100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі

(Пасля перасылкі з 100-годдзе БНР)

100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі — шэраг мерапрыемстваў у Беларусі і па-за яе межамі ў 2018 годзе, прысвечаных 100-годдзю з моманту прыняцца Радай БНР Трэцяй Устаўной граматы 25 сакавіка 1918 года, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай.

Эмблема адзначэння 100-годдзя БНР

Кульмінацыяй адзначэння юбілею стаў канцэрт і мітынг у Мінску на Дзень Волі, 25 сакавіка 2018 года. Рада БНР зацвердзіла медаль у гонар стагодздзя Беларускай Народнай Рэспублікі, які «ўручаецца за пажыццёвыя заслугі ў працы дзеля здзяйсненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за даследаванні і папулярызацыю беларушчыны, здабыццё і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі»[1]. Улады Рэспублікі Беларусь не зрабілі ніякіх заяў з нагоды юбілея абвяшчэння БНР, афіцыйныя СМІ праігнаравалі дату. У пачатку сакавіка 2019 года прэзідэнт РБ Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Стагоддзе — вялікая дата. Адсвяткавалі», але ён не бачыць падставы святкаваць наступны Дзень Волі ў цэнтры сталіцы[2].

Падрыхтоўка да святкавання ў Беларусі правіць

Статус мерапрыемстваў на Дзень Волі па гарадах:
  Атрыманы афіцыйны дазвол;   Атрыманы вусновы дазвол;
  Пададзена заяўка;   Плануецца падаць заяўку;
  Адмова або непрымальныя ўмовы

У кастрычніку 2017 года Symbal.by і «Арт Сядзіба» пачалі грамадскую кампанію #БНР100[3].

13 лістапада 2017 года на інтэрнэт-пляцоўцы petitions.by была створана петыцыя за ўшанаванне памяці пра БНР, у якой ініцыятары прапаноўвалі ўстанавіць на будынках у Мінску, Гродне і Магілёве, звязаных з дзейнасцю БНР, памятныя дошкі (у тым ліку працы Алеся Шатэрніка) і бела-чырвона-белыя сцягі. Мінгарвыканкам у адказ на петыцыю абмежаваўся адпіскай у выглядзе апісання заканадаўства ў сферы стварэння і прыёмкі твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва[3][4].

Мінск правіць

15 студзеня 2018 года на сядзібе Партыі БНФ у Мінску адбылося пашыранае пасяджэнне аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Агулам прысутнічала больш за 30 чалавек, у тым ліку мастакі Мікола Купава і Алесь Марачкін, лідары незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэсу Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч, сустаршыні аргкамітэта партыі БХД Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, лідар руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, лідар незарэгістраванага руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык[5]. Было вырашана правесці ў Мінску на Дзень Волі масавую вулічную акцыю ад плошчы Якуба Коласа і па праезнай частцы праспекта Незалежнасці прайсці да плошчы Свабоды[5], аднак, паводле словаў чыноўнікаў з Мінгарвыканкама, у гэты час там будзе каталіцкі Вербны кірмаш[6]. Таксама планавалася прыняць зварот да ўладаў, каб прызнаць Дзень Волі афіцыйным святам, усталяваць мемарыяльныя дошкі, звязаныя са стварэннем БНР і яе гісторыяй, правесці святочныя канцэрты ды іншыя мерапрыемствы[5].

26 лютага 2018 года Мінгарвыканкам неафіцыйна прапанаваў аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі адклікаць ранейшую заяўку[7] і правесці святочныя мітынг і канцэрт у парку імя Янкі Купалы або каля Опернага тэатра ў Мінску. У выпадку згоды яны таксама прапанавалі сваю гукаўзмацняльную апаратуру, вызваляць ад аплаты за паслугі хуткай і міліцыі, згодныя ўсталяваць памятны знак да 100-годдзя БНР[6]. Паводле Рыгора Кастусёва, кіраўнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і справах моладзі Мінгарвыканкама Павел Скалабан у прыватнай размове прапанаваў абмеркаваць усталяванне памятнай дошкі на доме Маліна па адрасе вуліца Валадарскага, 9, у якім 25 сакавіка 1918 года і была прынятая Трэцяя Устаўная грамата. Таксама стала вядома, што мінскія ўлады могуць усталяваць у раёне парку Янкі Купалы памятны знак братам Івану і Антону Луцкевічам, адным з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху (сацыялістычнага кірунку) у пачатку ХХ стагоддзя[7].

