Савецкая вуліца (Гродна)

Вуліца ў гістарычным цэнтры Гродна, адна з самых старых у горадзе
(Пасля перасылкі з Вуліца Савецкая (Гродна))

Ву́ліца Саве́цкая, былая Ві́ленская, Сабо́рная, Дамініка́нская, Hildenburg (Tannenberg) str. — адна з самых старых вуліц у гістарычным цэнтры горада Гродна[2]. Вуліца з’яўляецца пешаходнай. Працягласць каля 500 м, ад Савецкай плошчы да вуліцы Ажэшкі. Вуліца вызначаецца цэнтральнай роллю ў жыцці горада. Тут знаходзяцца шматлікія адміністрацыйныя, гандлёвыя, культурныя і забаўляльныя ўстановы. Вуліца мае вялікую гістарычную каштоўнасць, за невялікім выключеннем захавалася амаль уся забудова XIX — пач. XX стагоддзя. На вуліцы жылі і дзейнічалі многія ўздзельнікі паўстанняў 1830—1831 і 1864-1865 гадоў, таму яна можа разглядацца як своеасаблівы мемарыял названым паўстанням[3].

Савецкая вуліца
Гродна
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Горад Гродна
Раён Ленінскі
Працягласць 500
Пакрыццё Брусчатае
Рух Цалкам пешы
Каардынаты пачатку 53° 40′ 43.88″ N 23° 49′ 44.6″ E
Каардынаты канца 53° 40′ 57.21″ N 23° 49′ 55.34″ E
Тралейбусныя маршруты 1, 2, 3, 6, 7, 9, 11
Аўтобусныя маршруты 1, 3, 4, 8, 12, 14, 21, 22, 27, 29
Прыпынкі
грамадскага транспарту
Савецкая плошча
Ранейшыя назвы Віленская
Саборная
Domstr.
Дамініканская
Hinderburgstr
Савецкая
Помнікі Помнік В.Д. Сакалоўскаму
Дзяржаўныя ўстановы Адміністрацыя Ленінскага раена г. Гродна, дом прафсаюзаў
Паштовы індэкс 230025[1]
На карце Гродна
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Вуліца Савецкая на карце Гродна
Вуліца Савецкая

Гісторыя

правіць

У складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай

правіць

Пачала фарміравацца разам з пераносам Рынку ў раён сучаснай плошчы. Вядома з 14 ст.(хутчэй за ўсё пачала фарміравацца раней[2][4]) як гандлёвая магістраль, у другой палове 15 ст. стала адной з галоўных вуліц правабярэжнай частцы Гродна. Вяла ад гарадзенскага Рынка на Віленскі гасцінец (галоўную гандлёвую дарогу). Першапачатковая назва — Віленская. У канцы 15 ст. на вуліцы існавала даволі шчыльная забудова, як драўляная, так і фахверкавая. Да канца 18 ст. заставалася ўласна гандлёвым шляхам.

Аднак на думку даследчыка Ю. Н. Кішыка, сучасны напрамак вуліца набыла ў другой чвэрці 16 стагоддзя ў выніку так званай лакацыі. Паводле Кішыку, вялікая княгіня ВКЛ Бона Сфорца паміж 1533 і 1541 правяла перапланіроўку горада паводле сучасных на той час дасягненняў горадабудаўніцтва. Дата 1533 связана з набыццём каралевай Гродзенскага староства, а 1541 — з яе ж пастановай аб добраўладкаванні горада. У выніку лакацыі адбылася заметная геаметрызацыя вулічнай сеткі і, як след, шматлікія вуліцы змянілі свой абрыс. Лакацыя паводле аўтара звязваецца з валочнай памерай 1560, зямельнай рэформай па паляпшэнні землекарыстання. Да лакацыі вуліца Савецкая пачыналася ад Савецкай плошчы ў месцы дома № 1 і ішла да ўпадзення ў вуліцу Калючынскую на месцы сучаснага кінатэатра «Гродна». У выніку перапланіроўкі вуліца стала больш-менш прамой і набыла перасячэнне з вуліцай Калючынскай у месцы сучаснага скрыжавання з вуліцай Ажэшкі[5]. Калі прытрымлівацца пункту погляду згаданага аўтара, то праз два дзесяцігодзі вуліца можа адзначыць сваё 500-годзе.

 
Вуліца на плане 1759 г. пазначана чырвоным колерам.

У сярэдзіне 16 ст. на заходнім баку вуліцы ляжала 32 пляцы і шпіталь Св. Духа, а на ўсходнім баку было 23 вучасткі. Па звестках валочнай памеры 15601561 гадоў, асноўную масу жыхароў вуліцы складалі мяшчане і толькі некалькі асоб са шляхты. Па дадзеных рэвізіі 1680 года колькасць вучасткаў на заходнім баку было 16, на ўсходнім — 9, таксама 4 пляцы належалі ваяводу Яну Казіміру Сапегі[6].

У пачатку 17 ст. на вуліцы былі пабудаваны палац князёў Сангушак (Савецкая, 1), палацы Сапегаў — адзін на месцы Дома прафсаюзаў, другі на скрыжаванні вуліц Савецкай і Дамініканскай, а на рагу вуліц Савецкай і Ажэшкі — палац князёў Массальскіх. Архітэктурны стыль характэрызавалі манастыры Св. Духа, пабудаваны каралевай Бонай Сфорцай у сярэдзіне 16 ст., і дамініканскі касцел і манастыр. Першы з іх некалькі разоў так быў перабудаваны, што толькі спецыяліст можа вызначыць захаваўшуюся частку фасада касцёла[2], і зараз з’яўляецца будынкам Адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна; другі быў разабраны ў 1873 г.

Па меркаваннях даследчыкаў, найбольш рэспектабельны від вуліца атрымала ў 17 стагоддзі менавіта пасля таго, як на сродкі Фрэдэрыка і Крысціны Сапег тут былі пабудаваны касцёл і кляштар ордэна прапаведнікаў-дамініканцаў. Падобна езуітам яны развярнулі шырокую грамацка-культурную дзейнасць у цэнтры горада. касцёл быў пабудаваны ў стылі ранняга барока. Праз дзесяць год пасля паўстання 1863—1864 гг. па загаду расійскіх улад ён быў разабраны. На думку Ю. У. Нямцэвіча, дамініканскі касцёл быў адным з самых прыгожых у Гродна[7]. З помнікаў архітэктуры 18 ст. захаваўся будынак былой мужчынскай гімназіі ў стылі класіцызму.

У 17 ст. сядзібы на Віленскім гасцінцу ахвотна набывалі мясцовыя ўраднікі, павятовая шляхта і магнаты, дадзеная тэндэнцыя ўзмацнілася пасля таго, як у Гродна пачалі праводзіцца соймы Рэчы Паспалітай.

 
Савецкая плошча і вуліца Савецкая на паштоўцы пач. 20 ст. Справа па цэнтры трохпавярховы будынак, які цяпер мае № 1 па вул. Савецкая
 
Вуліца на здымку пач. 20 ст.
 
Кайзераўскія войскі крочаць па вуліцы. Пач. 20 ст.

У складзе Расійскай імперыі

правіць

У расійскі час вуліца была перайменавана ў Сафійскую (1864). У 1860 годзе (па іншых звестках, у 1876 годзе) па вуліцы быў пракладзены водаправод[6] Вуліца інтэнсіўнымі тэмпамі забудоўваецца пасля пракладкі ў 1862 чыгункі Пецярбург-Варшава; згодна плану Гур’ева рэканструкцыі Гродна 1874 на ёй будаваліся толькі каменныя 2-3 павярховыя дамы, пераважна купцамі і прадпрымальнікамі. Многія будынкі неаднаразова рамантаваліся і перабудоўваліся. Сучасны выгляд вуліца атрымала пасля страшэннага пажару 1885 года, пасля якога было знішчана ці сур’ёзна пашкоджана больш за палову будынкаў на вуліцы. Дапажарную Савецкую вуліцу адлюстроўвае алоўкавы малюнак Н. Орды 1865 года[8] У помніках архітэктуры 19-20 стст. адлюстраваліся разнастайныя канструкцыйныя і стылявыя прынцыпы і будаўнічыя прыёмы таго часу. Тут знаходзіліся кнігарні, тыпаграфіі, гасцініцы, страхавыя агенствы і інш.

У 1907 дамамі па вуліцы валодалі: № 1 — Левінсон, № 2 — Голберг, № 3 — Тарлоўскі, № 4 і № 6 — Бергман, № 5 — Шарашэўскі, № 7 — Допельман, № 8 — Закгейм, № 9 — Фукс, № 10 — Мужчынская гімназія, № — Шмітэльскі, № 12 — уласнасць горада, № 13 — Залускі, № 14 — Хвелявінскі, № 15 — Фрумкін, № 16 — Франк, № 17 — Пік, № 18 — Хозе, № 19 — Левандоўскі, № 20 — Чандок, № 21 — Фін, № 22 і 26 — Баркоўскі, № 23 — Чарток, № 25 — Рыман, № 27 — Федэр, № 27 — Ратнер, № 29 — Салавейчык, № 31 — Фрумкін[6]

У 19-20 стст. яна насіла назву Саборная, а ў гады Першай Сусветнай вайны — Domstr., у міжваенны перыяд — Дамініканская. У гады фашысцкай акупацыі — Hinderburgstr. У 1940 г. атрымала назву Савецкая, якая засталася пасля вызвалення горада.

У савецкі час

правіць

Забудова вуліцы Савецкай амаль не пашкоджана падчас ваенных дзеянняў 1915, 1920, 1939, 1941 гадоў[8] Падчас Другой сусветнай вайны часткова разбурана, але не так моцна, як, напрыклад, Савецкая плошча.

19 сакавіка 1945 года гарвыканкам прыняў пастанову, згодна з якой планавалася разабраць будынкі № 2-4-6-8 для ўзнаўлення пашкоджаннага вакзала. Аднак рашэнне было выканана толькі часткова: былі разабраны толькі дамы № 2 і 4, а 6 і 8 ацалелі. У 1949 г. быў зацверджаны распрацаваны першы генеральны план рэканструкцыі і развіцця горада Гродна. Згодна з планам, вуліца Савецкая павінна была ператварыцца ў праспект шырынёй у 30 метраў. Зносу падлягала ўся гістарычная забудова цотнага боку. Збудаваныя на гэтым баку вуліцы Дом прафсаюзаў і ўнівермаг даюць уяўленне аб тым, як павінна была выглядаць «чырвоная лінія» новага праспекта.

