Сымон Аляксандравіч Рак-Міхайлоўскі

беларускі палітычны дзеяч, публіцыст
(Пасля перасылкі з Сямён Рак-Міхайлоўскі)

Сымо́н Алякса́ндравіч Рак-Міхайло́ўскі (2 (14) красавіка 1885, в. Максімаўка, Вілейскі павет, Віленская губерня, цяпер Маладзечанскі раён Мінская вобласць27 лістапада 1938, Менск, НКУС) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, педагог. Дэлегат Першага Усебеларускага з’езда, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, сябра Рады БНР, Пасол I кадэнцыі сейма Польскай Рэспублікі (1922—1927). Дзеяч Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Публікаваўся ў газетах Наша Ніва, Беларусь, Звон і інш. Аўтар музыкі на словы Максіма Багдановіча «Зорка Венера».

Сымон Аляксандравіч Рак-Міхайлоўскі
Пасол I кадэнцыі сейма Польскай Рэспублікі
5 лістапада 1922 — 27 лістапада 1927
Сябра Найвышэйшай Рады БНР
13 снежня 1919 — 10 ліпеня 1921
Сябра Рады БНР
18 сакавіка 1918 — 13 снежня 1919
Старшыня Цэнтральнай беларускай вайсковай рады
19 лістапада 1917 — 1918
Нараджэнне 2 (14) красавіка 1885
Смерць 27 лістапада 1938(1938-11-27) (53 гады)
Менск, БССР, СССР
Жонка Надзея Мусолава
Дзеці Рагвалод Аляксандравіч Рак-Міхайлоўскі
Рагнеда Аляксандраўна Рак-Міхайлоўская
Партыя Беларуская сацыялістычная грамада (да чэрвеня 1918)
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (з чэрвеня 1918)
Беларуская сялянска-работніцкая грамада (з 24 чэрвеня 1925)
Член у
Адукацыя
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Маладосць

правіць

Нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і беларусаў Алеся і Марцэлі (у дзявоцтве Рудзь) Міхайлоўскіх[1]. Сям’я мела сялянскае паходжанне, праваслаўныя[2]. Двайное прозвішча прыняў толькі Сымон, бо нібыта што знайшоў нейкія дакументы, якія сведчылі, што менавіта так гучала прозвішча ягонага далёкага продка[3]. У дзесяць гадоў Сымон застаўся без бацькі, таму з ранняга ўзросту працаваў пастушком[2]. У 14 гадоў нейкі час працаваў дрывасекам у панскім лесе каля Сёмкава Гарадка[2].

У 1900 годзе ў 15-гадовым узросце скончыў пачатковую школу ў Радашковічах. У 1900—1904 гадах вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі[4]. У 1904—1909 гадах настаўнічаў у школах Свянцянскага і Вілейскага паветаў, займаўся культурна-асветнай дзейнасцю, збіраў фальклор[5]. У час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў прапагандаваў ідэі сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзяржаўную думу[5]. У 1906 годзе за распаўсюджванне сацыял-дэмакратычнай літаратуры зняволены на 3 месяцы ў Вілейскай турме. Жадаў працягнуць адукацыю ў Віленскім настаўніцкім інстытуце (паводле іншых звестак — у нейкай з вышэйшых навучальных устаноў Санкт-Пецярбурга), аднак не быў прыняты праз «неблаганадзейнасць»[6]. Праз пераследаванні ўлад вымушаны з’ехаць у Крым[5]. У 1912 годзе ў Феадосіі скончыў педінстытут[4]. Займаў пасаду выкладчыка чатырохкласнага вышэйшага пачатковага вучылішча жаночай гімназіі ў горадзе Карасубазар (Крым)[6]. У Феадосіі ажаніўся з маладой настаўніцай-грачанкай Надзеяй Мусолавай. У 1912 годзе нарадзіўся сын, які атрымаў імя Рагвалод[6]. У 1919 годзе ў іх нарадзілася дачка, якая атрымала імя Рагнеда[6].

