Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Цэнтра́льны батані́чны сад Нацыяна́льнай акадэ́міі наву́к Белару́сі — адзін з буйнейшых батанічных садоў Еўропы (па сваёй плошчы — 153 га, а таксама па складу сваёй калекцыі — каля 10 тыс. назваў) і адзін са старэйшых у Беларусі[1]. Батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння[2].

Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Галоўны ўваход з плошчы імя Калініна, аформлены ў выглядзе каланады
Галоўны ўваход з плошчы імя Калініна, аформлены ў выглядзе каланады
Асноўная інфармацыя
ТыпБатанічны сад 
Плошча153 га
Дата заснавання1932 
cbg.org.by
Размяшчэнне
53°54′58″ пн. ш. 27°36′45″ у. д.HGЯO
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы Мінска, непадалёку ад праспекта Незалежнасці. Абмежаваны плошчай імя Калініна, вуліцамі Сурганава і Акадэмічнай, 1-м Парніковым завулкам (паштовы адрас: вул. Сурганава, 2a). Мяжуе са спартыўным комплексам Інстытута фізкультуры, паркам імя Чалюскінцаў[3] і Сляпянскай воднай сістэмай[2]. Галоўны ўваход з плошчы імя Калініна архітэктурна аформлены ў выглядзе каланады з антаблементам (1958 г., архітэктары С. Мусінскі, Г. Сысоеў)[3].

Будаўніцтва саду пачалося ў 1931 годзе[3]. З часоў заснавання і да нашых дзён установа захоўвае за сабой вядучую ролю ў краіне ў галіне інтрадукцыі  (руск.) і акліматызацыі, фізіялогіі  (руск.), біяхіміі, экалогіі раслін  (руск.), аховы навакольнага асяроддзя  (руск.)[1]. У батанічных калекцыях і экспазіцыях — дрэвы, кусты і ліяны, кветкавыя мнагалетнікі і адналетнікі: вострапахучыя  (руск.) і лекавыя, дубільныя і кармова-сіласныя расліны; на спецыяльных участках растуць ружы, бэз, рададэндраны і альпійскія дэкаратыўныя расліны, у аранжарэях — прадстаўнікі субтрапічнай і трапічнай флоры. Больш за 9 тысяч відаў, форм і сартоў прыроднай і культурнай флоры зямнога шара сабраны ў калекцыях, якія з’яўляюцца базай для навуковых даследаванняў па ўзбагачэнні флоры Беларусі новымі гаспадарчакарыснымі раслінамі[3].

Буйны твор садова-паркавага мастацтва[3]. Спалучае рысы пейзажнай і рэгулярнай планіроўкі. З’яўляецца не толькі цэнтрам навуковых даследаванняў, але і традыцыйным месцам адпачынку жыхароў і гасцей сталіцы[1].

Гісторыя

правіць
 
Пастанова Савета Народных Камісараў БССР «Пра Цэнтральный батанічны сад Беларускай акадэміі навук» ад 17 красавіка 1932 года

Будаўніцтва саду пачалося ў 1931 годзе[3] пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта АН БССР, прафесара С. П. Мельніка, 17 красавіка 1932 года Саветам Народных Камісараў БССР прынята пастанова аб арганізацыі саду ў сістэме Акадэміі навук. Для будаўніцтва была адведзена тэрыторыя ў 106 га, якая раней належала Усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выстаўцы (1930 г.). Асваенне гэтай тэрыторыі пачалося па генеральнай схеме, прынятай у 1932 г. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны пасадкі дрэвавых раслін занялі 55 % плошчы саду, былі аформлены амаль усе алейныя пасадкі і жывыя агароджы, у геаграфічных сектарах дэндрарыя, дэкаратыўнай і лесапаркавых частках высаджана каля 50 тысяч дрэў і кустоў 1300 відаў, разнавіднасцей і форм[4].

У час нямецка-фашысцкай акупацыі Мінска сад быў разбураны і спустошаны. Загінула большая частка дрэвавых і травяністых раслін, цалкам калекцыя шматгадовых кветкавых, ружоўнік; многія каштоўныя пароды дрэў, кустоў і дэкаратыўных раслін былі вывезены. У калекцыях саду налічвалася ўсяго 298 відаў дрэвавых раслін[4].