Яшчэ далей пайшлі распрацоўшчыкі другога генплана 1963 г., згодна з якім Савецкая вуліца павінна была ператварыцца ў бульвар з дзвюма паасобнымі палосамі руху. Зносу падлягалі ўсе пабудовы на 150 метраў у кожны бок. Згодна з планам горад губляў большасць гістарычнай забудовы цэнтральнай часткі[9]. Але праекты былі выкананы толькі часткова. Напярэдадні пабудовы ўнівермага быў знесены будынак кінатэатра канца 19 ст., пазней аднапавярховая прыбудова кафэ ля дома № 20. Частка забудовы на няцотным баку была знесена для пабудовы кінатэатра «Гродна» ў 1961 годзе і крамы «Дзіцячы свет» у 1977 годзе[8]

25 красавіка 1964 года гарвыканкам прымае рашэнне, па якому вуліца пераўтвараецца ў пешую, гэтым жа рашэннем былі знесены ўсе агарожы вакол будынкаў. У 1960—1970 гадах была знесена вялікая колькасць дваравых флігеляў, некаторыя фасады былі значна зменены.

Сёння з’яўляецца толькі пешай у мэтах захавання гістарычнай забудовы. Значэнне вуліцы ў грамадскім жыцці горада вызначае месцазнаходжанне шматлікіх культурных і адміністрацыйных устаноў.

Транспарт

правіць

Савецкая — адзіная ў Гродне пешаходная вуліца. Рух усіх катэгорый транспарту па ёй забаранілі ў 1972 годзе[10].

На грамадскім транспарце лепш за ўсё дабрацца тралейбусамі № 1, 2, 3, 6, 7, 9, 11, а таксама аўтобусамі № 1, 3, 4, 8, 12, 14, 21, 22, 27, 29 з прыпынку Савецкая плошча; ці тралейбусамі № 2, 3, 6, 7, 9, 11, і аўтобусамі № 4, 6, 8, 15, 17, 20, 26, з прыпынку Вячэрняя школа № 1[11].

Будынкі

правіць

На няцотным баку

правіць
 
Забудова па няцотным баку (дамы № 1, 3 і далей)
 
Выгляд на скверык ля дома № 4

Дамы № 1-3-5-7 утвараюць адзіную забудову і выдавочна амаль не адрозніваюцца адзін ад другога.

 
Дом № 1 па вуліцы Савецкая. Пад сцягам крама «Ратушная»

№ 1: Двух і трохпавярховы будынак. Помнік архітэктуры. Пабудаваны ў 16 ст. — 1742 г., пасля неаднаразова перабудоўваўся. Уяўляе сабой двухпавярховы, П-падобны ў плане будынак пад двухсхільным дахам. Першапачаткова складаўся з 2 аб’ёмаў. Кампазіцыя фасаду ярусная, другі паверх адзелены ад першага карнізам. Галоўны фасад, што выходзіць на вуліцу Савецкую, завершаны высокім двух’ярусным франтонам. У верхней частцы франтона — круглае дахавае акно, у ніжняй — мансардавае памяшканне з прамавугольнымі вокнамі.

Будынак вядомы ў розныя часы як «Дом мейскі гасцінны», мураваная гарадская карчма, камяніца Зелянугі, палац князёў Сангушак, гродзенскі кадэцкі корпус, аптэка на Дамініканcкай, дом Кацанэнбогена, дом Левінсона, фотамайстэрня Л. Гельгора, дыетычная сталоўка, крама «Цацкі», крама «Ратушная» (у наш час).

Дом, вядомы як «Палац Сангушак», мае даўнюю гісторыю. Лічыцца, што гарадская карчма — «Дом мейскі гасцінны» была пабудавана ў 16 ст., аднак качма магла існаваць на гэтым месцы значна раней. Згодна прывілегія Стэфана Баторыя ад 1579 года, карчма была вызвалена ад выплаты падаткаў на рэалізацыю алкагольных напояў. Уласна палац Сангушак быў пабудаваны ў 1742 г. на месцы гарадской карчмы 16 ст. Уласнікамі камяніцы, карчмы і драўлянага дома былі вялікі літоўскі маршалак Павел Караль Сангушка, яго сыны: надворны літоўскі маршалак Януш Аляксандр (-1775) і маршалак вялікі літоўскі Юзаф Паўлін. У 1773 годзе будынак арэндаваў надворны літоўскі падскарбій (міністр фінансаў ВКЛ) Антоній Тызенгаўз для размяшчэння ў ім кадэцкага корпуса, які пасля быў перанесены ў будынак па вуліцы Скалімаўская (цяпер Сацыялістычная, 19)[12]. У 1778 сядзібу набыў сам А. Тызенгаўз, а затым пасля ўрэгулявання даўгоў былога падскарбія будынкам валодалі яго спадчыннікі. У 19 стагоддзі будынкам валодалі Кацэнэленбогены, пасля Левінсоны. У 1886 годзе маёмасць ацэньвалася ў 8400 рублёў, а ў 1910 годзе ўжо ў 47 750 руб., пры гэтым нерухомасць прыносіла прыбытак у 5 000 расійскіх рублёў. Будынак выкарыстоўваўся самым разнастайным чынам: гэта і здача памяшканняў пад кватэры, і пад розныя крамы (абутку, пушніны, бакалеі, канцылярскіх прылад і інш.), і пад майстэрню, і пад аптэку, і пад склады, і нават пад банкаўскую кантору[13] У 20 ст. у доме знаходзіліся: майстэрня гарадзенскага фотамайстра Гельгора, аптэка, крама канцтавараў, крама Лінніка па продажы швейных машын, веласіпедаў, матацыклаў, радыё-фотатавараў. Пасля вайны размяшчаліся прамтаварныя і харчовыя крамы, піўны ларок. У 1937 годзе ў будынку знаходзілася ў тым ліку і турыстычнае бюро «Орбіус». Так, у чэрвені 1947 года ў будынку пачалі працаваць прамтаварная крама «Главособунивермаг», а таксама харчовыя крамы. У 1962 г. адкрылася дыетычная сталовая. Пасля закрыцця сталовай там некаторы час размяшчалася крама «Цацкі». У 70-80 г.г. ў будынку працавалі цырульня і крама «Саюздрук». З 1977 — «Аблбытпракат»[14].

 
Дом № 3 па вуліцы Савецкая

У 1996—2002 гадах праведзена рэканструкцыя з рэстаўрацыяй фасадаў (арх. А. У. Шымбарэцкі, А. Хамко)[15]. Цяпер з боку вуліцы Савецкая знаходзяцца крама «Ратушная», цырульня, вінная крама «Штопар».

№ 3: Двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Так званы дом Тарлоўскага.

Г-падобны ў плане будынак з двухсхільным дахам. Кампазіцыя галоўнага фасада ярусная сіметрычная. Паверхі падзелены гарызантальнай цягай, цэнтральная і флангавыя часткі вылучаны рызалітамі. На другім паверсе — тры балконы з чыгуначнымі агарожамі. Аконныя і балконныя праёмы другога паверха, а таксама праезд — лучковай канфірурацыі. Эклектычная пабудова спалучае аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю класіцызму і дэкаратыўныя элементы барока[13].

Пабудаваны 1880, 1890, 1914 гг. У далейшым неаднаразова перабудоўваўся (1924, 1933). Першапачаткова тут размяшчалася банкірская кантора купца Тарлоўскага, Паўночнае страхавое таварыства, крамы пякарня, склад садавіны, дванаццаць кватэр. У пасляваенныя гады будынак займалі розныя арганізацыі. Знаходзіўся «Гарнізонны ўнівермаг», крамы «Ваенная кніга» і «Вучні і настаўнікі». У 1964 годзе ў доме працавала фотаатэлье, пасля ў 1966 годзе — крама аблкнігагандлю. У 1968 г. была адкрыта крама «Белювеліргандаль» па продажы тавараў за замежную валюту.

 
Дом № 5 па вуліцы Савецкая

Цяпер у будынку размяшчаецца крама парфумы і касметыкі «Камплімент», кавярня, артгалерэя «Крыга». Прыкае да дамоў № 1, 5.

№ 5: Двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Помнік архітэктуры 1848, 1886 гг.[заўв 1] стылю эклектыка.

С-падобны ў плане будынак з высокім двухскатным дахам. Раней першы паверх меў парадны ўваход, які быў аздоблены калонамі (лапаткамі). У пачатку 20 стагоддзя быў атынкаваны.

Асноўны аб’ём будынка быў пабудаваны паміж 1795 і 1812 годам, у 1848 годзе перабудаваны. Вядомы як дом Шарашэўскага, дом Багуміла. Некаторы час будынак належаў Юзафу Касцялкоўскаму (1833—1895), вядомаму гродзенскаму ўрачу, у доме нарадзіўся Станіслаў Касцялкоўскі (1881—196?), вядомы гісторык, прафесар Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, аўтар манаграфіі пра А. Тызенгаўза[3]. З 1881 года ў доме размяшчалася фотамайстэрня Моўшы Гершавіча Кушнера, а таксама крамы і 14 кватэр, тытунёвая крама Файвушовіча, ажыццяўлялі прыём лекары, якія пражывалі ў гэтым доме. Так, у 1926 годзе ў доме жыў Абрахам Ліпнік, галоўны ўрач яўрэйскага шпіталя і ардынатар гарадскога шпіталя, у 1894 вольнапрактыкуючы ўрач Гажанскі, акушэрка Шарашэўскай — Эйпшыц. У 1961 годзе арачны праезд быў рэканструяваны, у адной палове аркі размясцілася кафэ-марожанае, у другім — складскія памяшканні крамы[13].

У доме знаходзіцца крама «Галантэя», крама «Кіно і музыка» (надпіс на шыльдзе «Тое, што трэба»), гастраном гандлевага дома Неман. Прымыкае да дамоў № 3, 7.

 
Дом № 7 па вуліцы Савецкая справа за ялінай. Злева кінатэатр «Гродна». На заднем баку Фарны касцел

№ 7: Двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Пабудаваны ў 1823 годзе[заўв 2].

