Беларускі рок
Беларускі рок — умоўная назва рок-музыкі, створанай музыкантамі з Беларусі. Гэта музыка меркавана ўзнікла ў канцы 60-х, але самы актыўны росквіт шматлікіх гуртоў у гэтай плыні перапаў на пачатак 1980-х.[1] Найбольш важныя гурты: Мроя (з 1994 — N.R.M.), Ляпіс Трубяцкі, KRIWI, TT-34, Верасы, Акцэнт, ULIS, Neuro Dubel, Новае Неба, BLAGI MAT!!!, Open Space, Hair Peace Salon, Jitters, Бонда і Крама.
Беларускі рок | |
---|---|
![]() N.R.M. на канцэрце за свабоду wRock, Уроцлаў, 17 чэрвеня 2007 | |
Кірунак: | рок-музыка |
Вытокі: | шматлікая заходняя электрагітарная музыка, народная музыка |
Месца і час узнікнення: | канец 1960-х |
Папулярнасць: | канец 1980-х[1], канец 1990-х |
АдметнасціПравіць
Галоўнымі тэмамі беларускага року з’яўляецца традыцыйна ўсё, звязанае з беларусамі, сённяшняй Беларуссю, а таксама яе гісторыяй. Эмацыйная, сэнсавая і гукавая палітра беларускага року разнастайная, але даволі часта ў беларускіх рок-музыкаў прысутнічаюць тэмы змагання, салідарнасці, жыцця пры аўтарытарызму, свабоды, нацыянальнай самаідэнтычнасці і свядомасці, беларускай мовы, рэпрэсій і эміграцыі.
У гучанні беларускіх рок-гуртоў часта можна заўважыць заігрыванні з народнымі матывамі, тэмамі, інструментамі.[2]
Беларускаму року часцей за ўсё ўласцівы тэксты на беларускай і рускай мовах.
Вялікі знешні ўплыў на беларускі рок аказвала разнастайная заходняя рок-музыка (у прыватнасці Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША і іншых еўрапейскіх краін), а таксама музыка краін быўшага СССР (у прыватнасці Расіі і Украіны).
ГісторыяПравіць
1960-я гадыПравіць
З 12 па 14 красавіка 1968 года ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце прайшоў адзін з першых у СССР рок фестываляў — «Першы фестываль біт-ансамбляў Мінска». Фестываль быў арганізаваны камсамол і прымеркаваны да 50-годдзя БССР і 50-годдзю ВЛКСМ. У фестывалі прынялі ўдзел аматарскія гурты з Мінска («Алгарытмы», «2+2», «Дойліды», «Рэфлекс», «Пінгвіны», «Грыфы», «Вясёлыя лісы», «Дисканты», «Ювента», «Сінія гітары», «Скіфы»). Па правілах фестывалю кожны ансамбль павінен быў выканаць сем кампазіцый (твор Савецкага кампазітара, твор беларускай тэматыкі, уласны твор, інструментальны твор і тры любыя кампазіцыі па свайму выбару). Галоўны прыз «Бурштынавую гітару» атрымаў гурт «Алгарытмы», другі прыз «Хрустальную вазу» атрымалі «Дойліды».[3][4]
Адзін з членаў журы, малады кампазітар Ігар Лучанок, тады адзначыў, што ў гэтай музыцы хацелася б чуць «менш перайманняў» і «больш нашага, савецкага рэпертуару». Нягледзячы на тое, што ўсе калектывы, акрамя «Алгарытмаў», былі раскрытыкаваны з боку журы, пра фестываль станоўча адгукнулася Рэспубліканская прэса. Крытычныя заўвагі зводзіліся да таго, што ў музыкаў няма нармальнага завадскога абсталявання, а гітары і ўсю апаратуру ім даводзіцца рабіць самім. Газета «Чырвоная змена», напрыклад, панаракала на тое, што прафесійныя Кампазітары мала пішуць твораў у жанры біг-біт (у СССР біг-бітам у гэты час называлі любую сучасную электрагітарную музыку: рок-н-рол, блюз-рок, рытм-энд-блюз і г д.).[5][6][7]
Усе тры дні фестывалю яго здымалі кінахронікеры «Беларусьфільма». З знятага матэрыялу быў змантаваны невялікі кароткаметражны 10-хвілінны фільм пад назвай «Маршрут № 13» (назва адной з песень гурта «Алгарытмы»). Пакуль ішоў мантаж фільма ў Чэхаславакіі адбыліся падзеі вядомыя як Пражская вясна. У сувязі з гэтым змяніўся і палітычны клімат у Савецкім Саюзе. Было прынята рашэнне не выпускаць гатовы фільм на кінаэкраны. Фільм праляжаў на паліцы да 1977 года, калі выйшаў акт аб яго знішчэнні, а таксама ўсяго працоўнага матэрыялу да яго. Копію фільма схаваў і захаваў аператар Эдуард Гайдук.[8]
1970-я гадыПравіць