Гэтая прапанова выклікала хвалю дыскусій і абмеркаванняў на пасяджэнні аргкамітэта святкавання. Частка ягоных членаў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсці, калі будзе магчымасць правесці святочны мітынг і канцэрт каля Опернага тэатра[8]. Аргкамітэт утварыў групу з васьмі чалавек для перамоваў у Мінгарвыканкаме аб правядзенні святочнага мітынгу і канцэрта каля Опернага тэатра[7].

 
Канцэрт і мітынг 25 сакавіка на плошчы Парыжскай Камуны перад Оперным тэатрам

1 сакавіка 2018 года Мінгарвыканкам дазволіў мітынг і канцэрт 25 сакавіка на Дзень Волі, прысвечаныя публічнаму адзначэнню і святкаванню 100-гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Мітынг і канцэрт пройдуць з 14:00 да 19:00 на плошчы Парыжскай Камуны перад Оперным тэатрам, збор удзельнікаў на пляцоўцы — з 13:00 да 14:00[9]. Мерапрыемства пройдзе пад лозунгам «Свята незалежнасці»[8].

Чыноўнікі Мінгарвыканкама запэўнілі арганізатараў, што на дазволеным мерапрыемстве не будзе забараняцца выкарыстанне нацыянальнай сімволікі[9].

2 сакавіка на сайце Talaka.by за тры гадзіны было сабрана 6000 беларускіх рублёў на бронзавую копію дошкі, створанай беларускім скульптарам Алесем Шатэрнікам яшчэ ў 1990-я гады, якую ўлады пагадзіліся павесіць дошку на доме Маліна ў Мінску, дзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Неабходнасць у новай дошцы ўзнікла праз дрэнны стан старой, непрывабны матэрыял (сілумін), нежаданне ўладаў узгадняць надпіс тарашкевіцай на дошцы[10][11].

5 сакавіка Мікалай Статкевіч разам з іншымі прыхільнікамі шэсця 25 Сакавіка прыйшлі пад дзверы ўправы Партыі БНФ, нягледзячы на перанос сустрэчы аргкамітэта #БНР100 «у сувязі з рознагалоссямі». Палітык патлумачыў адсутнасць на сходзе арганізатараў канцэрта немагчымасцю для іх супрацоўнічаць з арганізатарамі шэсця. Каб развязаць рознагалоссі, Статкевіч прапанаваў падзяліць аргкамітэт на дзве працоўныя групы: арганізацыі канцэрта і шэсця. За такое рашэнне прагаласавалі ўдзельнікі сходу. Кіраўніком працоўнай групы арганізацыі канцэрту з ініцыятывы Статкевіча сход абраў дырэктара крамы symbal.by Паўла Белавуса, які на сходзе не прысутнічаў. Другая працоўная група будзе падаваць у Мінгарвыканкам яшчэ адну заяўку на правядзенне шэсця[12].​

6 сакавіка працоўная група па правядзенні шэсця вызначыла час і маршрут дэманстрацыі. Пачатак шэсця пад назвай «Марш годнасці і волі» запланаваны на 12:00 на плошчы Якуба Коласа. 7 сакавіка была пададзена зяўка на правядзенне шэсця па маршруце плошча Якуба Коласа — праспект Незалежнасці — плошча Перамогі — вул. Кісялёва — вул. Багдановіча — плошча Парыжскай камуны. Статкевіч заявіў, што ў выпадку адмовы шэсце пойдзе маршрутам плошча Якуба Коласа — праспект Незалежнасці — вуліца Янкі Купалы — плошча Парыжскай камуны[13][14].

У той жа дзень Мінгарвыканкам даў дазвол Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ на правядзенне 24 сакавіка з 12.00 да 16.00 у Кіеўскім скверы Мінска мітынга і канцэрта, прысвечанага стагадоваму юбілею ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі[15].