Вядомы, як Дом Фукса, дом Допельберга, дом Хозэ.

Фактычна будынак складаецца з двух дамоў. У адным з іх (там, дзе зараз знаходзіцца крама «Оптыка», у сярэдзіне 18 ст. стаяў «палац з афіцынамі пана Александровіча», які ў 1794 годзе быў набыты пекарам Я. Раўтэнбергам, а ў 1858 годзе прададзены за даўгі саветніку Гану і купцу Лейбу Фуксу. Пасля пажару 1885 года, дом быў разабраны і ў 1910 годзе пабудаваны новы[16]. Вядома, што ў доме, у якім здымаў кватэру Ільдэфонс Мілевіч, бывалі сябры Гродзенскага рэвалюцыйнага камітэта Ф. Ражанскі, Э. Заблоцкі, Ю. Заблоцкі, Я. Казлоўскі, падчас свайго наведвання Гродна спыняўся таксама К.Каліноўскі[3].

У другой частцы ў 1795—1823 годзе існаваў будынак, які быў перабудаваны ў 1832 годзе і набыў выгляд існуючага — двухпавярховы з варотным праездам. Дом таксама належаў Л. Фуксу.

Неаднаразова перабудоўваўся. Дом вядомы таксама тым, што на кватэры гродзенска каморніка і адначасова сакратара мясцовага кіраўніка паўстання І. Мілевіча адбываліся таемныя сустрэчы паўстанцаў 1863 г., неаднаразова бываў Канстанцін Каліноўскі. У гэтым будынку знаходзіліся крама канцтавараў Соры Гана (1889), аптэка Я. Румеля, «хуткапечатная» Маркуса Лапіна, балетная школа Вяршынскага-Траўбэ. Аптэка Я. Румеля, чыё імя таксама звязана з Румлёўскім паркам, на момант адкрыцця ў 1815 годзе была трэцяй у горадзе, таксама мела лабараторыю, у якой Якаў Румель праводзіў фізічныя і хімічныя вопыты. Пасля аптэка належала Дзічкоўскаму, потым Нестаровічу, апасля Атовічу. Пасля вызвалення Гродна ў верасні 1944 г. будынак заняло Упраўленне будаўніча-аднаўленчых работ Беластоцкай чыгункі. З канца 40-х гадоў да жніўня 1952 г. на першым паверсе працавала сталовая рамеснага вучылішча № 14, а з 1952 г. да 1962 г. — дыетычная сталовая, затым Дамавая кухня, кафэ «Астра»[16]. З 1965 года ў будынку працуе крама «Оптыка».[17].

Размяшчаецца крама «Оптыка», пірожня-кавярня «Раскоша 1795», цырульня (уваход з боку кінатэатра «Гродна»). У дворыку будынка размяшчаецца стэрэа-кінатэатр «Тэрыторыя 5Д кіно». Прымыкае да дома № 5.

№ 9: Будынак кінатэатра «Гродна». Пабудаваны ў 1961 годзе.

 
Кінатэатр «Гродна», вул. Савецкая, 9

Трохпавярховы будынак пабудаваны па тыповаму праекту. На першым паверсе знаходзіўся касавы зал, вестыбюль; на другім паверсе знаходзіліся фае, зал на 794 гледачоў; на трэцім таксама фае. У апрацоўцы інтэр’ера выкарыстоўваліся мармур, ружовы туф, акустычная плітка «акмігран», мастацкі паркет, у аванфае вітраж са шкла з падсветкай (мастак С. Палякоў). У фае трэцяга паверха была аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя са шкла і метала (мастак А Анішчык)[18].

Будынак праекціроўшчыкамі быў пастаўлены так, што ен перакрыў вуліцу Калючынскую, а іншая вуліца, якая назвалася Прахадная і злучала вуліцу Кірава з вуліцай Савецкай, фактычна перастала існаваць. Ад яе застаўся адзін дом (цяпер дом № 7 па вуліцы Савецкай). Быў разбураны і будынак, які выходзіў на вул. Савецкую (меў бы № 11). Да вайны ў ім размяшчалася ювелірная майстэрня З. Зібельмана і аптэка Атовіча, агенцтва Першага расійскага страхавога таварыства ад агню (1894). З 2003 года будынак кінатэатра не экспуатуецца, цяпер на рэканструкцыі.

Плануецца, што пасля рэканструкцыі ў будынку змесціцца шматпрофільны маладзёжны цэнтр з сучасным інтэр’ерам, у якім будуць танцплацоўкі, спартыўны бар, більярд, боўлінг, студыя гуказапісу. Плануецца адчыніць цэнтр у 2012 годзе[19].

№ 13: Трохпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Пабудаваны ў 1831, 1900 гг.[заўв 3]

 
Дом № 13 па вуліцы Савецкая, збоку малюнак цэнтра Гродна

Дамы з № 13-15-17-19 утвараюць адзіную забудову, на выгляд не вылучаюцца адзін да аднаго.

Вядомы як дом Шаі Пік. Пабудаваны паміж 1811 і 1831 гадамі, перабудаваны ў 1900 годзе. Г-падобны ў плане будынак пад двухсхільным дахам. Высокі атык узвышаецца на паўверхні над суседнім будынкам. На другім і трэцім паверхах па цэнтры размешчаны балконы. Усе праёмы лучковыя. Карніз развіты з невялікім вынасам. Будынак архітэктуры эклектыкі з перавагай класіцызму.

У 1831 годзе дом як мінімум меў два паверхі (на плане паказаны праезд у двор), а з малюнку Н. Орды вынікае, што дом меў высокі дах, трэці наверх з мансардай. З 1884 года домам валодаў купец і ўладальнік мэблявай фабрыкі Шаі Пік, а пасля яго спадкаемцы. У доме размяшчаліся мэблявая крама, атэлье, склад мэблі, а таксама 14 кватэр. Пасля вызвалення Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у доме размяшчаліся крамы (у тым ліку камерцыйная хлебная крама), рабочы клуб. У 1956 годзе працавала крама «Адзенне», таксама працавала майстэрня бытавога абслугоўвання насельніцтва (з 1968 г.)[20].

На першым паверсе размяшчаецца салон парфюмы і касметыкі «Іў Рашэ». Прымыкае да дома № 15. На бакавой часцы будынка вісіць малюнак гістарычнага цэнтра Гродна.

№ 15: Трохпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць, 18751885 гг.

 
Будынак па вул. Савецкая, 15
 
Будынак № 17 па вуліцы Савецкая

Дом пабудаваны ў стылі эклектыкі з перавагай элементаў класіцызму. Г-падобны ў плане будынак з невысокім двухсхільным дахам. Кампазіцыя галоўнага фасада сімітрычная, ярусная. Паверхі адзелены карнізамі і фрызамі з геаметрычным рэльефам аконныя праёмы верхніх паверхаў лучковыя з ліштвамі, на трэцім паверхе ліштвы з замком. Прафіляваны завяршальны карніз з невялікім вынасам.

Вядомы як дом Левандоўскага. На планах 1824, 1831—1833 гадоў пазначаны драўляны будынак. Напярэдадні пажару 1885 года дом быў каменны і знаходзіўся ва ўласнасці шляхціца І. Левандоўскага. У доме знаходзіліся ў тым ліку тры лаўкі. У 1910 годзе ў апісанні дома пазначаецца, што ён «новы, трохпавярховы, крыты бляхай». У доме было 6 вялікіх кватэр, у кожнай з якіх было па пяць пакояў з кухняй. У доме ў розныя часы знаходзілася крама рускага кніжнага гандлю Міхайлоўскага і Крамкоўскага (1894), фотаатэлье Рубінштэйна, фотамайстэрня Гірша Абрамавіча Шульнер-Дамбавіцкага, а таксама Ф. Адляніцкага-Пачабута. З 1918 года ў будынку працавалі аптэчныя склады Я. Маліноўскага, у 1937 крама вопраткі «Бон-Тон». У 1944 годзе на другім паверсе размясцілася кантора хлебакамбіната. У 1970 годзе — бюро бытавых паслуг (па іншай інфармацыі з 1962[21]), крама «Галантэя», абласная кантора адвакатаў[22].

У доме размешчаны: аптэка другой катэгорыі «Салус», юрыдычная кансультацыя (уваход з тунэля аркі), крама моднай адзежы «Брадвей». Прыкае да дамоў № 13, 17.

 
Будынак № 17б па вуліцы Савецкая
 
Будынак № 17А па вуліцы Савецкая

№ 17: Двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Год пабудовы — 1811 год.

У доме месцяцца Цэнтр гандлю нерухомасцю, салон цыфравога фота «Літара», ЗАТ «Белросбанк» . Прыкае да дамоў № 15 і 19.

№ 17а: Размешчаны ў двары дома № 17, падыход на дома № 17а праз арку дома № 17. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Двухпавярховы будынак пабудаваны ў 1895 годзе. Тыповы флігель у стылі эклектыкі. З 1917 па 1939 года ў доме размяшчалася фотаатэлье Хомуля. Пасля 1945 года будынак займаў філіял «Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР» і Упраўленне па справах сельскага і вясковага будаўніцтва. У 1964 годзе ў будыку крама «Падарункі», якая адначасова знаходзілася ў доме № 19. Цалкам жылы дом.

№ 17б: Размешчаны ў двары дома № 17, пабыход на дома № 17б праз арку дома № 17. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Двухпавярховы будынак пабудаваны ў 1820 годзе. Каля дому знаходзіўся сад, у другой палове знаходзіўся флігель. У доме размяшчаецца швейнае атэлье «Сігарочкі».

 
Будынак № 19 па вуліцы Савецкая

№ 19: Двухпавярховы будынак. З’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Збудаваны ў 1848, 1875 гг. Раней тут (у савецкі час гэта быў нумар 17) была крама «Падарункі», адчыненая ў 1985 годзе, гандлёвай плошчай 112 м², якая прадавала сувеніры, посуд для сервіроўкі стала, вырабы з крышталя і фарфор[23]. Цяпер у доме размяшчаецца крама «Гражына». Прымыкае да дома № 17.

№ 21: Аднапавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Вядомы як дом купца Чартка.

