасавання фінскіх палітычных інстытутаў. Такая сітуацыя рабіла немагчымымі ранейшыя паступовыя змены ў прынцыпах абрання сойма. Першыя заклікі да ўсеагульнага выбарчага права пачалі гучаць у сярэдзіне 1890-х гадоў, калі ў Фінляндыі былі распаўсюджаны разнастайныя таварыствы, актыўны ўдзел у якіх бралі жанчыны і мужчыны, людзі з розных саслоўяў і ўзроўняў дабрабыту. Падобныя грамадскія рухі спрыялі большаму даверу да звычайных грамадзян сярод мясцовай палітычнай эліты. З пункту гледжання эліты права галасаваць уцягнула б людзей у палітычны працэс і магло б заахвоціць іх да абароны краіны ад русіфікацыі. Таксама ўсеагульнае выбарчае права падтрымлівалі сацыял-дэмакраты. Яно стала тэмай масавых дэманстрацый, сходаў партыі і дэбатаў[en] у часе і пасля стачкі 1905 года[fi]. Для расійскага кіраўніцтва парламенцкая рэформа здавалася дапушчальнай, бо яна толькі пашырала выбарчыя правы, але не прадугледжвала дадатковыя паўнамоцтвы для парламента. Улада Сената і імператара заставаліся некранутымі[1].

 
Першае засяданне парламента ў 1907 годзе.

Першыя выбары ў новы парламент прайшлі ў 1907 годзе. Першай паводле колькасці месцаў стала Сацыял-дэмакратычная партыя (СДП) з 80 месцамі. Другой партыяй з 59 месцамі стала кансерватыўная фенаманская партыя Старафінаў. Маладыя фіны атрымалі 26 месцаў, Шведская народная партыя — 24, Аграрны саюз — 9[2]:110-111.

Імператар усё яшчэ захоўваў вялікі ўплыў, бо меў права распускаць сойм, адхіляць ягоныя законапраекты і выдаваць уласныя ўказы. У 1908 годзе Мікалай II сваім указам перадаў паўнамоцтвы па разглядзе фінскіх законаў да Савета міністраў Расійскай імперыі[ru]. У 1910 годзе ўсе законапраекты, што тычыліся Фінляндыі, перадаваліся ў Дзяржаўную думу. У 1912 годзе імператар выдаў закон аб ураўноўванні ў правах расійскіх падданых у княстве з фінляндскімі грамадзянамі. Гэта прывяло да таго, што Сенат стаў складацца з лаяльных расійскіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. Вынікам русіфікацыйнай палітыкі стала распаўсюджанне русафобных настрояў у Фінляндыі[2]:111-112.

Такім чынам, палітыка русіфікацыі не здолела асіміляваць фінаў, якія ўжо мелі развітую нацыянальную самасвядомасць. Беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч пакінула ўспаміны аб сваім падарожжы ў Фінляндыю ў 1914 годзе, дзе ахарактарызавала тагачасны стан фінскага грамадства[5]:

 

Фінляндскі народ цяпер займае шчытнае месца паміж культурнымі народамі. Фінляндскі ўніверсітэт штогод з сваіх сцен выпушчае маладую армію сыноў хлебаробаў, каторыя ідуць у народ і працуюць з забыццём шчасця свайго я. Народа шчасце — іх шчасце. Фінляндскі народ першы ў Еўропе прызнаў роўныя правы кабетам. Кабета-матка — свядомая фінляндка-патрыётка — яшчэ ў калысцы пачне навучаць свае дзеткі любіць родны край, родны народ, любіць і паважаць справядлівасць роднага народа. І ніякая сіла перарабіць цяпер фінскі народ на іншы капыл ужо не здолее, бо свядомасць народа, культурнасць яго стаяць вышэй усякай сілы.

Алаіза Пашкевіч
 

Незалежнасць правіць

У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна. Расійскае кіраўніцтва баялася нямецкай акупацыі Фінляндыі, бо гэта б адкрыла нямецкаму войску шлях на Санкт-Пецярбург. Каб не дапусціць такой сітуацыі, у княстве было прыведзенае ў боегатоўнасць статысячнае войска, пачалі ўзводзіцца ваенныя аб’екты і абарончыя валы вакол Хельсінкі. Мабілізацыя не распаўсюджвалася на фінскіх грамадзян, але больш за 500 чалавек запісаліся ў расійскую армію добраахвотнікамі. У той жа час каля 2 тысяч чалавек былі таемна завербаваныя ў нямецкую армію, якія ляглі ў аснову руху фінскіх егераў[fi][2]:112.

У лютым 1917 года стомленасць расійскага грамадства ад вайны прывяла да рэвалюцыі. Мікалай II адрокся ад прастола і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад. У Фінляндыі выйшаў маніфест, які адмяняў усе інтэграцыйныя рэформы з 1899 года[2]:112.