Яшчэ 1 верасня 1969 года акампанавальны ансамбль «Лявоны», арганізаваны Уладзімірам Мулявіным пры Мінскай філармоніі, быў пераведзены ў разрад вакальна-інструментальных. У кастрычніку наступнага 1970 года ансамбль прыняў удзел у IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады, перад гэтым змяніўшы назву на «больш сур’ёзную» — «Песняры». Першы прыз у той раз нікому не ўручаўся, а другую прэмію падзялілі «Песняры», Леў Лешчанка і Грузінскі ансамбль «Дыэла». Такім чынам, «Песняры» атрымалі права на запіс альбома. Падчас працы над альбомам да «Песняроў» далучыўся Леанід Барткевіч, удзельнік ансамбля «Залатыя яблыкі». Альбом выйшаў у 1971 годзе. Ён не меў назвы, таму яго часта называюць па першай песні. «Ты мне вясною прыснілася». Гэтая пласцінка разышлася 4-мільённым тыражом. Рэпертуар «Песняроў» складаўся ў асноўным з беларускіх народных песень, якія Мулявін пераклаў на біг-бітоўскія і блюзавыя мелодыі. Хоць сам Мулявін быў рускім па нацыянальнасці, ён зрабіў так, што беларускія народныя песні спяваў увесь Савецкі Саюз.[9]
У 1974 годзе выйшла другая пласцінка «Алеся», куды акрамя народных песень увайшлі ўжо і песні на вершы беларускіх паэтаў. У 1976 годзе на музычным кірмашы MIDEM у Канах, куды прыязджаюць музыкі з усяго свету, якія прадалі больш за ўсё пласцінак у сваёй краіне, «Песняры» прадстаўлялі фірму «Мелодыя» і Савецкі Саюз. Там на іх звярнулі ўвагу Амерыканскія прадзюсары і запрасілі на гастролі ў Амерыку. Такім чынам, «Песняры» сталі першым савецкім гуртом, які правёў гастролі па ЗША[10]. У 1976 годзе «Песняры» прадставілі рок-оперу на вершы Янкі Купалы — «Песня пра долю», а ў 1978 годзе канцэптуальная серыя працягнулася операй «Гусляр». Гэтыя працы былі зроблены больш сур’ёзна, чым папярэднія, у стылі арт-року[11].
У БССР у гэты перыяд часу працавалі і іншыя ВІА («Верасы», «Сябры»), але яны ўяўлялі сабой звычайную савецкую эстраду.[7]
1980-я гадыПравіць
Напрыканцы 70-х — пачатку 80-х гадоў у мінскім маладзёжна-камсамольскім кафэ «Сузор’е» працаваў штатны музычны калектыў пад такой жа назвай. Музыканты гурту «Сузор’е» ігралі хард-рок. Падобнае стала магчымым з-за некаторай лібералізацыі рэжыму ў СССР з прычыны Алімпіяды-80. Аднак ужо ў 1983 годзе, пры Юрыі Андропаве, пачаліся ганенні на рокераў і калектыў «Сузор’е» быў забаронены. Тым не менш усе музыкі працягнулі працаваць у філармоніі. У 1984 годзе яны выпусцілі магнітаальбом «Рок-тэрапія». У 1986 годзе аднавілі выступы як «Сузор’е», а ў 1988 годзе выпусцілі пласцінку «Вераснёўская рака» на фірме «Мелодыя».[12]
Сітуацыя ў рок-музыцы цалкам змянілася з надыходам Перабудовы. У 1986 годзе камсамол арганізаваў у Наваполацку «Рэспубліканскі конкурс маладзёжнай палітычнай песні», першыя месцы на якім занялі брэсцкі гурт «Залатая сярэдзіна» і мазырская «Адлюстраванне».[13] У Наваполацку і Полацку развіўся даволі шырокі рок-рух, самым прыкметным гуртом якога стаў гурт «Мясцовы час»[14]. Пазней там будзе арганізаваны штогадовы фестываль «Рок-кола».[15] У 1986 годзе рок-клуб пад назвай «Няміга» быў створаны ў Мінску[7][16]. Рок-клуб праводзіў свой фестываль «Тры колеры». У 1988 годзе ў Гродна прайшоў фестываль «Рок-крок».[13]
У 1990 годзе беларускія студэнты ў Польшчы арганізавалі фестываль беларускай музыкі «Басовішча». Метал-гурт «Удар» (да 1987 году называлася «Эдэльвейс» і ў якасці ВІА з 1983 года выконвала песні на брэсцкай танцпляцоўцы): удзельнічае ў рок-фестывалі «рытмы мяжы-1987», які адбыўся ў Брэсцкім абласным Палацы культуры прафсаюзаў, з 1988 года гурт дае канцэрты, выступае на фестывалях у Данецку, Мінску, Наваполацку. У 1989 годзе «Удар» запісваюць свой адзіны магнітаальбом «Не забі» (рус.: «Не убей»), які выходзіць у адкрыты продаж.[17]
Гурт «Бонда» (раней называлася «Студыя 7») выпусціла ў 1986 годзе адзін з першых беларускамоўных альбомаў гэтага дзесяцігоддзя «Месца пад сонцам». У 1989 годзе гурт распаўся і на яго аскепках з’явіліся такія гурты як ULIS, «Крама» і The Little Blues Band. У 1989 годзе гурт ULIS запісаў у Польшчы свой дэбютны альбом «Чужаніца», які атрымаў шмат станоўчых водгукаў у беларускай прэсе, а ў 1991 годзе альбом быў перавыдадзены фірмай «Мелодыя». У 1989 годзе беларускія музычныя журналісты звярнулі ўвагу на гурт «Мроя», дзе тады граў на клавішах і спяваў Лявон Вольскі. Яны адправілі ліст на фірму «Мелодыя» з просьбай запісаць гэтых музыкаў. «Мелодыя» даслала ў Мінск перасоўную гуказапісвальную студыю. Так з’явіўся альбом «Дваццаць восьмая зорка»[18][19].