 
Будынак № 21 па вуліцы Савецкая

Пабудаваны ў 1866 годзе. Дабудоўваўся ў 1875 и 1895 гг. Меў чатырохсхільны дах, мураваны галоўны фасад. У 1875 годзе прыбудавана двухпавярховая крама. Пасля пажару 1885 года застаўся аднапавярховы дом з трыма крамамі і склепам, мансардным паверхам. Цяпер непазнавальна перароблены. У розныя часы тут размяшчаліся: тыпаграфія Давіда Мейлаховіча, акушэрка Клячэўская, фотамайстэрня Хаіма Эліяша Эмавіча Бінковіча (1896—1903), фотаатэлье Заблуды, страхавое таварыства «Саламандр» (1903), фотаатэлье М. Рубінштэйна, кніжная крама і бібліятэка Шантыра (1910), аптэкарская крама Маліноўскага, гатэль «Англійскі» (1915). У польскі час тут магчыма знаходзілася рэдакцыя газеты «Дзеннік крэсовы» і «Польска друкарня крэсова». У 1950 годзе будынак займала абласная бібліятэка, з 1970 года — ювелірная крама[24] «Жамчужына» (па іншай інфармацыі адчынена ў 1948[25].)

У доме размясцілася крама ювелірных вырабаў (на шкле вітрыны напісана золата, серабро) «Жамчужына» .

Будынкі № 23-25-27 утварыуць адзіную забудову, візуальна дамы не вылучаюцца адзін ад аднаго.

 
Будынак па вул. Савецкая, 23

№ 23: Трохпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштошнасць. Пабудаваны ў 1856 годзе. Вядомы як Дом Ромера, дом Ясіноўскіх, магчыма дом Рымана, гатэль «Пецярбургскі», гатэль «Маскоўскі»(1915), гатэль «Польскі». Будынак таксама вядомы як месца пасяджэнняў урада БНР. Узор будынка стыля эклектыкі з выразнымі элементамі класіцызму.

 
Дом Ромера па вул. Савецкая, 23, паводле малюнка Н. Орды
 
Будынак па вул. Савецкая, 23, лета 1916

Прамавугольны ў плане будынак. Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Дэкор фасаду па складанасці нарастае ад першага паверха да трэцяга. Цэнтральная і бакавыя часткі вылучаны рызалітамі. Парадны ўваход вылучаны ў выглядзе здвоеных арак паўцыркулярнага абрысу вышыней у паўтары паверхі. Першы паверх вылучаны як стылабат, другі і трэці аддзелены фрызам з прамежкавым карнізам. Аконныя праёмы першага і другога паверхаў лучковыя, трэцяга — паўцыркулярныя. На рызалітах трэцяга паверха размешчаны балконы, якія аб’ядноўваюць па два здвоеныя праёмы паўцыркулярнага абрысу. Гэты матыў пераклікаецца з канфігурацыяй параднага ўваходу. Аконныя праёмы верхняга паверха ўпісаны ў прамавугольныя нішы і аздоблены сандрыкамі, нішы адзелены ад карніза гарызантальнай цягай.

Першапачаткова дом належаў Севярыну і Тэадоры Ромерам. Севярын Мікалай Ромер[26] — маршалак шляхты Гродзенскага павета, удзельнік паўстання 1863 г. (у яго часта збіраліся паўстанцы), быў знаёмы з Напалеонам Ордам, які бываў у гэтым доме і выявіў яго на адным з сваіх малюнкаў. У 1865 годзе пасля высылкі С. Ромера ў Томскую губерню будынак быў выстаўлены на продаж і быў набыты Моўшай і Лізай Ясеноўскімі, пасля перабудаваны пад гатэль «Пецярбургскі». Адначасова тут працавала крама рэйнскіх вінаў і каланіяльных тавараў. У пачатку 20 ст. будынак належаў Юдэлю і Раўбе Рыманам, якія пашырылі гатэль да 33 нумароў. У сакавіку-красавіку 1919 года ў доме працавалі Беларускі нацыянальны камітэт, Беларуская павятовая рада, Цэнтральная беларуская рада Гродзеншчыны, клуб «Беларуская хатка», Грамада беларускай моладзі, курсы беларускай мовы, рэдакцыя газеты «Беларусь». У 20-я гады 20ст. змяшчалася рэдакцыя газеты «Nowy Dziennik Kresowy». Падчас нямецкай акупацыі — Галоўнае мытнае ўпраўленне акупацыйнага ўрада, для якога гаспадар дома здаваў 9 жылых, 14 кабінетаў, 2 склады, прыёмную і 5 гаражоў за 195,1 рэйхсмарак. Пасля вызвалення горада ў будынку размяшчаўся інтэрнат педінстытута, і ў ім пражываў будучы пісьменнік Аляксей Карпюк. У той жа час тут дзейнічала падпольная беларуская антысавецкая арганізацыя, разгромленая НКУС у канцы 40 гг. У канцы чэрвеня 1947 г. гарвыканкам (які знаходзіўся тады па адрасе вул Сацыялістычная, 3) і педінстытут памяняліся будынкамі і ў гэты дом перасяліўся гарвыканкам з усімі службамі і аддзеламі. У 1961 г. у цокальным паверсе адкрылася кафэ «Пяльменная», якое пасля доўгага рамонту ператварылася ў рэстаран-бістро «Семафор». У 1963 у будынку знаходзілася бюро таварных экспертыз[27]. У 1970 годзе ў будынку размяшчаліся ў тым ліку «Облмежколхозпроект» і «Облмежколхозстрой», у 1982 — абласная арганізацыя аматараў кнігі. У яшчэ нават у сярэдзіне 20 ст. старыя гродзенцы называлі дом «гатэлям паўстанцаў»[24].

Цяпер у доме знаходзіцца Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, рэстаран «Семафор» (шыльда ля ўвахода запрашае «заняць сваі месцы ў вагоне», «час стаянкі цягніка», крама «Сафія». Прымыкае да дома № 25.

№ 25: Двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштошнасць. Вядомы як дом Ратнера, гатэль «Пецярбургскі». Пабудаваны ў 18701890 гадах[заўв 4] у стылі мадэрн.

 
Будынак № 25 па вуліцы Савецкая

Прамавугольны будынак з аднасхільным дахам. Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Цэнтральная і бакавая часткі падзелены пілястрамі: на першым паверсе шырокімі, на другім больш вузкімі. Цокаль скошаны. Паверхі падзелены двумя прамежкавымі карнізамі. Цэнтральны балкон аб’ядноўвае два збліжаныя праёмы. Акнныя прёмы прамавугольнай формы, са скруглёнымі вугламі, абраблены ліштвамі. Над праёмамі сандрыкі. Завяршальны карніз прафіляваны, з невялікім вынасам. У 1987 годзе над дамамі № 25 і 27 была праведзена рэстаўрацыя, у выніку якой дах абодвух дамоў быў штучна завышаны.

Вядома, што 1902 г. у доме працавала абутковая крама Шмуэля Гардона, з 1903 кніжная крама Тракеніцкага. У ліпені 1920 знаходзіўся штаб 10-й кавалерыйскай дывізіі Чырвонай арміі. У 1927 — рэдакцыя газеты «Глос правды Земі Гродзеньскай», рэдактарам якой быў Ян Янкоўскі. З 1928 будынак ва ўласнасці «Сіндыката Рольнічэга». У 1939 знаходзілася крама А. Майзеля і «найстарэйшая і найвялікшая фірма фотаапаратаў у Гродна». Напярэдадні вайны ў 1940-41 гг. працавала мастацкае фота № 2 «Ваенгандля», якое адчынілася пасля вайны ў верасні 1945 г. У 1950 — кантора «Заготлён», з 1952 — фірмовая крама па продажу папірос і тытуню. З 1964 года філіял галоўнага ўнівермага — секцыя спартыўных тавараў, якая называўся «Спортавары». У 1971 пачала працу вядомая крама па продажу тавароў за валюту «Бярозка», з 1982 года крама «Букініст»[28].

Цяпер у доме знаходзіцца салон ювелірных вырабаў «Зіка», салон сувязі «А1», ААТ «Беларусбанк», ламбард. Прымыкае да дамоў № 23 і 27.

 
Будынак № 27 па вуліцы Савецкая

№ 27: Двухпавярховы П-падобны будынак на скрыжаванні з вуліцай Тэльмана. Гісторыка-культурная каштошнасць. Вядомы як дом Салавейчыка, дом Лазара Ротнера. Пабудаваны ў 1870 годзе. У розныя часы тут знаходзіліся: кватэра прысяжнага паверанага Яноўскага (1903), гатэль Бельвю (1915), кніжная лаўка Тракеніцкага (1911), кантора натарыуса Савіцкага, аптэка Кржывеца, акушэрка Шарашэўская (1915). З 1970 абласная дзіцячая бібліятэка. У савецкі час у будынку, дзе цяпер гульнявы цэнтр, знаходзілася крама «Кулінарыя».

Цяпер у будынку знаходзяцца дзіцячы філіял Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага, гульнявы клуб «Вулкан». Прымыкае да дома № 25.

 
Будынак № 29 па вуліцы Савецкая. Крама «Дзіцячы свет»

№ 29: Двухпавярховы будынак. Знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Тэльмана і Савецкай. Вядомы як універсальная крама па продажы тавараў для дзяцей «Дзіцячы свет», якая была адчынена ў 1977. Гандлёвая плошча крамы складала 640 м².

Будынак двухпавярховы, квадратны ў плане. Архітэктар І. Мазнічка. Пры будаўніцтве выкарастаны апорныя цагляныя сцены, зборныя і маналітныя жалезабетонныя канструкцыі. Звадворку будынак апрацаваны каменнай тынкоўкай. У пластыцы фасадаў асноўную кампазіцыйную ролю грае другі паверх, які навісае па ўсяму перыметру над першым паверхам. Другі паверх вырашаны рытмам вертыкальных лапатак, дэкаратыўных экранаў у ніжнім поясе і парапетных панэляў у верхнем. Першы паверх аформлены вітрынамі[29].