Страта расійскай арміяй кантролю адкрывала новыя магчымасці для незалежніцкіх рухаў у Фінляндыі. У чэрвені 1917 года фінскія сацыял-дэмакраты зрабілі сваёй мэтай поўны дзяржаўны суверэнітэт краіны. 18 ліпеня 1817 года соймам быў прыняты закон, які пазбаўляў Часовы ўрад прымаць рашэнні звязаныя з Фінляндыяй, акрамя знешнепалітычных і ваенных. У адказ на гэта расійскі ўрад распусціў сойм, што толькі заахвоціла фінаў да змагання за незалежнасць. У кастрычніку ўладу ў Санкт-Пецярбургу захапілі бальшавікі, што абяцалі нацыянальным меншасцям імперыі права на самавызначэнне. Гэта дазволіла Фінляндыі абвясціць незалежнасць 6 снежня 1917 года і спыніць існаванне залежнага ад Расійскай імперыі Вялікага Княства Фінляндскага[2]:112-115.

Адміністрацыйны падзел правіць

 
Губерні Вялікага Княства Фінляндскага.

Падзел на графствы, уведзены ў Швецыі ў 1634 годзе, захаваўся з невялікімі зменамі. У 1837 годзе назва пасады ландсхёўдынга[sv] была зменена на губернатара.

Нумар Герб Губерня Гарады (сталіца тлустым шрыфтам) Плошча, км²[6] Насельніцтва ў 1914[6]
1
 
Тавастгуская губерня

(фінск.: Hämeenlinnan lääni, шведск.: Tavastehus län, руск.: Тавастгусская губерния)

Хяменліна

Тамперэ

Лахты (горад з 1905)

20 928 356 405
2
 
Куапіоская губерня

(фінск.: Kuopion lääni, шведск.: Kuopio län, руск.: Куопиоская губерния)

Былая Савалакска-Карэльская губерня

Куапіа

Ісалмі (з 1891)

Ёэнсу (з 1848)

44 067 345 224
3
 
Санкт-Міхельская губерня

(фінск.: Mikkelin lääni, шведск.: St. Michels län, руск.: Санкт-Михельская губерния)

Былая Кюменегордская губерня

Мікелі (з 1838)

Саванліна

Хейнала (з 1839)

23 314 202 122
4
 
Улеаборгская губерня

(фінск.: Oulun lääni, шведск.: Uleåborgs län, руск.: Улеаборгская губерния)

Оўлу

Каяні

Раахэ

Торніа

Кемі (з 1869)

167 971 352 861
5
 
Аба-Б’ёрнеборгская губерня

(фінск.: Turun ja Porin lääni, шведск.: Åbo och Björneborgs län, руск.: Або-Бьёрнеборгская губерния)

Турку

Поры

Наанталі

Усікаўпункі

Раўма

Марыянхаміна (з 1861)

24 316 514 628
6
 
Нюландская губерня

(фінск.: Uudenmaan lääni, шведск.: Nylands län, руск.: Нюландская губерния)

Хельсінкі

Порва

Тамісаары

Ловійса

Ханка (з 1874)

12 039 407 484
7
 
Вазаская губерня

(фінск.: Vaasan lääni, шведск.: Vasa län, руск.: Вазаская губерния)

Васа (з 1855 пад назвай Нікалайстад)

Кокала

Піетарсаары

Усікаарлепю[fi]

Каскінен

Крысційнанкаўпункі

Ювяскюля (з 1837)

41 562 535 462
8
 
Выбаргская губерня

(фінск.: Viipurin lääni, шведск.: Viborgs län, руск.: Выборгская губерния)

Далучана да Фінляндыі ў 1812 годзе

Выбарг

Хаміна

Кякісалмі

Лапеэнранта

Сортавала

Котка (з 1879)

43 229 555 215

Эканоміка правіць

На Баргоскім сойме 1809 года Аляксандр I паабяцаў вызваліць Фінляндыю ад выплаты падаткаў у казну Расійскай імперыі, што было станоўча ўспрынята ў Вялікім Княстве. У далейшым некаторыя падаткі ўсё ж збіраліся, але іх памер быў меншым за падаткі шведскага перыяду. Унутранымі фінансамі Фінляндыі кіраваў эканамічны дэпартамент Сената, старшыня якога меў вялікі палітычны ўплыў у краіне. Мытная, грашовая і экспартная палітыка была пад кантролем расійскай адміністрацыі.

Асноўнымі галінамі эканомікі былі сельская гаспадарка і лясная прамысловасць. Цягам XIX стагоддзя была палепшана інфраструктура, у тым ліку за кошт будаўніцтва чыгункі, і адбылося зараджэнне індустрыялізацыі. Дзякуючы развіццю прамысловасці, за перыяд 1860—1913 гадоў валавы нацыянальны прадукт[en] краіны вырас амаль у тры разы[2]:101.

Гандаль правіць

У фінска-расійскім гандлю назіраўся дысбаланс праз мытныя пошліны[en] на фінскія тавары акрамя сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны[2]:80.

У 1809 годзе Расія дала дазвол на васьмігадовы бязпошлінны перыяд у гандлі паміж Фінляндыяй і Швецыяй. Гэта рабіла Швецыю выгадным рынкам для фінскіх сялян, таксама працягваўся імпарт шведскай руды і спажывецкіх тавараў. У 1820-х гадах рабіліся спробы наладзіць фінскую вытворчасць жалеза з балотнай руды[en], але неўзабаве фінансаванне гэтай галіны было спынена. Нізкія пошліны на шведскія тавары пагаршалі стан фінскай прамысловасці, таму ў 1834-44 гадах фінска-шведскія пошліны былі стандартызаваныя[2]:81.