Як і ў астатнім Саюзе, рокеры канца гэтага дзесяцігоддзя спрабуюць падымаць у сваіх песнях тэмы розных вострасацыяльных праблем часу. Моднай з’яўляецца тэма нацыянальнага адраджэння. На беларускую рок-музыку гэтага часу аказвае некаторы ўплыў польскі рок (Lady Pank).[7]
1990-я гадыПравіць
У пачатку 90-х гадоў беларускі рок перажывае крызіс. Многія прыкметныя гурты мінулага дзесяцігоддзя ў пачатку 90-х распадаюцца. Распад СССР, здабыццё Беларуссю незалежнасці і наступ дэмакратыі выбіваюць глебу з-пад ног у нацыянальна-арыентаваных гуртоў.[20] Лявон Вольскі, лідар гурта «Мроя», успамінае: «Мы не маглі сябе знайсці падчас росквіту дэмакратыі. Мы былі змагарамі і іміджам, і душой. А ў той час змаганне стала абсалютна непатрэбным».[21]
У 1990 годзе Уладзімір Серафімаў і Віталь Кунц у Брэсце заснавалі гурт «Садъ». Як і большасць андэграўндных гуртоў, «Садъ» не ўпісваўся ні ў адну з тусовак. Першы поспех прыйшоў у 1997 годзе з выхадам альбома «Мы Перед Врагом Не Спустили…», які быў адзначаны станоўчымі рэцэнзіямі ў мінскай «Музычнай газеце» і ў піцерскім часопісе Fuzz[22]. Пасля перамогі на фестывалі Rock-Line у Кунгуры ў 1998 годзе[23] песні гурта сталі гучаць на радыёстанцыях Масквы, Кіева і Мінску.
У 1993 годзе з’яўляецца рок-гурт Drum Ecstasy, якая становіцца ўнікальным музычным праектам. У гурце чатыры музыкі граюць на барабанах са сталёвымі карпусамі і ствараюць гукавую сцяну для ўзрыву аўдыторыі. Рок-гурт прадстаўляе свой варыянт гучання: цяжкую танцавальную музыку, створаную трыма барабаншчыкамі, якіх падтрымлівае падмурак, прапушчаны праз апрацоўку сэмплаў і электроннай перкусіі бас-гітары.[24]
З’яўляюцца новыя гурты, якія пазней стануць знакавымі ў беларускім року. У 1991 годзе заснаваны гурт «Крама». Іх дэбютны альбом «Хворы на Rock-n-Roll» (1993) лічыцца адным з лепшых у дыскаграфіі гурта. Заяўляе аб сабе панк-гурт Neuro Dubel, першы паўнавартасны студыйны альбом якога «Умные вещи» выйшаў у 1995 годзе. Адраджаецца з новым складам гурт ULIS[25][26]. Асабняком ад усяго стаіць мінскі гурт «Красные Звёзды», які прымыкае да нацыянал-камуністычнага рок-руху «Рускі прарыў» і гастралюе па Расіі разам з Ягорам Летавым і «Гражданской обороной»[27].
Жыццё ў рок-музыку ўдыхаюць першыя прэзідэнцкія выбары, якія праходзяць у сакавіку 1994 года. Перамогшы на выбарах Аляксандр Лукашэнка пачынае з таго, што вяртае краіне савецкую сімволіку і праводзіць палітыку па выцясненні беларускай мовы. Зачыняюцца беларускія школы і ўніверсітэты, беларуская мова становіцца мовай пратэсту. Некаторыя рускамоўныя гурты пачынаюць выконваць песні на беларускай мове[28]. Удзельнікі гурта «Мроя» мяняюць свой кірунак з хард-року на альтэрнатыўны рок (гранж) і арганізуюць новы гурт N.R.M. (Незалежная Рэспубліка Мроя). У другой палове 90-х гадоў гурт N.R.M. становіцца культам на беларускай рок-сцэне. Пікам поспеху гурта стаў альбом «Тры чарапахі» (2000)[29]. Супрацьстаяць сістэме і спрабуе Кася Камоцкая у сваім гурце «Новае Неба»[30].
У 1994 годзе была арганізавана музычная прэмія «Рок-каранацыя». Рок-каронай узнагароджваюцца рокеры, якія адзначыліся ў канкрэтным годзе[31].