На месцы крамы «Дзіцячы свет» стаяў аднапавярховы дом, пабудаваны ў 19 ст. і вядомы як камяніца Фрумкіна, якая ў 1920 гг. была грунтоўна перабудавана. Тут у 1909 працавала вядомая ў горадзе кніжная крама Іберскага. Наведвальнікі крамы акрамя найноўшых кніг усіх галін ведаў маглі набыць альбомы для марак і паштовак, партфелі і папкі, рознастайныя прыборы для пісьма, карты, глобусы, фарбы, ноты, таксама футбольныя і тэнісныя мячы і іншыя прылады для летнмх гульняў. З 1922 пры краме пачала дзейнічаць бібліятэка, якая па сведчанні газеты «Эхо Гродзеньско» мела самыя найноўшыя паступленні польскай літаратуры і белетрыстыкі. У 1927 размяшчалася крама «Філармонія» Міцельмахера, у якой прадаваліся квіткі ў гарадскі тэатр. У 1938 працаваў «Банк народовы ў Гродне». У 1945 г. крама Беластоцкай чыгункі, у 1947 годзе першы гродзенскі ўнівермаг, а з 1963 г. — дзіцячая крама «Алёнушка». У 80-я гады пасля карэннай рэканструкцыі і надбудовы другога паверха краму назвалі «Дзіцячы свет»[30].

Цяпер у доме таксама размяшчаецца крама «Дзіцячы свет». З боку вуліцы Тэльмана знаходзіцца 24-гадзінны банкамат «Белівестбанка».

№ 31: Двух і трохпавярховы будынак з цокальным паверхам. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Будынак Гродзенскага акруговага суда.

 
Будынак № 31 па вуліцы Савецкая
 
Будынак акруговага суда злева. Фота зроблена са скрыжавання з вул. Ажэшка ў 1930 гг.

Кампазіцыя будынка асіметрычная, з поўдня к будынку прымыкае двухпавярховае крыло. Пластыка фасада насычаная: руст, прафіляваныя філёнкі з гірляндамі, лучковыя сандрыкі, арнамент — мендр і галінкі дуба (сярод арнаменту можна прачытаць слова «Закон»). Будынак заверханы атыкам. Бакавая лесвічная клетка выдзелена неглыбокім рызалітам з балконам. На дваравым фасадзе — рызаліты лесвічнай клеткі і тарцовых залаў. Планіроўка калідорная[29]. Пад значнай часткай будынка выяўлены крыжовыя скляпенні 18 стагоддзя.

Пабудаваны ў 1884 г. па праекце архітэктара Небальсіна. Рэстаўрацыя 1989 г. па праекце С. Шэйна. Архітэктура будынка мае стылізаваны характар, выкарыстаны формы і прыёмы розных будаўнічых эпох. Гістарычны лёс будынка склалася няпроста — пад Акруговы суд прыстасавалі частку палаца князёў Масальскіх 18 ст. Архітэктар Небальсін падышоў да перабудовы з высокай адказнасцю і аб’яднаў рознастылявыя рысы будынка. Падвалы цяперашняй крамы — гэта падвалы палаца Масальскіх, а скляпы кавярні — былыя склады і гаспадарскія пакоі Акружнога суда.

У будынку акруговага суда ў міжваенны час праводзіліся палітычныя працесы: у красавіку 1925 адбыўся «працэс 72-х» — суд над беларускімі партызанамі, якія дзейнічалі ў 1922-23 гг. ва ўсходніх паветах Беластоцкага ваяводства і ў раёне Белавежскай пушчы; 9-21 чэрвеня ішоў закрыты «працэс 75-ці» над сябрамі КПЗБ, арыштаванымі ў Косаўскім павеце Палескага ваяводства. У будынку таксама знаходзіліся аптэчны склад Д. Гурвіч, тытунёвая крама І. Астрынскага, цырульня Данілеўскага, крама галантарэі і бялізны «Геркулес» І. Гаруты, вінаводачная крама Ф. Кжаміньскай. У 1958 ва паўпадвальным памяшканні будынка адчынілася спажывецкая крама, у якой упершыню ў Гродна былі ўсталяваны аўтаматы па продажы газаванай вады. У 1970 будынак займалі абласная пракуратура, абласны камітэт Чырвонага Крыжа, бюро па працаўладкаванні насельніцтва. У 1982 — таварыства «Ураджай», абласны «Савет таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў»[31]. У 1986 у падвальным памяшканні адчынена крама «Верасок», пры якой дзейнічаў цэх па выпечцы кандытарскіх вырабаў[27].

У доме знаходзіцца Гродзенскае абласное аддзяленне ГА «Беларускі саюз пісьменнікаў», турыстычная арганізацыя «Спутнік Гродна», кафейня «КафеМанія» (надпіс на шкле — «Час піць каву»), бар «РэтраПіцца». Прымыкае да Г-падобнага будынка па вуліцы Ажэшка, 1.

На цотным баку

правіць
 
Пачатак Савецкай вул. Злева яшчэ бачныя зруйнаваныя пазней дамы 2 і 4
 
Будынак Гродзенскага абласнога ад’яднання прафсаюзаў, вул. Савецкая, 4

№ 4: Чатырохпавярховы будынак (самы высотны на вуліцы). Будынак Аблсаўпрафа. Надпіс на фасадзе на рускай мове «Дом саюзаў». Пабудаваны ў 1956 годзе ў стылі сталінскага ампіра на месцы разабраных у 1945 г. дамоў № 2, 4. Будынак аддаленасцю ад гістарычнай восі разбівае вуліцу на самым выйсці з колішняга рынку.

На месцы палаца прафсаюзаў у 17 стагоддзі стаяў палац Сапегаў. У канцы 19 ст. тут знаходзіліся мураваныя дамы Лейзера Брэгмана і яго жонкі Яхі Грынберг з крамамі Мухіна, Жоўтка і Раўтэнштэйна, а таксама дом Таўды Грынберг. На пачатку 20 ст. тут жыў галоўны равін гродзенскай абшчыны Абрам Гелборт. У дамах знаходзіліся ювелірная майстэрня М. Кузніцкага, дкукарня Ю. Любіміча, выдавецтва Жалтока, ювелірная майстэрня Хешэса. У 1937 г. у доме № 2 была крама аўтапакрышак «Goodier» Кучкоўскага і сыноў. Працаваў «Dom bankowy Bracia Zakhem»[32].

Цяпер у доме знаходзіцца Гродзенскае абласное ад’яднанне прафсаюзаў, РКЦ № 4 ААТ «Белаграпрамбанк», цэнтр рэкламы і маркетынга «Дызар».

№ 6:

 
Будынак былога дамініканскага манастыра, вул. Савецкая, 6
 
Выява курыц з боку Савецкай плошчы на будынку па вул. Савецкая, 6
 
Выява будынка па вул. Савецкая, 6, на фота 30гг. 20 ст. На той час тут знаходзілася гімназія.
 
Дамініканскі касцел на фота 1870-х гадоў. На пярэднім плане — будынак кляштара (цяпер вул. Савецкая, 6)

Двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Помнік архітэктуры 18 ст. Старэйшы будынак на вуліцы і адначасова самы працяглы. Будынак двухпавярховы, складаны ў плане аб’ёмнакрыты двухскатным дахам. Галоўны фасад у цэнтры выдзелены рустоўкай першага паверха і завершаны трохвугольным франтонам, карніз якога падтрымліваюць дэнтыкулы. На фасадзе прафіляваны паясок размяжоўвае першы і другі паверх. Абрамлённыя вокны завершаны сандрыкамі і трохвугольнымі франтончыкамі. Бакавыя крылы раскрапаваны пілястрамі і завершаны ступенчатым атыкам. Планіроўка дома зменена[33]. На будынку з боку помніка Сакалоўскаму ў 2016 годзе ўсталявана мемарыяльная дошка Ёнасу Яблонскісу, педагогу і ўкладальніку першай літоўскай граматыкі, які ў 1912-14 гг. выкладаў у Гродзенскай мужчынскай гімназіі лацінскую і грэцкую мовы.

Будынак былога дамініканскага манастыра пабудаваны ў 1735 г. У 19-20 ст.ст. неаднаразова перабудоўваўся. У ім знаходзіліся: дамініканская школа, затым гарадзенская дамініканская гімназія, губернская мужчынская гімназія, класічная гімназія. У ёй выкладалі Я. Зянковіч і Я. Арлоўскі, вучыўся брат К. Каліноўскага — Віктар, гісторык У. Латышаў, філосаф А. Макавельскі, заснавальнік гродзенскага музея Ю. Ядкоўскі і інш. У 20-30 г.г. ў будынку працавала жаночая гімназія імя Э. Плятэр, мужчынская настаўніцкая семінарыя, кніжная крама. З восені 1939 г. і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны там працавала СШ № 11. У пачатку 50-х гадоў знаходзіўся каўбасны цэх мясакамбіната, затым будынак перабудавалі пад жылы дом.

Цяпер у будынку знаходзіцца салон сувязі «Еўрасець». На бакавой частцы будынка з боку Савецкай плошчы намалявана выява 19 курыц, з якіх ні водная не падобная на іншую.

№ 8: Двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. У розныя часы тут знаходзіліся дамініканская школа, гарадское паліцэйскае ўпраўленне і арыштанская, сіроцкі суд, канцылярыя прыстава, гарадская ўправа, гарадское паліцэйскае ўпраўленне, магістрат.

 
Будынак былой дамініканскай школы, вул. Савецкая, 8

Будаўніцтва афіцыны Бернандынскага кляштара звязана з пажарам 1782 года. У 1783 годзе айцец-дамініканец Людвік Грынцевіч склаў «праект афіцыны мураванай двухпавярховай, у якой размесціцца школа». Будынак зафіксаваны па плане 1795 года, па некоторых звестках ён быў скончаны каля 1789 года, тады ж будынак называецца «Новая дамініканская школа».

У 19 стагоддзі будынак выконваў пераважна функцыю школы. Да 1832 будынак належаў дамініканскаму кляштару, у якім размяшчалася таксама гродзенская павятовая школа, пасля ў ім знаходзіўся жаночы пансіён гродзенскай жаночай гімназіі. На плане Гродна 1892 пазначана, што ў будынку знаходзіцца Марыінская жаночая гімназія, яна займала будынак да 1894, якая пасля пераехала ў будынак па адрасе Ажэшка, 22. З 1894 па 1915 у будынку знаходзілася гарадская ўправа Гродна і гарадское ўпраўленне паліцыі. Вядома, што ў 1910 у будынку знаходзіліся арыштанскія, а ў 1911 тут жыў паліцмейцер Іван Фрымерман.

 
Будынак магістрата па вул. Савецкая, 8. Злева бачна незахаваўшаяся брама
 
Будынак па вул. Савецкая, 8. Пачатак 20ст.