Для фінскай папяровай прадукцыі[en] на расійскім рынку ў 1859—1885 гадах дзейнічала ільгота, што вызваляла прамысловасць ад мытных пошлін. Фінскія вытворцы былі зацікаўленыя ў усталяванні высокіх цэн на паперу, з мэтай чаго стваралі картэлі[en]. Пасля скасавання ільготы, вытворцы пачалі шукаць рынкі збыту ў іншых краінах, што прывяло да ўзмацнення гандлю з Заходняй Еўропай[2]:99.

Да пачатку Першай сусветнай вайны больш за палову знешняга гандлю Фінляндыі прыходзілася на лесапільную і дрэваапрацоўчую[en] індустрыю. Важным прадметам экспарту былі прадукты жывёлагадоўлі. Дзякуючы добрым параходным зносінам, адным з найбольшых рынкаў збыту Фінляндыі была Вялікабрытанія. Аб’ём продажу тавараў туды быў амаль такі самы, як і ў Расійскую імперыю. Найважнейшымі імпартнымі таварамі былі збожжа, прадукцыя металургіі, машыны і спажывецкія тавары[en]. Галоўную ролю ў імпарце (больш за 40 %) займала Германія[2]:100.

Развіваўся і ўнутраны гандаль, як раздробны ў крамах, так і аптовы[en]. Жыхары княства мелі магчымасць набываць каву, цукар, белы хлеб[en] і тытунь. З 1860 па 1913 годы спажыванне кавы ўзрасло ў 3 разы, цукру — у 9 разоў. У канцы XIX cтагоддзя кава была распаўсюджаным прадуктам у гарадах і вёсках Фінляндыі[2]:100.

Грашовая палітыка і банкі правіць

Фінская марка 1867 года.

У 1812 годзе на загад імператара быў заснаваны Банк Фінляндыі[en]. Яго мэтай было ўвесці ў абарот рубель, а таксама ліквідаваць фінска-шведскія крэдыты. Праз гандлёвыя чыннікі, рыксдалер заставаўся ў Фінляндыі больш пашыранай валютай за рубель да канца 1830-х гадоў. Увядзенне ў 1830-х гадах срэбнага грашовага стандарту[en] спрасціла пераход да рубля. У Паўднёвай Фінляндыі пераход на срэбныя рублі[ru] скончыўся да восені 1843 года, а на поўначы краіны зацягнуўся да 1850[2]:80-81.

У 1860-х на змену рублю прыйшла фінская марка[en], прывязаная да срэбнага стандарту. Указам 1865 года яна была прызнана адзінай законнай валютай на тэрыторыі Вялікага Княства Фінляндскага[2]:93-94. У 1877 годзе фінская марка была прывязаная да залатога стандарту і французскага залатога франка. Гэта паспрыяла фінскаму экспарту ў заходнія краіны[2]:94.

У другой палове XIX стагоддзя ў Фінляндыі ў сувязі з развіццём прамысловасці, развіваўся і банкаўскі сектар. Да 1880-х гадоў асноўнымі банкамі былі Аб’яднаны банк Фінляндыі[fi] (заснаваны ў 1862) і Скандынаўскі акцыянерны банк[fi] (1873). У 1889 годзе быў заснаваны Нацыянальны акцыянерны банк[fi] (фінск.: Kansallis-Osake-Pankki). Акрамя буйных прамысловых прадпрыемстваў, крэдыты выдаваліся мясцовым ашчадным банкам[en], якія ў сваю чаргу абслугоўвалі хатнія гаспадаркі і дробную прамысловасць[2]:100.

Інфраструктура правіць

Дзяржавай праводзілася будаўніцтва дарог і каналаў. За перыяд 1835-60 гадоў у Фінляндыі было пабудавана 12 каналаў, найважнейшым з якіх быў Сайменскі канал, што злучаў унутранае возера Сайма з Выбаргам[2]:81.

У канцы 1850-х гадоў пачалося пракладанне чыгункі. У 1870-х гадах пачала дзейнічаць чыгунка паміж Хельсінкі і Санкт-Пецярбургам. Шырыня каляіны адпавядала іншым рэгіёнам Расійскай імперыі. Чыгунка стала важным аспектам развіцця эканомікі і гандлю, а таксама магла выкарыстоўвацца для перадыслакацыі войска[2]:97.

Тэкстыльная прамысловасць правіць

 
Частка з 1200 механічных ткацкіх станкоў[en] на адной з фабрык кампаніі «Фінлейсан» у Тамерфорсе, 1877 год.