З’явай становіцца гурт «Ляпіс Трубяцкі», першы паўнавартасны альбом якога «Ранетое сердце» (1996) робіць гурт папулярным у Беларусі, а наступны альбом «Ты кинула» (1998) прыносіць славу на ўсёй постсавецкай прасторы.[32]
У 90-х гадах у прафесійных музыкаў прачынаецца цікавасць да фальклору. З’яўляюцца музычныя калектывы, якія сінтэзуюць традыцыйнае інструментальнае выканальніцтва Беларусі з рок-музыкай. Ва ўжытак уваходзяць такія інструменты, як дуда, дудка, жалейка, гуслі, варган, акарына, ліра. Найбольш яркімі прадстаўнікамі такога эксперыментальнага фалькларызму сталі: «Палац», «Юр’я», KRIWI, «Бан-Жвірба», этна-трыа «Троіца». Яны змаглі атрымаць прызнанне сярод прафесіяналаў і аматараў народнага мастацтва.[33][2]
Сумесныя альбомыПравіць
У канцы 90-х гадоў у беларускай рок-музыцы мела месца такая з’ява, як сумесныя альбомы. Гэта былі не проста зборнікі. У кожнага альбома была свая канцэпцыя. Першым такім праектам стаў «Народны альбом» (1997), ідэю якога прыдумаў мастак Міхал Анемпадыстаў. Альбом быў прысвечаны міжваеннаму перыяду Заходняй Беларусі усе песні ў ім былі стылізаваны пад народныя. У запісе прынялі ўдзел: Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч і іншыя. Альбом меў вялікі поспех, польская Gazeta Wyborcza назвала «Народны альбом» у 1997 годзе «Падзеяй года» у Польшчы.[34][35]
Пазней з’явіліся і іншыя сумесныя альбомы, але такога поспеху як «Народны альбом» яны не мелі: альбом калядных песень «Сьвяты вечар 2000» (1999), альбом песень прысвечаных Беларусі «Я нарадзіўся тут» (2000), альбом з песнямі на вершы паэта і пісьменніка Уладзіміра Караткевіча «Скрыпка дрыгвы» (2001).[36]
2000-я гадыПравіць
Гурт Бі-2 з’явіўся яшчэ ў канцы 80-х гадоў. У пачатку 90-х гадоў Шура і Лёва пераехалі з Беларусі ў Ізраіль, затым у Аўстралію, а ў канцы 90-х гадоў перабраліся ў Расію. У гэты час некалькі песень Бі-2 трапілі на расійскія радыёстанцыі, але сапраўдны поспех да гурта прыйшоў, калі песня «Полковнику никто не пишет» трапіла ў фільм «Брат 2» (2000) Аляксея Балабанава.
У 2001 годзе Лявон Вольскі паралельна N.R.M. заснаваў гурт «Крамбамбуля». Новы гурь павінен быў стаць вясёлым і забаўляльным, у адрозненне ад N.R.M., які быў сур’ёзным праектам. Група адразу ж стала папулярнай. За першыя 2,5 гады існавання «Крамбамбуля» выдала тры альбомы з якіх выйшла некалькі хітоў. У гэты час супрацоўнічалі з гуртом Сяргей Міхалок («Ляпіс Трубяцкі») і Аляксандр Кулінковіч (Neuro Dubel)[37]. Адначасова набірае папулярнасць малады гурт :B:N:, які працягвае музычныя традыцыі N.R.M.
У пачатку 2000-х гадоў сольную кар’еру пачаў Музыка Зміцер Вайцюшкевіч у 90-х гадах іграў у гуртах «Палац» і KRIWI. Цяпер жа Вайцюшкевіч выступаў сольна альбо са сваім гуртом WZ-Orkiestra. Першы час Зміцер выкарыстаў псеўданім Тодар[38]. У гэты ж час пачынаюць граць такія гурты як «Дай дарогу!», «Без билета», ##### (5diez), «Аддис Абеба», J:Морс, якія пазней стануць вядомымі.