Улетку 1914 года мабілізаваны ў армію. На фронт не патрапіў, відаць, з прычыны праблем са здароўем[6]. Да верасня 1917 года служыў пісарам у канцылярыі 24-га транспарту 5-га абознага батальёна 10-й расійскай арміі[6]. Вёў рэвалюцыйную агітацыю сярод жаўнераў[5]. Пачаў публікавацца ў 1915 годзе (артыкул «З думак у паходзе» ў «Нашай Ніве»)[4].

Палітычная дзейнасць. БНР

правіць
 
2-я сесія Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (15 (28) кастрычніка 1917, Мінск). Сымон Рак-Міхайлоўскі сядзіць чацвёрты з правага боку

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Мінску[4]. У пачатку 1917 годзе ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), актыўна ўключыўся ў палітычнае жыццё[5]. У сакавіку 1917 года ўдзельнічаў у З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый[5]. У кастрычніку 1917 года арганізаваў з’езд воінаў-беларусаў Заходняга фронту, узначаліў створаную на з’ездзе Цэнтральную беларускую вайсковую раду[5]. На 3-м з’ездзе БСГ абраны ў склад ЦК[5]. Паралельна займаўся справай развіцця беларускай нацыянальнай адукацыі, быў сакратаром беларускай школьнай падкамісіі пры Мінскай гарадской думе[7].

На Першым Усебеларускім з’ездзе 1917 года ў Мінску ўваходзіў у прэзідыум, кіраваў пасяджэннямі, выступаў па пытанні арганізацыі беларускіх вайсковых фарміраванняў[5]. Пасля разгону з’езда ўвайшоў у Выканаўчы камітэт Рады, разам з Аляксандрам Цвікевічам і Янам Серадом накіраваны на мірныя перамовы ў Брэст-Літоўск[5]. Паводле Аляксандры Бергман, да Брэста Рак-Міхайлоўскаму давялося дабірацца пехатою[7]. Беларуская дэлегацыя была затрымана бальшавікамі перад лініяй фронту і толькі акружной дарогай, праз Украіну, трапіла ў Брэст. У пасяджэнні яны не ўдзельнічалі, бо на гэта не пагадзіўся Леў Троцкі, тлумачачы адмову тым, што Беларусь не прызнана Савецкай Расіяй, а значыць — складае частку Расіі[8]. Беларускія дэлегаты змаглі ўзяць удзел у канферэнцыі толькі ў якасці назіральнікаў з украінскага боку[8]. 25 лютага 1918 года разам з Цвікевічам падаў кароткую даведку пра гісторыю беларускага руху і пра становішча беларускага пытання да лютага 1918 года прадстаўніку нямецкай дэлегацыі Шылеру[7]. Брэсцкі мірны дагавор быў падпісаны без уліку беларускага руху, што стала вынікам агульнай палітычнай слабасці Выканкама Рады Усебеларускага з’езда і адсутнасці ў яго рэальнай улады[7].

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года, накіраваны з Аляксандрам Цвікевічам на перамовы ў Кіеў з урадам Украінскай Народнай Рэспублікі[7]. Дэлегацыя мусіла афіцыйна паведаміць УНР, а праз яе радыётэлеграф і ўсім народам, пра абвяшчэнне незалежнасці БНР, высветліць магчымасці атрымання грашовай пазыкі для ўрада БНР, наладзіць гандлёвы абмен паміж дзвюма краінамі і пастаянную прамую сувязь паміж іх сталіцамі[7]. Акрамя таго, меркавалася вырашыць пытанне аб двухбаковай граніцы на аснове этнаграфічнага прынцыпу, а таксама дасягнуць міжнароднай падтрымкі Украіны ў вызначэнні заходніх і паўночных граніц Беларусі на той жа аснове[9]. Бальшыні задач прадстаўнікам БНР рэалізаваць не ўдалося, галоўным чынам па прычыне тагачаснай геапалітычнай сітуацыі. Дэлегацыя БНР была адклікана з Кіева ў Менск 10 чэрвеня 1918 года. Рак-Міхайлоўскі вярнуўся на радзіму пазней, увосень 1918 года, бо яшчэ перад канчатковым завяршэннем работы місіі выехаў у Крым, каб забраць у Менск сям’ю[10]. Выказваў пратэст супраць накіраванай 26 красавіка 1918 года германскаму кайзеру прывітальнай тэлеграмы[5]. Як прыхільнік народніцкага крыла БСГ выступаў за стварэнне ўласнай дзяржавы пры апоры на беларускі працоўны народ. Пасля расколу БСГ, які адбыўся ў чэрвені 1918 года, у выніку чаго арганізацыя падзялілася на 3 часткі, адзін са стваральнікаў і сябра ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Падтрымліваў цесныя сувязі з Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў[5]. Па вяртанні ў Менск займаўся арганізацыяй беларускіх пачатковых школ[5]. У верасні 1918 — траўні 1919 года быў дырэктарам Менскіх першых беларускіх настаўніцкіх курсаў, якія былі створаныя Сакратарыятам асветы БНР з дазволу камандавання германскай 10-й арміі і пасля прыходу савецкай улады былі пераўтвораныя ў 1-я Менскія беларускія педагагічныя курсы пры Менскім беларускім педагагічным інстытуце[11].