Дзякуючы блізкасці да Санкт-Пецярбурга, вельмі рэнтабельнай стала тэкстыльная вытворчасць[en]. У 1835 годзе расійскія прадпрымальнікі набылі тэкстыльную фабрыку «Фінлейсан і кампаньёны[fi]» ў Тамерфорсе, у выніку чаго яна стала найбуйнейшым прамысловым комплексам у Скандынавіі. Поспех фабрыкі грунтаваўся на таннай гідраэнергіі і праве бяспошліннага гандлю з Расіяй, нададзеным Тамерфорсу імператарам. Таксама перавагу забяспечвалі нізкія ў параўнанні з Расіяй пошліны на бавоўну і палатно з Паўночнай Амерыкі. У наступныя гады ў Фінляндыі былі заснаваныя яшчэ некалькі тэкстыльных прадпрыемстваў[2]:82.

Сельская гаспадарка правіць

У сярэдзіне 1840-х гадоў тры з пяці найбуйнейшых прадпрыемстваў Фінляндыі належалі расійскім капіталістам, аднак іх значэнне для эканомікі было невялікім, бо да 1860-х амаль 90 % насельніцтва краіны працавала ў сельскай гаспадарцы і лясной прамысловасці[ru]. 95 % даходаў ад экспарту прыпадала на сельскагаспадарчыя тавары, прадукцыю смолакурэння і лесапільнай галіны. Праз хуткі рост насельніцтва (з 863 тысяч чалавек у 1810 годзе да 1 мільёна 770 тысяч у 1870 годзе) лішкі сельскай гаспадаркі скарачаліся, што прывяло да зніжэння яе долі ў экспарце[2]:82.

Неўрадлівы перыяд у 1860-х гадах прывёў да павышэння цэн на збожжа ў Еўропе. Фінляндыя не была гатовая да крызісу, бо Сенат, звыклы да нізкіх цэн расійскага збожжа, зацягваў з фінансаваннем імпарту. У выніку пачаўся голад, які каштаваў княству больш за 100 тысяч чалавечых жыццяў[2]:98.

У пачатку 1870-х гадоў сельская гаспадарка зноў стала экспартнай галіной дзякуючы росту попыту на прадукты жывёльнага паходжання[en] ў выніку ўрбанізацыі ў Цэнтральнай Еўропе і Расіі[2]:82. Развіццё чыгункі дазволіла імпартаваць збожжа з паўднёвых рэгіёнаў Расійскай імперыі і экспартаваць мяса і малочныя прадукты. На мяжы XIX і XX стагоддзяў было пабудавана мноства малочных заводаў, якімі пераважна валодалі сялянскія кааператывы[en][2]:98.

Лясная прамысловасць правіць

Традыцыйна вялікую ролю ў эканоміцы Фінляндыі займала вытворчасць смалы, якая выкарыстоўвалася для будаўніцтва драўляных караблёў, але каля 1860 года яна страціла сваё значэнне, бо драўляныя караблі пачалі замяняць сталёвымі[2]:82.

Рэнтабельнасць лесапільнай індустрыі наадварот узрастала праз развіццё будаўнічай галіны ў Цэнтральнай Еўропе другой паловы XIX стагоддзя. Вытворчасць рабілася таннейшай дзякуючы дазволу на выкарыстанне паравой лесапільні 1857 года. Больш за палову даходу ад экспарту атрымлівалі ўласнікі лясоў, большасць з якіх складалі сяляне. Разам з развіццём жывёлагадоўлі, гэта паляпшала фінансавае становішча сялянства, дазваляла ім даваць сваім дзецям лепшую адукацыю[2]:98-99.

У 1860-70 гадах атрымала развіццё тэхналогія прамысловай вытворчасці паперы з драўніны. У Фінляндыі паперні[en] размяшчалі на водных і чыгуначных шляхах, а сыравіну сплаўлялі па азёрах. Для забеспячэння працы паперняў выкарыстоўвалася гідраэнергія. Фінская папера карысталася попытам на расійскім рынку, дзе на пачатку 1910-х гадоў складала 25 % ад усёй спажыванай паперы. Ад 30 да 40 % фінскай папяровай прадукцыі вывозілася ў Цэнтральную і Заходнюю Еўропу. З усяго экспарту княства на паперу прыходзілася трохі менш за 20 %[2]:99-100.

Насельніцтва правіць

Найбольш хуткі рост насельніцтва Вялікага Княства Фінляндскага адбываўся ў пачатку XIX стагоддзя, калі назіраўся пік нараджальнасці[en]. Пасля высокі тэмп росту падтрымліваўся зніжэннем дзіцячай смяротнасці і павышэннем працягласці жыцця[en][2]:101.

Асноўнымі размоўнымі мовамі былі фінская і шведская. Доля шведскамоўнага насельніцтва[en] знізілася з 14 да 12 % праз пераход на фінскую мову і зніжэнне нараджальнасці сярод шведскамоўных. Рускія складалі невялікую меншасць. У 1900 годзе іх колькасць была каля 6 тысяч грамадзянскіх і 10-20 тысяч вайскоўцаў[2]:101.

Доля гарадскога насельніцтва з 1870 па 1910 год узрасла з 9 да 15 %, пры тым што многія прамысловыя цэнтры і буйныя пасёлкі афіцыйна не лічыліся гарадамі. Найбольш хутка раслі Хельсінкі (з 39 да 127 тысяч) і Выбарг (з 11 да 43 тысяч). У 1910 годзе каля 65 % жыхароў займаліся сельскай гаспадаркай, 20 % адносіліся да рабочага класа, 7 % — да сярэдняга класа[en] і 2 % — да вышэйшага[en][2]:101-102.