Падчас нямецкай акупацыі ў першую суветную вайну тут нейкі час была казарма, а ў 1919 з усталяваннем польскай улады будынак займаў магістрат, які працаваў да пачатку Вялікай Айчынай вайны (з 1939 — гродзенскі гарвыканкам). У 1933 магістрат ператвораны ў гарадское ўпраўленне, якое выконвала тыя ж функцыі, што і магістрат. Такім чынам, у міжваенны час будынак займалі кіруючыя і выканаўчыя органы ўлады горада.

Пасля вайны з 1945 г. у будынку размяшчаліся рэдакцыі газет «Гродзенская праўда», армейскай газеты «Чырвоны сцяг» і чыгуначнай «Заходняя магістраль». З 1947 г. — газетны цэх абласной друкарні. З 1948 — партыйны кабінет абкама кампартыі, пасля пераезду якога ў іншае памяшканне, з 10 чэрвеня 1949 — Дом народнай творчасці, Дзяржаўны ансамбль песні і танца пад кіраваннем Р. Шырмы, абласны тэатр лялек. У лістападзе 1953 года рэдакцыі ваенных газет пакінулі будынак, іх месца заняў Дом афіцэраў, які адчыніў тут вячэрнюю школу. Па стану на 1970 — у будынку знаходзіўся гарадскі ваенны камісарыят. З 1980 Дом народнай творчасці реарганізаваны ў абласны Навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы, а пры цэнтры дзейнічаў Музей народнай творчасці (створаны ў 1960)[34]. Знешні выгляд будынка мала змяніўся: знік наддашак над уваходам, засталася толькі цэнтральная частка ад балкона на мансардным паверсе, знікла ляпніна з манаграмай на франтоне, быў знішчаны металічны шпіль над фасадам. Найбольшая страта — знішчэнне барочнай брамы, якая была была ўваходам на тэрыторыі комплекса[35].

Цяпер у доме знаходзіцца Аддзяленне павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў устаноў культуры і мастацтва. На фасадзе размешчана мемарыяльная дошка кампазітару і паэту, ганароваму грамадзяніну г. Гродна, заслужанаму дзеячу культуры БССР А. К. Шыдлоўскаму, які жыў і працаваў у гэтым доме ў 19601995 гг.

Дамы № 10-12-14 арганічна ўтвараюць адзіны комлекс забудовы.

 
Будынак Адміністрацыі Леніскага раена, Гродна, Савецкая, 10

№ 10: Трохпавярховы будынак. Знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Савецкая і Дамініканская (адначасова мае нумар № 1 па вул. Дамініканская). Гісторыка-культурная каштоўнасць.

Вядомы як палац Сапегаў, дом Саламона Лапіна, дом Хвелявіцкай, Ленінскі райвыканкам.

Мае рысы архітэктуры эклектыкі. Трохпавярховы будынак мае складаную форму. Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Цэнтральная і бакавыя часткі вылучаны рызалітамі, якія выходзяць за межы завяршальнага карнізу. Унізе тры паўцыркулярныя праезды. Першы паверх адзелены дзвумя гарызантальнымі цягамі. Вокны прамавугольныя ў ліштвах, у цэнтральнай частцы здвоеныя[36].

У 1873 уздоўж вуліцы да кляштара Св. Духа (цяпер № 14) быў прыбудаваны дзвухпавярховы флігель, які меў выгляд адзінага двухпавярховага дома. У будынку змяшчаліся «Кніжны рускі гандаль» (1903), натарыяльная кантора Басніна (1911), аптэчная крама Жураўскага (1915), дзевяць кватэр, восем крам, пякарня. Па стану на 1926 — аптэчны склад Жураўскага, рэстаран Х. Фрухта. У 1937 г. знаходзілася крама галантарэі і панчошна-шкарпэткавых вырабаў «Цеханскі і сыны». У верасні 1944 г. другі паверх будынка займалі партыйны і педагагічны кабінеты. Пасля студзеня 1945 г. г у будынку працавалі: майстэрня па заліванні галёшаў і вулканізацыі шын, пякарня па выпечцы кандытарскіх вырабаў (сакавік 1945), пасля кравецкая майстэрня (1946), мастацка-афарміцельскія і швейная майстэрні Гарпрамкамбіната (1947), салон мод швейнай фабрыкі пашыву адзення (1970). На першым паверсе працавала крама «Палітычная кніга». 5 сакавіка 1970 г у выніку абвалу даху дома пад цяжарам снегу над кнігарняй, будынак быў падвергнуты капітальнай рэканструкцыі, у выніку чаго з’явіўся трэці паверх і цалкам змяніўся фасад будынка. У 1969 спецыялізаваная крама па продажы грамацка-палітычнай літаратуры «Праметэй»[37]. У 1970 гг. змяшчалася крама «Тканіны». З 1978 г. будынак займае Ленінскі райвыканкам. У пачатку 1990 гг. у будынку некаторы час знаходзілася рэдакцыя газеты «Пагоня»[38].

Зараз у будынку знаходзіцца служба «Адно акно» адміністрацыі Ленінскага раена г. Гродна (час працы пан-аўт 8.00-18.00, сер-чац 8.00-20.00, пят 8.00-18.00, суб 8.00-13.00), крама «Звязны» (працуе пан-пят 10.00-20.00, суб 10.00-18.00, няд 10.00-17.00), вясельны салон «Элеганс», крама электронікі «Мір», кнігарня «Кнігі» (час працы пан-пят 10.00-19.00, суб 10.00-18.00, няд 10.00-15.00). Прымыкае да дому № 12.

№ 12: Трохпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць, помнік архітэктуры эклектыкі 1900 г.

 
Будынак па вул. Савецкая, 12

Вядомы як дом купцоў Франкаў, публічная бібліятэка, крама Жураўскага.

Будынак Г-падобны ў плане. Кампазізыя галоўнага фасада ярусная, сіметрычная. Паверхі падзелены карнізамі. Бакавыя часткі вылучаны рызалітамі. У цэнтры першага паверха і на рызалітах трэцяга паверха трэцяга паверха балконы з чыгунаннымі літымі агароджамі. Балконы другога паверха аб’ядноўваюць тры прамавугольныя праёмы з лучковымі ліштвамі. Завяршае сцены развіты карніз.

 
Будынкі № 10(двухпавярховы) і 12(трохпавярховы). Злева бачна шыльда канторы натарыуса Басніна.

Першапачаткова належаў друкару Давіду Мейлахавічу, сыну пачынальніка выдавецкай справы ў Гродна Майсея Мейхалавіча (навучэнца імператарскай акадэміі мастацтваў). Сыны Майсея — Давід і Іосель у 1868 сталі першымі ўладальнікамі літаграфій у Гродна, а ў 1893 сын Давіда Зундель адчыніў уласную выдавецкую фірму. Пажар 1885 зруйнаваў будынак Мейхалавіча, будынак у канцы 1890 гг. быў праданы купцам Франкам. Апошнія пабудавалі тут будынак з усімі выгодамі, у якім размяшчалася ў тым ліку і крама Жураўскага. Франк аддаў плошчы ў доме для гарадской публічнай бібліятэкі (з 1903). Таксама тут знаходзілася Паўночнае старахавое таварыства (1903), агент Расійскага страхавога таварыства (1910), камера судовага следчага па важных справах (1911). У 1926 пражываў доктар С. Біргер, працавала кнігарня «Культура». У 1937 у будынку працаваў Іпатэчны гаспадарчы банк. Пасля вайны (з 15 верасня 1944) на першым паверсе пачала працаваць піўная крама мясцовага бровара. У 1946 у будынку знаходзілася абласная кантора «Саюзутыль». У красавіку 1962 арачны праезд перададзены мясцовай краме і перароблены пад гандлёвае памяшканне. У 1970 у доме знаходзілася крама каапгандлю «Журавінка». Увогуле, перабудовы савецкага часу значна змянілі знешні выгляд аднаго з самых яскравых мадэрнавых будынкаў у Гродна[20].

У доме знаходзіцца цэнтр банкаўскіх паслуг № 15 ЗАТ «Сомбелбанк» (час працы пан-пят 9.00-19.00, суб 10.00-17.00), крама «Эдэльвейс» (працуе пан-пят 10.00-20.00, суб 10.00-19.00, няд і св 11.00-19.00). Прымыкае да дамоў № 12, 14.

 
Будынак па вул. Савецкая, 14

№ 14: Двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Помнік архітэктуры 1795 г.

Вядомы як касцёл і кляштар Св. Духа, дом Тарлоўскага, дом Допельберга, дом Хозэ, «хуткадрукарная» Соры Ган, гатэль «Славянскі», гатэль «Гандлёвы», нямецкі ваенны пансіянат «Стары Сябра», Ленінскі райвыканкам.

Т-падобны ў плане будынак. Кампазіцыя галоўнага фасада ярусная, сіметрычная. Паверхі падзелены фрызамі. Цэнтральная частка вылучана чатырма пілястрамі, завершана трохвугольным франтонам. Паміж пілястрамі на другім паверсе паўцыркулярныя аконныя праёмы ў ліштвах, у цэнтры балкон. Бакавыя часткі вылучаны здвоеннымі пілястрамі, паміж якімі размешчаны па два здвоенныя вокны, і завершаны паўкруглымі франтонамі. Праёмы першага паверха прамавугольныя. Завяршальны карніз прафіляваны, з невялікім вынасам. Цокаль абліцаваны керамічнай пліткай.