 
Сымон Рак-Міхайлоўскі, каля 1919 года

Працягваў дзейнасць у беларускім нацыянальным руху і ў часе польскай акупацыі Беларусі 1919—1920 гадоў. 10 жніўня 1919 года ў занятым палякамі Менску ўзнік прадстаўнічы орган беларускіх нацыянальных арганізацый — Часовы беларускі нацыянальны камітэт (ЧБНК), у склад якога сярод іншых дзеячаў, як прадстаўнік Рады БНР, увайшоў Рак-Міхайлоўскі. Узначаліў Беларускую цэнтральную школьную раду, адначасова працуючы інструктарам беларускай секцыі школьнага аддзела Менскага магістрата, дырэктарам курсаў беларусазнаўства[5][12]. У кастрычніку 1919 года згодна з дэкрэтам Юзафа Пілсудскага было распачата стварэнне беларускага нацыянальнага войска і дзеля гэтага была зацверджана Беларуская вайсковая камісія (БВК), Рак-Міхайлоўскі быў уключаны ў яе склад у якасці старшыні культурна-асветнай камісіі[12]. У сакавіку 1920 года ўвайшоў у арганізацыйны камітэт створанага ў Менску Беларускага праваслаўнага народнага брацтва імя Святых Кірыла і Лаўрэнта Тураўскіх, за мэту якога было пастаўлена «аб’яднанне праваслаўных беларусаў дзеля абароны Святое праваслаўнае Веры на Беларускай зямлі і пашырэння нацыянальнай свядомасці сярод Беларускага Народу і ўмацавання паміж братчыкамі асноваў хрысціянскай маралі, добрага хрысціянскага жыцця і ўзаемнай помачы»[12]. Увайшоў у склад дэлегацыі на чале з Вацлавам Іваноўскім, якая 20—24 сакавіка праводзіла перамовы са старшынёй камісіі для распрацоўкі праекта ўрэгулявання польска-беларускіх дачыненняў Леанам Васілеўскім. У выніку перамоў беларускаму боку ўдалося дамагчыся выдзялення палякамі некаторых субсідый на развіццё беларускай нацыянальнай адукацыі[12].

У снежні 1919 года ў Менску адбыўся раскол Рады БНР, у выніку якой Рак-Міхайлоўскі ўвайшоў ва ўтвораную 13 снежня Найвышэйшую Раду БНР, якая выступала за далейшае выкананне абавязкаў прэм’ера Рады БНР Антонам Луцкевічам. Розніца дзвюх Рад (Найвышэйшая і Народная Рада БНР) заключалася ў тым, што прыхільнікі Найвышэйшай Рады стаялі на больш памяркоўных прапольскіх пазіцыях, у той час як іх апаненты — на антыпольскіх[12]. Уваходжанне Рак-Міхайлоўскага, які дагэтуль прытрымліваўся радыкальных сацыялістычных поглядаў, у Найвышэйшую Раду было не вельмі лагічным[13]. Польскія спецслужбы ў міжваенны перыяд тлумачылі гэта тым, што Рак-Міхайлоўскі і іншыя блізкія яму ідэйна дзеячы ўваходзілі ў паланафільскія структуры з заданнем падрыву гэтых структур знутры[13].