Акрамя фінскіх гарадоў, фіны часта перасяляліся за мяжу. Папулярнымі кірункамі для міграцыі былі Расійская імперыя і Паўночная Амерыка. У 1870-х гадах у Расійскай імперыі пражывала 37 тысяч фінскіх грамадзян, з якіх 24 тысячы ў Санкт-Пецярбургу. У Паўночную Амерыку з 1880 па 1910 год выехалі каля 280 тысяч чалавек, пераважна з Эстэрботніі. Больш за 100 тысяч пазней вярнуліся ў Фінляндыю[2]:101-102.

Колькасць жыхароў паводле гадоў правіць

1810: 863,000[7]
1830: 1,372,000
1850: 1,637,000
1870: 1,769,000
1890: 2,380,000
1910: 2,943,000
1920: 3,148,000 (незалежная Фінляндыя з 1917)

Адукацыя правіць

У пачатку існавання княства ў Турку дзейнічала Каралеўская акадэмія[fi], заснаваная яшчэ ў часе шведскага кіравання. У 1828 была перанесена ў Хельсінкі пад новай назвай — Імператарскі ўніверсітэт імя Аляксандра I (пасля абвяшчэння незалежнасці перайменаваны ў Хельсінкскі ўніверсітэт). Універсітэт падзяляўся на 4 факультэты: багаслоўскі, юрыдычны, медыцынскі і філасофскі. У 1909 годзе ў Хельсінкі была заснавана Шведская вышэйшая гандлёвая школа.

Дзяржаўнай школьнай сістэмы да 1860-х гадоў у Вялікім Княстве Фінляндскім не існавала, адукацыя адбывалася пры цэрквах. Мовамі царкоўнай адукацыі былі шведская і лацінская. Першая школа з фінскай мовай навучання была заснавана ў 1858 годзе[8].

У 1860-х пачаліся школьныя рэформы пад кіраўніцтвам педагога Уна Сюгнеуса[fi], які заклікаў да пачатковай адукацыі для хлопчыкаў і дзяўчынак. У 1866 годзе быў прыняты Статут народных школ. У 1869 годзе з мэтай стварэння школьнай сістэмы было ўтворана Вышэйшае школьнае ўпраўленне[fi]. Каля 1900 года пачатковыя школы[fi] наведвалі амаль 50 % вясковых дзяцей. У 1921 годзе пачаў дзейнічаць Закон аб усеагульнай школьнай адукацыі[fi][2]:102-103.

На французскі і нямецкі ўзор былі мадэрнізаваныя вучылішчы для падрыхтоўкі да паступлення ва ўніверсітэт. Замест класічных дысцыплін вывучаліся сучасныя мовы, прыродазнаўчыя навукі і практычныя прадметы. У 1870-х гадах пачалося стварэнне прыватных ліцэяў, дзе асноўнай мова навучання была фінская (да гэтага ў адукацыі Фінляндыі дамінавала шведская мова). Дзякуючы лепшай падрыхтоўцы да навучання, колькасць студэнтаў Хельсінкскага ўніверсітэта ўзрасла з 700 да 3000 чалавек за перыяд з 1870-га па 1917 год. Калі раней вялікую долю студэнтаў складалі найбагацейшыя жыхары княства, то цяпер павялічвалася доля вучняў з сем’яў сярэдняга дабрабыту[2]:103.

 
Марыя Чачуліна, першая студэнтка ў Фінляндыі.

У другой палове XIX стагоддзя вышэйшая адукацыя ў Фінляндыі стала даступнай для жанчын. З 1860-х гадоў дзяўчынкі маглі навучацца ў спецыялізаваных школах, але іх заканчэнне не давала права на далейшае паступленне ва ўніверсітэт. Выхадам было паступленне ў прыватныя сумесныя школы для хлопчыкаў і дзяўчынак. Першай студэнткай універсітэта ў Фінляндыі стала Марыя Чачуліна з Хельсінкі. Для яе допуску да іспыту на паступленне спатрэбілася спецыяльнае распараджэнне. Праз некалькі год фінансавыя цяжкасці прымусілі Марыю пакінуць універсітэт[9]. У 1873 годзе ў Хельсінкскі ўніверсітэт паступіла Эма Ірэна Острэм, якая пазней стала вядомай выкладчыцай і першай жанчынай у Фінляндыі, што паспяхова скончыла ўніверсітэт[10]. Да 1901 года для паступлення ва ўніверсітэт жанчынам патрабавалася атрымаць дазвол імператара, хаця на той момант яны ўжо складалі чвэрць ад усіх студэнтаў (400 з 1650)[2]:103.