Гурт «Ляпіс Трубяцкі» у 2007 годзе выпускае знакавы для свайго творчасці альбом «Капитал». На гэтым альбоме змяняецца музыка гурта. З «Капиталом» звязана новая хваля папулярнасці «Ляпіса Трубяцкога».[39]
У 2000-я гады на беларускай музычна-тэатральнай сцэне з’яўляецца рок-опера у рэпертуары Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Да гэтага спробы стварэння рок-оперы рабіліся ў 1970-я гады.[40]
2010-я гадыПравіць
У пачатку 2011 года з-за ўнутраных супярэчнасцяў музыкамі N.R.M. з гурту быў выключаны яе лідар Лявон Вольскі. Без Вольскага гурт стаў «дазволеным» і правёў тур па Беларусі, затым музыкі выпусцілі альбом і прынялі ўдзел у адборы на «Еўрабачанне-2013». Падобныя паводзіны былі неадназначна ўспрыняты фанатамі і паступова дзейнасць гурту сышла на нішто[41][42]. Лявон Вольскі пачаў сольную кар’еру. Акрамя сольных альбомаў ім быў запісаны і адзін альбом з «Крамбамбуляй». Музычныя крытыкі аднагалосна прызналі «Чырвоны штраль» адным з лепшых альбомаў гурту. За адсутнасцю магчымасці выступаць дома прэзентацыі альбомаў Вольскага праходзяць у Вільнюсе. Амбасада Літвы ў такіх выпадках ішла насустрач і выдавала бясплатныя візы гледачам.[43]
У 2014 годзе з-за ўнутраных супярэчнасцяў распаўся гурт «Ляпіс Трубяцкі». Большасць яе ўдзельнікаў сышлі ў групу Trubetskoy Паўла Булатнікава. Сяргей Міхалок заснаваў групу Brutto, а крыху пазней паралельна была створана група «Ляпіс-98», дзе Сяргей спявае старыя песні «Ляпіса Трубяцкога». Нечакана восенню 2016 года пасля завяршэння тура па ЗША становіцца «дазволеным» на радзіме Міхалок. Спачатку Brutto дазваляюць канцэрт у Гомелю, потым у іншых гарадах, а затым гурт збірае Мінск-Арэну, самую вялікую пляцоўку краіны[44]. У гэты ж час у «чорны спіс» трапляе гродзенскі гурт Dzieciuki з якім Brutto неаднаразова выступалі на сумесных канцэртах у Польшчы. У Беларусі жа канцэрты гурта адмяняюцца аддзеламі ідэалогіі.[45]
Некаторыя музыкі атрымліваюць прызнанне за мяжой. Група «Пятля Пристрастия» расійскі часопіс «Афіша» называе «адным з наймацнейшых сучасных рускамоўных рок-гуртоў»[46]. Сярэдневяковы фолк-рок-гурт «Стары Ольса», які грае старадаўнія беларускія песні часоў Вялікага Княства Літоўскага, становіцца вядомым у Амерыцы дзякуючы відэа на YouTube, на якім музыкі выконваюць песню гурта Metallica. З гэтага моманту «Стары Ольса» перыядычна гастралюе па ЗША[47].
У пачатку 2017 года на тэлеканале БелСат (спадарожнікавы беларускамоўны канал вяшчае з Польшчы) з’явілася музычная праграма «Belsat Music Live». У студыю праграмы прыходзяць розныя беларускія музыкі, якія адказваюць на пытанні вядучых і выконваюць некалькі песень. У праграме бываюць і рок-музыкі, у тым ліку і забароненыя.[48]
У 2018 годзе гурт Nizkiz выпускае кліп на песню «Небяспечна», які стаў адным з першых беларускамоўным музычным відэа, якое перакрочыла адзнаку ў 1 мільёнаў праглядаў на YouTube.[1]
Беларускі рок і беларуская палітыкаПравіць
Як паказвае гісторыя, канфлікты паміж рок-музыкамі і ўладамі назіраюцца яшчэ прынамсі з 80-х гадоў, але праблема цэнзуры працягвае заставацца актуальнай і пасля набыцця Беларуссю незалежнасці[49]. Даследчыкі паведамлялі ў 2006 годзе, што «незалежнае стварэнне музыкі ў Беларусі сёння становіцца ўсё больш цяжкім і рызыкоўным прадпрыемствам» і што беларускі ўрад «аказвае ціск на „неафіцыйных“ музыкантаў, у тым ліку забараняе доступ да афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі і навязвае жорсткія абмежаванні на канцэрты».
У 2001 годзе стаў вядомы чарговы чорны спіс з музыкаў, якім было забаронена даваць канцэрты па Беларусі; сярод іх апынуліся гурты Крама, Крамбамбуля, Ляпіс Трубяцкі, N.R.M., Naka, Neuro Dubel, Палац, Зміцер Вайцюшкевіч ды іншыя[49][50].
21 ліпеня 2004 года ў Мінск на плошчы Бангалор прайшоў дазволены ўладамі мітынг апазіцыі, прысвечаны 10-годдзю кіравання Аляксандра Лукашэнкі, а таксама чаканага рэферэндуму, дзе павінна было ставіцца пытанне аб магчымасці для Лукашэнкі пераабірацца на трэці тэрмін. Пасля мітынгу адбыўся рок-канцэрт, пасля якога ўсе яго ўдзельнікі («Палац», Drum Ecstasy, Neuro Dubel, N.R.M., Зміцер Вайцюшкевіч, Zet і Pomidor/OFF) трапілі пад забарону. Песні музыкаў зніклі з эфіраў радыёстанцый, самі яны перасталі згадвацца ў прэсе і на тэлебачанні, але галоўнае — музыкі больш не маглі атрымаць дазвол на правядзенне канцэртаў.[51][52]
З-за немагчымасці выступаць дома значная частка апальных груртоўстала выступаць у Польшчы або ва Украіне. Асноўнай пляцоўкай у Польшчы па-ранейшаму заставаўся фестываль беларускай музыкі «Басовішча»[53].Г урты N.R.M. і «Крамбамбуля» выступалі на Майдане падчас Аранжавай рэвалюцыі[54]. У Варшаве з 2006 года штогод праходзіць серыя канцэртаў «Салідарныя з Беларуссю» у падтрымку правоў чалавека ў суседняй краіне. На гэтыя канцэрты рэгулярна запрашаюцца беларускія музыкі. У Польшчы і Украіне сталі з некаторым цікавасцю ставіцца да беларускамоўнай музыцы, у адрозненне, напрыклад, ад Расіі, куды змаглі прабіцца толькі некалькі рускамоўных гуртоў[55]. Аднак, як бы тое ні было, забарона музыкам выступаць у сябе на радзіме негатыўна адбіўся на развіцці беларускай рок-музыкі[56].
