Паўстанне 1863 года на Пружаншчыне
Паўста́нне 1863 года на Пружа́ншчыне — ваенныя дзеянні паўстанцкіх аддзелаў з Царства Польскага, а пасля таксама ўласных фарміраванняў і аддзелаў з суседніх паветаў Гродзенскай губерні, у склад якой уваходзіў Пружанскі павет. На той час ягоная тэрыторыя займала землі сучасных Пружанскага, часткі Бярозаўскага і Камянецкага раёнаў Брэсцкай вобласці, а таксама Гайнаўскага павета Падляскага ваяводства (Польшча).
Паўстанне 1863 года на Пружаншчыне | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Паўстанне 1863—1864 гадоў | |||
Дата | зіма — восень 1863 года | ||
Месца | Пружанскі павет, Расійская імперыя | ||
Вынік | перамога расійскага боку | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Ваенныя дзеянні на тэрыторыі павета распачалі польскія аддзелы Рамана Рагінскага, Станіслава Сангіна і Браніслава Рыльскага, якія яшчэ да выдання маніфеста Літоўскага правінцыйнага камітэта перайшлі мяжу Гродзенскай губерні. Яны імкнуліся такім чынам распаўсюдзіць паўстанне далей на ўсход. Першыя ўласныя аддзелы ў Гродзенскай губерні пачалі стварацца ў сакавіку — красавіку 1863 года. Найбольшую актыўнасць у Пружанскім павеце праявілі аддзелы Урублеўскага. Уласны аддзел сфарміраваў пружанскі памешчык Фелікс Улодак, з якім пазней прыняў удзел у Мілавідскай бітве. Дзейнічалі аддзелы з суседніх Ваўкавыскага, Слонімскага, Гродзенскага паветаў.
Касцяк паўстання склала дробная шляхта і жыхары мястэчак. У Гродзенскай губерні адсотак сялян сярод удзельнікаў паўстання быў большым, чым ва ўсіх іншых беларускіх губернях. Аднак шырокай падтрымкі дабіцца не атрымалася з прычыны перавагі «белых» і антыпольскай прапаганды расійскага ўрада.
На задушэнне паўстання былі кінутыя вялізныя сілы. За карнымі аперацыямі на Гродзеншчыне асабіста сачыў віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў, які за сваю жорсткасць у задушэнні паўстання атрымаў мянушку «вешальнік». У насельніцтва ладзіліся ператрусы ў мэтах пошуку паўстанцкай зброі; за дапамогу паўстанцам або падазраваных ва ўдзеле шляхціцаў высылалі з краю, а іхняя маёмасць секвестравалася.
Да канца 1863 года паўстанне на Пружаншчыне было задушанае. Пасля гэтага распачалася палітычная рэакцыя і татальная русіфікацыя, усталяваўся рэжым выключных законаў.
Абвяшчэнне паўстання
правіць10 студзеня (21 студзеня) 1863 года Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве выдаў маніфест з заклікам да паўстання. У адмысловай адозве да насельніцтва Літвы і Беларусі Цэнтральны камітэт ад імя Часовага нацыянальнага ўрада заклікаў падтрымаць паўстанне, якое пачалося ў Польшчы ў ноч на 23 студзеня.
На тэрыторыі сучаснай Беларусі паўстанне рыхтаваў Літоўскі правінцыйны камітэт, які стварыў гродзенскую, мінскую, навагрудскую, беластоцкую і іншыя рэвалюцыйныя арганізацыі. Гурткі дзейнічалі ў Брэст-Літоўску, Слоніме, Ваўкавыску, Пружанах, Кобрыне[1]. Атрымаўшы першую вестку пра пачатак паўстання ў Польшчы, 1 лютага ЛПК звярнуўся да насельніцтва Літвы і Беларусі з маніфестам, які паўтараў асноўныя палажэнні маніфеста і дэкрэтаў Часовага нацыянальнага ўрада.
Хада паўстання
правіцьПершыя аддзелы
правіцьАднак першыя паўстанцкія аддзелы на Пружаншчыне з’явіліся яшчэ да адозвы Літоўскага правінцыйнага камітэта, у канцы студзеня 1863 года. Некаторыя польскія камандзіры, якія імкнуліся распаўсюдзіць паўстанне на ўсход, рухаліся на Гродзенскую, Мінскую губерні і далей. Такім чынам на Пружаншчыне дзейнічалі аддзелы пад кіраўніцтвам Рамана Рагінскага, Станіслава Сангіна і Браніслава Рыльскага[2] . Найбольш паспяхова дзейнічала злучэнне Рагінскага. Пасля паражэння пад Сямятычамі яно, нягледзячы на пераслед праціўніка, здолела праз Пружанскі павет дайсці да Мінскай губерні, робячы рэйды па вёсках.
30 студзеня (11 лютага) 1863 года каля вёскі Каралёў Мост Пружанскага павета адбылася сутычка аддзела Рагінскага з расійскімі войскамі пад камандаваннем флігель-ад’ютанта Носціца і падпалкоўніка Вімберга ў складзе 5 рот Пскоўскага палка, 3 рот Рэвельскага палка, казакаў 24-га Данскога палка і 4 гармат. Сілы былі няроўныя, частка паўстанцаў вымушаная была адступіць назад у Польшчу, астатнія са стратамі схаваліся ў пушчы. Як паведамлялася ў афіцыйным данясенні, «з шайкі загінулі 12 чалавек, патанулі 5, узятыя ў палон 4 і на другі дзень 16»[3].
Аднак ужо назаўтра, 31 студзеня (12 лютага), аддзел паўстанцаў з 200 чалавек, узброеных ружжамі, пісталетамі, кінжаламі, захапіў мястэчка Шарашова, дзе быў прыхільна сустрэты местачкоўцамі. Тут паўстанцы прыдбалі паўкажушкі, боты, вопратку і, узяўшы 93 рублі казённых грошай у сельскім праўленні, рушылі ў кірунку да Пружанаў[2] .
1 лютага (13 лютага) Пружаны без аніякага супраціву былі ўзятыя аддзелам Сангіна і Рагінскага з 100 чалавек. Жыхары горада прыхільна паставіліся да паўстанцаў, а ўлады не здолелі даць ім адпор. Начальнік пружанскай каманды ўнутранай варты ўцёк, пераапрануўшыся ў сялянскае адзенне. З цэйхгаўза паўстанцы забралі ўсю зброю, амуніцыю, патроны. У казне ўзялі 10 808 руб., выпусцілі з турмы ўсіх вязняў і напалі на кватэру гараднічага. Меркавана, гэты напад на казначэйства стаўся першым у часе паўстання, таму яно і так званая «белая турма» ахоўваліся адно інваліднай камандай на чале з паручнікам Платонам Галаўнёй. Ужо праз пяць дзён Міністэрства фінансаў прыняло загад аб адпаведнай ахове ўсіх дзяржаўных фінансавых устаноў[4]. У доме фельдмаршала (імаверна, Палацык) была зладжаная сустрэча каліноўцаў з мясцовай шляхтай і купцамі; добраахвотнікамі ў паўстанцы запісаліся некалькі шляхціцаў. Па рашэнні Польскага нацыянальнага ўрада павятовым начальнікам быў прызначаны Міхал Жукоўскі, які меў маёнтак Лукомер каля Малеча[3], а памочнікам — Медард Скачынскі з Галенаў[5].