На месцы будынка стаялі касцёл і бальніца Святога Духа, які быў пабудаваны на ўклад каралевы Боны ад 9 кастрычніка 1551 г. Касцёл з 17 ст. выконваў ролю прытулка для галечных і бяздольных. Заснаваны каралевай Бонай у 1551 годзе, касцёл існаваў да пачатку 19 ст., пасля чаго яго перабудавалі ў Дом міласэрнасці[3]. Касцёл узводзіўся на мяжы горада, на так званым Пушкарскім месцы, абарончай мяжы горада 16ст. Будынак меў нехарактэрныя для беларускай архітэктуры рысы — чатыры круглых калоны, прыкметны ўплыў італьянскага дойлідства. Вядома, што касцёл меў невялікія памеры, знаходзіўся ў сярэдзіне комплексу. Першы раз касцёл перабудоўваўся ў 1792, тады па фундацыі віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага быў дабудаваны другі паверх, пасля яшчэ ў 1802, 1817, 1843, 1890. Пасля канфіскацыі касцёла пасля паўстання 1863—1864 гг., будынак набыў купец Абель Тарлоўскі, які пасля пажару 1885 года перапрадаў дом Іоўну Хозэ. Пасля смерці Хозэ ў 1896 яго сын Альтэрам-Шмуэль перарабіў будынак пад гатэль «Славянскі» на 25 нумароў. Акрамя гатэлю ў будынку Хозэ-малодшага знаходзіўся шырокі спектр устаноў: гэта і пякарня Салавейчыка, і дробны гандаль садавіной Цывы Мышкоўскай, і цырульня Фрэнкеля, і мэблявая крама Урансона, і галантарэйная крама крама Смажановіча, і суконная крама разам з кравецкай майсерняй Маркуса Прэнскага, і нават крама пахавальных прынадлежнасцей Г. Баўма. У 1910 у доме працавала «хуткапячатная» Сары Ган, а таксама жыў урач М. Хлявінскі. У 1928 годзе ў якасці ўласнікаў будынка выступаюць тры асобы: Філійс Назарко, Хоша Фрукт і Самуэль Хозэ, у будынку працавала сталоўка «Cynke». Самуэль Хозэ пашырыў гатэль, першы паверх дома здаў «Polski Bank Kresowy», гандлёвы дом «Палонія», рэдакцыя газеты «Grodner moment», гарнізоннае казіно, рэстаран Райнера і кандытарская, выдавецтва Гана і кніжная крама. У канцы 30-х гадоў працавала вінна-гастранамічная крама Мухенберга. Падчас другой сусветнай вайны ў будынку змяшчаўся нямецкі ваенны пансіянат «Стары Сябра», сталоўка якого знаходзілася ў касцёле. У гэты ж час была зруйнавана апсіда касцёла[20]. Пасля 1944 г. будынак займаў абласны камітэт кампартыі Беларусі, які перасяліўшыся ў Новы замак, вызваліў яго пад Гродзенскі гарвыканкам у снежні 1952. На першым паверсе ў 1945 годзе была адчынена кнігарня «Навука», якая мела гандлёвую плошчу 119 м² і займалася продажам навукова-тэхнічнай літаратуры, букіністычных кніг[39]. Таксама ў савецкі час у будынку знаходзіўся савет Ленінскага раёна таварыства барацьбы за цвярозасць[40].

 
Выгляд вуліцы

Пасля распаду СССР у будынку размяшчалася Адміністрацыя Ленінскага раёна горада Гродна. У студзені 2019 года стала вядома, што адміністрацыя пераедзе на новае месца. У красавіку 2022 года адміністрацыя раёна пачала працаваць на новым адрасе — вуліца Лермантава,2. Комплекс будынкаў у якіх размяшчалася адміністрацыя ў кастрычніку 2023 года выставілі на аўкцыён. Пачатковая цана была амаль 8,5 млн рублёў ($ 2,6 млн). Новы ўласнік павінен распрацаваць праект капітальнага рамонту і максімум за чатыры гады зрабіць працы па мадэрнізацыі[41].

З боку вуліцы Найдуса больш за 15 гадоў размяшчалася аптэка. У 2023 годзе яе закрылі і там размясцілася гродзенская кавярня Cofishka[42].

 
Будынак па вул. Савецкая, 16

№ 16: Двухпавярховы будынак, на скрыжаванні з вуліцай Найдуса, адначасова мае № 1 па вуліцы Найдуса. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Пабудаваны ў 1880 годзе, реканструкцыя 2010 года. У 1680 годзе тут узвышаўся палац з драўляным дваром. Пасля пажару ў 1753 рэзідэнцыя ператварылася ў попел. У 1880 годзе зноў пачалося будаўніцтва, якое завяршылася толькі ў 1924. За сорак гадоў вырас цэлы ансамбль, які насіў рысы эклектыкі. У будынку змяршчаліся: крама змешаных мануфактурных вырабаў, майстэрня жаночых сукенак, кандытарская Катоўскага, дробязныя крама з продажам тытунёвых вырабаў Брайн Цыпкін, пральня Евы Ліцкевіч, фатаграфічная ўстанова Рубінштэйна, піўная крама ў разліў і на вынас і яшчэ 15 здымных кватэр. У знаходзіўся ў доме знаходзіўся першы гродзенскі кінатэатр «Электро-Біографь», адчынены местачкоўцам Якавам Крывапіскам. 9 верасня 1908 г. ён падаў прашэнне ў Будаўнічы аддзел Гродзенскага губернскага праўленя: "Прилагаю при сем планы помещения, снятого мною в г. Гродно по Соборной улице в доме Чертка для театра «Электро-Біографь». 11 верасня 1908 г. Будаўнічы аддзел прыняў рашэнне аб адкрыцці сінематографа Якава Крывапіска[43].

Цяпер у адноўленым доме размешчаны гандлёва-офісны цэнтр «АВС», крамы «Мілавіца», гандлёвая сетка «Аквамарын».

№ 18: Чатырохпавярховы будынак Гродзенскага ўнівермагу. Пабудаваны ў 1959 годзе ў стыле сталінскага ампіра. У пачатку 70 гг. 20 ст. да будынка таксама быў прыбудаваны чатырохпавярховы будынак. Пры пабудове ўнівермага быу зруйнаваны шэраг будынкаў, якія складалі неад’емную частку архітэктурнага комплексу гістарычнай забудовы вуліцы.

 
Будынак універмага (стары будынак) па вул. Савецкая, 18
 
Будынак («шкляная» прыбудова), вул. Савецкая, 18

На месцы старэйшага будынка ўнівермага 1959 года стаяў дом Л. Валянскага, дзе знаходзіўся гатэль «Европа» («Большой Европейский»). У гатэлі «Еўропа» некаторы час працаваў кіраўніком Карл Алеша, бацька вядомага пісьменніка Ю. Алешы, дзяцінства якога прайшло ў Гродна[3]. Багата дэкараваны разнастайнымі архітэктурнымі элементамі з вялікай колькасцю чыгунных балконаў, будынак гатэлю «Еўропа» быў шэдэўрам гродзенскай эклектычнай архітэктуры. Гатэль лічыўся самым лепшым у горадзе і быў закладзены Меерам і Сімай Капланамі. Капланы, пацярпеўшы падчас пажара 1885, былі вымушаны былі прадаць будынак Людвіку Марыяну Баркоўскаму, які ў сваю чаргу ў 1912 прадаў яго шляхцянцы Луізе Ваўкавыцкай. У міжваенныя гады гатзлем валодала Людвіка Ваўкавыцкая. У 1915 згадваецца гатэль «Большой Европейский» у доме Л. Валянскага. Будынак пацярпеў у гады Другой сусветнай вайны, аднак у 1947 г. быў складзены праект яго аднаўлення, аднак неўзабаве па нявызначаных матывах будынак цалкам знеслі. 19 сакавіка 1959 дзяржаўная камісія прыняла да эксплуатацыі будынак універмага.

 
Гасцініца «Еўропа», пач. 20 ст.
 
Кінатэатр «Апола» і гасцініца «Еўропа», пач. 20 ст. Справа бачны ўваход у гасцініца «Камерцыйную» (дом № 20).
 
Фота 1930 гг. Справа кінатэатр «Апола», на цэнтру гасцініца «Еўропа».
 
Справа гасцініца «Еўропа».

А 29 верасня 1969 гарвыканкам прыняў рашэнне аб зносе кінатэатра «Спартак» і наступным зносам гасцініцы «Беларусь» (зараз дом № 20) і іншых будынкаў.

На месцы новай часткі ўнівермага мясціліся дамы Баркоўскага з мураванай крамай Мортхеля Левінсона, крама Мусоўскага, пазней — Пялецкага. З 1911 тут пачаў працу заснаваны Рамуальдам Завістоўскім адзін з першых кінатэатраў «Люкс», будынак пад які ён арэндаваў у Вольфа Эліовіча і Сары Мордхелеўны Матус. У 1914 г. Завістоўскі падаў прашэнне і праект рэканструкцыі кінатэатра, згодна якому планавалася перабудаваць двухпавярхоную частку дома, на другім паверсе прадугледжвалася месда для музыкантаў, а крама і жылыя памяшканні заставаліся без зменаў.[44]. Кінатэатр ў міжваенныя гады змяніў уладальніка і называўся спачатку «Ліра», а потым з сярздзіны 1920-х гг. «Аполла», ў савецкі час у 1939 −1941 гг. «ІІІ Інтэрнацыянал», а з 1944 г. «Спартак». Будынак кінатэатра быў невялікі па памерах, меў камерную залу для гледачоў. Па перыметры зала кінатэатра размяшчаўся балкон, які меў такое самае архітэктурнае рашэнне, як і балкон тэатра лялек. У 18841900 у доме Баркоўскага мясцілася фота-майстэрня Мардуха Шоламавіча Папірнага, пасля з 1895 — Карасіка. Там жа ў 18971901 была фотамайстэрня Хаіма-Арона Файвелевіча Язерскага, які некалькі гадоў працаваў у розных гродзенскіх фатографаў і два гады наведваў Віленскую мастацкую школу для вывучэння фатаграфічнага мастацтва. У 1910 у доме Баркоўскага мясціліся натарыяльная кантора Гардынскага, а таксама кніжная крама Тракеніцкага (якая на 1911 назначена па адрасе «Саборная, вугал Іванаўская»). У доме № 22, які таксама стаяў на месцы шкляной прыбудовы, знаходзіўся рэстаран «Warszawski». За драўлянымі дамамі Садоўскага знаходзіліся два драўляныя дамы з мураванай крамай Мортхеля Левінсона, за імі — драўляныя дамы з крамай Пялецкага, які набыў іх у Юдэля Мусоўскага на пачатку 1890-ых гадоў. Па стану на 1928 па адрасе вул. Дамініканская № 22 працавалі: крама мясных вырабаў Мароза, спажывецкая крама Шэйны Любіч, крама мясных вырабаў Сапачынскага, цырульня Залеўскага. Па Дамініканскай № 26 і № 28 згадваюцца цукерня Куліка і цукерня «Бузна» ў доме Meера Закхейма[45]. Таксама на месцы будынка ўнівермага быў сквер, у якім у 1950 годзе быў усталяваны помнік Молатаву.