З іншага боку, у гэты час з’яўляюцца новыя гурты (Indiga, P.L.A.N., IQ48, «Глюкі»), якія могуць выступаць, бо яны не ў канфлікце з уладамі, але пры гэтым іх песні могуць быць нават больш «антырэжымныя», чым у «старых». На дзяржаўным тэлебачанні ў гэты час рок-музыка прадстаўлена апалітычнымі J: Морс і хрысціянскім гуртом «Новы Іерусалім»[57]. У 2007 годзе музыкі з «чорнага спісу» правялі сустрэчу з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Алегам Праляскоўскім, які паабяцаў зняць забарону на выступы пры ўмове, што рокеры больш не будуць спяваць на мітынгах апазіцыі[58].
У канцы снежня 2010 года ў Беларусі прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары, пасля якіх рушылі ўслед акцыі пратэсту. Большасць кандыдатаў у прэзідэнты апынуліся ў турме. Ужо ў пачатку сакавіка 2011 года з’явіўся новы «чорны спіс», куды былі ўключаныя дзеячы культуры, якія так ці інакш выказалі падтрымку палітычным зняволеным. Новы спіс аказаўся больш шырокім, чым першы, акрамя музыкаў у яго ўвайшлі таксама пісьменнікі, паэты, мастакі і кінарэжысёры[59]. У спіс патрапілі таксама і замежнікі. Рок-музыкі ў спісе апынуліся тыя ж, што і ў мінулы раз, плюс «Крама», «Ляпіс Трубяцкі», «Крамбамбуля» і Naka.[60][61][62][63]
З 2004 года і па нядаўняга часу (2015) прадстаўнікі ўлады адмаўлялі існаванне якіх-небудзь «чорных спісаў»[64]. Музыкі заяўляюць, што канцэрты адмяняюцца без тлумачэння прычын. Адной з прычын скасавання называецца пункт 5 раздзелу 2 указа № 257[к. 1]. У гэтых умовах музыкі паведамляюць, што ім даводзіцца праводзіць падпольныя канцэрты[65].
Беларускі рок пасля 2020-га годуПравіць
Пасля выбуху масавых пратэстаў у Беларусі 2020-га году многія рок-музыкі далучаліся да пратэстоўцаў[66], публічна падтрымлівалі іх[67], запісвалі пратэстныя трэкі[68]. Наступіўшыя пасля гэтага рэпрэсіі прымусілі беларускую рок-сцэну масава выехаць з Беларусі, а магчымасць даваць канцэрты ўнутры краіны практычна знікла[69].
З пачаткам новай актыўнай фазы вайны ва Украіне ў 2022-м годзе, Сяргей Міхалок абвясціў аб адраджэнні праекту «Ляпіс Трубяцкі», але з новым складам[70]. Адразу з перазапускам быў абвешчаны дабрачынны еўрапейскі тур у падтрымку Украіны[71].
Удзел у міжнародных конкурсахПравіць
Прадстаўнікі беларускага року ўдзельнічаюць у Еўрабачанні. Так, N.R.M. прымала ўдзел у адборы на «Еўрабачанне-2013». У 2012 годзе прадстаўнікамі краіны на Еўрабачанні стаў рок-гурт Litesound. У 2017 годзе Беларусь на «Еўрабачанні-2017» прадстаўляць індзі-гурт NaviBand, якая прайшла ў фінал конкурсу, дзе заняла 17-е месца. Песня «Гісторыя майго жыцця» стала першай песняй на беларускай мове, якая была выканана на конкурсе песні «Еўрабачанне».[72]
Вядомыя фестываліПравіць
- Be Free (праводзіўся ва Украіне)
- Басовішча (праводзіўся ў Польшчы)
- Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі
- Рок-кола
- Рок за Бобров
- Салідарныя з Беларуссю
- Славянскі Базар у Віцебску
ЗаўвагіПравіць
- ↑ «Забараняецца арганізацыя і правядзенне канцэртаў, якія маюць мэтай здзяйсненне прапаганды вайны або экстрэмісцкай дзейнасці або які прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян».
ЗноскіПравіць
- ↑ а б в Сяргей Будкін. 60 год беларускага рок-н-рола. Лекцыя Сяргея Будкіна . Onliner.by.
- ↑ а б Трамбицкий К. С. Популяризация музыкально-инструментального фольклора средствами фестивального движения // Аўтэнтычны фальклор: праблемы вывучэння, захавання, пераймання : зборнік навуковых прац удзельнікаў ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. — БДУКМ, 2009. — С. 175—177. Архівавана з першакрыніцы 20 сакавіка 2015.
- ↑ Дзень, калі нарадзіўся беларускі рок-н-рол , Tuzin.fm (21 марта 2014). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Композитор Владимир Кондрусевич: «Я сочинял свои стихи на мелодии Битлз» , Комсомольская правда (18 апреля 2013).(недаступная спасылка)
- ↑ Дзень, калі нарадзіўся беларускі рок-н-рол , Tuzin.fm (21 марта 2014). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ В Минске отметят 40-летие первого белорусского бит-фестиваля , TUT.BY (31 марта 2008). Праверана 22 верасня 2017. Архівавана 29 жніўня 2018.