Адсюль частка паўстанцаў на чале з Станіславам Сангіным і Браніславам Рыльскім накіравалася назад на Семятычы, аднак 3 лютага (15 лютага) яны былі разбітыя пад в. Рэчыца Пружанскага павета. Сангін у гэтым баі загінуў, а Рыльскі з 9 паўстанцамі трапіў у палон.
3 февраля. Дело при ферме Речице, Пружанскаго уезда. Русский отряд состоял из 2-ой стрелковой и 3 и 7 линейной рот Псковскаго полка с казаками, под командою подп. Вимберга. Убито 2, ранено 3. Состав шайки до 250 чел. Начальник ея Рыльский (он убит). Убито 83 чел., ранено 34, в плен взято 14. З афіцыйнай хронікі // Лідскі летапісец. Валерый Антонавіч Урублеўскі ў паўстанні 1863-1864 гг.
|
Рагінскі праз Кобрынскі павет рушыў углыб Палесся, маючы намер узняць на паўстанне мясцовых сялян і шляхту. 25—26 лютага ягоны аддзел пацярпеў паражэнне пад Боркамі (цяпер у Ганцавіцкім раёне) ад царскага падраздзялення пад камандаваннем Альбертава. Канчаткова паўстанцы былі разбітыя ў Слуцкім павеце, дзе іх урэшце здолелі дагнаць расійскія войскі. 3 сакавіка Раман Рагінскі трапіў у палон у маёнтку шляхціца Млынскага каля Турава[6].
Уласныя аддзелы
правіцьПершыя аддзелы ў Гродзенскай губерні пачалі стварацца толькі ў сакавіку — красавіку 1863 года. Сігналам для выступу з’яўляліся вусныя або пісьмовыя загады, якія перадавалі сябрам паўстанцкай арганізацыі[7]. На ўзбраенні меліся паляўнічыя стрэльбы, косы, пікі і дубінкі.
Аддзел Урублеўскага
правіцьЦэнтрам паўстанцаў была Белавежская пушча. Тут знаходзіўся цэнтралізаваны штаб, а таксама найбуйнейшы паўстанцкі аддзел (да 400 чалавек), створаны начальнікам Сакольскай егерскай школы Валерыем Урублеўскім[7]. У яго склад увайшлі вучні егерскай школы і мясцовая варта Белавежскай пушчы. Аддзел падзяляўся на дзве роты па 200 чалавек, якія ў сваю чаргу падзяляліся на дзясяткі. З усіх толькі 230 чалавек былі ўзброены паляўнічымі стрэльбамі, а астатнія косамі. Сам Урублеўскі атрымаў пасаду начальніка штаба ўсіх паўстанцкіх сіл, аддзелам камандаваў Ануфрый Духінскі, а конную групу ўзначальваў Казімір Кабылінскі.
Першы бой аддзела адбыўся 17 красавіка (29 красавіка) пад Пілатоўшчынай або Валіламі ў Сакольскай (Крынскай) пушчы. Паўстанцы атрымалі цяжкае паражэнне і ўцяклі, пакінуўшы вазы, скарб, афіцыйную пячатку ваяводы Духінскага і 32 чалавекі забітымі[8]. Аднак неўзабаве аддзел атрымаў падмацаванне, потым пад націскам карнікаў перайшоў у Пружанскі і Ваўкавыскі паветы, дзе працягнуў барацьбу.
Аддзел Улодака
правіць20 красавіка быў сфарміраваны паўстанцкі аддзел каля карчмы Пінак у ваколіцах Сяльца. Яго дзеяннямі кіраваў шляхціц Фелікс Улодак (мянушкі Шчасны, Самуха, Здзяхоўскі), які меў маёнткі Кабакі ў Пружанскім і Матыкалы ў Брэсцкім паветах. Пасля паўстання яны былі канфіскаваныя. Аддзел Улодка налічваў каля 100 чалавек і дзейнічаў на тэрыторыі цяперашніх Пружанскага, Бярозаўскага, Іванаўскага раёнаў. Харчаванне куплялі або забіралі ў сялян. Так пра гэта казаў удзельнік аддзела Улодка адстаўны падпаручнік Станіслаў Трамбіцкі:
Что же касается до пищи, то шайка её доставала следующим образом: что откомандировывались небольшие отряды в ближайшие деревни и забирали там что только находили съестного, и таким образом пропитывались со дня на день. Станіслаў Трамбіцкі // Радкевіч versus Каліноўскі? — часть четвёртая
|
21 мая 1863 года браў удзел у бітве пад Мілавідамі.
Аддзел Яна Ваньковіча (псеўданім Ляліва), які дзейнічаў пачаткова на Падляшшы, а потым перайшоў у Кобрынскі павет, перайшоў на Пружаншчыну. 30 мая (13 чэрвеня) 1863 года за некалькі кіламетраў ад Чорнага возера, непадалёк ад в. Пескі, іхні аб’яднаны аддзел прыняў бой з царскімі войскамі (2 роты пяхоты і некалькі дзясяткаў казакаў). Пасля гэтага адышоў у Пінскі павет[6].
Аддзел Стравінскага
правіцьВаўкавыскі паўстанцкі аддзел на чале з паручнікам Мурамскага пяхотнага палка Густавам Стравінскім утварыўся ў асноўным з сялян, моладзі, дробнай шляхты і аднадворцаў мястэчка Лыскава і вакольных вёсак. Аддзел налічваў 136 чалавек і падзяляўся на стралкоў, касінераў і коннікаў[9].
Стравінскі правёў 2 мая паспяховую бітву з царскімі войскамі ў Міхалінскіх лясах ля Бярозы-Картузскай, браў удзел у Мілавідскай бітве. Пэўны час пры ягоным аддзеле знаходзіўся галоўны штаб паўстанцаў Гродзенскай губерні[10].
Іншыя
правіцьУ ноч з 2 на 3 мая 1863 года паўстанцкі аддзел быў створаны з жыхароў мястэчка і маёнтка Сялец, горада Пружаны і яшчэ некалькіх мястэчак. Дыслацыраваўся каля Сяльца. Пружанскі павятовы военачальнік даносіў камандаванню, што праследаваць гэтыя аддзелы без ведання мясцовасці немагчыма[2] .