 
Памятны знак у гонар братоў Луцкевічаў у парку Янкі Купалы

7 сакавіка ў мінскім парку Янкі Купалы пастаўлены памятны знак у гонар ідэологаў беларускай дзяржаўнасці братоў Івана і Антона Луцкевічаў. Памятны знак размешчаны непадалёку ад музея Янкі Купалы, дзе браты жылі ў 18961906 гадах. Урачыстае адкрыццё знака адбылося 13 сакавіка а 11-й гадзіне[16][17]. Помнік адкрывала стрыечная пляменніца Луцкевічаў, Маргарыта Сяргееўна Пярова. У час цырымоніі адкрыцьця старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў запрасіў усіх прысутных на канцэрт ля Опернага тэатра 25 сакавіка[18].

12 сакавіка генеральным партнёрам «Свята Незалежнасці» стала беларускае незалежнае інфамагенцтва БелаПАН[19].

21 сакавіка міліцыя затрымала ініцыятараў шэсця 25 сакавіка: Максіма Вінярскага, Уладзіміра Някляева, Вячаслава Сіўчыка[20].

21 сакавіка на платформе talaka.org была сабраная неабходная для правядзення канцэрта і іншых мерапрыемстваў сума ў памеры 35 310 рублёў. Частка сродкаў будзе перанакіравана на святочныя мерапрыемствы ў Гродне, Брэсце і Слуцку, дзе краўд-кампаніі запускаліся ў апошні момант[21].

У канцэрце возьмуць удзел гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разбітае сэрца пацана», спевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юрый Стыльскі, музычная праграма «Спеўнага сходу» і выступ акцёраў «Свабоднага тэатра» і іншыя выступоўцы. Меркавалася, што на канцэрце выступіць таксама Лявон Вольскі, але ягоны выступ у Беластоку ў той жа дзень арганізатары не пажадалі перанесці[22]. Яго песні на канцэрце выканае ягоная дачка Адэля Вольская[23].

Дзень Волі правіць

25 сакавіка быў затрыманы ініцыятар правядзення шэсця Мікалай Статкевіч[24]. На самой плошчы Якуба Коласа, дзе мусіла пачацца шэсце, праваахоўнікі затрымалі больш за 30 чалавек[25].

Брэст правіць

У Брэсце 5 сакавіка аргкамітэт па ўшанаванні 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі падаў заяўку на правядзенне 25 сакавіка мітынга і вулічнага фестывалю ў цэнтры горада, на вуліцы Савецкай[26]. Спачатку ўладамі быў дадзены вусны «неафіцыйны» дазвол на святкаванне юбілею[27]. 13 сакавіка Брэсцкі гарвыканкам ухваліў заяўку на правядзенне святочнага фестываля 25 сакавіка, але перанёс мерапрыемства з меркаванняў бяспекі з вузкай вуліцы на плошчу Свабоды[28].

Фестываль пачнецца а 13 гадзіне і працягнецца да 17 гадзіны. Адкрые фестываль паўгадзінны мітынг на якім выступяць палітычныя і грамадскія актывісты горада, а таксама прадстаўнікі брэсцкіх уладаў. Улады дазволілі прыносіць бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня» і іншую сімволіку, звязаную з адзначаемай падзеяй. Музычную частку адкрые выступ духавога аркестра Брэста, працягнецца фестываль рок-канцэртам, на якім выступяць гурты B:N:, Cad Coddeu, Re1ikt, Zolki Band і «Спрат». Будуць працаваць сувенірны кірмаш, фатазоны і дзіцячыя пляцоўкі. Паралельна з музычнай пляцоўкай будуць праходзіць майстар-класы рамеснікаў, а рэканструктарскія клубы адновяць эпоху Беларускай Народнай Рэспублікі[28].

Гродна правіць

 
Канцэрт-мітынг прайшоў у Каложскім парку.