- ↑ а б в г Артемий Троицкий. Рок-музыка в СССР: опыт популярной энциклопедии. — М.: Книга, 1990. — ISBN 5-212-00240-0.
- ↑ Дзень, калі нарадзіўся беларускі рок-н-рол , Tuzin.fm (21 марта 2014). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім. Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола , Kamunikat.org . Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім. Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола , Kamunikat.org . Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Песняры «Гусляр» , Experty.by (2 декабря 2008). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Сузорье (Сузор'е) , Experty.by . Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ а б Как минчане тусовались на рок-фестивалях с 1968 года и по наши дни , TUT.BY (6 июня 2016). Праверана 22 верасня 2017. Архівавана 26 кастрычніка 2017.
- ↑ Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім. Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола , Kamunikat.org . Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Сергей Анищенко: «Я не хочу, чтобы музыкантов лупили дубинками» , Белорусский партизан (4 апреля 2008). Архівавана 29 жніўня 2018.
- ↑ Назад у БССР (6 рарытэтных відэа ад Менскага рок-клюбу) , Tuzin.fm (4 февраля 2015). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Культовая метал-группа из Белоруссии // 29.12.2020
- ↑ Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім. Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола , Kamunikat.org . Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ «Мроя»: вядомая і забытая (топ-12+рарытэтныя відэа) , Tuzin.fm (11 ноября 2016). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Белорусский рок. Уникальная музыка уникальной страны , Музыкальная газета (25 февраля 2007). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Віктар Дзятліковіч. Іх Мроя. Іх N.R.M.. — Мн.: Сучасны літаратар, 2005. — 320 с. — ISBN 985-14-1115-9.
- ↑ Садъ . Музыкальная газета (13 января 1998 года). Архівавана з першакрыніцы 17 мая 2019. Праверана 16 мая 2019.
- ↑ 10 основных фактов о группе СадЪ . Звуки.ру. (29 апреля 2003 года). Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2019. Праверана 16 мая 2019.
- ↑ Петрусенко О. В. Трансовая и психоделическая музыка Беларуси(руск.) . — 2013. Архівавана з першакрыніцы 26 верасня 2017.
- ↑ Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім. Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола , Kamunikat.org . Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Стрыжак, Натальля. Гісторыя Neuro Dubel у 25-ці эпізодах (шмат фота!) . Tuzin.fm (1 кастрычніка 2014). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2020. Праверана 6 красавіка 2020.
- ↑ «Красные Звёзды»: «мы непременно придём за тобой!» (1 февраля 1998). Праверана 18 верасня 2018.
- ↑ Белорусский рок. Уникальная музыка уникальной страны (25 февраля 2007). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Віктар Дзятліковіч. Іх Мроя. Іх N.R.M.. — Мн.: Сучасны літаратар, 2005. — 320 с. — ISBN 985-14-1115-9.
- ↑ Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім. Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола , Kamunikat.org . Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ «Рок-коронация-2008». Последняя… , Ultra-music.com (15 сакавіка 2009). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім. Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола , Kamunikat.org . Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім. Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола , Kamunikat.org . Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім. Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола , Kamunikat.org . Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Лявон Вольский: «В Беларуси есть одна настоящая звезда» , Труд (24 января 2008). Праверана 22 верасня 2017. Архівавана 3 верасня 2017.
- ↑ Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім. Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола , Kamunikat.org . Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ 5 главных песен «Крамбамбулі» , Белорусский партизан (9 октября 2015). Архівавана 10 жніўня 2017.
- ↑ Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім. Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола , Kamunikat.org . Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Ляпис Трубецкой «Капитал» , Experty.by (12 июня 2006). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Шедова Е. В. Рок-опера на сцене Белорусского государственного академического музыкального театра(руск.) . — 2013.
- ↑ N.R.M. адправілі Вольскага ў «бестэрміновы адпачынак» без ягонага ведама , TUT.BY (11 января 2011). Праверана 22 верасня 2017. Архівавана 9 красавіка 2017.
- ↑ N.R.M.: Травіць нас за ўдзел у «Еўрабачанні» — самая выгадная пазіцыя , TUT.BY (30 октября 2012). Праверана 22 верасня 2017. Архівавана 22 мая 2017.
- ↑ Лявон Вольский представит новый альбом «Псіхасаматыка» в Вильнюсе , TUT.BY (5 октября 2016). Праверана 22 верасня 2017. Архівавана 1 снежня 2017.
- ↑ Brutto собрали полную «Минск-Арену»: как Михалок раскачал самую большую площадку страны , TUT.BY (9 марта 2017). Праверана 22 верасня 2017. Архівавана 10 снежня 2017.
- ↑ Ідэолягі працягваюць вайну супраць «Дзецюкоў», а Brutto падтрымалі дзяржаўныя прафсаюзы , Tuzin.fm (26 января 2017). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Афиша Волна: Премьера нового альбома «Петли пристрастия» «Фобос» , Афиша . Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ «Послушать нас приходили с енотами». «Стары Ольса» о рок-концерте в церкви и сумасшедших койотах , TUT.BY (2 ноября 2016). Праверана 22 верасня 2017. Архівавана 9 верасня 2017.