Баявыя дзеянні
правіць2 мая 1863 года аддзел з 60 чалавек напаў на паштовую станцыю Свадзьбічы, у выніку чаго захапілі 18 коней і зброю. Пасля 12 мая атакавалі Бярозаўскую заставу, знішчылі шлагбаум, забралі казённыя грошы, дакументы, затрымалі абоз. Супраць паўстанцаў была накіраваная восьмая рота Рэвельскага пяхотнага палка і 30 казакаў. У сутычцы каля мястэчка Сялец паўстанцы пацярпелі значныя страты.
13 мая ля в. Смалярка адбыўся бой паўстанцаў Ф. Улодка з расійскімі войскамі[1].
14—15 мая ў Міхалінскіх лясах, ля в. Міхалін адбыўся бой паўстанцаў Густава Стравінскага («Млотка») з расійскімі войскамі. Дапамога, што падаспела, уратавала царскія войскі ад разгрому[1].
22 мая адбылася бітва пад Мілавідамі. Тут сабраліся 5 аддзелаў паўстанцаў агульнай колькасцю каля 800 чалавек:
- Слонімскі (300 чалавек, кіраўнік Францішак Юндзіл),
- Ваўкавыскі (270 чалавек, Густаў Стравінскі, таксама вядомы як «Млотак»),
- Гродзенскі (Аляксандр Лянкевіч, таксама вядомы як «Ляндэр»),
- Навагрудскі (140 чалавек, Вітольд Міладоўскі),
- Пружанскі (50 чалавек, Фелікс Улодак, таксама вядомы як «Шчасны»).
Агульнае камандаванне здзяйсняў Ляндэр (палкоўнік Лянкевіч). Паўстанцам супрацьстаялі 5 рот жаўнераў з 4 гарматамі. Цягам некалькіх гадзін царскія войскі не здолелі ўзяць лагер, адступіўшы з вялікімі стратамі. Уначы паўстанцы неўпрыкмет пакінулі лагер.
23 мая на Пружаншчыну прыйшоў аддзел паўстанцаў з Ваўкавыскага павета. У в. Броўск яны адабралі ў лесніка зброю, 30 мая ва ўрочышчы Броўск спалілі канцылярыю лясніцтва, узялі казённыя грошы і адышлі ў Ваўкавыскі павет.
24 мая (4 чэрвеня) 1863 года адбылася жорсткая сутычка аддзела пад кіраўніцтвам пружанскага шляхціца Улодка «Шчаснага» з расійскім войскам ля вёскі Ласасін. Паўстанцы пацярпелі цяжкія страты: 40 чалавек забітымі. Урублеўскі з часткай аддзела здолеў вырвацца з акружэння[11]. Пасля бою казакі налічылі на адным левым флангу 127 забітых, у палон быў узяты беластоцкі памешчык Рафал Карыцкі.
24 мая адбыўся вялікі бой у Ружанскай пушчы, дзе батальён Неўскага пяхотнага палка атакаваў частку аддзела Лянкевіча, якая не ўдзельнічала ў Мілавідскай бітве, і нанёс ёй адчувальныя страты[12] .
8 чэрвеня адбыўся бой з расіянамі над ракой Сцярцежай у Ружанскай пушчы. Духінскі быў адрэзаны ад асноўнай часткі аддзела Урублеўскага, і апошні тройчы вадзіў жаўнераў у атаку, каб адбіць Духінскага. Пасля паспяховага наступу паўстанцы адышлі, забіраючы параненых[8].
У сярэдзіне чэрвеня да аддзела Урублеўскага далучыліся сілы Аляксандра Лянкевіча і Густава Стравінскага з Ваўкавыскага і Гродзенскага паветаў. Неўзабаве аддзел перанёс лагер з Пераездзіка ў Вялікі Кут.
Уночы з 14 на 15 чэрвеня аддзел Ануфрыя Духінскага размясціўся на старой базе ваўкавыскага аддзела. 2 чэрвеня (15 чэрвеня) 1863 года коннікі Казіміра Кабылінскага з гэтага аддзела ўварваліся ў Ружаны з боку Слоніма. Спачатку схапілі каменданта, адабралі зброю і 65 рублёў 12 капеек. Пасля, акружыўшы кашары, паранілі 4 жаўнераў, забралі 22 карабіны, 903 набоі, значную частку амуніцыі і іншыя рэчы. У канцылярыі знішчылі афіцыйныя паперы і архівы[13].
15 чэрвеня з лагера на захад ваяводства выправіліся 96 паўстанцаў на чале з Юльянам Эйтміновічам, 16 чэрвеня — 56 чалавек Лянкевіча. Удзень 3 чэрвеня (16 чэрвеня) 1863 года да лагера наблізіліся ворагі, што гналіся за Кабылінскім і яго людзьмі. Ля мястэчка Лыскава паўстанцы на чале з Урублеўскім аказалі моцны супраціў маскоўцам[12] , якія вымушаныя былі адысці, пакінуўшы 11 чалавек забітымі і 17 параненымі. У паўстанцаў загінуў Пётр Радавіцкі і трое параненыя.
Аддзел Стравінскага ля вёскі Пашкоўскія Астраўкі Ваўкавыскага павета злучыўся з групай Засуліча і аддзелам пружанца Шчаснага. 9 жніўня на аддзел нечакана напалі карнікі. Не маючы штыкоў, паўстанцы адышлі пад прыкрыццём 40 стралкоў. Неўзабаве Шчасны з’ехаў у Царства Польскае, а рэшткі аддзела ўзначаліў Ільдэфонс Хадакоўскі[12] .
15 жніўня камандзір паўстанцаў Духінскі атрымаў адстаўку і выехаў за мяжу. Пасля гэтых падзей Урублеўскі на прапанову Кастуся Каліноўскага быў афіцыйна прызначаны камандуючым усімі ўзброенымі сіламі Гродзенскай губерні. Яго аддзел змяніў тактыку, падзяліўшыся на драбнейшыя аддзелы па 20—30 чалавек. На поўначы Ваўкавыскага павета дзейнічаў «Янка з-пад Гародні», на поўдні — «Юзік з Беластока» (Засуліч) з аддзелам на 120 чалавек; да Шарашова пайшоў «Марэль», у Белавежскую пушчу — «Галабурда»; група з 60 чалавек на чале з Вашкевічам рушыла ў Бельскі павет, яшчэ 60 чалавек на чале з Талкінавым — у Сакольскі павет. Камандзіры атрымалі інструкцыю выкарыстоўваць любую магчымасць для абнародавання мясцовым жыхарам маніфеста Нацыянальнага ўрада.
У канцы жніўня царскія ўлады прынялі меры па пошуку і разгроме аддзела Урублеўскага. У Пружанскім павеце Белавежскую пушчу і вакольныя лясы прачэсвалі жаўнеры Стараінгерманландскага пяхотнага, Пскоўскага, Курляндскага палкоў з горада Свіслач, а таксама Пружанскі пяхотны полк і Белавежскі 3-і стралковы батальён[9]. 30 жніўня паўстанцы былі насцігнутыя ля в. Глыбокі Кут і на працягу гадзіны разбітыя; страціўшы 31 чалавека забітымі і 2 паланёнымі, аддзел Урублеўскага адышоў у Белавежскую пушчу, схаваўшыся на балоцістай выспе пад Чадзелем. Аднак хутка і гэтая схованка была выкрытая, пасля чаго было вырашана ў бой з расіянамі не ўступаць і адысці далей[14]. У калоніі Папялёў аддзел падзяліўся. Група з 120 паўстанцаў Густава Стравінскага, з якой знаходзіўся і штаб Гродзенскага ваяводства з Духінскім і Урублеўскім, рушыла на поўнач Ваўкавыскага павета і спынілася ва ўрочышчы Масцішча ў Свіслацкай пушчы; Урублеўскі накіраваўся на Горбач. Аддзел Стравінскага неўзабаве быў распушчаны, а сам кіраўнік з’ехаў за мяжу.
Застаўшыся адным з апошніх дзейных камандзіраў, Валерый Урублеўскі зноў вярнуўся ў Белавежскую пушчу праз Боркі[14]. Выкрыты пад Гарадзечнам аддзел здолеў 12 верасня прарваць акружэнне каля вёскі Рудня Ваўкавыскага павета і сысці ў кобрынскія лясы[15].
У канцы лета Нацыянальны ўрад прызнаў, што працягваць паўстанцкія дзеянні ў заходніх расійскіх губернях немэтазгодна. 28 жніўня быў выдадзены загад пра спыненне ваенных дзеянняў дзеля таго, каб аднавіць змаганне ўвесну наступнага года[7]. Удзельнікі паўстання на зімовы перыяд мусілі сканцэнтравацца ў Каралеўстве Польскім. Частка паўстанцаў прабралася ў Горацкія лясы Кобрынскага павета або ў Брэсцкі павет, дзе працягвала змаганне з намерам пераправіцца цераз Буг, але большасць касінераў вярнулася ў свае вёскі і мястэчкі. Гэтаму таксама паспрыяў маніфест урада з абяцаннем памілаваць удзельнікаў паўстання, якія добраахвотна з’явяцца да мясцовых уладаў. Акрамя таго, як зазначаў у рапарце гродзенскаму губернатару 19 верасня пружанскі павятовы военачальнік, многія паўстанцы пачалі вяртацца дадому з той прычыны, што ім усё цяжэй здабываць харчаванне ад насельніцтва ў сувязі са сталым пераследам войскамі і стварэннем пастаяннай сельскай варты[2] .
Апошні бой аддзел Урублеўскага правёў 28 кастрычніка, пасля чаго, уцякаючы ад карнікаў, перайшоў у Люблінскую губерню. Ягоныя паўстанцы правялі на тэрыторыі Гродзенскай губерні 58 баёў з расійскімі войскамі[16].
Увосень арганізаваная ўзброеная барацьба на тэрыторыі беларускіх паветаў Гродзенскай губерні спынілася.
Паўстанцкая ўлада
правіцьНа тэрыторыі, ахопленай паўстаннем, усталёўвалася рэвалюцыйная ўлада. Замест губерняў ствараліся ваяводствы, якія тэрытарыяльна супадалі з губернямі. Выключэннем стала Гродзеншчына, якая была падзеленая на паўночнае і паўднёвае ваяводствы. Асобнай адзінкай стаў Навагрудскі павет, вылучаны са складу Мінскай губерні і непасрэдна падначалены Вільні.
У паўночных (Беластоцкім, Ваўкавыскім, Гродзенскім, Сакольскім і Слонімскім) паветах ваяводскім быў прызначаны паплечнік Кастуся Каліноўскага Эразм Заблоцкі, у паўднёвых (Бельскім, Брэсцкім, Кобрынскім і Пружанскім) — памешчык Апалін Гофмайстэр[17], начальнікам Навагрудскага павета — шляхціц Канстанцін Кашыц[7], сын паўстанца 1830—1831 гадоў Юзафа.
На чале кожнага павета стаялі павятовыя, на чале акруг — акруговыя. Гэтыя пасады займаліся цывільнымі справамі ў межах сваіх адміністрацыйных адзінак.
Ваеннымі дзеяннямі ў ваяводствах кіравалі ваенныя начальнікі, у ваяводствах былой Гродзенскай губерні гэтую пасаду спярша займаў Валерый Урублеўскі.
Падчас рэйдаў па вёсках паўстанцы збіралі жыхароў ваколіц, знаёмілі іх з маніфестам Часовага ўрада, пісалі акт пра перадачу зямлі ва ўласнасць сялян, прыводзілі іх да прысягі, пасля чаго рухаліся далей. Пастаянны пераслед царскімі войскамі вымушаў паўстанцаў абмяжоўвацца толькі дэкларацыяй новага парадку. Ажыццяўляць новыя законы не было часу[7].
Цывільныя ахвяры
правіцьВядомыя выпадкі, калі паўстанцы каралі смерцю праваслаўных святароў, якіх называлі «схізматыкамі».
Адным з найбольш вядомых выпадкаў на Пружаншчыне стала забойства іерэя Рамана Рапацкага, які служыў настаяцелем прыходу ў вёсцы Котра. 3 ліпеня 1863 года яго схапілі на сенакосе і павесілі на грушы, пасля чаго адзін з паўстанцаў стрэліў яму ў грудзі. Побач з ім быў павешаны мясцовы селянін Канстанцін Швед за тое, што паведамляў уладам месцазнаходжанне паўстанцаў[18]. У віленскім Прачысценскім саборы захоўваецца памятная дошка з пералікам 349 ахвяр паўстання, дзе Раман Рапацкі значыцца адным з першых[19].
У Лыскаве на рынкавай плошчы памешчык Засуліч з паўстанцаў застрэліў настаўніка народнага вучылішча Фрыдрыха Вішгальца за тое, што выкладаў па-руску і не зняў партрэты імператарскіх асоб. Цела ягонае праляжала там тры дні, бо паўстанцы забаранілі чапаць і хаваць забітага пад пагрозай смерці. Толькі на чацвёрты дзень удава Вішгальца здолела пахаваць мужа на полі за мястэчкам, як загадаў кіраўнік паўстанцкага аддзела, мясцовы памешчык Здзіслаў Быхавец: «Закапай там, дзе сабакі скавычуць»[18].
Стаўленне насельніцтва
правіцьУ Гродзенскай губерні, часткай якой з’яўляўся Пружанскі павет, рэвалюцыйны рух дасягнуў найбольшага размаху на тэрыторыях былога Вялікага Княства Літоўскага[1]. Касцяк паўстання склалі жыхары мястэчак — дробныя чыноўнікі, інтэлігенцыя, рамеснікі, навучэнцы, — сярод якіх падрыхтоўчая праца вялася ўжо з пачатку 1860-х гадоў, былі загадзя створаныя падраздзяленні.
Арганізатарам паўстання Кастусю Каліноўскаму і Валерыю Урублеўскаму ўдалося падняць на барацьбу сялян губерні, і паўстанцы карысталіся шырокай падтрымкай сялян. Яны былі фуражырамі, выведнікамі, праважатымі для паўстанцаў. Асаблівую ветлівасць адзначалі паплечнікі Урублеўскага сялян вёсак Лыскава, Мілавіды і Крынкі[8].
У ваенных дзеяннях з сялян найболей удзельнічалі беззямельныя і малазямельныя шляхціцы, аднадворцы. У Гродзенскай губерні паўстанне падтрымаў найбольшы адсотак дзяржаўных сялян сярод беларускіх губерняў (каля 20 %). Памеснае дваранства разам са святарамі складала толькі каля 6 % удзельнікаў паўстання. Збольшага дваранства аказвала матэрыяльную дапамогу. Сярод духавенства паўстанне падтрымалі ў асноўным каталіцкія святары; пратэстанцкае, мусульманскае і іўдзейскае духавенства да ідэй паўстання ставілася абыякава. Дапамога святароў заключалася найчасцей у забеспячэнні аддзелаў, агітацыі і вярбоўцы мясцовага насельніцтва. Так, у аддзел Урублеўскага народ заклікаў ксёндз Валіцкі з Сакольскага павета, у аддзелы Улодка і Урублеўскага ўваходзіў ксёндз Манюшка[20].
Тым не менш, абмежаваная праграма паўстання і прыход да кіраўніцтва «белых» выключалі магчымасць шырокага ўдзелу ў ім сялянства Беларусі і Літвы. Недавер у сялян выклікаў факт падтрымкі паўстання з боку мясцовых польскіх памешчыкаў, абмежаваная праграма яго кіраўнікоў, лозунг аднаўлення польскай дзяржавы. Да таго ж улады і праваслаўная царква распаўсюджвалі ілжывыя чуткі, быццам польскія памешчыкі паўсталі супраць расійскага цара за тое, што ён вызваліў сялян з прыгону, і імкнуцца аднавіць прыгонны лад[21]. Актыўнасць афіцыйнай прапаганды, дазвол часоваабавязаным сялянам выкупляць зямлю з 1 мая вызначылі пазіцыю сялянства. Ужо ў першы летні месяц пачалося актыўнае стварэнне ўзброеных вясковых каравулаў, кожны з якіх складаўся з 60—100 сялян на чале з унтэр-афіцэрам кадравых войск[12] .
Задушэнне
правіцьЯшчэ ў лютым 1863 года ў Гродзенскай губерні было ўведзена ваеннае становішча. У насельніцтва рабілі ператрусы, шукалі зброю. У лясах рабілі прасекі, каб аблегчыць пошук паўстанцаў[2] .
У разгар паўстання віленскім генерал-губернатарам стаў Міхаіл Мураўёў, атрымаўшы ад цара надзвычайныя паўнамоцтвы і рэгулярнае войска колькасцю 318 рот жаўнераў (па розных падліках, ад 90 да 145 тысяч чалавек[1]), 48 кавалерыйскіх эскадронаў і 18 казацкіх соцень[7] або 60 казацкіх соцень[1], ад 120[7] да 146[1] палявых гармат. 10 мая ён падпісаў цыркуляр, паводле якога дазвалялася накладаць грашовую кантрыбуцыю на тых жыхароў Заходняга краю, што не паведамілі пра перамяшчэнні паўстанцаў[22]. Насельніцтву, за выняткам сялян, было забаронена без дазволу ўладаў адыходзіць ад месца свайго жыхарства далей, чым на 30 вёрст; па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні шляхціцаў высылалі з краю.
З лета 1863 года мясцовае кіраўніцтва стала даволі паспяхова выкрываць тых, каго падазравалі ў сувязях з паўстанцамі. У Пружанах дзейнічала адмысловая ваенная камісія па разглядзе спраў мяцежнікаў, якая размяшчалася ў доме Керсноўскага на вул. Новасялецкай. Падазраваных было столькі, што для іхняга ўтрымання, акрамя астрога, былі занятыя яшчэ тры прыватныя дамы[14].
Калі да ўрада дайшлі чуткі пра тое, што паўстанцы маюць намер распусціць аддзелы на зіму, а ўвесну працягнуць паўстанне, Мікалай Мураўёў выдаў загад праводзіць пільныя ператрусы ў насельніцтва з мэтай выяўлення зброі. Для пошукаў Урублеўскага на загад віленскага генерал-губернатара, які асабіста сачыў за карнымі аперацыямі на Гродзеншчыне, была створана адмысловая група з лясных аб’езнікаў.
Жорстка каралася насельніцтва, якое спачувала паўстанцам. Напрыклад, за дастаўку прадуктаў паўстанцам раніцай 8 верасня (20 верасня) расійскія жаўнеры акружылі вёску Піняжкі. У прысутнасці мясцовых памешчыкаў, шляхты, сялян быў зачытаны загад пра знішчэнне вёскі і высяленне ўсіх жыхароў у аддаленыя губерні Расіі. Усе хаты былі спаленыя, маёмасць прададзеная з аўкцыёну, зямля перададзеная Сухопальскай вясковай грамадзе.
Паводле афіцыйных звестак, на Беларусі і Літве ў баях загінулі 5934 паўстанцы, 1361 чалавек трапіў у палон. 128 чалавек былі пакараны смерцю, высланы на катаргу 853, адпраўлены ў Сібір на пасяленне 504 чалавекі і 825 чалавек высланы з пазбаўленнем усіх правоў. 320 удзельнікаў паўстання былі адпраўлены радавымі ў войска, 767 — у арыштанцкія роты. Адміністрацыйным парадкам з краю былі высланы 7836 чалавек. Агулам былі выселены з краю 12 483 чалавекі[7]. Маёмасць пакараных канфіскоўвалася, а высланых — секвестравалася.
Дакладна невядомая колькасць святароў, якія падтрымалі паўстанне: гэтыя звесткі розняцца ў розных даследчыкаў. Паводле даследавання В. М. Зайцава, у Гродзенскай губерні былі пакараны 62 каталіцкія і 4 праваслаўныя святары; даследчыца С. М. Байкова называе 49 прадстаўнікоў духавенства, якія наўпрост або ўскосна дапамагалі паўстанцам[20].
Насіць жалобу па забітых было забаронена, праследавалася выкарыстанне «паўстанцкай сімволікі» (металічныя спражкі з гербамі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага).
За дапамогу паўстанцам пружанскі маршалак Валенцій Швыкоўскі быў пазбаўлены ўласнай сядзібы і правёў у выгнанні за мяжой чатыры гады. У 1867 годзе прысуд яму скасаваны, і ён здолеў вярнуцца на радзіму. У 2003 годзе ў пружанскім парку ля палацыка было знойдзена вялікае сховішча зброі, якая, як мяркуецца, належала паўстанцам. Юзаф Крашэўскі быў пазбаўлены права жыць у краі як «небяспечны для палітычнага парадку»[23]. Адам Быхавец вымушаны быў прадаць маёнткі Зельзін і Юзэфполь, пастаўлены перад фактам іхняй канфіскацыі ў іншым выпадку[24].
Раман Рагінскі быў прыгавораны да 20 гадоў катаргі, Фелікс Зянковіч — да 12 гадоў[25]. Фларыян Ажэшка, арыштаваны ў Пружанскім павеце ў ліпені 1863 года, быў высланы ў Томск; уладальнік маёнтка Доўгае Люцыян Крашэўскі высланы ў Кунгур Пермскай губерні; бацька будучага мастака-пейзажыста Станіслава Жукоўскага Юльян быў пазбаўлены свайго маёнтка Стараволя; сын уладальніка вёскі Нямковічы Севярын Пацэвіч высланы ў Сібір[23]. Сасланы ў Заходнюю Сібір ксёндз пружанскага павятовага вучылішча Аляксандр Грынявіцкі[20]. У турме ж пабывала, паводле згадак паўстанцкага лекара Аляксандра Акінчыца, ці не ўся шляхта раёна. Сярод асоб, якія сядзелі ў зняволенні, згаданыя Фелікс Дзяконскі з Крыніцы, Люцыян Крашэўскі з Доўгага, пісар Шарашоўскай воласці Шусціцкі і іншыя, а таксама жанчыны і дзеці[14].
Да канца 1863 года паўстанне на Пружаншчыне было задушанае.
Імя | Стан | Паходжанне | Характарыстыка | Заўвагі |
---|---|---|---|---|
Мікалай Асухоўскі | дваранін | Пружанскага павета | загадчык маёнтка Шчыцінк памешчыка Рамана Папіхвіцкага | |
Фелікс Улодак (псеўданім Самух альбо Здзяхоўскі) |
памешчык | Пружанскага павета | Пружанскага павета маёнтак Кабакі і Брэсцкага павета маёнтак Матыкалы | Збег у Царства Польскае |
Эдуард Высоцкі | дваранін | Пружанскага павета | у г. Пружаны ягоныя бацькі маюць уласную хату | |
Геніюш | памешчык | Пружанскага павета | Збег | |
Глябовіч | Былы чыноўнік. Служыў у Пружанах | Забіты | ||
Пётр Гутоўскі | дваранін | Пружанскага павета | ||
Васіль Дамброўскі | Пружанскага павета | дваровы чалавек памешчыка Швыкоўскага | ||
Дашкевіч | памешчык | Пружанскага павета | Збег | |
Іван Елец | дваранін | Пружанскага павета | На пражыванне ў Табольскую губерню | |
Франц Ізбідскі | дваранін | Пружанскага павета | ||
Антон Ількоўскі | дваранін | Пружанскага павета | ||
Уладзіслаў Казяродскі | памешчык | Пружанскага павета | дзе мае маёнткі: Каляды і Рудавец | |
Восіп Корф | незацверджаны дваранін | Пружанскага павета | ||
Эдуард Корф | незацверджаны дваранін | Пружанскага павета | ||
Альбін Крываблоцкі | аднадворац | Пружанскага павета | Пры арышце ў яго адабралі 12 рублёў срэбрам і перадалі на захоўванне капітану Масткоўскаму | |
Баляслаў Крываблоцкі | дваранін | Пружанскага павета | пражываў у г. Коўна | |
Іван дэ-Ларзак | дваранін | Пружанскага павета | у гэтым самым павеце мае маёнтак Загор’е | |
Алаізій Маеўскі | дваранін | Пружанскага павета | бацькі ягоныя валодаюць у гэтым павеце фальваркам Руковец | |
Канстанцін Нямыскі | дваранін | Пружанскага павета | ||
Міхаіл Палькоўскі | дваранін | Пружанскага павета | ||
Міхаіл Слонімскі | шляхціц | Пружанскага павета | ||
Антон Свідэрскі | дваранін | Пружанскага павета | ||
Франц Сняжко-Блоцкі | чыноўнік Пружанскага земскага суда | |||
Павел Чарноцкі | дваранін | Пружанскага павета |
Маёнтак | Уласнасць | Характарыстыка |
---|---|---|
Габрыэлін | Фелікса Улодка | 1841 дзесяціна |
Каляды́ | Уладзіслава Казяродскага | 1328 дзесяцін |
Мацы | Малахоўскага | 444 дзесяціны |
Мокрае | Фелікса Зянковіча | 5844 дзесяціны |
Піняжкі | засценак, які належаў дробнай шляхце | прызначаны дзеля каланізацыі расійскімі сялянамі |
Рудавец | Уладзіслава Казяродскага | |
Тэўлі | Юндзіла | 96 дзесяцін |
Вынікі
правіцьПасля задушэння паўстанцкага супраціву распачалася палітычная рэакцыя і татальная русіфікацыя, усталяваўся рэжым выключных законаў. Баючыся ўплыву на мясцовае насельніцтва польскіх чыноўнікаў, урад забараніў апошнім набываць зямлю ў Беларусі і Літве, браць пазыкі ў банках; у навучальных установах дазвалялася толькі руская мова. У першае дзесяцігоддзе пасля паўстання расіяне набылі на Пружаншчыне маёнткі Калкі, Бакуны, Дымнікі, Перасмыкі, Рэчыца, Тэўлі, Бяроза-Картузская і Нараўка; наўзамен выселеным з Піняжкаў жыхарам таксама прыйшлі расійскія сяляне[14].
У 1865 годзе быў створаны Часовы пружанскі камітэт для ўладкавання спраў праваслаўнай царквы. Па ягоным рашэнні былі закрыты касцёлы ў Сяльцы і Бярозе Пружанскага павета[14]. Штрафы і кантрыбуцыі выкарыстоўваліся для будаўніцтва праваслаўных цэркваў і ўтрымання праваслаўнага духавенства[7]. На канфіскаваныя ва ўдзельнікаў паўстання сродкі, напрыклад, была пабудаваная царква Аляксандра Неўскага ў Пружанах. Каталіцкая царква ў сядзібным комплексе Стары Куплін, збудаваная ў 1834 годзе як пахавальня роду Крашэўскіх, была перададзеная праваслаўным. Недабудаваны Валенціем Швыкоўскім касцёл паводле праекта італьянскага архітэктара Генрыка Марконі пасля паўстання быў адкрыты як праваслаўная Прачысценская царква, а ксёндз Гансеўскі, які хаваў у гэтым касцёле рэчы і зброю для паўстанцаў, быў сасланы ў Архангельскую губерню.
Аднак рэпрэсаваны былі не толькі ўдзельнікі паўстання. Ксёндз Г. Бычкевіч у 1864 годзе быў сасланы ў Сібір за вянчанне каталіцка-праваслаўнай пары. Калі ў 1860 годзе ў Пружанах налічвалася 1187 вернікаў, дык у 1870 годзе — усяго 404[14]. Агулам у другой палове XIX стагоддзя ў павеце засталіся толькі тры каталіцкія парафіі, у той час як колькасць праваслаўных дасягнула 19[28].
З-за паўстання Пружаны пазбавіліся магчымасці мець чыгуначнае злучэнне. Яшчэ да з’яўлення ў Беларусі чыгунак група буйных палескіх землеўласнікаў, сярод якіх былі князі Эдвін Друцкі-Любецкі, Уладзіслаў і Раман Сангушкі, Пётр Вітгенштэйн, графы Іван Тышкевіч, Аўгуст Замойскі, Стэфан і Канстанцін Патоцкія, хадайнічалі аб пракладцы чыгункі ад Беластока цераз Пружаны ў Пінск і далей на Валынь. 28 чэрвеня 1862 года цар Аляксандр II ужо даў на гэта свой дазвол. Аднак у сувязі з паўстаннем Заходні камітэт, створаны дзеля ўзмацнення адміністрацыйнага нагляду ў краі, пераглядзеў пытанне пра мэтазгоднасць пабудовы чыгункі, зрабіўшы наступную выснову: яе пабудова, «не адпавядаючы меркаванай мэце, прывяла б толькі да злучэння Заходніх губерняў з Царствам Польскім, што зусім неадпаведна відам урада, які імкнецца звязаць Заходнія губерні чыгункай не з Царствам Польскім, а з цэнтрам Імперыі». 28 мая 1863 года гэтае рашэнне атрымала ўхвалу імператара[29].
Аднак, нягледзячы на паражэнне паўстання, яно аслабіла пазіцыі царызму і вымусіла пайсці на ўступкі. Скасаванне прыгоннага права (1861) і паскарэнне аграрнай рэформы пасля паўстання (скарачэнне выкупных плацяжоў на 20 %, скасаванне стану «часоваабавязаных» і да т. п.) станоўча адбіліся на эканамічным развіцці Пружаншчыны[23]. У другой палове XIX стагоддзя адбыўся значны рост насельніцтва і павелічэнне колькасці прыватных прадпрыемстваў.
Паўстанне паспрыяла абуджэнню нацыянальнай свядомасці беларускага народа і зрабіла велізарны ўплыў на ажыўленне рэвалюцыйнага руху ў Еўропе[7].
Удзельнікі паўстання
правіць- Фларыян Ажэшка — урач, выпускнік Пецярбурскай медыка-хірургічнай акадэміі, ураджэнец Кобрынскага павета. Удзельнічаў у паўстанні на Пружаншчыне ў складзе аддзела Рамуальда Траўгута. 5 ліпеня 1863 года арыштаваны, сасланы ў Томск, дзе пражыў да смерці ў 1905 годзе[2] .
- Аляксандр Акінчыц — шляхціц, доктар медыцыны. Далучыўшыся да аддзела Стравінскага, аказваў параненым паўстанцам медычную дапамогу. Быў сасланы ў Сібір, але здолеў уцячы. Пераехаў у Францыю, дзе працягнуў лекарскую дзейнасць. Пра свой удзел у паўстанні напісаў мемуары «Успаміны з побыту ў Расіі ў 1863 г.».
- Уладзіслаў Акінчыц — з нешматлікіх звестак вядома, што ён жыў у Пружанскім павеце і ўдзельнічаў у ваўкавыскім аддзеле паўстанцаў.
- Станіслаў Брант (Brandt), сын уладальніка маёнтка Зельзін Казіміра Бранта.
- Адам Ян Быхавец — ружанскі шляхціц.
- Станіслаў Дзянгілеўскі — ружанскі шляхціц, сасланы на 15 гадоў на катаргу[30].
- Фелікс Зянковіч (нарадзіўся ў маёнтку Мокрае, цяпер у Пружанскім раёне[25]) — навуковец-прыродазнавец[31], мемуарыст. З ліпеня 1863 года — сакратар Выканаўчага аддзела Літвы ў Вільні[32]. 7 жніўня арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу. Пасля смяротнае пакаранне замененае на катаргу[33].
- Люцыян Крашэўскі — ураджэнец Пружанаў, мастак, фатограф. За дапамогу паўстанцам быў высланы ў Пермскую губерню.
- Медард Скачынскі — уласнік маёнтка ў Пружанскім павеце. Разам з абодвума сынамі змагаўся ў аддзеле Стравінскага. Арыштаваныя ў верасні 1863 года, пазбаўленыя ўсіх правоў стану, маёмасць канфіскаваная. Сасланыя ў Сібір.
- Рамуальд Траўгут (нарадзіўся ў вёсцы Шастакова) — актыўны ўдзельнік паўстання, фактычны кіраўнік варшаўскага паўстанцкага ўрада з кастрычніка 1863 года. Арыштаваны 30 красавіка 1864 года, павешаны паводле прысуду царскага ваеннага суда 5 жніўня 1864 года[1].
Памяць
правіцьУ гонар паўстанцаў, палеглых у бітве пад Ласасінам 24 мая 1863 года, мясцовыя жыхары паставілі на месцы пахавання 40 жаўнераў ва ўрочышчы Гантарыя драўляны крыж. Улады міжваеннай Польшчы ў 1928 годзе паставілі на гэтым месцы гранітны помнік з выбітым надпісам: «Prochom 40 powstanców polskich poległych w 1863 r. w walkach z najezdzcą. Mieszkańcy powiatu». З прыходам савецкай улады помнік быў узарваны. За нямецкім часам на магіле быў пастаўлены драўляны крыж, але ў хуткім часе партызаны спілавалі і яго[34]. У 1989 годзе група энтузіястаў (настаўнік з Клепачоў Мікалай Пянка, вясковец з Ласасіна Якуб Заяц) з дапамогай краязнаўцаў з Ружанаў (Аляксандр Пракапеня і Юрый Малышэўскі) і Пружанаў (Генадзь Сарока, Язэп Машкала, Іван Здановіч) знайшлі і аднавілі помнік. Матэрыяламі і транспартам дапамаглі Пружанская ПМК і радыёзавод. Аднак у 1998 годзе помнік быў расстраляны з верталёта (побач знаходзіцца ваенны палігон). Чарговы раз помнік адноўлены ў 2000 годзе, 8 кастрычніка таго ж года адбылося ягонае ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне з удзелам каталіцкага святара з Ружанаў Януша і праваслаўнага айца Уладзіміра з Варанілавічаў[11].
Пружанскі паэт Мікола Антаноўскі прысвяціў паўстанцам верш «Касінерам Каліноўскага», выдадзены ў ягоным зборніку «Святаяннік».
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ а б в г д е ё ж Эдвард Зайкоўскі. За зямлю і за волю . Культурна-асветніцкі клюб «Спадчына» (11 кастрычніка 2011).
- ↑ а б в г д е Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. — 456 с., іл. — ISBN 5-85700-094-7.
- ↑ а б Ірына Сядова. Улица вторая. Красноармейская . Генеалогический форум ВГД (11 чэрвеня 2011). Праверана 30 лістапада 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ Ірына Сядова. Улица вторая. Красноармейская . Генеалогический форум ВГД (11 чэрвеня 2011). Праверана 30 лістапада 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ Наталля Пракаповіч. Хроніка паўстання: зіма 1863 года // Раённыя будні. — 23 лютага 2013. — № 15 (9560). — С. 5.
- ↑ а б Павел Дайлід. Наш край у паўстанні 1863—1864 гадоў (pdf). «Дзедзіч» (люты 2010). Праверана 14 ліпеня 2012.(недаступная спасылка)
- ↑ а б в г д е ё ж з і Паўстанне Каліноўскага (pdf). Мая пружанская зямліца (29 снежня 2011).
- ↑ а б в Станіслаў Суднік. Валерый Антонавіч Урублеўскі ў паўстанні 1863-1864 гг. Частка другая // Лідскі летапісец : Краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс.(недаступная спасылка)
- ↑ а б Ваўкавышчына ў др. палове XIX — пач. XX ст. . Исторические заметки о Волковысске. Волковыск в старых фотографиях (11 мая 2014). Праверана 7 верасня 2014.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- ↑ а б Уладзімір Крукоўскі. Двойчы расстраляныя. Адноўлены помнік паўстанцам Шчаснага // «Наша Ніва». — 2000. — № 42.
- ↑ а б в г Алесь Смалянчук. Радкевіч versus Каліноўскі? // пад. рэд. А.Ф. Смаленчука з удзелам І.М. Дубянецкай. Homo Historicus. — Вільня: ЕГУ, 2008. — С. 16-56. — ISBN 978-9955-773-16-0.
- ↑ Witold Karpyza. Różana // Ziemia Wołkowyska. — Lębork, 200.
- ↑ а б в г д е ё Наталля Пракаповіч. Хроніка паўстання: восень 1863 года // Раённыя будні. — 23 кастрычніка 2013. — № 83 (9628). — С. 5.
- ↑ Станіслаў Суднік. Валерый Антонавіч Урублеўскі ў паўстанні 1863-1864 гг. Частка трэцяя // Лідскі летапісец : Краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс. Архівавана з першакрыніцы 30 сакавіка 2013.
- ↑ Станіслаў Суднік. Валерый Антонавіч Урублеўскі ў паўстанні 1863-1864 гг. Частка чацьвертая // Лідскі летапісец : Краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс.(недаступная спасылка)
- ↑ В. Ф. Шалькевич. Кніга В. Шалькевіча . Культурна-асветніцкі клюб «Спадчына» (8 красавіка 2012).
- ↑ а б Диакон Гордей Щеглов. Жертвы польского восстания 1863—1864 годов (руск.). Статьи. ИА Rex (30 лістапада 2012). Праверана 24 студзеня 2013.
- ↑ Герман Шлевис. Вильнюс. Пречистенский собор (руск.). Живой колос (24 студзеня 2013).
- ↑ а б в О. В. Карпович. Участие духовенства в повстанческом движении на белорусских землях в 1863 г. // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт.. — Горадня: ГрДУ імя Я. Купалы, 2008.
- ↑ Міхась Біч. Паўстанне 1863-1864 гг. Кастусь Каліноўскі // Гістарычны Альманах. — 2002. — Т. 6.
- ↑ Радкевіч versus Каліноўскі? — часть пятая . Поразава Porozowo Порозово. (17 студзеня 2011). Праверана 16 лютага.
- ↑ а б в Пружаны: экскурс у гісторыю (pdf). Мая пружанская зямліца (16 снежня 2011).
- ↑ Witold Karpyza. Łysków // Ziemia Wołkowyska. — Lębork, 2005.
- ↑ а б Wasilij Wasiliew. Feliks Zienkowicz (1842—1910) // Głos znad pregoły. — Kaliningrad: lipiec-sierpień 2003. — № 7-8 (84-85). — С. 9. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.
- ↑ Спісокъ политическимъ преступникамъ, лишеннымъ по суду правъ состоянія, имущества коихъ подлежатъ конфискаціи въ казну (руск.). Восстание 1863—1864 гг на территории Литвы и Белоруссии. Лыков И.П. Праверана 5 студзеня 2017.
- ↑ Wykaz dóbr ziemskich skonfiskowanych przez rządy zaborcze w latach 1773—1867 (польск.). Genealogia. Stankiewicze z przyjaciółmi. Janusz Stankiewicz. Праверана 5 студзеня 2017.
- ↑ Ірына Сядова. Улица первая. Тормасова (руск.). Генеалогический форум ВГД (12 чэрвеня 2011). Праверана 10 лістапада 2011.
- ↑ Андрей Киштымов, Валентина Яновская. По семи губерниям // Транспортный вестник. — 10 мая 2012.
- ↑ Пракаповіч, Наталля. Ружаны: позірк у мінулае . Усё пра Ружаны (27 кастрычніка 2011).
- ↑ Зялевіч А. Сын Пружанскага краю: [да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага навукоўца, пісьменніка, прыродазнаўца і мастака Фелікса Паўлавіча Зянковіча] // заснавальнікі: Грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд культуры», Вытворчае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Светач», Гілеп Уладзімір Аляксандравіч Краязнаўчая газета. — 2011. — № 2.(недаступная спасылка)
- ↑ Зянковіч Фелікс Паўлавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. (бел.). — Мінск, 2003. — ISBN 985-6374-04-9.
- ↑ Калубовіч, Аўген. Нашы папярэднікі. Частка 2 . Навіны. Беларуская вунія (10 кастрычніка 2011).
- ↑ Мікола Канаховіч. Расстраляны помнік расстраляным героям-каліноўцам не знішчыць! // Народная воля. — 26 студзеня 2010.(недаступная спасылка)
Літаратура
правіць- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. — 456 с., іл. — ISBN 5-85700-094-7.
Спасылкі
правіць- Паўстанне Каліноўскага (pdf). Мая пружанская зямліца (9 кастрычніка 2011).
- Генадзь Кісялеў. Разам з вялікім Кастусём
- Паплечнікі Кастуся Каліноўскага: часткі першая(недаступная спасылка) і другая(недаступная спасылка)