Лібералізацыя 1860-х гадоў зрабіла магчымым паўстанне разнастайных грамадскіх арганізацый як мясцовага, так і агульнафінляндскага ўзроўню. У 1874 годзе ўзнікла «Таварыства асветы народа[fi]» (фінск.: Kansanvalistusseura), што праводзіла асветніцкія кампаніі, публічныя лекцыі і народныя святы ў розных частках краіны, і на дзесяцігоддзе стала найбуйнейшай грамадскай арганізацыяй у краіне. Таварыства аб’яднала ў сабе сталічную інтэлігенцыю і заможных сялян, а часам і бяднейшых грамадзян[1]. Існавалі таксама таварыствы цвярозасці, моладзевыя саюзы, арганізацыі за жаночую эмансіпацыю[en], спартовыя, краязнаўчыя і палітычныя аб’яднанні[2]:103-104.

Рэлігія правіць

98 % жыхароў былі прыхаджанамі 4 евангелічна-лютэранскіх епархій:

Епархіі складаліся з пробстваў, пробствы з прыходаў (пастаратаў і капел). Перыядычна прадстаўнікі евангелічна-лютэранскіх епархій збіраліся на царкоўны з’езд (шведск.: kyrkomötet, фінск.: kirkolliskokous), які складаўся з епіскапаў, выбраных пастараў, прадстаўнікоў недухоўных, сената, надворных судоў і багаслоўскага факультэта ўніверсітэта. Кожная епархія ўзначальвалася епіскапамі, якіх прызначаў урад на прапанову царквы. Пробствы кіраваліся контрактс-пробстамі[11] (шведск.: kontraktsprost, фінск.: lääninrovasti), якіх выбіралі ардынарныя пастары з ліку галоўных пастараў пробства. Прыходы кіраваліся царкоўным сходам (шведск.: kyrkostämma), што складаўся з усіх прыхаджан, і царкоўнай радай (шведск.: kyrkoråd, фінск.: kirkkoneuvosto), якая складалася з пастара, што прызначаўся ўрадам на прапанову царквы, і немдэманаў, якіх выбіралі прыхаджане на 4-гадовы тэрмін пры ратацыі кожныя 2 гады[12]. Саборныя прыходы ўзначальваліся дампробстамі (шведск.: domprost, фінск.: tuomiorovasti).

Частка насельніцтва былі прыхаджанамі Фінляндскай і Выбаргскай праваслаўнай епархіі[ru] (з 1893 года, у 1859—1893 гадах — Выбаргскае вікарыяцтва Санкт-Пецярбургскай епархіі), што падпарадкоўвалася Свяцейшаму Сіноду. Выхад з яе быў забаронены. Выхад з усякай іншай дэнамінацыі, у тым ліку з евангелічна-лютэранскіх епархій, быў дазволены пры ўмове далучэння да іншай хрысціянскай дэнамінацыі. Існавалі таксама два прыходы Магілёўскай каталіцкай архіепархіі, асобныя баптысцкія і метадысцкія[en] прыходы. Іўдаісты, мусульмане і прадстаўнікі іншых нехрысціянскіх веравызнанняў у сілу асаблівых распараджэнняў мелі права здзяйсняць свае богаслужэнні, але не мелі грамадзянства Вялікага Княства Фінляндскага.

Сілавыя структуры правіць

Армія правіць

 
Афіцэр і салдат Улеаборгскага стралковага батальёна. Каля 1860 года.

З 1829 па 1905 год у Хельсінкі кватараваў лейб-гвардыі Фінскі стралковы батальён (з 1871 года — лейб-гвардыі 3-і Фінскі стралковы батальён[ru] (фінск.: Henkivartioväen 3. Tarkk’ampujapataljoona)), які часткова ўтрымліваўся на дзяржаўныя сродкі[13].

Пасля вайсковай рэформы 1878 года Фінляндыя юрыдычна атрымала сваю ўласную нацыянальную армію, якая праіснавала да 1901 года. Армія не магла выкарыстоўвацца для патрэб імперыі за межамі княства і прызначалася толькі для абароны фінскай тэрыторыі. Да 1870 года камплектавалася на аснове паселенай сістэмы[ru]. Першы прызыў у нацыянальную армію адбыўся ў 1881 годзе. Армія набіралася з фінляндскіх грамадзян, галоўнакамандуючым уважаўся імператар, у Фінляндыі войскам кіраваў генерал-губернатар. Памер арміі быў вызначаны ў 5600 чалавек[14]. Фінскае войска складалася з васьмі стралковых батальёнаў, дзявятым быў гвардзейскі батальён з добраахвотнымі стралкамі. Існаваў таксама адзін драгунскі[en] полк. Артылерыі не было[15]:

  • 1-ы Нюландскі фінскі стралковы батальён (фінск.: Suomen 1. Uudenmaan Tarkk’ampujapataljoona) (Гельсінгфорс)
  • 2-і Абаскі фінскі стралковы батальён (фінск.: Suomen 2. Turun Tarkk’ampujapataljoona) (Аба)
  • 3-і Вазаскі фінскі стралковы батальён (фінск.: Suomen 3. Vaasan Tarkk’ampujapataljoona) (Нікалайстад)
  • 4-ы Улеаборгскі фінскі стралковы батальён (фінск.: Suomen 4. Oulun Tarkk’ampujapataljoona) (Улеаборг)
  • 5-ы Купіёскі фінскі стралковы батальён (фінск.: Suomen 5. Kuopion Tarkk’ampujapataljoona) (Куопіа)
  • 6-ы Санкт-Міхельскі фінскі стралковы батальён (фінск.: Suomen 6. Mikkelin Tarkk’ampujapataljoona) (Санкт-Міхель)
  • 7-ы Тавастгускі фінскі стралковы батальён (фінск.: Suomen 7. Hämeenlinnan Tarkk’ampujapataljoona) (Тавастгус)
  • 8-ы Выбаргскі фінскі стралковы батальён (фінск.: Suomen 8. Viipurin Tarkk’ampujapataljoona) (Выбарг)
  • Фінскі драгунскі полк (фінск.: Suomen Rakuunarykmentti) (Вільманстранд)