Пасля пачатку наступлення Чырвонай Арміі на Варшаву ў 1920 годзе Рак-Міхайлоўскі пакінуў Менск, спачатку перабраўся ў Ваўкавыск, а ў ліпені ў Горадню. У кароткі перыяд існавання савецкай улады ў горадзе, Рак-Міхайлоўскі працуе школьным інструктарам аддзела народнай адукацыі і займаецца арганізацыяй школ у Гродзенскім павеце. З сям’ёй Аркадзя Смоліча, з якою ён у той час жыў у адной кватэры, Рак-Міхайлоўскі вырашае застацца ў горадзе і пасля савецкага адступлення 17 ліпеня 1920 года. Паводле гісторыка Уладзіміра Адамушкі, ён быў вымушаны так зрабіць таму, што ў гэты час цяжка хварэлі на дызентэрыю ягоныя дзеці[13]. Выкладаў у Гродзенскай беларускай гімназіі, удзельнічаў у працы Беларускага нацыянальнага камітэта ў Горадні, супрацоўнічаў з газетай «Беларускае слова»[5].

Дзейнасць у Заходняй Беларусі

правіць
 
Будынак, у якім месцілася настаўніцкая семінарыі ў Барунах, колішні манастыр базыльян, 2014 год
 
Сымон Рак-Міхайлоўскі

З канца верасня 1920 года Рак-Міхайлоўскі ўсё больш часу праводзіць у Варшаве і Вільні, а ў канцы студзеня 1921 года яго сям’я канчаткова перабіраецца ў Вільню, дзе ў кастрычніку 1920 года было створана польскае марыянеткавае дзяржаўнае ўтварэнне Сярэдняя Літва[14]. У Дэпартаменце асветы Сярэдняй Літвы быў створаны беларускі аддзел, загадчыкам якога стаў Браніслаў Тарашкевіч[14]. У 1920—1921 гадах Рак-Міхайлоўскі працуе дырэктарам і настаўнікам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Барунах[5].

У траўні 1921 года семінарыя ў Барунах была закрыта польскімі ўладамі, пасля чаго Рак-Міхайлоўскі канчаткова перабраўся ў Вільню[14]. 3 лета 1921 года загадваў беларускімі настаўніцкімі курсамі ў Вільні, адначасова з восені выкладаючы матэматыку ў Віленскай беларускай гімназіі[14][5].

Сябра Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, адзін з кіраўнікоў Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і Беларускага выдавецкага таварыства, сябра Таварыства беларускай школы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў (1922—1925)[5].

Пры арганізацыі беларускага школьніцтва мае расчараванне праз сутыкненне з непрыхільнай да беларушчыны пазіцыяй польскага кіраўніцтва Сярэдняй Літвы. У сувязі з гэтым яшчэ больш радыкалізуецца яго ўласная палітычная пазіцыя. 30 сакавіка 1921 года Янка Чарапук пісаў да Вацлава Ластоўскага, што «Сымон рак кажэ: адно трэба рабіць, за бомбы і рэвальвэры трэба ўзяцца»[15]. Уступіў у створаны 17 красавіка 1921 года прапольскі Беларускі дзяржаўны камітэт, але расчараваўся ў ім адным з першых, разам з Максімам Гарэцкім выйшаў з яго пасля некалькіх сходаў[16][15]. Пачынае адкрыта выказвацца за аднаўленне парушанага ў снежні 1919 года адзінства Рады БНР. 10 ліпеня 1921 года Рак-Міхайлоўскі разам з Кузьмом Цярэшчанкам у лісце да Браніслава Тарашкевіча абвясцілі аб спыненні нават фармальнага існавання Найвышэйшай Рады БНР[15]. У 1921 годзе Рак-Міхайлоўскі быў адным з тых, хто выступаў за паразуменне Віленскага БНК з ковенскім урадам БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім[15].