Спачатку ўладамі быў дадзены вусны «неафіцыйны» дазвол на святкаванне юбілею[27]. У Гродне прадстаўнікоў аргкамітэта, якія падавалі заяўку, запрасілі на 12 сакавіка ў гарвыканкам абмеркаваць фармат адзначэння[29]. 13 сакавіка гарвыканкам ухваліў заяўку на святочны канцэрт-мітынг 25 сакавіка ў Каложскім парку. Збор удзельнікаў быў прызначаны на 13 гадзіну, канцэрт-мітынг пачаўся а 14 гадзіне і працягваўся да 17 гадзіны. У час канцэрту працаваў фудкорт і сувенірны кірмаш. Улады дазволілі прыносіць бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». На канцэрт быў запрошаны гурт N.R.M.[30].

23 сакавіка прайшла літаратурная вечарына, а на 24 сакавіка была запланавана беларуская дыктоўка[30].

Ліда правіць

У Лідзе мясцовыя ўлады і грамадскія актывісты разам правядуць канцэрт 25 сакавіка. Канцэрт запланаваны на 16-ю гадзіну ў вялікай зале Лідскага гісторыка-мастацкага музея. За першую частку канцэрту адказваюць гарадскія ўлады, другую частку правядуць незалежныя актывісты, якія збіраюцца запрасіць членаў літаратурнай суполкі «Суквецце» і музыкантаў. На канцэрце па дамоўленасці з уладамі будзе толькі сімволіка святкавання[31].

Слуцк правіць

 
Дом культуры ў Слуцку

У Слуцку была пададзена прапанова «далучыцца да святкавання», стварыць рэгіянальны аргкамітэт правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў[32].

25 сакавіка ад 12:30 слуцкім гарадскім Доме культуры пройдзе святочны канцэрт, на якім выступяць бард Зміцер Бартосік, спявак Алесь Дзянісаў, вядомы па гуртах «Кальян», «Людзі на балоце» і Dzieciuki (у той жа дзень гурт выступіць у Мінску). Паводле адміністрацыя ДК і Слуцкі гарвыканкам паставілі вельмі добрыя ўмовы, у тым ліку нізкія цэны на арэнду памяшкання. Працягваецца збор сродкаў. Рэшткі сумы плануюць накіраваць на стварэнне сайта пра Слуцкі збройны чын[33].

Салігорск правіць

20 сакавіка Салігорскі райвыканкам даў дазвол на правядзенне 25 сакавіка з 14:00 да 16:00 святочнага мітынгу на стадыёне «Будаўнік». Заяўнікамі мерапрыемства выступілі актывісты Беларускага незалежнага прафсаюза Валерый Гарбацэвіч, Мікалай Шаравар і Мікалай Зімін. Пры гэтым на мітынгу не дазволілі выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру і мегафоны[34].

Іншыя гарады правіць

7 сакавіка члены руху «За свабоду» падалі заяўкі на мітынгі, прысвечаныя 100-годдзю абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, у Баранавічах, Віцебску і Магілёве. У Баранавічах заяўка пададзеная на вулічны фестываль, кірмаш і мітынг, у Віцебску — мітынг і канцэрт у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў (заяўка пададзеная ад імя абласной арганізацыі Партыі БНФ), таксама плануюцца ўскладанні кветак і вечарына-канцэрт на прыватнай сядзібе. У Магілёве заяўку падалі на інфармацыйны пікет у цэнтры горада каля кінатэатра «Радзіма» на пешаходнай вуліцы Ленінскай, экскурсію па гарадскіх мясцінах, звязаных з БНР, канцэрт, а таксама круглы стол «Шляхі станаўлення Беларускай дзяржаўнасці». Мерапрыемствы, прысвечаныя БНР працягнуцца да 31 сакавіка — у гэты дзень 1918 года грамадскасць горада на сходзе падтрымала абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі[32]. Аднак чыноўнікі не дазволілі пікет у цэнтры горада, прапанаваўшы перанесці яго на стадыён па вуліцы Чалюскінцаў, удалечыні ад людных вуліц[35].

У Гомелі мясцовы аргкамітэт раней запланаваў экскурсію і невялікі канцэрт-віктарыну ў мясцовым грамадска-палітычным цэнтры (вул. Палеская, 52) з удзелам бард-спявачкі Вольгі Цярэшчанкі[32]. Актывісты таксама падалі заяўку на вялікі канцэрт, але гарадскія ўлады адказалі адмовай, патлумачыўшы гэта немагчымасцю прадставіць залу гарадскога Цэнтра культуры[22].