Пасля зацвярджэння 29 чэрвеня 1901 года новага статута аб воінскай павіннасці навабранцы з ліку фінляндскіх ураджэнцаў прызначаліся ў войска на агульных падставах, а фінскія часці расфарміроўваліся. Лейб-гвардыі 3-і Фінскі стралковы батальён быў апошняй фінскай часткай у Расійскім імператарскім войску і быў расфарміраваны 21 лістапада 1905 гады.

 
Ніжнія чыны і гарніст Лейб-гвардыі Фінскага стралковага батальёна, 1830 год.

Усе фінскія ваенныя падраздзяленні насілі цёмна-зялёныя мундзіры расійскай Імператарскай пяхоты і драгунаў, але з блакітнымі нашыўкамі і выпушкамі для адрознення.

Лейб-гвардыі Фінскі стралковы батальён адносіўся да частак гвардзейскай лёгкай пяхоты з правамі «Маладой гвардыі», меў цёмна-зялёны лацканны егерскі мундзір са светла-сінімі пагонамі, клапанамі абшлагаў і выпушкамі на каўняры. Уся амуніцыя мела чорныя(егерскія) рамяні. На гвардзейскі статус батальёна паказвалі белыя басонныя гвардзейскія пятліцы на каўняры і клапанах абшлагаў у радавых і унтэр-афіцэраў і сярэбраныя ў афіцэраў, а таксама гвардзейскі герб на галаўных уборах у выглядзе двухгаловага арла, пры гэтым на грудзях арла ў шчытку замест святога Георгія на кані быў герб Фінляндыі — леў з мячом.

За адвагу, праяўленую фінскімі стралкамі ў Польскую кампанію 1830—1831 гадоў, батальён быў узнагароджаны Георгіеўскім сцягам з надпісам «За адзнаку пры ўціхамірванні Польшчы ў 1831 годзе» і выявай геральдычных фінскіх ільвоў з мячамі і зоркамі па вуглах палотнішча. У 1878 годзе за адзнаку ў часе Руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў батальёну былі падараваны правы і перавагі «Старой гвардыі» з заменай у радавых і унтэр-афіцэраў белых басонных пятліц на жоўтыя.

Батальён адрозніваўся ад іншых частак расійскай Імператарскай арміі тым, што ўсе без выключэння ніжнія чыны і унтэр-афіцэры атрымалі ў якасці штатнага ўзбраення наразную стрэльбу (штуцар), якая дазваляла страляць у два разы далей звычайных гладкаствольных узораў. Для рукапашнага бою выкарыстоўваўся адмысловы штык-цясак, які прымыкаўся дзяржаннем да ствала штуцэра ўзбоч на адмысловы выступ з дапамогай спружыннай зашчапкі.

Паліцыя правіць

 
Васілій Худзякоў[ru] Сутычка з фінляндскімі кантрабандыстамі.

Дзейнасць асноўных органаў улады, у тым ліку і паліцыі, рэгулявалася шведскім заканадаўствам, якое паступова ўдакладнялася і дапаўнялася імперскімі заканадаўчымі актамі і законамі фінскага Сойма. Паліцыя Фінляндыі фарміравалася выключна з фінляндскіх падданых. Большая частка заканадаўчых актаў, якія рэгулявалі дзейнасць паліцэйскіх органаў Княства, прымалася фінляндскімі ўладамі на фінскай мове без узгаднення з заканадаўчымі актамі Імперыі. Вышэйшае загадванне дзейнасцю паліцыі было даручана генерал-губернатару. Аднак з 1869 года фінская паліцыя пераходзіла ў падпарадкаванне грамадзянскай экспедыцыі пры Гаспадарчым Дэпартаменце Сената, што азначала фактычнае вывядзенне адпаведных структурных падраздзяленняў з адміністрацыйнага падпарадкавання ўпраўленню паліцыі Расійскай імперыі. Непасрэднае ўмяшанне расійскай паліцыі ў справы Вялікага Княства лічылася фінамі парушэннем унутранага самакіравання[16].

Парадак разгляду спраў аб злачынствах, учыненых у Расійскай імперыі фінляндскімі ўраджэнцамі, і наадварот, вызначаўся законам ад 25 сакавіка 1826 года «Аб злачынствах, якія ўчыняюцца ў Расіі фінляндцамі, а ў Фінляндыі расійскімі абывацелямі»[16].