У канцы 1921 года актыўна падтрымаў ідэю байкоту беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі выбараў у Сойм Сярэдняй Літвы  (бел. (тар.)), якія былі прызначаны польскімі ўладамі на 8 студзеня 1922 года і фактычна мелі ролю плебісцыту, які мусіў развязаць спрэчку паміж Польшчай і Літвой аб будучай дзяржаўнай прыналежнасці Віленскай зямлі[15]. Бальшыня беларускіх дзеячаў у той час стаяла на баку Літвы, якая паабяцала беларусам аўтаномію. У выбарах узялі ўдзел 64,4% усіх выбаршчыкаў, такім чынам беларускім дзеячам не ўдалося дасягнуць сваёй мэты[15]. 20 лютага 1922 года Віленскі сойм, выбраны без іх удзелу, прыняў рашэнне аб далучэнні Віленшчыны да Польшчы, а 28 сакавіка Сойм распушчаны, 6 красавіка быў прыняты закон аб перадачы ўлады над Віленшчынай дэлегату польскага ўрада[15].

 
Пасведчанне дэпутата польскага Сейма Сымона Рак-Міхайлоўскага
 
Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А. Аўсянік, Ф. Ярэміч, П. Валошын;
у 2-м радзе — В. Багдановіч, М. Кахановіч, Б. Тарашкевіч, А. Назарэўскі, А. Уласаў;
стаяць: В. Рагуля, С. Якавюк, А. Станкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла. Варшава. 1923 год

У жніўні 1922 года беларускія арганізацыі актыўна ўключыліся ў выбарчую кампанію ў польскі парламент. Сымон Рак-Міхайлоўскі афіцыйна ўвайшоў у склад Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта (БЦВК) і быў пастаўлены другім пасля Антона Аўсяніка месцы ў спісе Блока нацыянальных меншасцей (БНМ) у Лідскай акрузе[17]. У часе выбарчай кампаніі не прыняў актыўнага ўдзелу, ёсць факты яго таемнага супрацоўніцтва з віленскімі камуністамі[17]. У лістападзе 1922 года выбраны паслом сейма Польскай Рэспублікі.

 
Сымон Рак-Міхайлоўскі з жонкай Надзеяй, дачкой Рагнедай і сынам Рагвалодам. У двары Віленскай беларускай гімназіі, 1923 год

Не прымаў актыўнага ўдзелу ў парламенцкай рабоце, займаючыся кантактамі з уладамі БССР у Менску, і ўрадам БНР на эміграцыі[18]. За 4 гады выканання пасольскіх абавязкаў усяго 4 разы (12 лютага 1924 года, 6 ліпеня і 12 снежня 1925 года, 21 ліпеня 1926 года) выступіў з сеймавай трыбуны і падаў ад свайго імя толькі 4 запыты, якія ў асноўным тычыліся правоў беларускага насельніцтва ў справе атрымання адукацыі на роднай мове (з іх 3 — у пачатку 1926 года)[19]. Фармальна ўваходзячы ў сеймавыя камісіі (аховы здароўя, прававую камісію, камісію грамадскай апекі) актыўнага ўдзелу ў іх працы не браў[19]. Часта ездзіў па Заходняй Беларусі (у асноўным па Віленшчыне і паўночнай Наваградчыне) і праводзіў так званыя «справаздачныя мітынгі», якія карысталіся вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва. Пасольская недатыкальнасць дазваляла Рак-Міхайлоўскаму адкрыта і больш радыкальна выказваць свае думкі, чым тыя дзеячы, што не мелі пасольскага мандата[19]. Разам з некаторымі аднадумцамі прымаў удзел у падрыхтоўцы на тэрыторыі Заходняй Беларусі антыпольскага паўстання, таемна наведваў месцы фармавання партызанскіх атрадаў[19]. Сяргей Хмара, адзін з арганізатараў партызанскага руху на Слонімшчыне, згадваў частыя патаемныя наведванні Рак-Міхайлоўскага[19].