- ↑ «Belsat Music Live»: Музыка жыві! , Tuzin.fm (26 декабря 2016). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ а б Забароненыя музыкі . Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (30 мая 2011). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2020. Праверана 6 красавіка 2020.
- ↑ Соўсь, Ганна. Сяргей Будкін – пра белы сьпіс "Свабоды" . Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (2 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2020. Праверана 6 красавіка 2020.
- ↑ «Опасный аккорд». Как в Беларуси запрещают концерты рок-музыкантов , TUT.BY (26 августа 2016). Праверана 22 верасня 2017. Архівавана 9 красавіка 2017.
- ↑ Музыканты обиделись на власть и создают рок-профсоюз , naviny.by (21 сентября 2004).
- ↑ Белорусский рок. Уникальная музыка уникальной страны (25 февраля 2007). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Лявон Вольскі: Выступ перад 500 тысячамі на Майдане запомніўся на ўсё жыццё , TUT.BY (19 января 2010). Праверана 22 верасня 2017. Архівавана 27 верасня 2017.
- ↑ Безъязыкий рок Беларуси. «Когда тебя душат, появляется стимул для творчества», — уверены в Минске , Зеркало недели (27 октября 2007). Архівавана 10 сакавіка 2008.
- ↑ Кто запретил белорусский рок? , OpenSpace.ru (15 сентября 2011). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ Белорусский рок. Уникальная музыка уникальной страны (25 февраля 2007). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ «Опасный аккорд». Как в Беларуси запрещают концерты рок-музыкантов , TUT.BY (26 августа 2016). Праверана 22 верасня 2017. Архівавана 9 красавіка 2017.
- ↑ Соўсь, Ганна. Сяргей Будкін – пра белы сьпіс "Свабоды" . Radio Free Europe/Radio Liberty (2 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2020. Праверана 6 красавіка 2020.
- ↑ «Опасный аккорд». Как в Беларуси запрещают концерты рок-музыкантов , TUT.BY (26 августа 2016). Праверана 22 верасня 2017. Архівавана 9 красавіка 2017.
- ↑ Кто запретил белорусский рок? , OpenSpace.ru (15 сентября 2011). Праверана 22 верасня 2017.
- ↑ В Беларусь возвращаются «чёрные списки»? , TUT.BY (2 марта 2011). Праверана 22 верасня 2017. Архівавана 9 чэрвеня 2017.
- ↑ Забароненыя музыкі . Radio Free Europe/Radio Liberty (30 мая 2011). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2020. Праверана 6 красавіка 2020.
- ↑ Тарналицкий, Тарас. Концертный рынок Беларуси не ждет экономического подъема (руск.) . Белорусы и рынок(бел.) бел. (11 мая 2015). Архівавана з першакрыніцы 8 красавіка 2020. Праверана 8 красавіка 2020.
- ↑ "Опасный аккорд". Как в Беларуси запрещают концерты рок-музыкантов , TUT.BY (26 жніўня 2016). Праверана 26 верасня 2017. Архівавана 9 красавіка 2017.
- ↑ Максім Каўняровіч. Піт Паўлаў адыграў 71 дваровы канцэрт . Радыё РАЦЫЯ (лістапад 2020). Архівавана з першакрыніцы 31 ліпеня 2021. Праверана 02.01.2023.
- ↑ Арцём Лук'яненка з NAVIBAND пастрыгся нагала ў знак падтрымкі палітвязняў . ЕЎРАРАДЫЁ (31 снежня 2020). Праверана 02.01.2023.
- ↑ Nizkiz выпусцілі кліп на "Правілы" — адзін з гімнаў лета-2020 . ЕЎРАРАДЫЁ (23 кастрычніка 2020). Праверана 02.01.2023.
- ↑ Музыка Юрый Стыльскі з гурта "Дай Дарогу!" з'ехаў з Беларусі . ЕЎРАРАДЫЁ (5 жніўня 2021). Праверана 02.01.2023.
- ↑ REFORM.by. Сергей Михалок решил возродить «Ляпис Трубецкой» (руск.) (21 сакавіка 2022). Праверана 02.01.2023.
- ↑ REFORM.by. Михалок и «Ляпис Трубецкой» поедут в тур по Европе в поддержку Украины (руск.) (6 красавіка 2022). Праверана 02.01.2023.
- ↑ Почему португалец занял на «Евровидении» первое место, а NaviBand — 17-е? , Комсомольская правда (15 мая 2017).
ЛітаратураПравіць
- Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім. Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола , Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org .
Гл. таксамаПравіць
СпасылкіПравіць
- Хто забараніў беларускі рок? - артыкул на сайце OpenSpace.ru
- Беларускі рок, які мы страцілі. Топ-10 - артыкул на сайце газеты «Наша Ніва»
- «Tuzin.fm» - музычны партал прысвечаны беларускамоўнай музыцы
- Праграма «Belsat Music Live» на сайце YouTube
- Погружаясь в андеграунд. История брестской альтернативной сцены