У сакавіку 1995 года прадпрыемства атрымала статус адкрытага акцыянернага таварыства. У комплексе будынкаў размяшчаўся гандлёвы дом «Нёман», які ў 2010-х гадах належаў кампаніі ABC. У жніўні 2022 года яго выкупіла брэсцкая кампанія «Санта Рытэйл», якая ўваходзіць у групу кампаній «Санта».

Летам 2023 года новая кампанія закрыла гродзенскі універмаг на рэканструкцыю. Пасля якой гандлёвы дом «Нёман» змяніў назву на ЦУМ. А ў самім будынку правялі мадэрнізацыю, размясцілі эскалатар[46].

№ 20: Трохпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Пабудаваны ў 1897 годзе[заўв 5] (па іншых звестках у 1900). Вядомы як гатэль Лейбы Федэра, гатэль «Камерцыйны», гатэль «Гандлевы», кавярня Юзафа Катоўскзга, кавярня Альтэра Хазана, рэстаран «Беласток».

 
Будынак па вул. Савецкая, 20
 
Забудова вуліцы пачатку 20 ст. Трохпавярховы будынак справа — гатэль Камерцыйны

Прамавугольны ў плане будынак з аднасхільным дахам. Кампазіцыя галоўнага фасада асіметрычная. У левай частцы, вылучанай рызалітам, знаходзіцца галоўны ўваход і лесвічны блок. Першы наверх аддзелены ад другога карнізам. Здвоеныя аконныя праёмы першага паверха лучковыя, другога і трэцяга — прамавугольныя. Завяршальны карніз непрафіляваны, з невялікім вынасам. Першапачатковз будынак узводзіўся ў стылі цаглянай эклектыкі з вялікай колькасцю арыгінальных мураваных элементаў з выкары- станнем фігурнай цэглы. У архітэктуры будынка выкарыстаны элементы стылю мадэрн. У пачатку 1930-х гг. будынак быў атынкаваны і набыў сённяшні выгляд.

У 19 ст. на месцы дома стаялі два старыя драўляныя дамы Людежа Садоўскага. Згодна ацэнцы 1886 дамы былі самыя танныя на ўсёй вуліцы Саборнай. Мураваныя дамы былі пабудаваны новым уладальнікам Шзвелем Лейбай Федэрам у 1901, у тым жа годзе адчынена гасцініца «Камерцыйная» з рэстаранам. З 1907 працавала кавярня Алтэра Хазана. Пасля дабудовы ў 1912 трэцяга паверху колькасць нумароў гатэля павялічылася з 13 да 24. У 1920-я гатэль пачаў называцца «Гандлёвым», у пакоях № 2-3 якога з 19 кастрычніка 1920 года працавала бюро Беларускай ваеннай камісіі па запісу ў беларускі клас Варшаўскай школы падхарунжых; а ў 1926 у гатэлі спыняўся пасол В. Рагуля. У тым жа годзе ў будынку працавала фотамайстэрня Рубінштэйна. 3 пачатку 1930-х гг. у доме працаваў «Паморскі Базар» («Bazar Pomorski», уласнік Алаіз Хэйк), у якім прадаваліся тканіны і сукно. У пасляваенны час працаваў рэстаран «Белоруссия», замест якога ў жніўні 1951 пачала працаваць узорная сталоўка. 11 верасня 1953 гатэль № 2 атрымаў назву «Белоруссия», аднак жа да снежня 1969 насіў назву «Беларусь», пасля — гатэль «Гродно». У 1964 у будынку адчынілася кафэ, а з лістапада 1974 рэстаран «Белосток». Рэстаран быў шырока вядомы ў горадзе тым, што ў ім на прафесійнай аснове выступалі творчыя калектывы, а таму ўстанова карысталася вялікай папулярнасцю. Пасля закрыцця будынка на рэканструкцыю ў сярэдзіне 1980-ых, назва «Беласток» перайшла да рэстарана «Гродна» на скрыжаванні вуліц Тэльмана і Гараднічанскай.[47]

Паркі, скверы

правіць

Паміж дамамі № 8, 10 і 12 знаходзіцца бязыменны сквер, у якім усталяваны помнік «Палкаводцу маршалу Савецкага Саюза Сакалоўскаму Васілю Данілавічу». У 17 ст. на месцы сквера быў пабудаваны Дамініканскі касцёл, які быў разбураны ў 1873 годзе. На месцы касцела ўтварылі сквер, у якім у 50-я гг. 20 ст. быў усталяваны і прастаяў да пачатку 60-х гадоў помнік І. В. Сталіну. Пасля таго, як яго прыбралі (па іншай версіі — выкапалі яму перад пастаментам, з дапамогай вяровак апусцілі туды гіпсавую скульптуру і закапалі), некалькі гадоў на гэтым месцы быў звычайны маленькі скверык. У 1973 г. зноў з’явілася скульптура — на гэты раз быў усталяваны бюст ураджэнца Гродзеншчыны маршала В. Д. Сакалоўскага.[48]

 
Помнік Сакалоўскаму ў скверы па вуліцы Савецкая
 
Мемарыяльная дошка Шыдлоўскаму

Помнікі, мемарыяльныя дошкі

правіць

Помнік маршалу В. Д. Сакалоўскага ў скверы. Усталяваны ў 1973 годзе (скульптар Г. Мурамцаў, архітэктар В. Аладаў). Бронзавы бюст маршала вышынёй 1,55 м пастаўлены на гранітны пастамент. Строгая скульптурная форма надаюць партрэту ўрачыстасць. Выразнасць помніка ўзмацняецца кантрастам цёмнай шурпатай паверхні бронзы і паліраванай паверхні чырвонага граніта.

На фасадзе дома № 8 усталявана мемарыяльная дошка кампазітару і паэту А. К. Шыдлоўскаму, а на доме № 6 выкладчыку Ёнасу Яблонскісу.

Вуліца Савецкая ў мастацтве

правіць

У песні «Дарагія мае масквічы» з Народнага альбома вуліца ўзгадваецца ў наступных радках:

Прыязжайце ка мне паскарэй,

просім міласці, міласці просім.
Беларусь — край адкрытых дзвярэй,

Горад Гродна, Савецкая, 8

Славутасці

правіць

Заўвагі

правіць
  1. Паводле шыльды Мінкульта на фасадзе будынка.
  2. Паводле шыльды Мінкульта.
  3. Паводле шыльды на будынку.
  4. Паводле шыльды на доме.
  5. Паводле шыльды Мінкульта на будынку.

Крыніцы

правіць
  1. http://zip.belpost.by/street/grodno Архівавана 31 кастрычніка 2013.
  2. а б в Трусов Игорь. Архитектура Гродно. Невосполнимые утраты. XIX—XX вв.. — Гродно: ЮрСаПринт, 2011. — С. 32. — 84 с. — ISBN 978-985-90194-3-6.
  3. а б в г д Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 45. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230.
  4. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 281. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  5. Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн: Белорусская наука, 2007. — С. 66-81. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1.
  6. а б в Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 282. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  7. Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 44. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230.
  8. а б в И. Трусов. Архитектура Гродно. Невосполнимые утраты. XIX—XX вв.. — Гродно: ЮрСаПринт, 2011. — С. 26. — 84 с. — ISBN 978-985-90194-3-6.
  9. Саяпин Виктор."Новостройки" улицы Советской Архівавана 12 верасня 2012.
  10. Виртуальная экскурсия по Гродно: улица Советская (руск.). grodnonews.by. Праверана 3 студзеня 2024.
  11. План руху гарадскога транспарту г. Гродна
  12. Гардзееў Ю. Рамантык эпохі Асветніцтва: Антон Тызенгаўз. — Мн.: Тэхналогія, 2008. — С. 49. — 67 с. — ISBN 978-985-458-171-2.
  13. а б в Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 284. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  14. Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 295. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  15. Шимбарецкий Олег Владимирович // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Архитекторы Беларуси. / Редакционный совет: И. В. Чекалов (пред.) и др. — Минск: Энциклопедикс, 2014. — 140 с. — ISBN 978-985-7090-29-7. (руск.)
  16. а б Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 286. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  17. Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 303. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  18. Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 189. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  19. Приживётся ли новое оформление бывшего кинотеатра Гродно? Архівавана 30 лістапада 2011.
  20. а б в Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 293. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  21. Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 111. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  22. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 295. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  23. Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил., с. 316
  24. а б Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 298. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  25. Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 214. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  26. Seweryn Mikołaj Römer h. Laski (1820—1885) на Geni
  27. а б Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 112. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  28. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 299-300. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  29. а б Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 300. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  30. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 300. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  31. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 302. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  32. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 285. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  33. Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989, с.279
  34. Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 287, 281. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  35. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 290. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  36. Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 226. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  37. Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 335. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  38. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 292-293. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  39. Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил., с. 286
  40. Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил., с. 107
  41. vasia11. Адміністрацыя Ленінскага раёна пераязджае . Hrodna.life (8 красавіка 2022). Праверана 3 студзеня 2024.
  42. antonio. Кавярня замест аптэкі. Гродзенская Cofishka пераехала на Савецкую - у сутарэнні XIX стагоддзя . Hrodna.life (22 верасня 2023). Праверана 3 студзеня 2024.
  43. В.Саяпин, Т.Касатая. Гродно: театр,кино, цирк. — Гродно: ООО «ЮрСаПринт», 2011. — С. 24. — 76 с. — («Нгопо Гродно»). — ISBN 978-985-90194-3-6.
  44. В.Саяпин, Т.Касатая. Гродно: театр,кино, цирк. — Гродно: ООО «ЮрСаПринт», 2011. — С. 26, 28. — 76 с. — («Нгопо Гродно»). — ISBN 978-985-90194-3-6.
  45. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 297. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  46. antonio. На Савецкай пасля рэканструкцыі адкрылі ЦУМ: як ён цяпер выглядае . Hrodna.life (28 снежня 2023). Праверана 3 студзеня 2024.
  47. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 297-298. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  48. Виктор Саяпин. Послевоенный Гродно. Часть Вторая. Улица Советская Архівавана 7 кастрычніка 2011.

Літаратура

правіць
  • Гродно: Энциклопедический справочник. — Мн.: «Белоруская Совецкая Энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1989. — ISBN 5-85700-015-7

Спасылкі

правіць