У пачатку 1925 года кіраўніцтва кампартый Заходняй Беларусі і Польшчы прызнала памылковым курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстання. Цэнтральныя камітэты КПРП і КПЗБ заклікалі камуністаў і партызан спыніць узброеную барацьбу як несвоечасовую і акцэнтаваць увагу на шырокай палітмасавай і арганізацыйнай рабоце сярод жыхароў Заходняй Беларусі[20]. Дзеля выканання гэтых задач было вырашана заснаваць масавую беларускую радыкальную арганізацыю — Беларускую сялянска-работніцкую грамаду (БСРГ). Першым крокам у гэтым кірунку стаў раскол Беларускага пасольскага клуба і стварэнне асобнай беларускай парламенцкай фракцыі ў сейме Польшчы — пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ, чэрвень 1925)[5]. Рак-Міхайлоўскі — намеснік старшыні ЦК БСРГ, арганізатар Цэнтральнага сакратарыята БСРГ, кіраўнік яе рэдакцыйнага камітэта. Рэдактар «Бюлетэня пасольскага клуба БСРГ»[4]. Рак-Міхайлоўскі быў старшынёй Нагляднай рады Беларускага кааператыўнага банка, праз які праходзіла значная частка фінансавых сродкаў з БССР для арганізацыі работы БСРГ[20]. З 1926 года старшыня Нагляднай рады Таварыства беларускай школы[5]. У многіх крыніцах напісана, што Рак-Міхайлоўскі ў 1926 годзе ўступіў у КПЗБ[5]. Гісторык Аляксандр Пашкевіч адзначае, што дакладных звестак аб уступленні Рак-Міхайлоўскага ў КПЗБ няма[21].

У часе разгрому БСРГ арыштаваны польскімі ўладамі. Быў затрыманы 15 студзеня 1927 года на вакзале ў Вільні[22]. Наступныя тры месяцы правёў у віленскай Лукішскай турме, а пасля ў турме для палітычных зняволеных у Вронках[22]. Віленскім акруговым судом 22 траўня 1928 года на «працэсе 56-і» за «камуністычную прапаганду» прыгавораны да 12 гадоў зняволення[5]. Быў накіраваны разам з Максімам Бурсевічам у Каранова Пазнаньскага ваяводства[22]. У студзені 1929 года апеляцыйны суд паменшыў тэрмін да 6 гадоў зняволення, увесну 1930 года датэрмінова вызвалены[5].

Пераезд у БССР, рэпрэсіі і смерць

правіць
 
Тагачасны Другі дом Саветаў (гістарычны Дом Свянціцкага, цяперашні адрас — рог вул. К. Маркса і Леніна 30/13), у якім Сымон Рак-Міхайлоўскі быў арыштаваны 16 жніўня 1933 года

З іншымі беларускімі дзеячамі ў кастрычніку 1930 года пераязджае ў Менск[5]. Па прыездзе ў Менск Рак-Міхайлоўскі і іншыя Грамадоўцы змясцілі свае подпісы на камуністычных перадвыбарчых пракламацыях (выбары ў польскі парламент адбываліся ў лістападзе 1930 года) Цэнтральнага беларускага сялянска-рабочага камітэта «Змаганне», на што, паводле Мухі-Мухноўскага, не пагаджаліся ў Вільні[23]. У пракламацыях паліваліся брудам усе беларускія нацыянальныя дзеячы некамуністычнай арыентацыі[23].

Працаваў у сектары навукі Наркамата Асветы БССР. З лютага 1931 года і да арышту працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага сацыяльна-гістарычнага музея. Уступіў у ВКП(б). У 1931—1932 гадах быў сябрам ЦВК БССР[4].

