Цёрн

(Пасля перасылкі з Prunus spinosa)

Цёрн[3], Сліва калючая, Жасцёр, Шыпшына[4], Цярніна[5] (Prúnus spinósa) — невялікі калючы куст; від роду сліва (Prunus) сямейства Ружавыя (Rosaceae)[6].

Цёрн
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Prunus spinosa L.

Арэал

выява


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  24802
NCBI  114937
EOL  632461
GRIN  t:30116
IPNI  730297-1
TPL  tro-27800136

Распаўсюджаны па ўсёй Еўропе, у Заходняй Азіі і Паўночнай Афрыцы. Вельмі зменлівы і стварае гібрыды з іншымі слівамі. Мяркуецца, што сумесь гэтага віду з алычой (Prunus cerasifera) стала продкам дамашняй слівы (Prunus domestica). Цёрн — расліна, якая выкарыстоўваецца ў фітатэрапіі, мае ядомыя плады, адыгрывае важную ролю для навакольнага асяроддзя, выкарыстоўваецца таксама ў біятэхнічных пасадках. Гэта меданос і крыніца цвёрдай драўніны, якая, асабліва раней, мела разнастайныя прымяненні. Утварае густыя, калючыя зараснікі, якія з’яўляюцца сховішчам для многіх відаў жывёл.

Этымалогія правіць

Родавая навуковая назва Prunus выкарыстоўвалася ўжо ў антычнасці (напрыклад, Плініем Старэйшым) для апісання сліў. Відавая навуковая назва spinosa азначае «калючы» і паходзіць ад лацінскага слова spina (=шып, калючка)[7].

Беларускае слова «цёрн» узыходзіць да праслав.: *tьrnъ («калючка»)[8].

Батанічнае апісанне правіць

 
Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

Марфалогія правіць

Галінасты куст вышынёй 3,5—4,5 м, радзей нізкарослае дрэўца не вышэй за 8 м[9], прычым па звестках некаторых аўтараў, высокія экзэмпляры гэта, верагодна, гібрыды з іншымі слівамі[10].

Парасткі правіць

Мае шырокаяйкападобную крону, цёмна-шэрую кару і шмат калючак. Маладыя парасткі мякка апушаны, прычым апушэнне знікае з узростам[6]. Аднагадовыя парасткі гладкія і карычневыя (з цяністага боку — аліўкава-зялёныя[11]), больш старыя — цёмна-карычневыя і бліскучыя, са шматлікімі дробнымі светлымі кропкамі. Канцы кароткіх парасткаў ператвораныя ў моцныя і доўгія шыпы  (руск.)[6]. Адгалінаванні другога шэрага разгорнутыя пад прамым або нават тупым вуглом. Вегетатыўныя пупышкі дробныя (да 2 мм), востраяйкападобныя, акружаныя шарападобнымі кветкавымі пупышкамі. Лускавінкі пупышак чырвона-карычневыя, звычайна раснічастыя або апушаныя[11]. Пупышкі пасаджаныя па адной або па 2-3 побач (шэрагам)[9], прычым, як правіла, крайнія — кветкавыя[12]. Кара на старых ствалах — чорна-фіялетавая і злёгку парэпаная[13] вузкімі палосамі[14].

Карані правіць

Разрастаючыся і пашыраючыся пры дапамозе шматлікіх[6] каранёвых атожылкаў, цёрн утварае густыя калючыя і цяжкапраходныя зараснікі.

Лісце правіць

Лісце размешчана  (англ.) чаргова, расце на хвосціках даўжынёй 0,7-1,5 см (ад вяршыні часта чырвонага колеру[15]), ля аснавання якіх знаходзяцца вузкія, пакрытыя валасінкамі прылісткі з залозавымі зубкамі на краі даўжынёй каля 5 мм. Ліставая пласцінка даўгаватая або даўгавата-зваротнаяйкападобная, зубчаста-пальчатая, цёмна-зялёная, матавая, скурыстая, даўжынёй ад 1,5 да 6,5 см (часцей ад 2 да 4 см) і шырынёй ад 1 да 2,8 см, ля аснавання клінаватая, гародчата-пільчатая, зубчыкі залозавыя.

Маладое лісце з абодвух бакоў апушанае, пазней зверху голае, матавае, з ніжняга боку злёгку апушана, у асноўным па жылках[10][9]. Зверху цёмна-, знізу бледна-зялёнае[15].

Лісце вельмі зменлівае, нават у межах адной расліны — адрозніваецца лісце на кароткіх і доўгіх парастках і шыпах[16].

 
 
 
Злева направа: Шып, лісце, ліст з прылісткам

Кветкі правіць

Кветкі адзіночныя, радзей па 2[6], зусім рэдка па 3-5, часцей за ўсё згрупаваны на канцах парасткаў[17], растуць на кароткіх голых кветаножках (5-8 мм даўжынёй). Кветкі дробныя, 1,2—1,8 см у дыяметры, раскрываюцца паасобку або парамі ранняй вясной, калі лісця яшчэ няма[6]. Кветаложа  (руск.) ўвагнутае, выслана сакраторнай тканкай нектарніка[18], чашалісцікаў пяць, трохвугольна-яйкападобных[14], па краі раснічастых. Вяночак белы або зеленаваты, з пяццю доўгімі тупымі пялёсткамі 6-8 см даўжынёй. 20 тычынак завершаны на канцы жоўтымі або чырвонымі пыльнікамі, песцік адзін, нізкі і голы[14], завязь верхняя. Цвіценне вельмі багатае, у красавіку-маі[6].

Формула кветкі:   [19].

 
 
 
Злева направа: Куст у час цвіцення, кветкі, кветка

Плады правіць

Плады — сакавітыя аднанасенныя аднакасцянкі, падобныя на сліву, растуць на ўзнятых кароткіх хвосціках[14]. Плады круглявыя або круглява-канічныя, дыяметрам ад 1 да 1,5 см[10] (у падвідаў і гібрыдаў больш, да 3 см[10][9]). Яны маюць чорна-сіні колер з шызым васковым налётам[6]. Мякаць дрэнна аддзяляецца ад костачкі, мае зялёны колер і даўка-кіслы ці нават гаркаваты смак[6]. Плады спеюць позна, у жніўні-верасні[6]. Плоданасіць пачынае праз 2-3 гады[6].

Костачка пляскатая, яйкападобнай ці эліптычнай формы, маршчыністая, дасягае каля 1 см у даўжыню і 0,5 см у таўшчыню, яна пакрыта бародаўкамі і падоўжнымі рэбрамі[9].

 
 
 
Злева направа: Плады сярод лісця, плады на галінках, насенне

Арэал правіць

Месцапражыванне віду ўключае ў сябе шырокія вобласці Еўропы (без Ісландыі, паўночнай часткі Скандынаўскага Паўвострава і паўночнай Расіі), Малую Азію, раён Каўказа, Іран і паўночную Афрыку (у гарах Атлас[14][20]). Ізаляваныя месцаабітанні ёсць у Ізраілі і ў раёне возера Балхаш[10]. У цэнтральнай Еўропе з’явіўся, верагодна, каля 3000-2000 гадоў да н.э. — прынамсі з таго часу вядомы знаходкі насення ў шматлікіх раскопках эпохі неаліту[14].

Паўночная мяжа праходзіць ад 68°, на Скандынаўскім паўвостраве праз паўднёва-заходнюю Фінляндыю, праз паўднёвую частку Латвіі. У Беларусі праз Віцебскую вобласць. У Расіі праз Пскоўскую, Смаленскую, Маскоўскую, Уладзімірскую вобласці, паўднёвую частку Татарстана.