Паліцэйскія функцыі ў буйных гарадах ускладаліся на паліцмайстра[ru] (шведск.: Polismästare, фінск.: Poliisimestari), яго памочнікаў, сакратара (шведск.: Polissekreterare), камісараў па крымінальных справах (kriminalkommissarie), натарыўсаў, камісараў (шведск.: Poliskommissari, фінск.: Ylikomisario), у іншых гарадах на бургамістраў. Гарады дзяліліся на кварталы на чале з квартальнымі наглядчыкамі (шведск.: överkonstapel, фінск.: ylikonstaapeli) выканаўчым персаналам былі канстэблі (шведск.: Konstapel, фінск.: Konstaapeli)[17]. Гарадская паліцыя падзялялася на паліцыю ахоўную або ўчастковую, вышукную (фінск.: rikospoliisi, шведск.: kriminalpolisen), цэнтральную або навучальную і паліцыю маральнасці. Вялікую ролю ў раскрыцці і спыненні беспарадкаў меў корпус жандараў. Яго фарміраванне пачалося ў 1817 годзе са стварэння пры размешчаных у Фінляндыі войсках жандарскіх каманд: гельсінгфорскай, абоскай, выбаргскай і куапіёскай. Паліцэйскімі абавязкамі гэтых каманд былі аказанне дапамогі грамадзянскім уладам у выкананні законаў і прысудаў, разгон масавых сходаў, лаўленне злачынцаў, ахова парадку на кірмашах, таргах, святах і падобнае. Пасля ўтварэння ў 1827 годзе пяці жандарскіх акруг Вялікае Княства Фінляндскае пачало ўваходзіць у I-ую пецярбургскую жандарскую акругу, а кватэра фінляндскага штаб-афіцэра была размешчана ў Гельсінгфорсе[16].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о Jussi Kurunmäki, Ilkka Liikanen. The Formation of the Finnish Polity within the Russian Empire: Language, Representation, and the Construction of Popular Political Platforms, 1863-1906 (англ.). Harvard Ukrainian Research Institute.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг ад ае аё аж аз аі ак ал ам ан ао ап ар ас ат ау аф ах ац ач аш аэ аю ая ба бб бв бг бд бе бё бж бз бі бк бл бм бн бо бп бр бс бт бу бф бх Мейнандэр Х. Гісторыя Фінляндыі: Лініі, структуры, пераломныя моманты; пер. са шведскай Вольгі Рызмаковай. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017. — ISBN 978-985-02-1748-6.
  3. Yrjö Koskinen, Oppikirja Suomen kansan historiasta (Helsinki: SKS, 1869), 510. (бел.: Лекцыі па гісторыі Фінскага народа)
  4. Yrjö Koskinen, "Kysymys Normaali-koulun suomenkielisestä osastosta," Kirjallinen Kuukausilehti 4, no. 6 (1869): 141 — 42.
  5. Выбраныя творы / Цётка. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2016. — С. 113. — ISBN 978-985-02-1746-2.
  6. а б Suomen tilastollinen vuosikirja 1916 (20 кастрычніка 2021).
  7. B. R. Mitchell, European Historical Statistics, 1750—1970 (Columbia U.P., 1978), p. 4
  8. Historical development (англ.). European Commission.
  9. Väisänen M., Mäkelä-Alitalo A.. Tschetschulin, Maria (1852—1917). ensimmäinen naisylioppilas, konttoristi (фін.). Kansallisbiografia-verkkojulkaisu. Studia Biographica 4. Helsinki: Suomalaisen Kirjallisuuden Seura (6 верасня 2001). Праверана 19.03.2018.
  10. Väisänen, Maija. Åström, Emma Irene (1847–1934). Biografiakeskus, Suomalaisen Kirjallisuuden Seura. Праверана 25 June 2018.
  11. Глава II. Пробстские или супер-интендентские округа. Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2020. Праверана 20 ліпеня 2020.
  12. Глава I. Лютеранский приход или община. Архівавана з першакрыніцы 21 ліпеня 2020. Праверана 20 ліпеня 2020.
  13. [Присоединение Финляндии // Сайт издательства «Русская идея» (www.rusidea.org) (Праверана 29 ліпеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 12 мая 2012. Праверана 16 ліпеня 2010. Присоединение Финляндии // Сайт издательства «Русская идея» (www.rusidea.org) (Праверана 29 ліпеня 2013)]
  14. Tuomo Olkkonen. Modernisoituva suuriruhtinaskunta. — Teoksessa: Zetterberg, S. (toim.) Suomen historian pikkujättiläinen, 2003.
  15. Лунтинен Перти. Военные формирования Финляндии в системе вооруженных сил Российской Империи. Архівавана з першакрыніцы 19 чэрвеня 2018. Праверана 6 чэрвеня 2018.
  16. а б в Сальникова Е. Н. Организационно-правовые особенности деятельности полиции Российской Империи на территории Великого Княжества Финляндского в конце XIX − начале XX века.
  17. Финляндия. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 26 ліпеня 2017.

Літаратура правіць

Мейнандэр Х.[sv] Гісторыя Фінляндыі: Лініі, структуры, пераломныя моманты; пер. са шведскай Вольгі Рызмаковай. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017. — ISBN 978-985-02-1748-6.

Спасылкі правіць