Арыштаваны ДПУ БССР 16 жніўня 1933 года ў Менску па адрасе: вул. К. Маркса, 2-і Дом Саветаў, па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра»[24]. Паўгода правёў у турме менскага ДПУ[23]. Рашэннем судовай калегіі АДПУ СССР ад 9 студзеня 1934 года як «арганізатар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ», прыгавораны да расстрэлу; прысуд заменены на 10 гадоў лагераў[24]. Пакаранне адбываў у Салавецкіх лагерах, куды быў накіраваны з іншымі фігурантамі справы (Пятром Мятлом, Ігнатам Дварчаніным, Язэпам Гаўрылікам, Максімам Бурсевічам, Флягонтам Валынцом)[25][4]. Украінскі дзеяч Сямён Підгайны  (укр.), які ў той час адбываў зняволенне на Салаўках, у сваіх успамінах «Недостріляні»  (укр.) пісаў пра грамадоўцаў[25][26]:

Няшчасныя і зблажэлыя прыбылі на Салаўкі гэтыя валадары, што сталіся апошнімі нявольнікамі. З іх найвыдатнейшым і найбадзёршым быў Рак-Міхайлоўскі. Не ведаю пра ягонае мінулае, не ведаю і пра ягоную дзейнасць у савецкай Беларусі. Магу сцвердзіць толькі толькі адно, што гэты чалавек сапраўды адкрыта і без жаднага жалю сказаў "Так нам і трэба". Мне давялося колькі разоў размаўляць з Рак-Міхайлоўскім, і ён зрабіў на мяне добрае ўражанне. Здавалася, што чалавек, у якога галава была набіта ўшчэнт усялякім саветафільскім мэтлахам, не можа гэтак хутка прыйсці да памяці, але ў Рак-Міхайлоўскага гэты чад хутка развеяўся. Ён рашуча і катэгарычна асуджаў усё, ува што так слепа паверыў, і так ён караў сябе за мінулае. На Салаўках ён трымаў сябе незалежна, працаваў на цяжкіх фізічных працах, скрозь і заўсёды падкрэсліваў сваю нянавісць на бальшавізму і Масквы, і ўрэшце неяк у 1936 годзе трапіў у адзін з салавецкіх ізалятараў. Адтуль пра яго я не меў ніводных вестак.

5 верасня 1937 года этапаваны ў Менск; 14 лістапада 1938 года «асобай тройкай» НКУС БССР як «агент 2-га аддзела польскага генштаба» прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны ў Менску[4]. Рэабілітаваны ваенным трыбуналам Беларускай вайсковай акругі 18 красавіка 1956 года. Асабовая справа Рак-Міхайлоўскага № 10182-с (спынена 16 жніўня 1956) захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[4].

Публіцыстыка

правіць
 
Пераклад «Ірландскіх народных казак» С. Макмануса, выкананы Ракам-Міхайлоўскім пад псеўданімам Добры Карлік, 1923 г.

Першы артыкул «3 думак у паходзе» надрукаваў у газеце «Наша ніва» 5 чэрвеня 1915. Публікацыі 1917—1918 гадоў («Да беларускай інтэлігенцыі і вясковых вучыцеляў», «Зберагайце нашу песню»), брашура «Гутарка аб беларускай мове» (1919) прасякнуты занепакоенасцю аўтара праблемай захавання мовы, культурнай спадчыны беларускага народа[5].

Рэгулярную публіцыстычную творчасць пачаў у 1919 годзе на старонках газет «Беларусь», «Звон», часопіса «Родны край» і іншых заходнебеларускіх выданняў нацыянальна-вызваленчага кірунку. Друкаваўся пад псеўданімамі: Баўтручонак, Беларус, Бутрым Каляда, Сымон Міхалкаў, Сымон Рак; Крыптанімы: С. Р., Р.-М., Сымон Р., Сымон Р-к. У шматлікіх артыкулах выступаў у абарону беларускіх школ, за сацыяльную справядлівасць, супраць рабавання польскімі ўладамі прыродных багаццяў Заходняй Беларусі[5].

Рэдактарскія здольнасці асабліва праявіліся ў друку БСРГ. Падрыхтаваў тэкст арганізацыйнага статута БСРГ (апублікаваны разам з праграмай у 1926 годзе ў Вільні), рэдагаваў «Бюлетэнь пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады» і іншыя выданні[5]. У выступленнях на віленскім працэсе 56-і над членамі грамады Рак-Міхайлоўскі не адмовіўся ад папярэдняй сваёй дзейнасці, даў высокую ацэнку нацыянальна-вызвольнаму руху:

  Грамада скалыхнула наш народ і гэта — яе вялікая заслуга[27].  