На тэрыторыі Беларусі адзіны дзікарослы від роду сліва (Prunus)[21], трапляецца на палянах, узлесках і ярах, занесены ў Чырвоную кнігу.

У Польшчы гэта звычайны від практычна для ўсёй тэрыторыі. Радзей сустракаецца ў паўночна-заходняй і, яшчэ радзей, у паўночна-ўсходняй частках краіны. Акрамя таго, не расце на большых вышынях у гарах. У Татрах сустракаецца на вышынях да 1100 м н. у. м. (на Бочані  (польск.))[22], у Яварніках дасягае каля 930 м н. у. м.[10]

Далей на поўдні расце да субальпійскага пояса да 1500—1600 м н. у. м. (напрыклад, на Каўказе[6]. У Крыму і на Каўказе сустракаецца да вышыні 1200—1600 метраў над узроўнем мора[23]. Распаўсюджаны ў Закарпацці, Карпатах, Расточчы — Аполлі, а ў заходнім Палессі і паўночным Лесастэпе, Стэпе і Крыму замяняецца Prunus stepposa.

Расце звычайна густымі зараснікамі па ўзлесках, на лесасеках, у хмызняках, ярах (лагчынах), далінах рэк пераважна ў лесастэпе і ў кудзерках кустоў у стэпе.

Біялогія правіць

Марозаўстойлівая, святлалюбная расліна.

Развіццё правіць

 
Кветкі цёрну, якія апыляе дарожная аса з роду Priocnemis

Фанерафіт  (польск.). Цвіце вельмі багата, але кароткі час, у красавіку і маі (далей на поўдзень у сакавіку[10]), перад з’яўленнем лісця. Кветкі духмяныя і выдзяляюць нектар. Прыцягваюць розных насякомых-апыляльнікаў, удзел якіх у апыленні вельмі важны (сітуацыя з абмежаваным доступам насякомых да кветак аказвае значны ўплыў на колькасць завязей і пладоў)[24]. Плады спеюць у верасні[25] і доўга застаюцца на галінах[26].

Хімічны састаў правіць

Плады цёрну ў свежым стане ўтрымліваюць да 30,1 % сухой масы  (польск.) (у самой мякаці ўтрымліваецца да 83 % вады[27]), 8,7-9,3 % вугляводаў (глюкоза і фруктоза, 0,73 % пекціну), 2,5-2,6 % арганічных кіслот (у тым ліку яблычнай[6]), 2,4 % харчовых валокнаў, 1,5 % бялку, 1,0-1,3 % мінеральных солей  (укр.)[25][27], акрамя гэтага флаваноіды  (руск.) (антацыяны[28] і кемферол  (англ.)[29]), дубільныя рэчывы[6] (1,7 %[30]) і стэролы[31], а таксама выражаныя ў мг на 100 гр: 32 кальцыю, 25 фосфару, 1,9 жалеза[27].

Утрыманне вітаміну С каля 12-19 мг%[32]. Энергетычная каштоўнасць 100 г — 54 ккал[27]. З-за высокага ўтрымання кіслаты і дубільных рэчывоў плады могуць мець такі даўкі смак, што ў свежым стане будуць амаль неядомымі. Пасля прамаражвання пладоў, колькасць кіслот і дубільных рэчываў у іх значна памяншаецца, а глюкоза часткова раскладваецца ў фруктозу, што робіць іх саладзейшымі [25][32]. Ядры таксама ўключаюць значныя колькасці алеяў[32]. Кара і карані ўтрымліваюць дубільныя рэчывы i камфарны алей  (руск.)[14], а кара на старых парастках — таніны[33].

Таксічныя ўласцівасці правіць

 
Ягады цёрну

Насенне ўтрымлівае цыянагенныя гліказіды — амігдалін  (руск.)[34], пруназін  (руск.)[35] і самбунігрын  (польск.)[36]. У невялікіх колькасцях гліказіды ёсць таксама ў кветках[29]. У выніку ферментнага гідролізу з іх утвараецца моцна таксічная сінільная кіслата з бензойным альдэгідам  (руск.), які мае характэрны пах марцыпанаў[35].

Сярод усіх слівавых, якія культывуюць у Цэнтральнай Еўропе, цёрн мае самае высокае ўтрыманне сінільнай кіслаты ў насенні, пачынаючы ад 3 да 6 %[37]. Вядомыя выпадкі з’яўлення сімптомаў атручвання сінільнай кіслатой у свіней, якія з’ядалі насенне цёрну[37]. У выпадку спажывання чалавекам сінільная кіслата можа прывесці да смерці ў дозе 1 мг на 1 кг масы цела.

Смяротная доза (LD50), разлічаная для мышэй, гэта 3,7 мг/кг[38]. Смерць адбываецца ў выніку гіпаксіі з-за паралічу дыхання і энзіматычнага блоку[39][33].

Пагроза для здароўя людзей правіць

Акрамя атрутнасці насення, апісанай вышэй, шыпы цёрну могуць наносіць балючыя траўмы паверхні цела. Доўгія (да 6 см) і тонкія іголкі глыбока пранікаюць у скуру і абломваюцца, пакідаюцы верхавінку ўнутры цела. Клінічнымі даследаваннямі пацверджана, што нават калі пацыенты сцвярджалі, што вынялі шып поўнасцю, яго фрагменты заставаліся ў тканках, вызываючы хранічныя запаленчыя станы, у тым ліку бурсіты. У такіх выпадках патрабуецца хірургічнае лячэнне, часам на дастаткова вялікай ранавай плошчы, таму што фрагменты могуць мігрыраваць у тканках. Асаблівыя цяжкасці ствараюць сітуацыі, калі людзі не памятаюць сам факт уколу шыпамі цёрну[40][41].

Генетыка правіць

Цёрн — гэта тэтраплоід (2n=4x). Стандартны гаплаідальны лік храмасом x=8, гаплаідальны лік храмасом n=16 (2n=32)[42]. Дыферэнцыянаванне гаплатыпу  (руск.) значна большае ў паўднёвай частцы арэала цёрну — што выразна паказвае на ўчасткі гэтага віду ў плейстацэне[43]. Высокі полімарфізм  (польск.) пластомнай ДНК  (руск.) у гэтага віду значна ўскладняе правядзенне з ім філагенетычных даследаванняў[44].

Экалогія правіць

Месцапражыванні правіць

Цёрн непатрабавальная расліна, расце на самых розных глебах — пясчаных, гліністых і камяністых. Часам вырастае на грудах камянёў па ўскраінах палёў[17]. Ён аддае перавагу вапнавым глебам і з’яўляецца індыкатарным відам[34]. Цёрн вельмі ўстойлівы да засухі[45] і марозу[26] (адносіцца да 4 зоны марозаўстойлівасці  (руск.)[33]). Высокія патрабаванні мае толькі да колькасці святла — аптымальна расце і багата пладаносіць пад прамымі сонечнымі прамянямі[26], аднак нядрэнна сябе адчувае і ў паўцені[33]. У класіфікацыі раслінных згуртаванняў Цэнтральнай Еўропы з’яўляецца характэрным відам  (польск.) для класа (Cl.) Rhamno-Prunetea[46]. Часам расце ў светлых лясах і зарасніках з удзелам дубоў і чарнаклёну[16]. Расце на лясных узлесках і стварае зараснікі на палях. На закінутых пашах і землях сельскагаспадарчага прызначэння з’яўляецца адным з першых відаў-піянераў[15][11]. У населеных пунктах, на ўзбочынах і схілах расце як сінантропны від[16]. У адпаведных умовах — экспансійны від[17], часта ўтварае масівы, аднавідавыя агрэгацыі  (польск.). Зараснікі таксама з’яўляюцца ў месцах росту цеплалюбных травастояў  (польск.)[47] і на акрайках  (польск.), выступаючы пагрозай іх існаванню. Таксама сустракаюцца ў запаведніках стэпавай  (польск.) і скальнай расліннасці[10].

У выпадку выгарання ў час пажараў цярноўнік хутка аднаўляецца за кошт шматлікага галінавання каранёвых атожылкаў[33].

Міжвідавыя адносіны правіць

Вусень Phigalia pilosaria харчуецца на лісці цёрну
 
Вусень Hyponomeuta malinella на цёрне

За выключэннем выпадкаў, калі цярноўнік пашыраецца на далікатныя ксератэрмныя экасістэмы і акрайкі, сельскагаспадарчыя землі і таму падобнае, яго зараснікі каштоўныя для навакольнага асяроддзя, бо ўтвараюць непраходныя для чалавека і буйных жывёл абшары, якія становяцца домам і кармавой пляцоўкай для шматлікіх птушак і дробных жывёл. Фітацэнолагі лічаць цёрн характэрным відам для зараснікаў сінтаксону Rubo fruticosi-Prunetum spinosae  (польск.)[48].

У цёрне сярод іншых любяць гнездавацца жуланы (Lanius collurio)[49], акрамя гэтага сініцы (Paridae) і валасянкі (Sylviidae)[50]. Плады адыгрываюць важную ролю ў рацыёне птушак, тым больш важна, што яны доўга даступныя[25]. Імі жывяцца каля 20 відаў птушак[50]. На калючках цёрну саракушавыя (Laniidae) часта наколваюць дробных жывёл або насякомых, ствараючы такім чынам запасы на будучыню[17]. Гэтая расліна таксама важны від для пражывання і харчавання вялікага спіса беспазваночных і грыбоў[51] (віды, якія сваім існаваннем значна шкодзяць цёрну, пералічаны ў раздзеле Хваробы і шкоднікі). На лісці цёрну харчуюцца вусені каля 135 відаў матылькоў[52], прычым расліна мае выключна важнае значэнне для Satyrium pruni і хвастаткі бярозавай (Thecla betulae)[33], акрамя гэтага аб’ядаецца вусенямі залатагузкі (Euproctis chrysorrhoea), Noctua comes, Noctua janthina, Xestia triangulum, Peribatodes rhomboidaria[52]. На лісці харчуюцца таксама лічынкі розных відаў перапончатакрылых і жукоў[51]. У час цвіцення кветкі вабяць між іншых Lucilia caesar, Anaglyptus mysticus, каля 20 відаў адзінкавых пчол  (польск.)[50].

Таксанамія правіць

Цёрн — гэта адзін з 12 відаў, якія ўключаны ў секцыю  (польск.) Prunus у падродзе Prunus роду Сліва (Prunus) сямейства Ружавых (Rosaceae)[53]. Найбольш цесна з ім звязаныя такія віды слівы, як алыча (Prunus cerasifera), Prunus coccomilia, Prunus curdica, Prunus insititia, Prunus salicina, Prunus ussuriensis і гібрыдныя віды з той жа групы: domestica і Prunus × gigantea[54]. Верагодна, цёрн узнік у выніку поліплаідызацыі дыплаідальнага таксона, які быў агульным продкам з алычой (Prunus cerasifera)[16].

Цёрн — дастаткова зменлівы знешне від. Асобнікі моцна адрозніваюцца вышынёй, памерамі лісця, кветак і пладоў, ступенню апушэння і таўшчынёй і колькасцю шыпоў. Раней зменлівасць апісвалі як розніцу паміж формамі, але хутчэй за ўсё яна вынікае з розных чыннікаў знешняга ўплыву на асобную расліну[9]. Для месцаў, адкрытых моцным вятрам і з актыўным выпасам жывёлы, характэрны рост карлікавых форм расліны, амаль поўнасцю прыціснутых да зямлі[14]. Біяметрычныя і генетычныя аналізы не выяўляюць выразных градыентаў зменнасці цёрну ў межах арэала[16][55]. Гэта тлумачыцца тым, што актыўнае распаўсюджанне насення млекакормячымі і птушкамі на вялікія адлегласці памяншае генетычную зменлівасць паміж папуляцыямі[55].

Падвіды правіць

Некаторыя падвіды цёрну[56]:

  • subsp. spinosa — намінатыўны падвід  (укр.), шыпы голыя[56],
  • subsp. megalocarpa Dom. — моцныя калючыя кусты, з большым лісцем і пладамі, чым тыповы падвід[10] (шыпы голыя, плады болей 15 мм у дыяметры, костачка болей 10 мм[56]),
  • subsp. ovoideoglobosa Dom. — слаба калючыя кусты, плады вялікія (болей 15 мм у дыяметры) і сферычныя, голыя сцёблы, костачка больш 11 мм у даўжыні[56][10],
  • subsp. fechtneri Dom. — слаба калючыя кусты, плады дробныя (дыяметр 15 мм) і авальныя, шыпы голыя[56][10],
  • subsp. moravica Dom. — слаба калючыя кусты або зусім без шыпоў[10], плады сферычныя, шыпы голыя[56],
  • subsp. dasyphylla Schur — на думку некаторых спецыялістаў варыянтам Prunus domestica insititia[10], шыпы апушаныя, костачка толькі злёгку маршчыністая або гладкая, плод сярэдні, каля 15 мм у дыяметры або крыху меней[56],
  • subsp. cerasina Hrabět. — таксон з характарыстыкамі, прамежкавымі паміж тыповым падвідам і subsp. dasyphylla, раней атаясамліваўся з Prunus fruticans[10], шыпы апушаныя, костачка часта гладкая, плод сферычны, у дыяметры болей 15 мм[56].

Формы правіць

  • f. plena West. — з белымі махрыстымі кветкамі
  • f. purpurea Andre — з ружовымі кветкамі і пурпурным лісцем
  • f. typica Medw. — з голым лісцем і кветаножкамі
  • f. puberula Medw. — кветаножкі і ніжняя частка лісця апушаны[23]

Гібрыды правіць

У цёрну шмат тэтраплоідных гібрыдаў з іншымі відамі. Іх правільнае найменне — гібрыдны цёрн. Цёрн утварае цяжкія для аналізу гібрыды з падвідам слівы дамашняй (Prunus domestica) цернаслівай (Prunus domestica insititia) (=Prunus ×fruticans Weihe) і з алычой (Prunus cerasifera) (=Prunus ×media Kov.[16])[17], якія сустракаюцца ў прыродзе на Каўказе[57]. Сярод тамтэйшых лясоў і зараснікаў некаторыя асобнікі цёрну вырастаюць у многаяруснае дрэва з вялікімі яркімі яйкападобнымі пладамі[57]. Лічыцца, што нават асобнікі з кветкамі рознай ступені ружовасці могуць прадстаўляць сабой гібрыды алычы[17]. У рэшце рэшт, лічыцца таксама, што гексаплоідная сліва дамашняя (Prunus domestica) ўтварылася ў выніку поліплаідызацыі гібрыда алычы і цёрну[58]. У селекцыі  (руск.) выкарыстоўваюцца таксама гібрыды з Prunus tomentosa[42], Prunus domestica italica[57] і інш.

Таксанамічныя праблемы стварае таксон, які, верагодна, з’яўляецца гібрыдам цёрну і цернаслівы (Prunus domestica insititia) і апісваецца як Prunus ×fruticans Weihe або Prunus spinosa var. macrocarpa Wallr.[59] (некаторыя аўтары ставяць пад сумненне яго паходжанне[10]). Prunus ×fruticans як правіла вышэйшы за тыповыя асобнікі P. spinosa (перавышае 3 метры), з менш калючымі галінамі, буйнейшымі і саладзейшымі пладамі, у якіх мякаць лягчэй аддзяляецца ад костачкі з вострымі канцамі. У межах гэтага таксона апісаны два падвіды: subsp. ligerina (Lloyd) Domin з голымі шыпамі і subsp. amelanchierflora (Paillot) Domin з апушанымі шыпамі[10]. Паводле Flora Europaea гэты таксон з-за зменлівасці і ўзаемнага падабенства на бацькоўскія віды немагчыма вызначыць і адрозніць на падставе адных марфалагічных крытэрыяў[60].

Сарты правіць

Вядомы розныя сарты цёрну[13][14]:

  • 'Purpurea' — з пурпурным лісцем і ружовымі кветкамі
  • 'Plena' — з кветкамі, якія маюць падвойны рад пялёсткаў у калякветніку
  • 'Variegata' — з белым жылкаваннем лісця

Вядомы таксама сорт 'Rosea', які з’явіўся ў выніку гібрыда цёрну і алычы (P. cerasifera 'Nigra')[16].

У Сярэдняй паласе Расіі вырошчваюць цёрн 'Абрикосовый' (гібрыд цёрну з алычой) і формы цёрну духмянага (гібрыды з кітайска-амерыканскай слівай 'Тока') '10-17', '16-9', '83'. Плады ў іх практычна без даўкасці, духмяныя. Зімаўстойлівасць на ўзроўні цёрну[61].

Развядзенне правіць

 
Зараснік цёрну без лісця
 
Зараснік цёрну ў кветках
 
Зараснік цёрну летам

Часам высаджваецца ў біятэхнічных пасадках, рэдка як дэкаратыўная расліна або ў садах. Нават там, дзе часам высаджваюць для атрымання пладоў (у некаторых раёнах Расіі), асноўнай крыніцай ураджаю з’яўляюцца, як правіла, дзікія папуляцыі[58].

Патрабаванні правіць

Цёрн добра расце на любой глебе, акрамя забалочаных і кіслых участкаў. Лепш за ўсё развіваецца на добра пранікальных паверхнях[33] і ў сонечных месцах[62].

Размнажэнне правіць

Костачкі для сяўбы атрымліваюць з пладоў да іх поўнага паспявання, у канцы жніўня — пачатку верасня. Насенне закладваюць у глебу на глыбіню 2-3 см восенню, або, пры зборы ў лістападзе, ранняй вясной. Усходы з’яўляюцца чарговай вясной[18][34]. Вельмі зручны і просты спосаб развядзення — гэта пасадка каранёвымі атожылкамі[62].

Догляд правіць

Кусты цёрну не патрабуюць абрэзкі, калі толькі няма патрэбы сфармаваць крону ў дэкаратыўных мэтах. Вакол дрэва трэба рэгулярна выдаляць шматлікія каранёвыя атожылкі, калі толькі не стаіць мэта атрымаць густы і шчыльны зараснік. У выпадку вырошчвання культурных сартоў трэба праполваць прыствольны ўчастак і кожныя некалькі гадоў угнойваць натуральнымі ўгнаеннямі — гноем або кампостам  (руск.)[62].

Знішчэнне правіць

З-за лёгкасці, з якой цёрн утварае каранёвыя атожылкі і новыя парасткі пасля абразання, гэты від вельмі цяжка выдаліць адтуль, дзе непажадана яго вырастанне. Яго кантроль ажыццяўляецца ў мэтах абароны багатых нелясных фларыстычных згуртаванняў, у асаблівасці цеплалюбных травастояў  (польск.), на якіх цёрн з’яўляецца экспансіўным відам (за выключэннем паўночнай часткі яго арэала). Для таго, каб эфектыўна выкараніць гэты від, неабходна знішчаць яго на працягу вегетацыйнага сезона. Менш эфектыўная, але бяспечная для спадарожных відаў флоры і фаўны, зрэзка праводзіцца ў асенне-зімовы перыяд. Пасля выдалення куста даводзіцца некалькі наступных гадоў сачыць за гэтым месцам і своечасова выдаляць новыя парасткі, якія з’яўляюцца з глебы. Пры знішчэнні зараснікаў цёрну варта выкопваць пні, калі гэта не перашкаджае існаванню іншых відаў. Акрамя таго можна выкарыстоўваць пестыцыды (арбарыцыды  (польск.))[63].

Хваробы і шкоднікі правіць

 
Дэфармаваныя плады, паражоныя Taphrina pruni

Цёрн падвяргаецца ўздзеянню такіх шкоднікаў слівовых, як Cydia funebrana, Aculus fockeui, Hoplocampa minuta, паўлінава вока малое (Saturnia pavonia), Peribatodes rhomboidaria, Lomographa bimaculata, Hemithea aestivaria, Epirrita christyi, Epirrita dilutata, Eupithecia exiguata, Pasiphila rectangulata, Opisthograptis luteolata, пядзенік чубаты (Colotois pennaria), залатагузка (Euproctis chrysorrhoea), жаўтагузка (Euproctis similis), Nola cucullatella, Noctua comes, Noctua janthina, Xestia triangulum, Satyrium pruni, хвастатка бярозавая (Thecla betulae), Scythropia crataegella і Coleophora anatipennella і Hoplocampa flava. Мёртвая драўніна дае харчаванне лічынкам віду Esperia oliviella.

Пры неабходнасці цёрн апырскваюць хімічнымі прэпаратамі  (польск.)[62].

Сярод захворванняў, якія выклікаюць патагенныя грыбы, можна згадаць маніліёз  (руск.) (нішчыць кветкі і парасткі), лісце хварэе на клястэраспарыёз  (узб.) і кокамікоз. Пашкоджванне пладоў  (польск.) вызывае від грыбоў Taphrina pruni. У выпадку грыбковых захворванняў прымяняюцца хімічныя сродкі, а пры вірусных пашкоджаннях неабходна выразаць хворыя расліны і спальваць іх. Сярод апошніх самыя частыя — стужачная мазаіка слівы і воспа слівы (шарка)  (укр.)[62].

Праблемным момантам з’яўляецца значэнне цёрну ў распаўсюджанні вірусных хвароб, якія шкодзяць слівам, што растуць у садах[64].

Збор, перапрацоўка і захоўванне правіць

Збіраюць плады, кветкі, лісце і карані.

Кветкі збіраюць асцярожна адразу пасля зацвітання[6] і высушваюць[65] — яны вельмі далікатныя, лёгка крышацца і цямнеюць. Іх сушаць пры тэмпературы каля 35 °C[31] або на сонцы[66] пры добрым праветрыванні[67]. Гатовая сыравіна павінна быць добра высушанай, сметанковага або белага колеру і з тонкім водарам горкага міндаля. З 5 кг свежых кветак атрымліваецца 1 кг сухіх[67].

Плады збіраюць свежымі, але яшчэ цвёрдымі (у кастрычніку і лістападзе[65]). Пры нарыхтоўцы зручна стрэсваць плады на разасланыя пад дрэвамі палотны[67]. Сыравіну сартуюць, выдаляючы пашкоджаныя плады і прымешкі[6]. Перабраныя чыстыя плады ссыпаюць у драўляныя дзежкі, затуляюць чыстай вільготнай тканінай і захоўваюць у скляпах ці адпраўляюць на пункты перапрацоўкі[6]. Сушаць плады на сонцы або пад палаткамі, у печах або сушылках пры тэмпературы 45-50°[31]. Высушаныя плады вельмі маршчыністыя, амаль чорныя, з даўкім, крыху кіслым смакам і без паху[65]. Іх пакуюць у папяровыя мяшкі вагой па 25 або 50 кг і захоўваюць у сухіх халаднаватых памяшканнях. Для атрымання 1 кг сухіх трэба каля 3,5 кг свежых пладоў[67].

Для кулінарнага выкарыстання плады збіраюць у спелым стане з кастрычніка (тады яны маюць самую багатую пажыўнасць) да пачатку зімы. Пасля падмярзання яны становяцца мякчэйшымі і хутчэй псуюцца[25], таму пры зборы пасля замаразкаў патрабуюць неадкладнага спажывання або перапрацоўкі[68].

Лісце збіраюць у сярэдзіне лета, сушаць звычайным спосабам.

Гаспадарчае значэнне і прымяненне правіць

Харчовая, меданосная, лекавая, таніданосная, фарбавальная, дэкаратыўная, фітамеліяратыўная расліна.

У кулінарыі правіць

 
Цёрн на вітрыне (унізе, у цэнтры) у іспанскай Мурсіі

Плады з глыбокай даўніны ўжываліся ў ежу. Мякаць пладоў, нягледзячы на даўкі смак у свежым выглядзе, цэніцца за пажыўную каштоўнасць, смак і водар[25][69].

Плады цёрну ўжываюць у ежу свежымі, асабліва пасля прамаражвання, якое робіць іх саладзейшымі[25][69], а таксама выкарыстоўваюць як каштоўны прадукт для розных спосабаў перапрацоўкі, вытворчасці він, варэння, сокаў, сіропаў, экстрактаў, лікёраў, воцату, мармеладу, пасцілы  (руск.), цукатаў. Вырабы з цёрну маюць далікатны пах і пікантны смак[25].

Сваіх смакавых уласцівасцей цёрн не губляе нават пасля высушвання. Сухія плады і лісце ідуць на прыгатаванне ўзвараў, кісялёў і для заварвання гарбаты[58][70][71].

Віны, наліўкі  (руск.) і кандытарскія вырабы з цёрну адрозніваюцца высокімі смакавымі і дыетычнымі  (укр.) ўласцівасцямі, тонкім прыемным водарам.

Цёрн выкарыстоўваюць як у харчовай прамысловасці, так і для хатняга кансервавання.

Костачкі не ўжываюцца ў ежу з-за ўтрымання сінільнай кіслаты[33].

Значэнне ў кухнях свету правіць

 
Дамашняя цярновая наліўка

Плады цёрну адыгрывалі істотную ролю ў гаспадарцы першабытных пасяленцаў Еўропы, яшчэ да распаўсюджвання тут у культуры пладовых дрэў з іншых частак свету[72].

Салодкія стравы з цёрну некалі падаваліся ў якасці дадатку да асноўных страў. У Францыі з недаспелых пладоў рабілі марынады  (руск.) ў воцаце[33][72], а са спелых — лікёр prunelle[16]. У Германіі плады, здробненыя з вадой, ужываліся для дыстыляцыі высокаградуснай гарэлкі[72]. У Расіі з цёрну рабілі не толькі гарэлку і іншыя алкагольныя напоі, але і воцатныя марынады, джэмы і жэле, а таксама фруктовыя сокі[30]. У Польшчы плады дадавалі галоўным чынам у віны, у тым ліку як фарбавальнік, араматызатар і ўтрымальнік дубільных рэчываў, але і як галоўны кампанент таксама. Акрамя гэтага з цёрну рабілі гарэлку і наліўку  (руск.) (цярноўку  (польск.))[25], сокі і сіропы[30]. У Брытаніі з пладоў рабілі наліўку пад назвай «цярновы джын» (англ.: sloe gin), а ў іспанскай Навары рабілі дужа моцны лікёр пачаран (ісп.: pacharán)[16]. Цёрн дабаўлялі ў партвейн для больш рэзкага смаку і паху[70][73].

У медыцыне правіць

У афіцыйнай медыцыне лекавай сыравінай  (укр.) з’яўляюцца кветкі (Flos Pruni spinose) і плады (Fructus Pruni spinose) цёрну. Актыўнымі рэчывамі ў цёрне выступаюць дубільныя рэчывы, флаваноіды і цыянагенныя гліказіды. За антысептычнае, супрацьзапаленчае і запіральнае дзеянне[6] адказваюць таніны[35]. Флаваноіды дзейнічаюць, у прыватнасці, як антыаксіданты, супрацьзапаленчае і памяншаюць пранікальнасць сценак крывяносных сасудаў[28].

Адвар з кветак мае мачагонную і патагонную, слабільную, адхарквальную і антытаксічную ўласцівасці[74], ён таксама памяншае пранікальнасць капіляраў[31]. Кветкі цёрну карысныя і пры розных хваробах печані. Яны рэгулююць перыстальтыку  (руск.) кішак і лічацца далікатным слабільным сродкам. Кветкі таксама можна заварваць як гарбату[35]. Вельмі малыя дозы цыянападобных гліказідаў у іх стымулююць дыхальную сістэму, страваванне і паляпшаюць самаадчуванне[33].

Плады маюць лёгкае запіральнае і супрацьзапаленчае дзеянне[74][35]. Выкарыстоўваецца ў выглядзе адвару  (руск.) і (½ чайнай лыжкі сушаных пладоў на адну шклянку вады) для лячэння захворванняў страўнікава-кішачнага тракта[6], а таксама для паласкання[6] рота і горла пры запаленні[69]. Лячыць запаленне можа таксама гарбатай з сушаных пладоў або свежым сокам пладоў[35].

З лісця раслін гатуюць адвары  (руск.), якія ўжываюцца пры захворваннях нырак[75], яго таксама рэкамендуюць як мачагонны і слабільны сродак.

Плады, кветкі і кару цёрну ўжываюць як кроваачышчальны сродак, асабліва пры скурных сыпах  (руск.), масавых фурункулах.

Карані, кара і маладая драўніна маюць супрацьзапаленчыя і патагонныя ўласцівасці. Верхні слой кары цёрну рэкамендуюць прыкладваць пры рожыстых запаленнях скуры. Адвары  (руск.) з каранёў і лісця выкарыстоўваюць для паласкання рота пры захворванні зубоў і дзясен.

У народнай медыцыне плады цёрну выкарыстоўваюцца пры страўнікава-кішачных захворваннях  (укр.), а таксама як кроваачышчальны, дыетычны і супрацьзапаленчы сродак.

У пчалярстве правіць

Цёрн — вясновы меданос, што дае падтрымны ўзятак, пылок-абножку і трохі нектару[76][77]. Меданоснасць расліны да 25 кг на гектар[18].

У прамысловасці правіць

 
Традыцыйныя ірландскія кіі, якія пераважна робяцца з цярновых галін

Драўніна цёрну вельмі трывалая і цвёрдая, карычнева-чырванаватага колеру. Яна добра паддаецца паліроўцы. Драўніну цёрну выкарыстоўваюць пры вытворчасці дробных сталярных і такарных вырабаў.

З-за высокай цвёрдасці драўніны цёрну ён з’яўляецца дасканалым матэрыялам для вытворчасці лёсак  (польск.), паліц  (руск.), кіёў, дзяржанняў розных прылад і бізуноў[71].

У Ірландыі з цёрну робяць традыцыйныя дубінкі[78]. Такія дубінкі ў Брытанскай арміі — гэта частка вайсковага рыштунку сяржантаў Каралеўскага ірландскага палка  (руск.); традыцыя нашэння такой зброі таксама сустракаецца ў ірландскіх палках некаторых другіх краін Садружнасці нацый.

Таксама з цёрну робяць альпінісцкія зачэпы  (руск.).

У лясной і садовай гаспадарцы правіць

 
Жывая агароджа з цярноўніку

Адмыслова высаджваюць кусты цярноўніку на адхонах, у ярах, па берагах рэк і каналаў, каб умацаваць іх[9][26]. Акрамя гэтага цярноўнік лагодна ставіцца да прыморскіх умоў і можа выкарыстоўвацца для замацавання насыпаў і адхонаў на ўзбярэжжах[33]. Абараняе глебу ад воднай і ветравой эрозіі[17]. На пашах дрэвы могуць высаджвацца, каб абараніць збожжавыя і травы ад згрызання дзікімі жывёламі[79].

Выкарыстоўваецца цярноўнік і ў якасці дэкаратыўных жывых агароджаў. У яго зарасніках ствараюцца добрыя ўмовы для жыцця і харчавання дробных птушак і млекакормячых[9][26].

Цёрн служыць выдатнай прышчэпай  (руск.) для кустовых форм персіка, абрыкоса і сліў, гэта — зіма- і засухаўстойлівы від[80]. Таксама выкарыстоўваецца ў селекцыі раслін  (руск.) для стварэння ўстойлівых сартоў сліў праз скрыжаванне  (польск.) з імі і, радзей, для атрымання ўласна пладоў цёрну[9].

Цёрн лічыцца адным з найбольш каштоўных відаў для фарміравання кустоў і лясных участкаў на абочынах з-за экалагічнай важнасці, але адначасова гэта адзін з самых недаацэненых відаў, ён практычна не сустракаецца ў лясных гадавальніках[26].

Іншае правіць

 
З правага боку відаць сцяну з цёрну ў градзірні, па якой сцякае саляны раствор

Цярновыя костачкі знаходзяць яшчэ ў дагістарычных палевых паселішчах у Альпах[70]. Сведчанне даўняга выкарыстання цёрну чалавекам — знакаміты выпадак адкрыцця ў 1991 годзе ў Эцтальскіх Альпах найстарэйшай у Еўропе 5300-гадовай муміі чалавека, названага Эцы  (руск.), у якога ў страўніку знайшлі рэшткі цёрну[81].

Пазней цярноўнік высаджвалі, каб абазначыць межы зямельных уладанняў. У Брытаніі і Паўночнай Еўропе цярновыя агароджы садзілі, каб абмежаваць рух буйной рагатай жывёлы[82].

Цвіценне цярноўніку можа быць звязана са святкаваннем старажытнага кельцкага свята Імболк  (руск.)[83].

У сярэдневяковых скрыпторыях выкарыстоўвалі чарніла, прыгатаванае ў тым ліку і з кары цёрну. Парасткі цёрну вымочвалі і варылі, потым змешвалі з віном і зноў гатавалі. З часам гэты рэцэпт выйшаў з ужытку, бо такое чарніла было не вельмі ўстойлівым да святла[84]. Шлома Іцхакі  (руск.), вядомы каментатар Талмуда і Танаха часоў Высокага Сярэднявечча, таксама пісаў, што жывіца цёрну (які ён называе фр.: Prunellier) была інгрэдыентам у вытворчасці чарніла для манускрыптаў  (руск.)[85].

«Цярновы чарвяк», які быў за рыбалоўнага кручка  (англ.), згадваецца ў творы Джуліяны Бернерс  (руск.) XV стагодддзя «The Treatyse of Fishing with an Angle»[86].

Згодна з Янам Кшыштафам Клюкам, дабаўленне пладоў цёрну ў бочку з сапсаваным віном эфектыўна яго паляпшае, а сыр, загорнуты ў кару цёрну, мае больш працяглы тэрмін ужывання[87].

Вязкі цёрну з’яўляюцца асноўным матэрыялам для будавання градзірань, імі запаўняюць драўляную канструкцыю, у якой з расолу  (польск.) ўтвараецца аэразоль[88].

З цёрну атрымліваюцца выдатныя дровы, якія гараць павольна з добрым жарам і мала дымяць[89].

Насенне цёрну ўтрымлівае тлусты алей (да 37 %), глюказід амігдалін і можа служыць сыравінай для атрымання тлустага і міндальнага эфірнага алею. З костачак здабываюць актываваны вугаль.

У касметыцы мякаць пладоў выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі звязальных масак для твару[33].

Кара і драўніна цёрну ўтрымліваюць таніны (да 8 %)[33] і выкарыстоўваюцца для дублення скур. Пры змешванні кары з медным купарвасам  (руск.) атрымліваюць чорную фарбу і якаснае чорнае чарніла, а пры змешванні са шчолачамі — жоўтую фарбу. Лісце дае зялёную фарбу, а плады ад цёмна-шэрай да зялёнай[33]. Сок пладоў выкарыстоўваюць для маркіроўкі палатна  (руск.), бо ён практычна нязмыўны[58].

У культуры і вераваннях правіць

 
Керамічная талерка з выявай цёрну

У сувязі з распаўсюджанасцю, здольнасцю ўтвараць моцныя зараснікі, пышнае цвіценне і характэрныя даўкія плады цёрн лёгка пазнаць, ён адыгрывае важную ролю ў народнай культуры. З-за сваіх характарыстык рэдка меў станоўчы і спрыяльны вобраз, хоць у кельцкай міфалогіі  (руск.) лічыўся святой раслінай[16].

У культуры славян кусты цёрну высаджвалі на магілах самазабойцаў, каб яны не пужалі жывых. На цярновых вогнішчах палілі вядзьмарак. Людзі верылі, што цярновым калом можна забіць стварэнняў начных жахаў  (руск.), у тым ліку вампіраў[90].

У сувязі са згадваннем цёрну як матэрыялу для пакутніцкага вянка Ісуса Хрыста, у хрысціянскай культуры расліна была звязана з Сатаной.

У часы палявання на ведзьмаў  (руск.) у Англіі цёрн лічыўся раслінай, якая выкарыстоўваецца для рытуальнага вядзьмарства, таму з яго складвалі вогнішчы, на якіх спальвалі ведзьмаў  (руск.)[16]. З іншага боку, у Познані існуе легенда, згодна з якой Бог дараваў цярноўніку незлічоныя беласнежныя кветкі, каб ён мог даказаць сваю невінаватасць і зняць абвінавачванне, што з яго быў створаны цярновы вянок[84].

У балгараў да XIX стагоддзя існавала павер’е, што плады цёрну або цярновая галінка, пакладзеная ў рот пры пахаванні, абароніць зубы ад выпадзення[90].

У літаратуры і фальклоры правіць

Квiтнее цёрн падобна кветкам слiвы,
Хто зблытае — пазнае шмат бяды,
Прыгожы белы цвет i сэрцу мiлы,
Ды даўкiя i кволыя плады.

Анатоль Балуценка. «Асенні сум»[91]

Польскія сяляне кажуць: «Цёрн цвіце — будзе халодна» (польск.: Tarnina kwitnie – będzie zimno), гэта звязана з тым, што час цвіцення цёрну супадае з пахаладаннем, якое часта прыходзіць у маі[66].

У геральдыцы правіць

У філатэліі правіць

У мастацтве правіць

Цёрн на сваіх палотнах малявалі Уільям Гаральд Дадлі  (англ.)[92], Альфрэд Джэймс Манінгс  (руск.)[93], Уільям Сцюарт Макджордж  (руск.)[94] і інш.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 106. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  5. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
  6. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Тёрн // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 100-102. — 200 с. — 130 000 экз.
  7. Marian Rejewski. Pochodzenie łacińskich nazw roślin polskich. — Warszawa, 1996. — ISBN 83-05-12868-7.
  8. Derksen R. Etymological dictionary of the Slavic inherited lexicon. — Leiden — Boston: Brill, 2008. — P. 505.
  9. а б в г д е ё ж з Władysław Szafer, Pawłowski B. (red.). Flora Polska. Tom VII. — Kraków, 1955. — С. 279-281.
  10. а б в г д е ё ж з і к л м н о п Slavomil Hejný, Bohumil Křísa (red.). Květena České Republiky 3. — Praha, 2003. — С. 438-439. — ISBN 80-200-1090-4.
  11. а б в Jean-Denis Godet. Pędy i paki. — Warszawa, 1998. — С. 308. — ISBN 83-7073-143-0.
  12. Leonidas Świejkowski. Rośliny lecznicze i przemysłowe. — Warszawa, 1990. — С. 329. — ISBN 83-85005-41-2.
  13. а б Owen Johnson. Drzewa. — 2009. — С. 340. — (Przewodnik Collinsa). — ISBN 978-83-7073-643-9.
  14. а б в г д е ё ж з Josef H. Reichholf, Günter Steinbach. Wielka encyklopedia drzewa krzewy. — Warszawa, 1995. — С. 124. — ISBN 83-7079-440-8.
  15. а б в Jean-Denis Godet. Drzewa i krzewy. — Warszawa, 1997. — С. 116, 204, 205. — ISBN 83-7073156-2.
  16. а б в г д е ё ж з і к Wojciech Borkowski. Taksonomiczne i geograficzne zróżnicowanie tarniny (Prunus spinosa L.) w świetle badań z użyciem automatycznej biometrii i eksploracyjnej analizy danych (польск.). Praca doktorska wykonana w Zakładzie Systematyki i Geografii Roślin Uniwersytetu Warszawskiego (17 красавіка 2001). Праверана 15 ліпеня 2011.(недаступная спасылка)
  17. а б в г д е ё Włodzimierz Seneta, Jakub Dolatowski. Dendrologia. — Warszawa, 1997. — С. 296-297. — ISBN 83-01-12099-1.
  18. а б в Mieczysław Lipiński. Pożytki pszczele. — Warszawa, 2010. — С. 128. — ISBN 978-83-09-99024-6.
  19. Яковлев Г. П., Челомбитько В. А. Ботаника: Учебник для вузов / Под ред. Р. В. Камелина. — СПб.: Спецлит, изд-во СПХФА, 2003. — С. 435. — 647 с. — 5 000 экз. — ISBN 5-299-00237-8.
  20. Биологический энциклопедический словарь / Гл. ред. М. С. Гиляров; Редкол.: А. А. Баев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др.. — 2-е изд., исправл.. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 637. — 864 с. — 150 600 экз. — ISBN 5-85270-002-9. (руск.)
  21. База Растения Беларуси
  22. Bogumił Pawłowski. Flora Tatr Tom 1. — Warszawa, 1956. — С. 519.
  23. а б Соколов С. Я. Род 33. Prunus — Слива // Деревья и кустарники СССР. Дикорастущие, культивируемые и перспективные для интродукции. / Ред. тома С. Я. Соколов. — М.—Л.: Изд-во АН СССР, 1954. — Т. III. Покрытосеменные. Семейства Троходендроновые — Розоцветные. — С. 695. — 872 с. — 3 000 экз.
  24. Jacobs JH, Clark SJ, Denholm I, Goulson D, Stoate C, Osborne JL. Pollination biology of fruit-bearing hedgerow plants and the role of flower-visiting insects in fruit-set (англ.). — С. 1397-1404.
  25. а б в г д е ё ж з Wiesław Grochowski. Uboczna produkcja leśna. — Warszawa, 1990. — ISBN 83-01-09535-0.
  26. а б в г д е Bugała Władysław. Drzewa i krzewy dla terenów zieleni. — Warszawa, 1991. — С. 344. — ISBN 83-09-00013-8.
  27. а б в г Michał Ziemiański. Słownik towaroznawczy artykułów żywnościowych. — Warszawa, 1957. — С. 488-489.
  28. а б Eliza Lamer-Zarawska, Barbara Kowal-Gierczak, Jan Niedwerok. Fitoterapia i leki roślinne. — Warszawa, 2007. — С. 67. — ISBN 978-83-200-3401-1.
  29. а б Jan Volák, Jiří Stodola. Rośliny lecznicze. — Warszawa, 1983. — С. 244. — ISBN 83-7066-389-3.
  30. а б в Irena Gumowska. Kuchnia pod chmurką. — Warszawa. — С. 50.
  31. а б в г Lidia Antkowiak. Rośliny lecznicze. — Poznań, 1998. — С. 122. — ISBN 83-7160-146-8.
  32. а б в Wiesław Grochowski. Jadalne owoce leśne. — Warszawa, 1986. — ISBN 83-09-00021-9.
  33. а б в г д е ё ж з і к л м н Prunus spinosa – L. (англ.). Plants For A Future. Праверана 5 ліпеня 2011.
  34. а б в Hrynkiewicz-Sudnik Jerzy, Sękowski Bolesław, Wilczkiewicz Mieczysław. Rozmnażanie drzew i krzewów liściastych. — Warszawa, 2001. — С. 350–351. — ISBN 83-01-13434-8.
  35. а б в г д е van Wyk Ben-Erik, Wink Michael. Rośliny lecznicze świata. — Wrocław, 2008. — ISBN 83-60466-51-3.
  36. Y. Kumarasamya, P. J. Cox, M. Jaspars, L. Nahar, S. D. Sarker. Cyanogenic glycosids from Prunus spinosa (Rosaceae) (англ.). — С. 1063-1065. — DOI:10.1016/S0305-1978(03)00063-2.
  37. а б Jakub Mowszowicz. Przewodnik do oznaczania krajowych roślin trujących i szkodliwych. — Warszawa, 1982. — С. 225. — ISBN 83-09-00660-8.
  38. Safety Officer in Physical Chemistry at Oxford University. Safety data for hydrogen cyanide(недаступная спасылка). The Physical and Theoretical Chemistry Laboratory, Oxford University (17 красавіка 2010). Архівавана з першакрыніцы 11 лютага 2002. Праверана 10 сакавіка 2017.
  39. Maria Hanneberg, Elżbieta Skrzydlewska. Zatrucia roślinami wyższymi i grzybami. — Warszawa, 1984. — С. 119. — ISBN 83-200-0419-5.
  40. J. J. Kelly. Blackthorn inflammation. — 1966. — С. 474-477.
  41. Himanshu Sharma. A report of 18 blackthorn injuries of the upper limb (англ.). — 2004. — С. 930-935.
  42. а б Jules Janick, Robert E. Paull. The encyclopedia of fruit & nuts. — Oxfordshire. — С. 698.
  43. Mohanty A, Martín JP, Aguinagalde I. Population genetic analysis of European Prunus spinosa (Rosaceae) using chloroplast DNA markers (англ.). — 2002. — Т. 89 (8). — С. 1223-1228.
  44. Mohanty A, Martín JP, Aguinagalde I. Chloroplast DNA diversity within and among populations of the allotetraploid Prunus spinosa L. (англ.). — Т. 100, 8. — С. 1304-1310. — DOI:10.1007/s001220051439.
  45. Białobok S., Hellwig Z. (red.). Drzewoznawstwo. — Warszawa, 1955. — С. 356.
  46. Matuszkiewicz Władysław. Przewodnik do oznaczania zbiorowisk roślinnych Polski. — Warszawa, 2006. — ISBN 83-01-14439-4.
  47. Степи в Польше? Они есть, но нуждаются в срочном спасении (руск.)
  48. Władysław Matuszkiewicz: Przewodnik do oznaczania zbiorowisk roślinnych Polski. Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN, 2007. ISBN 978-83-01-14439-5.
  49. Piotr Popielarz. Dzierzba – ptak ciernistych krzewów (польск.)(недаступная спасылка). eLipinki.pl. Архівавана з першакрыніцы 29 ліпеня 2012. Праверана 5 ліпеня 2011.
  50. а б в Die Schlehe (Prunus spinosa) (ням.). Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 2007. Праверана 7 ліпеня 2011.
  51. а б Malcolm Storey. Prunus spinosa L. (Blackthorn, Sloe) (англ.). BioInfo (UK). Праверана 5 ліпеня 2011.
  52. а б HOSTS – a Database of the World's Lepidopteran Hostplants (англ.). Праверана 7 ліпеня 2011.
  53. Цёрн: інфармацыя на сайце GRIN
  54. Gerd Krüssmann. Manual of Cultivated Broad-Leaved Trees and Shrubs: Pru-Z. — Portland, Oregon, 1986. — ISBN 9780881920062.
  55. а б Mohanty A, Martín JP, Gonzales LM, Aguinagalde I. Association Between Chloroplast DNA and Mitochondrial DNA Haplotypes in Prunus spinosa L. (Rosaceae) Populations across Europe (англ.). — 2003. — С. 749-755. — DOI:10.1093/aob/mcg198.
  56. а б в г д е ё ж František Kühn. Alte Pflaumen, lebende Zeugen mittelalterlichen Obstbaust // Frühe Nutzung pflanzlicher Ressourcen: internationales Symposium Duderstadt, 12.-15.5.1994. — Münster, 1999.
  57. а б в Aniela Kozłowska. Pochodzenie drzew owocowych. — Warszawa, 1951. — С. 44-45.
  58. а б в г Korous Khoshbakht. Agrobiodiversity of plant genetic resources in Savadkouh/Iran with emphasis on plant uses and socioeconomic aspects. — Kassel, 2006. — С. 34.
  59. Цёрн: інфармацыя на сайце GRIN
  60. G.T Tutin, V.H. Heywood, N.A. Burges, D.M. Moore, D.H. Valentine, S.M. Walters, D.A. Webb. Flora Europaea. — Cambridge, 1981. — С. 78. — ISBN 052106662X.
  61. Академик Г. В. Ерёмин о проблемах косточковых культур. Сады Сибири. Праверана 23 мая 2014.
  62. а б в г д Andrzej Sarwa. Szlachetne i dzikie drzewa, krzewy i pnącza owocowe. — Warszawa, 2000. — С. 250-252. — ISBN 83-0513153-X.
  63. Management of Natura 2000 habitats Semi-natural dry grasslands (Festuco- Brometalia) 6210 (англ.). Technical Report 12/24 21-23 (17 красавіка 2008). Праверана 8 ліпеня 2011.
  64. M. Rankovic, I. Dulic-Markovic. Evaluation of Prunus spinosa L. as host of sharka and other viruses (англ.).
  65. а б в Bożena Bełdowska, Joanna Guzewska. Rośliny lecznicze – opis, zbiór, zastosowanie. — Warszawa, 1987. — С. 193-194. — ISBN 83-202-0489-5.
  66. а б Izabella Kiljańska, Hanna Mojkowska. Zielnik polski. — Warszawa, 1988. — С. 343-345. — ISBN 83-223-2319-0.
  67. а б в г Jadwiga Kwaśniewska, Krystyna Mikołajczyk. Wszyscy zbieramy zioła. — Warszawa, 1983. — С. 122.
  68. Krystyna Bonenberg. Rośliny użyteczne człowiekowi. — Warszawa, 1988. — С. 141. — ISBN 83-202-451-8.
  69. а б в Mazerant Anna. Mała księga ziół. — Warszawa, 1990. — ISBN 83-202-0810-6.
  70. а б в Rines, George Edwin, ed. (1920). «Sloe». Encyclopedia Americana.
  71. а б Beach, Chandler B., ed. (1914). «Sloe». The New Student’s Reference Work. Chicago: F. E. Compton and Co.
  72. а б в Łukasz Łuczaj. Dzikie rośliny jadalne Polski. — Krosno, 2004. — С. 220. — ISBN 83-904633-6-9.
  73. Gilman, D. C.; Thurston, H. T.; Colby, F. M., eds. (1905). «Sloe». New International Encyclopedia (1st ed.). New York: Dodd, Mead.
  74. а б Jindřich Krejča, Jan Macků. Atlas roślin leczniczych. — Warszawa, 1989. — ISBN 83-04-03281-3.
  75. Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — 1975. — С. 100. — 200 с.
  76. Абрикосов Х. Н. и др. Тёрн // Словарь-справочник пчеловода / Сост. Федосов Н. Ф.. — М.: Сельхозгиз, 1955. — С. 362. Архівавана 7 студзеня 2012.
  77. Алексєєнко Ф. М.; Бабич І. А.; Дмитренко Л. І.; Мегедь О. Г.; Нестероводський В. А.; Савченко Я. М. (1966). У Кузьміна М. Ф.; Радько М. К. Виробнича енциклопедія бджільництва. Київ «Урожай». с. 441.
  78. Chouinard B.A., Maxime. "The stick is king: The Shillelagh Bata or the rediscovery of a living Irish martial tradition" (PDF). Праверана 5 July 2011. {{cite journal}}: Шаблон цытавання journal патрабуе |journal= (даведка)
  79. Michiel F. WallisDeVries, Jan Pieter Bakker, S. E. van Wieren. Grazing and conservation management. — Dordrecht, 1998. — С. 113. — (Conservation Biology Series). — ISBN 0-412-47520-0.
  80. Терновник (торон, слива колючая, тёрн, дерябник).
  81. Tia Ghose. Mummy Melodrama: Top 9 Secrets About Otzi the Iceman. LiveScience (8 лістапада 2012). Праверана November 10, 2012. (to locate, click ahead to part 4)
  82. Alice M. Coats, Garden Shrubs and Their Histories (1964) 1992, s.v. «Prunus».
  83. Aveni, Anthony F. (2004). The Book of the Year: A Brief History of Our Seasonal Holidays. Oxford University Press, USA. p. 38. ISBN 0-19-517154-3.
  84. а б Schlehe (ням.)(недаступная спасылка). Madaus. Архівавана з першакрыніцы 2 лістапада 2012. Праверана 7 ліпеня 2011.
  85. Talmud Bavli, Tractate Shabbat 23a
  86. The Treatyse of Fishing with an Angle (attributed to Dame Juliana Berners  (руск.) in the 15th century)
  87. Krzysztof Kluk. Dykcyyonarz roślinny. T. II. — Warszawa, 1808. — С. 240.
  88. Waldemar Affelt. Wooden masterwork of saline in Ciechocinek, Poland (англ.)(недаступная спасылка). Proceedings of the First International Congress on Construction History, Madrid, 20th-24th January 2003, ed. S. Huerta, Madrid: I. Juan de Herrera, SEdHC, ETSAM, A. E. Benvenuto, COAM, F. Dragados (17 красавіка 2003). Архівавана з першакрыніцы 7 верасня 2011. Праверана 7 ліпеня 2011.
  89. The Scout Association 1999. The Burning Properties of Wood, London, U.K. [1] Архівавана 23 снежня 2012.
  90. а б Maria Ziółkowska. Gawędy o drzewach. — Warszawa, 1983. — С. 257. — ISBN 83-205-3485-2.
  91. Анатоль Балуценка. «Асенні сум»
  92. The Pear, the Sloe and Spring Архівавана 1 кастрычніка 2015. (англ.)
  93. Exmoor, Blackthorne Архівавана 7 кастрычніка 2015. (англ.)
  94. Sloe Blossom Архівавана 12 верасня 2015. (англ.)

Літаратура правіць

Спасылкі правіць

  Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
III катэгорыя (VU)