15 сакавіка Пружанскі райвыканкам афіцыйна задаволіў заяву ТБМ на правядзенне святочнага канцэрта ў Пружанах 25 сакавіка, які адбудзецца ў Палацы культуры. Таксама запланавана ўскладанне кветак да помніка фалькларысту і стваральніку Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР Рыгору Шырме[36].

16 сакавіка Баранавіцкі гарвыканкам дазволіў правесці ў горадзе 25 сакавіка канцэрт і мітынг у гарадскім парку з 12:00 да 16:00 з умовай аплаты працы камунальных службаў, міліцыі і медыкаў. Праз адсутнасьць грошай арганізатары святкавання заявілі пра магчымую адмену мерапрыемства[37].

19 сакавіка Віцебская міліцыя за ахову мітынгу да 100-годдзя БНР непамерна велізарную суму, якую арганізатары аплаціць няздольныя: 30 заяўленых удзельнікаў мітынга будуць ахоўваць 15 міліцыянераў, праца якіх будзе каштаваць 865 рублёў[38].

 
Палац культуры ў Кобрыне

20 сакавіка мясцовыя ўлады Кобрына далі дазвол на правядзенне пікета 25 сакавіка да 100-годдзя БНР, які пройдзе з 11:00 да 15:00 на адкрытай пляцоўцы перад галоўным уваходам у Кобрынскі палац культуры на вуліцы Леніна, 4[39].

Канфесіі правіць

25 сакавіка ў кафедральных касцёлах Мінску і Магілёва будуць маліцца за Беларусь. Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў сімвалічнасць таго, што незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчана менавіта 25 сакавіка, у каталіцкае свята Звеставання[40]. 19 сакавіка на сайце Catholic.by з'явіўся поўны тэкст малітвы[41][42].

20 сакавіка мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел (Панамароў) заявіў, што Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы ня будзе праводзіць асобную малітву за Беларусь 25 сакавіка ў гонар 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, каб не палітызаваць малітву і набажэнства[43].

Культурныя і навуковыя мерапрыемствы правіць

15 сакавіка 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася часовая экспазіцыя «1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да Незалежнасці», якая будзе працаваць да 7 мая. У экспазіцыю ўключаны Трэцяя Устаўная грамата, арыгінальныя спісы дэлегатаў першага Усебеларускага народнага сходу 1917 года, дакументы Народнага Сакратарыята і Рады Народных Міністраў БНР, пячатка Рады БНР, якую насіў Вацлаў Ластоўскі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў тых падзей. На адкрыццё 14 сакавіка былі запрошаныя гісторыкі, навукоўцы, дэпутаты, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, а таксама партыйныя і грамадскія актывісты. У поўным складзе прыйшло кіраўніцтва Партыі БНФ: старшыня Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Аляксей Янукевіч, Юрый Чавусаў. Таксама прысутнічалі дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк і Алена Анісім, якія выступілі з прамовамі[44].

Запланавана стварэнне часовай экспазіцыі аб дзейнасці Таварыства беларускай драмы і камедыі (філіял «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры»), а таксама арганізацыя тэматычнага кінапаказу дакументальных і мастацкіх стужак «БНР. Час провозглашения» (1993), «Аркадий Смолич» (1992), «На Черных лядах» (1995) у філіі музея «Музей гісторыі беларускага кіно»[3].

Літаратурным музеем Янкі Купалы плануецца правядзенне выстаўкі «Абуджаная жалейка», прысвечанай цыклу патрыятычных вершаў Янкі Купалы 1918 года, натхнёных першым крокам да незалежнасці Беларусі. Музеем гісторыі беларускай літаратуры будзе падрыхтавана літаратурна-дакументальная перасоўная выстаўка «1918 у літаратуры і друку» (перадумовы стварэння БНР, асобы, гісторыя, факты, адукацыя, навука, культура, літаратурнае замежжа)[3].

15-16 сакавіка ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі плануе правядзенне Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларуская Народная Рэспубліка ў гістарычным лёсе беларускай дзяржаўнасці»[44], па выніках якой будзе выдадзены зборнік матэрыялаў[3]. У рамках мерапрыемства прэзентаваны грунтоўны гістарычны нарыс «Беларуская Народная Рэспубліка — крок да незалежнасці. Да 100-годдзя абвяшчэння», які быў падрыхтаваны аўтарскім калектывам навукоўцаў інстытута і сістэматызуе найважнейшыя этапы і падзеі, якія спрычыніліся да ўстанаўлення беларускай дзяржаўнасці на пачатку ХХ стагоддзя[45].

Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і ў справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама разаслала лісты ва ўсе раённыя музеі з рэкамендацыяй правесці творчыя мерапрыемствы да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР 25 сакавіка[46].

Беларускім «словам году»-2018 эксперты радыё «Свабода» і ўдзельнікі народнага галасавання ў сетках згодна назвалі БНР[47].

Міжнародная рэакцыя правіць

  25 сакавіка 1918 года была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. У 100 гадавіну гэтай падзеі ўсім Беларусам, якіх з Польскім Народам яднае супольная гісторыя і культура – перадаю сардэчныя пажаданні ўсяго найлепшага і поспехаў у развіцці іх Бацькаўшчыны.  
  •   Вялікабрытанія: Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб звярнулася да беларусаў са святочным відэазваротам. У прамове Гіб павіншавала беларусаў з стагоддзем адметнай падзеі, якая адыграла вялізную ролю ў фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці і запэўніла, што Вялікабрытанія цалкам падтрымлівае суверэнітэт і незалежнасць Беларусі[49].
  •   Літва: Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус павіншаваў беларусаў са стагоддзем абвяшчэння незалежнасці БНР відэазваротам, у якім звяртаўся па-беларуску[50].
  •    Арызона: Сенатар ад Арызоны Джон Мак-Кейн павіншаваў беларусаў са стагоддзем абвяшчэння Беларускай Рэспублікі ў сваім твітэр-акаўнце[51].