У публікацыях у БССР ён абараняў палітзняволеных, ТБШ, беларускія гімназіі ў Заходняй Беларусі[27].

 
«Страшны вораг: (Кніжка пра гарэлку)». 1924

Аўтар «Арыфметычнага задачніка для пачатковых школ» (ч. 2, 1923), брашуры «Страшны вораг: (Кніжка пра гарэлку)» (1924)[27].

Паэтычная і музычная творчасць

правіць

Сымон Рак-Міхайлоўскі напісаў музыку да раманса на словы Максіма Багдановіча «Зорка Венера»[27]. Праз тое, што С. Рак-Міхайлоўскі быў рэпрэсаваны, аўтарства раманса ў даведачнай літаратуры падавалася народным, а пасля выкарыстання музыкі ў оперы «Зорка Венера» аўтарам памылкова лічылі Юрыя Семяняку[28].

Рак-Міхайлоўскаму прыпісваюць аўтарства дуэта-балады «Што за хлопец, што за дзяўчына?»[5].

Ушанаванне памяці

правіць
 
Памятны знак Рак-Міхайлоўскаму ў вёсцы Максімаўка Маладзечанскага раёна, пастаўлены ў 1982 годзе.
 
Памятная дошка на колішнім будынку манастыра базыльян у Барунах, у якім у 1920—1922 гадах дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой быў Сымон Рак-Міхайлоўскі

У 1982 годзе на ўшанаванне памяці Сымона Рак-Міхайлоўскага ў цэнтры вёскі Максімаўка Маладзечанскага раёна ўстаноўлены мемарыяльны знак[29].

Бібліяграфія

правіць
  • Гутарка аб беларускай мове. Мн., 1919;
  • Страшны вораг: Кніжка пра гарэлку. Вільня, 1924;
  • Прамовы дэпутатаў Беларускага пасольскага клубу ў Польскім Сойме. Паводле соймавых стэнаграм. Вільня, 1924;
  • Прамовы дэпутатаў соймавага клубу Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Вільня, 1926.
  • Турэмны дзённік Сымона Рак-Міхайлоўскага // Куфэрак Віленшчыны. 2007. № 1 (12). С. 48—97.

Зноскі

правіць
  1. Пашкевіч А. 2007, с. 4.
  2. а б в Пашкевіч А. 2007, с. 5.
  3. Пашкевіч А. 2007, с. 4—5.
  4. а б в г д е ё ж з Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
  5. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я Вабішчэвіч А. 2001, с. 88.
  6. а б в г д е Пашкевіч А. 2007, с. 6.
  7. а б в г д е Пашкевіч А. 2007, с. 7.
  8. а б Міхалюк Д. 2015, с. 186.
  9. Пашкевіч А. 2007, с. 7—8.
  10. Пашкевіч А. 2007, с. 8.
  11. Пашкевіч А. 2007, с. 9—10.
  12. а б в г д Пашкевіч А. 2007, с. 10.
  13. а б в Пашкевіч А. 2007, с. 11.
  14. а б в г Пашкевіч А. 2007, с. 12.
  15. а б в г д е ё Пашкевіч А. 2007, с. 13.
  16. Латышонак А. 2014, с. 195.
  17. а б Пашкевіч А. 2007, с. 14.
  18. Пашкевіч А. 2007, с. 17.
  19. а б в г д Пашкевіч А. 2007, с. 18.
  20. а б Пашкевіч А. 2007, с. 19.
  21. Пашкевіч А. 2007, с. 21.
  22. а б в Пашкевіч А. 2007, с. 20.
  23. а б в Пашкевіч А. 2007, с. 25.
  24. а б Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
  25. а б Пашкевіч А. 2007, с. 26.
  26. Підгайны С. 1949, с. 111.
  27. а б в г Вабішчэвіч А. 2001, с. 89.
  28. Аўтарства ў музыцы. kimpress.by (1 жніўня 2009). Архівавана з першакрыніцы 11 траўня 2017. Праверана 11 траўня 2017.
  29. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 2. — 308 с.: іл.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць