Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы

тэатр у Мінску, Беларусь
(Пасля перасылкі з Тэатр імя Янкі Купалы)

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, таксама Купалаўскі тэатр — найстарэйшы беларускі тэатр, знаходзіцца ў Мінску. У складзе тэатра дзейнічаюць дзве сцэны: галоўная (вул. Энгельса, д. 7) і малая (вул. Энгельса, д. 12). Цяпер малая сцэна не працуе, замест яе карыстаюцца вялікім рэпетыцыйным пакоем, які цяпер называюць Камернай сцэнай.

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пасля рэканструкцыі (вул. Энгельса, д. 7). На заднім плане — Аляксандраўскі сквер
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пасля рэканструкцыі (вул. Энгельса, д. 7). На заднім плане — Аляксандраўскі сквер
Заснаваны 5 чэрвеня 1890
Наведвальнікі
  • 86 600 чал. (2018)[1]
Краіна
Будынак
Мастацкі кіраўнік Мікалай Мікалаевіч Пінігін і Вольга Валянцінаўна Няфёдава
Сайт kupalauski.by
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Паштовая марка Беларусі

Будынак тэатра

правіць

У 1887 годзе ў былым гарадскім тэатры здарыўся пажар. Па ініцыятыве тагачаснага мінскага губернатара князя М. М. Трубяцкога адбылося пасяджэнне гарадской Думы, на якім было вырашана пабудаваць новы тэатр. Архітэктарамі праекту былі прызначаны Караль Казлоўскі і Канстанцін Увядзенскі.

Урачыстая закладка адбылася 26 чэрвеня 1888 года (ст. ст.). Вялікі князь Уладзімір Аляксандравіч і Вялікая княгіня Марыя Паўлаўна, як адзначыў гісторык А. Смародскі, кінулі на месца падмурка некалькі залатых манет і паклалі на іх па цагліне. Протаіерэй Петрапаўлаўскай царквы Смоліч адслужыў малебен.

З будынкам тэатра звязана легенда, згодна якой прыбіральня, што знаходзіцца каля тэатра (працуе па сённяшні дзень) з’яўляецца копіяй асабняка, гаспадар якога не разлічыўся з архітэктарам.

Летам 2010 года пачалася рэканструкцыя будынка Купалаўскага тэатра. Увесь гэты час спектаклі ішлі на чужых пляцоўках. Зноў для гледачоў тэатр адкрыўся 29 сакавіка 2013 года. У выніку будынак змяніўся звонку і ўнутры. Пасля рамонту Купалаўскі тэатр атрымаў першапачатковы выгляд: зрабіўся такім, якім яго некалі спраектаваў і пабудаваў архітэктар Караль Казлоўскі.

Гісторыя

правіць

Мінскі гарадскі тэатр у 1890—1920 гадах

правіць

Губернскі тэатр адкрыўся 5 чэрвеня 1890 года.

Мінская сцэна ў той час прымала лепшыя пецярбургскія і маскоўскія трупы, цэлае сузор’е славутых артыстаў, сярод якіх М. Савіна, вучаніца М. Шчэпкіна Г. Фядотава, знакамітыя В. Далматаў, В. Камісаржэўская, К. Варламаў, У. Давыдаў, А. Южын, М. Петыпа. Гледачам пашчасціла стаць сведкамі творчых пошукаў рэжысёра-наватара Усевалада Меерхольда, які ў 1908 годзе паставіў на сцэне губернскага тэатра п’есу Аляксандра Блока «Балаганчык». Неаднойчы тэатр наведвалі ўкраінскія трупы М. Старыцкага, М. Крапіўніцкага, Саксаганскага; яўрэйскія і польскія вандроўныя трупы.

1 мая 1917 года артысты Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, створанага акцёрам і рэжысёрам Фларыянам Ждановічам, прадставілі мінскаму гледачу «Паўлінку» Янкі Купалы і «У зімовы вечар» паводле Элізы Ажэшкі. З 18 снежня да 31 снежня 1917 года ў будынку тэатра адбыўся Першы Усебеларускі з’езд.

Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ, БДТ-1) у 1920—1944 гадах

правіць

Урачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ) адбылося 14 верасня 1920 года ў памяшканні Мінскага гарадскога тэатра. У праграме адкрыцця першага тэатральнага сезона — інсцэніроўка аповесці Элізы Ажэшкі «Рысь» у выкананні беларускай трупы, п’еса Шолам-Алейхема «Людзі» (яўрэйская трупа), «Вяселле» Антона Чэхава (руская трупа).

Аснову маладога тэатра склалі акцёры «Першага беларускага таварыства драмы і камедыі» пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча: Ірына Ждановіч, Г. Грыгоніс, Еўсцігней Міровіч, Канстанцін Саннікаў, Стэфанія Станюта. Плеяду піянераў купалаўскай сцэны ў хуткім часе папоўнілі Уладзімір Крыловіч, Лідзія Ржэцкая, Барыс Платонаў, Вера Пола, Вольга Галіна, Уладзімір Уладамірскі, М. Зораў, Глеб Глебаў, С. Бірыла, Леанід Рахленка.

У 1921 годзе ўрад надаў маладому тэатру званне «Акадэмічнага», каб узняць прэстыж беларускай культуры (на той час беларуская трупа з`ўлялася адзіным гаспадаром памяшкання). Але ўжо ў 1926 годзе тэатр пачаў называцца БДТ-1 (беларускія дзяржаўныя тэатры былі адкрыты ў Віцебску — БДТ-2, пазней у Гомелі — БДТ-3).

У сезоне 1926—1927 гадах у памяшканні Краснай Залы дзейнічала Малая сцэна, як філіял асноўнай. Яна праіснавала толькі год і выкарыстоўвалася для спектакляў з невялікай колькасцю дзеючых асоб. Тут ставіліся п’есы «Эльга» Гаўптмана, «Зялёны какаду» Шніцлера, «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Спектаклем «Вільгельм Тэль» Заяіцкага ў апрацоўцы Міровіча і перакладзе Крыловіча тэатр у 1926 годзе заснаваў дзіцячы рэпертуар.

Вызначаў кірункі развіцця тэатра ў 1921—1931 гадах Еўсцігней Міровіч — рэжысёр, акцёр, драматург і мастацкі кіраўнік. Сапраўдны творчы поспех і славу ў шырокага гледача прынеслі яго першыя пастаноўкі «На Купалле» і «Машэка».

Еўсцігней Міровіч сцвярджаў праграму «стракатага тэатра»: паралельнага засваення розных стылевых манер і мастацкіх плыняў. Алегарычнае дзеянне «Гімн працы» Андрыенкі ён вырашае ў духу рэвалюцыйных масавых святкаванняў. Гістарычную меладраму «Кастусь Каліноўскі» — у традыцыях бытавога, рэалістычнага мастацтва, камедыю-балет «Мешчанін у шляхецтве» Мальера — як гратэскную буфанаду. Наогул Е. Міровіч сцвярджаў прынцыпы аўтарскай рэжысуры і напісаў шмат п’ес для тэатра, пастаноўкі якіх станавіліся этапнымі .

Аднадумцам Е. Міровіча быў выхаванец пражскай мастацкай школы, заснавальнік беларускай сцэнаграфіі Оскар Марыкс. Ён аддаваў перавагу на сцэне бутафорскім макетам, жывапісным плоскасным заднікам, стылізаваным касцюмам.

 
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў час акупацыі Беларусі, чэрвень 1943. Фотаздымак Бундэсархіву

Святочную экзотыку яго рашэнняў у пачатку 1930-х гг. змяніў «суровы стыль» Д. Крэйна, аскетызм і рацыянальнасць якога больш падыходзілі да афармлення індустрыяльных п’ес і сучасных драм аб станаўленні маладой дзяржавы.

Да 1927 годзе ў склад тэатра ўваходзілі: хор (кіраўнік Тэраўскі), балетная трупа (кіраўнік К. Алексютовіч) і сімфанічны аркестр (дырэктары Купер, Субашаў, Міхайлаў).Усе яны вялі паралельна самастойную канцэртную дзейнасць. На сцэне той пары гледачы бачылі фрагменты з опер «Князь Ігар» Барадзіна, «Зачараваны лес» Р. Дрыга, «Фея лялек» Баера. У хуткім часе аматары опернага мастацтва змаглі атрымаць асалоду слухаць «Русалку» Даргамыжскага ў выкананні салістаў хору (пераклад на беларускую мову Ф. Ждановіча, пастаноўка Вячаслава Селяха). Першай спробай да ўвасаблення арыгінальнай беларускай камічнай оперы з’явіўся твор Аладава «Тарас на Парнасе» (лібрэта Дрэйзіна).

У той жа час Алексютовіч спрабуе ставіць першы нацыянальны балет «У чэрвеньскую ноч» (лібрэта і музыка Алексютовіча і Маркевіча). Беларускі дзяржаўны тэатр, такім чынам, падрыхтаваў глебу для з`яўлення нацыянальнага тэатра оперы і балета ў 1933 годзе, урачыстае адкрыццё якога зноў жа адбылося на сцэне БДТ.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі.

Беларускі тэатр імя Янкі Купалы 1944—1993 гадах

правіць
 
Тэатр імя Янкі Купалы, перабудаваны пасля вайны

У 1944 годзе рэжысёр Леў Літвінаў паставіў славутую «Паўлінку» Янкі Купалы (прэм’ера адбылася ў горадзе Томску). Гэты спектакль захоўваецца ў рэпертуары тэатра і сёння. У гэтым жа годзе тэатру было нададзена імя вялікага беларускага паэта і драматурга Янкі Купалы, а ў 1955 — званне Акадэмічнага.

Знакамітая «адліга» 1960-х гадоў, якая адгукнулася ўздымам у грамадстве і культуры, прыўнесла ў Купалаўскі тэатр новы подых. Пастаноўкі Барыса Эрына, а таксама маладых і яркіх рэжысёраў новай хвалі: Барыса Луцэнкі і Валерыя Раеўскага, аб’ядноўваюць лепшыя традыцыі тэатра і наватарства. Сапраўднай падзеяй не толькі ў тэатральным, але і ў грамадскім жыцці рэспублікі зрабіўся спектакль «Што той салдат, што гэты», пастаўлены В.Раеўскім па п’есе Б. Брэхта (1969).

У 1973 годзе Валерый Раеўскі быў прызначаны галоўным рэжысёрам (пазней — мастацкім кіраўніком тэатра) і заставаўся на гэтай пасадзе да 2009 г.

Вучань Ю. Любімава і У. Маланкіна, В.Раеўскі прапанаваў тэатру новы стыль, які заснаваны на філасофіі свабоды — свабоды перакананняў і свабоды выяўлення. Яркая і паэтычная тэатральная мова, разняволеная форма, вострая праблематыка пастановак спалучаюцца з высокім класічным стылем тэатра. На стыку акадэмізму і эксперыменту нараджалася непаўторнасць Купалаўскага тэатра, яго своеасаблівасць і адметнасць.

Метафарычнасць спектакляў В.Раеўскага вызначалася яго творчым супрацоўніцтвам з мастаком Барысам Герлаванам, які крочыў па шляху стылізацыі сцэнічнага асяроддзя і прапаноўваў мастацкія вырашэнні, у аснове якіх — адзіны маляўнічы вобраз спектакля, выяўленне яго галоўнай ідэі.

Усеагульнай славе тэатра спрыяла майстэрства і талент выдатных акцёраў. Гэта Стэфанія Станюта, Здзіслаў Стома, Галіна Макарава, Павел Кармунін, Зінаіда Браварская, Мікалай Яроменка-старэйшы, Генадзь Гарбук, Генадзь Аўсяннікаў, Лілія Давідовіч, Марыя Захарэвіч, Віктар Тарасаў, Аўгуст Мілаванаў, Галіна Талкачова, Валянцін Белахвосцік і шмат іншых.

Сярод шырокай рэпертуарнай палітры, якая ўключае і сучасныя п’есы, і жанравыя пастаноўкі, рускую і замежную класіку, асаблівую ролю іграе нацыянальная драматургія, на аснове якой створаны лепшыя спектаклі тэатра. Імёны выдатнага беларускага пісьменніка Васіля Быкава, драматургаў Андрэя Макаёнка, Івана Чыгрынава, Мікалая Матукоўскага, Аляксея Дударава ўвайшлі ў гісторыю Купалаўскага тэатра.

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы з 1993 года

правіць

У 1993 г. за высокія дасягненні ў галіне развіцця беларускай тэатральнай культуры Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь тэатру імя Янкі Купалы быў прысвоены статус «Нацыянальны».

У 2009 г. мастацкім кіраўніком тэатра стаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікалай Пінігін.

У 2011 годзе спектакль «Не мой» перамог у 5 намінацыях на першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Падзеі жніўня — лістапада 2020 года

правіць

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў Купалаўскага тэатра 13 жніўня запатрабаваў спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян і выступіў за перападлік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў. 16 жніўня дырэктар тэатра Павел Латушка і іншыя акцёры тэатра падпісалі адкрыты зварот да беларусаў, і ў прыватнасці да арміі, у якім заклікалі да неадкладнай адстаўкі і ўзбуджэння крымінальных спраў супраць тых, хто аддаваў «злачынныя загады» і «усіх службовых асоб, вінаватых ці тых, хто мае дачыненне да гэтых злачынстваў»[2].

17 жніўня Павел Латушка быў звольнены, выконваць абавязкі дырэктара прызначаны намеснік міністра культуры Валерый Грамада. 18 жніўня міністр культуры Юрый Бондар сустрэўся з калектывам тэатра. Купалаўцы запатрабавалі, каб міністр падаў у адстаўку і каб на пасаду дырэктара тэатра вярнулі Латушку, прадэманстраваўшы Бондару свае заявы на звальненне. Міністр заклікаў калектыў заняцца творчасцю, а не палітыкай[3]. Раніцай наступнага дня, калі скончыўся тэрмін ультыматуму, купалаўцы не змаглі патрапіць у свой тэатр, які апынуўся заблакаваным. Паводле афіцыйнай версіі там праводзіўся санітарны дзень, абвешчаны праз каранавіруса[2].

19 жніўня 112 супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падпісалі адкрыты ліст, у якім падтрымалі купалаўцаў і запатрабавалі аднавіць на пасадзе Паўла Латушкі[4]:

  Звальненне прафесіянала такога ўзроўню будзе вялікай памылкай. Акрамя таго, мы можам бачыць адзін з найлепшых тэатральных калектываў краіны, паколькі супрацоўнікі Купалаўскага тэатра збіраюцца зволіцца разам са сваім дырэктарам. І гэта будзе непапраўнай стратай для беларускай культуры.  

Таксама купалаўцаў падтрымалі супрацоўнікі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра[5], Вялікага тэатра оперы і балета[6], Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага[7], расійскія акцёры Канстанцін Райкін[8], Алег Басілашвілі[9].

21 жніўня Купалаўскі тэатр сышоў на прастой. У той жа дзень акцёры і супрацоўнікі тэатра напісалі каля 80 заяў на імя Валерыя Грамады, частка з якіх была здаволена 26 жніўня. Было звольнена 58 чалавек, з іх 36 чалавек — акцёры, астатнія супрацоўнікі тэатра. Сярод зволеных — народныя артысты Беларусі Зоя Белахвосцік, Арнольд Памазан[2], Віктар Манаеў[10], заслужаныя артысты Беларусі Алена Сідарава, Юлія Шпілеўская, Ігар Дзянісаў, Наталля Качаткова і Георгій Маляўскі, артысты Павел Харланчук, Раман Падаляка, Міхась Зуй, Дзмітрый Есяневіч, Валянціна Гарцуева, Святлана Анікей, мастацкі кіраўнік Мікалай Мікалаевіч Пінігін і ўсе рэжысёры.

Пасля смерці Галіны Талкачовай[11] у трупе засталося 12 чалавек, некаторыя з іх апошнія гады не выходзілі на сцэну[12]. Засталіся Генадзь Аўсяннікаў[13], Вольга Няфёдава[12], Тамара Міронава, Зінаіда Зубкова, Ала Ельяшэвіч. Застаўся галоўны мастак Барыс Герлаван[14]. У студзені 2021 года склад трупы тэатра зменшыўся да 10 чалавек.

Свой 100-гадовы юбілей галоўная сцэна Беларусі сустрэла пустой: усе спэктаклі былі скасаваны.

4 верасня міністр Бондар заявіў, што Міністэрства культуры мае некалькі планаў, як аднавіць працу Купалаўскага тэатра[15]. 15 кастрычніка пачаў реалізоўвацца план, згодна якому пустуючая сцэна тэатра была выкарыстана для паказа «няпрофільных» праграм. Планавалася 10 канцэртаў да канца месяца, але абмежаваліся паловай; апошняе з дзесяці выступленняў запланавана на 6 лістапада.

Першымі выступілі артысты дзяржаўнага акадэмічнага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Культурная супольнасьць заклікала адмовіцца ад выступлення на сцэне Купалаўскага тэатра[16], Павел Латушка назваў выхад танцораў на сцэну «танцамі на касцях»[17]. 26 кастрычніка на сцэну тэатра заехаў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. На канцэрт прыйшло каля 10 слухачоў[18]. Пасля аркестра Фінберга па загаду Міністэрства культуры сцэну зойме Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча [19].

4 лістапада міністр культуры Юрый Бондар прыняў трох актрыс, што засталіся ў тэатры: Тамару Міронаву, Зінаіду Зубкову і Алу Ельяшэвіч, а таксама галоўнага мастака тэатра Барыса Герлавана. Яны нібыта прапанавалі правесці кастынг. Неўзабаве пасля гэтага з Міністэрства культуры сталі тэлефанаваць у абласныя тэатры, прапаноўваючы акцёрам паспрабаваць свае сілы ў Купалаўскім. 11 лістапада адбылося першае праслухоўванне, якое праходзіла таемна, бо афіцыйнага абвяшчэння кастынгу не было, а прадстаўнікі Мінкульта і Купалаўскага тэатра адмовіліся ад каментара. У праслухоўванні таксама бралі ўдзел студэнты ўніверсітэта культуры[20][21].

Палітычны пераслед

правіць

Пасля падзей 2020 года былыя акцёры і супрацоўнікі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы падвергліся пераследу. У ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года затрыманы акцёр Павел Харланчук[22], 24 верасня 2020 года — акцёр Андрэй Дробыш[23], у маі 2024 года — акцёр Дзмітрый Есяневіч. У сакавіку 2023 года затрыманы прэс-сакратар тэатра Мікалай Заяц[24].

Кіраўніцтва

правіць

Дырэктары і генеральныя дырэктары

правіць

З 1921 да жніўня 2020 года:

Са жніўня 2020 года:

Галоўныя рэжысёры, мастацкія кіраўнікі

правіць

Рэпертуар да ліпеня 2020 года

правіць

Галоўная сцэна

правіць
  • «Вечар»
  • «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл»
  • «Вяселле»
  • «Вячэра з прыдуркам»
  • «Дзве душы»
  • «Дон Жуан»
  • «Другая сусветная»
  • «Лістапад. Андэрсен»
  • «Людзі на балоце»
  • «Местачковае кабарэ»
  • «Не мой»
  • «Ноч на Каляды»
  • «Офіс»
  • «Пан Тадэвуш»
  • «Паўлінка»
  • «Пінская шляхта»
  • «Сымон-музыка»
  • «Тата»
  • «Translations»
  • «Хам»
  • «Чорная панна Нясвіжа»
  • «Чайка»

Малая сцэна

правіць
  • «Гендэльбах»
  • «Старамодная камедыя»
  • «Самотны Захад»

Спектаклі, што раней знаходзіліся ў рэпертуары

правіць

Рэпертуар ад сакавіка 2021 года

правіць

Галоўная сцэна

правіць
  • «Паўлінка»
  • «Вечар»
  • «Чорная панна Нясвіжа»
  • «Жаніцьба»
  • «Гісторыя шакаладнага дрэва»
  • «Час жыцця»

Камерная сцэна

правіць
  • «Donna sola»
  • «Чакана гучна і да болю блізка»

Трупа тэатра[28]

правіць

Трупа тэатра ў ліпені 2020 года

правіць

Трупа тэатра з 2021 года

правіць

Крыніцы

правіць
  1. Тэатры Беларусі | 27.03.2019
  2. а б в Из Купаловского театра уволены 58 актеров и сотрудников (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2020.
  3. Абавязкі дырэктара Купалаўскага тэатра будзе выконваць намеснік міністра культуры
  4. Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі запатрабавалі аднавіць на пасадзе Паўла Латушку. Наша Ніва (20 жніўня 2020).
  5. Магілёўскі абласны драматычны тэатр падтрымаў купалаўцаў і патрабуе новых выбараў. Наша Ніва (25 жніўня 2020).
  6. Супрацоўнікі Опернага тэатра запатрабавалі аднавіць на пасадзе Паўла Латушку. Наша Ніва (25 жніўня 2020).
  7. Акцёры тэатра імя Горкага падтрымалі Купалаўскі: Прыцягнуць да адказнасці сілавікоў і асоб, якія аддавалі ім загады. Наша Ніва (27 жніўня 2020).
  8. Канстанцін Райкін падтрымаў «купалаўцаў». Новы Час (18 жніўня 2020).
  9. Алег Басілашвілі падтрымаў купалаўцаў: Без жаху немагчыма глядзець на здзекі ўладаў з мірнага народа. Наша Ніва (24 жніўня 2020).
  10. Актер Виктор Манаев ушел из Купаловского театра (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2020.
  11. Памерла актрыса Купалаўскага тэатра Галіна Талкачова. Наша Ніва (22 кастрычніка 2020).
  12. а б Актриса Ольга Нефедова о ситуации в Купаловском // sb.by 17 кастрычніка 2020
  13. Генадзь Аўсяннікаў застаўся ў Купалаўскім. Наша Ніва (9 кастрычніка 2020).
  14. Страсці па Купалаўскім Архівавана 7 сакавіка 2022. // «Культура» № 36 (1475) 05.09.2020 — 12.09.2020
  15. Міністр культуры: Па Купалаўскім тэатры сітуацыя не безнадзейная. Мінкульт мае некалькі планаў. Наша Ніва (4 верасня 2020).
  16. Аркестр «Харошак», гукарэжысёры ансамбля і некалькі чалавек з балета адмовіліся выступаць на апусцелай сцэне Купалаўскага. Наша Ніва (15 кастрчніка 2020).
  17. «Гэта будуць танцы на касцях»: Павел Латушка заклікаў ансамбль «Харошкі» не выступаць на сцэне Купалаўскага. Наша Ніва (15 кастрчніка 2020).
  18. На канцэрт аркестра Фінберга ў Купалаўскім прыйшлі 11 чалавек. Наша Ніва (27 кастрчніка 2020).
  19. Ігар Карней. «Еднасьці гэта не дадасьць». Кіраўнік хору імя Цітовіча пра канцэрты ў Купалаўскім (бел. (тар.)). Беларуская служба Радыё «Свабода».
  20. У Купалаўскі спрабуюць набраць трупу з акцёраў абласных тэатраў і студэнтаў. Наша Ніва (12 лістапада 2020). Праверана 1 снежня 2023.
  21. «Тэатар у прастоі. У гэтым сэзоне спэктакляў ня будзе». Што адбываецца ў Купалаўскім (бел. (тар.)). Беларуская служба Радыё «Свабода» (16 лістапада 2020).
  22. Актер Павел Харланчук получил штраф в 15 базовых величин
  23. Задержан актер Купаловского театра Андрей Дробыш
  24. В Минске задержали бывшего пресс-секретаря Купаловского театра Николая Зайца
  25. Мінкульт звольніў Паўла Латушку. Наша Ніва (17 жніўня 2020).
  26. Новы дырэктар Купалаўскага заявіў, што тэатр закрылі… з-за каранавіруса. Аказваецца, 9 захварэлых!. Наша Ніва (20 жніўня 2020).
  27. Мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін: Звальненне было адзіным магчымым крокам. Наша Ніва (26 жніўня 2020).
  28. Трупа тэатра

Літаратура

правіць
  • Арлова Т. Д. Купалаўцы — эцюды пра акцёраў. — Мн., 1985.
  • Гаробчанка Т. Я. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы// Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. — Мн.: БелЭН, 2003. — С.491-204.
  • Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. — Мн., 2000.
  • Сохар Ю. М. Сту́дыі Белару́скага тэа́тра імя́ Я́нкі Купа́лы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 220—221. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).

Спасылкі

правіць