Зноскі

  1. radabnr.org
  2. nashaniva.by
  3. а б в г д Максім Ляшко. Як Беларусь адзначыць стагоддзе БНР на дзяржаўным узроўні — спіс мерапрыемстваў. nashaniva.by (15 студзеня 2018). Архівавана з першакрыніцы 6 сакавіка 2018. Праверана 6 сакавіка 2018.
  4. Ушанаваць памяць пра Беларускую Народную Рэспубліку да 100-годдзя яе абвяшчэння!
  5. а б в Дэмакратычныя арганізацыі дамовіліся пра сумеснае святкаванне 100-годдзя БНР
  6. а б Улады прапануюць правесці Дзень Волі ў цэнтры Мінска, але без шэсця
  7. а б в Апазыцыя пойдзе на перамовы з уладамі наконт Дня Волі
  8. а б Улады дазволілі мітынг і канцэрт ля менскай опэры 25 сакавіка
  9. а б Улады дазволілі Дзень Волі каля Оперы, вызвалілі арганізатараў ад аплаты збораў
  10. Беларусы сабралі 6000 рублёў на бронзавую дошку да 100-годдзя БНР за тры гадзіны
  11. ТЭРМІНОВЫ ЗБОР СРОДКАЎ НА БРОНЗАВУЮ ДОШКУ ДА 100-ГОДДЗЯ БНР Архівавана 10 сакавіка 2018.
  12. Мікола Статкевіч падзяліў аргкамітэт #БНР100 на дзьве часткі
  13. Статкевіч правядзе на Дзень Волі шэсьце, нават калі яго не дазволяць
  14. У Менгарвыканкам пададзена заяўка на шэсце 25 сакавіка. Статкевіч: «Хай толькі паспрабуюць крануць людзей»
  15. Партыя Пазьняка атрымала дазвол на мітынг 24 сакавіка ў Кіеўскім сквэры Менску. Будзе «акцыя-пралёг» да #БНР100
  16. У Менску ўсталявалі дошку ў гонар братоў Луцкевічаў. ФАТАФАКТ
  17. Максім Ляшко. У парку Янкі Купалы ў Мінску ўсталявалі мемарыяльную дошку ў гонар братоў Луцкевічаў. nashaniva.by (7 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2018. Праверана 7 сакавіка 2018.
  18. У Менску ўрачыста адкрылі памятны знак у гонар братоў Луцкевічаў. ФАТАФАКТ
  19. БелаПАН стаў генэральным партнэрам #БНР100. Хто ахвяруе на Дзень Волі
  20. Міліцыя затрымала ініцыятараў шэсьця 25 сакавіка ў Менску: Вінярскага, Някляева, Сіўчыка
  21. На Дзень Волі сабралі 100 % неабходнай сумы. Краўдфандынг працягваецца
  22. а б Улады Гомля не далі дазволу сьвяткаваць #БНР100: памяшканьне занялі «Бабы Шанэль»
  23. Адэля Вольская выступіць замест бацькі на менскім «Сьвяце незалежнасьці»
  24. Мікола Статкевіч затрыманы ў Менску напярэдадні несанкцыянаванай акцыі
  25. Масавыя затрыманьні на плошчы Якуба Коласа ў Менску, адкуль Статкевіч зьбіраўся з шэсьцем. ФОТА, ВІДЭА
  26. У Берасьці на Дзень Волі рыхтуюць вулічны фэст «100 год БНР»
  27. а б Улады далі вусны дазвол на #БНР100 ў Берасці і Горадні. Пададзена заяўка ў Гомелі(недаступная спасылка)
  28. а б Берасьцейскі гарвыканкам дазволіў фэст «100 год БНР». Улады возьмуць удзел у сьвяткаваньні
  29. Горадзенскія ўлады папярэдне пагадзіліся на сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР, але афіцыйнага дазволу пакуль няма
  30. а б Горадзенскія ўлады дазволілі канцэрт-мітынг да Дня Волі
  31. У Лідзе ўлады і мясцовыя актывісты зладзяць канцэрт да #БНР100
  32. а б в Заяўкі на мітынгі на #БНР100 падалі ў Баранавічах, Віцебску і Магілёве
  33. У Слуцку на канцэрце #БНР100 выступяць Алесь Дзянісаў і Зьміцер Бартосік
  34. У Салігорску дазволілі мітынг да 100-годзьдзя БНР. Але без гукаўзмацняльнай апаратуры
  35. У Магілёве забаранілі пікет да #БНР100
  36. Святочны канцэрт да 100-годдзя БНР пройдзе і ў Пружанах
  37. У Баранавічах дазволілі канцэрт на Дзень Волі, але арганізатары ня маюць на яго сродкаў
  38. Віцебская міліцыя за ахову мітынгу да #БНР100 хоча грошай, якіх у заяўнікаў няма
  39. У Кобрыні дазволілі пікет да 100-годзьдзя БНР
  40. Мітрапаліт Кандрусевіч: «Абвяшчэньне БНР — сьвята зьвеставаньня незалежнасьці»
  41. «Божа, благаславі Беларусь»: малітва з нагоды 100-годдзя абвяшчэння БНР
  42. Каталікі Беларусі апублікавалі тэкст малітвы да #БНР100
  43. Мітрапаліт Павел сказаў, што малітвы да стагодзьдзя БНР ня будзе, каб не палітызаваць набажэнства
  44. а б У Нацыянальным гістарычным музэі адкрылася выстава да 100-годзьдзя БНР
  45. Акадэмія навук падрыхтавала афіцыйнае выданьне, прысьвечанае 100-годзьдзю БНР
  46. Улады рэкамэндуюць музэям Горадзеншчыны ўшанаваць 100-годзьдзе БНР
  47. www.svaboda.org
  48. Прэзыдэнт Польшчы павіншаваў беларусаў зь юбілеем БНР
  49. Амбасадар Вялікай Брытаніі павіншавала са 100-годзьдзем БНР: «Спадзяюся, што ўсе беларусы аб’яднаюцца»
  50. Міністар замежных спраў Літвы павіншаваў беларусаў з 100-годзьдзем БНР. svaboda.org (25 сакавіка 2018).
  51. U.S. Senator John McCain (R-AZ). twitter.com (25 сакавіка 2018).

Спасылкі правіць