Пасляваеннае аднаўленне

правіць

Аднаўленне батанічнага саду і праводзімай яго супрацоўнікамі навуковай дзейнасці пачалося ў пачатку 1950-х гг. Аднавіліся навуковыя даследаванні па інтрадукцыі  (руск.) раслін, вывучэнні флоры і расліннасці Беларусі, фізіялогіі раслін  (руск.), па дэкаратыўным садоўніцтве і іншых актуальных праблемах. У 1949—1951 гадах пасаду дырэктара займаў А. В. Міраненка[5], у 1951—1955 гадах — І. Н. Рахцеенка[6]. З 1957 г. самастойная навукова-даследчая ўстанова ў сістэме АН БССР. Мела аспірантуру для падрыхтоўкі навуковых кадраў.

 
Аранжарэя

У 1952—1953 гг. распрацаваны праект фонда-вытворчай аранжарэі за аўтарствам архітэктара І. Рудэнкі. Аранжарэя размясцілася ў заходняй частцы саду на адной з алей, якая адыходзіць ад цэнтра. Аранжарэя складалася з пальмарыя, аддзялення трапічных і субтрапічных раслін. Пад чатырма тамбурамі тарцовых секцый запраектаваны падвалы для ўтрымання карэнішчаў, клубняў, цыбулін. Цэнтральны аб’ём аранжарэі займаў пальмарый, з трох бакоў да яго прымыкалі падсобныя памяшканні і ніжэйшыя аранжарэі. Фасады будынка распрацаваны з улікам заўваг А. П. Воінава. Галоўны ўваход вылучаны чатырохкалонным порцікам дарычнага ордара. Галоўны і бакавы фасады рэкамендавана абліцаваць рваным каменем: пальмарый да адзнакі +4,00, а секцыю субтрапічных раслін да адзнакі +2,28. Астатнюю плоскасць галоўнага фасада і бакавых вестыбюлей прадугледжвалася атынкаваць цэментным растворам з рустоўкай пад «набрызг», дваровы фасад і часткі бакавых — звычайнай тынкоўкай. Цокаль па перыметры ўсяго будынка быў запраектаваны з абліцоўкай рваным каменем. Тарцы ўсіх аб’ёмаў архітэктурна апрацаваны калонамі. Дахі над памяшканнямі, у якіх вырошчваліся расліны, запраектаваны шкляныя, над службовымі — жалезныя[7].

Затым у 1953—1956 гг. быў распрацаваны праект цэнтральнага ўвахода ў батанічны сад з боку праспекта. Аўтары праекта Мусінскі, Сысоеў, Каджар. Уваход у сад займае адказнае месца ў забудове праспекта і фарміраванні плошчы перад садам, таму аўтары імкнуліся вырашыць яго парадна з улікам арганізацыі прасторы плошчы. Уваход быў распрацаваны ў двух варыянтах: у адным з варыянтаў уваход у батанічны сад і на стадыён былі аб’днаны, у другім — праектаваліся асобна. Архітэктура ўвахода была вырашана ў трох варыянтах. У першым асноўным варыянце ўваход уяўляў прамую іанічнага ордара каланаду, прыпаднятую над узроўнем плошчы на 3 прыступкі. За каланадай знаходзілася паўкруглая пляцоўка, абрамлёная металічнай рашоткай. У пілонах каланады былі размешчаны касы. У другім варыянце пры тым жа кампазіцыйным прыёме замест каланады ўваход рашаўся іанічнай аркадай. У трэцім варыянце уваход прадстаўляў глухую сцяну з аркамі. Сцены каланады і карнізы рэкамендавалася патынкаваць высокаякасным тынкам з мармуровай крошкай. Прыступкі і пляцоўку на ўваходзе зрабіць мазаічныя. За аснову быў прыняты першы варыянт, рабочы праект увахода выкананы ў 1956—1957 гг[7].

У 1963 г. Прэзідыум АН БССР зацвердзіў новы генеральны план рэканструкцыі саду, які быў распрацаваны ў інстытуце «Белдзяржпраект» (архітэктары В. Анікін, К. Басаў, М. Трыгубовіч). Праектам прадугледжана ўключэнне ў дэндрарый лесапаркавай часткі і значнае расшырэнне некаторых батаніка-геаграфічных сектараў, павелічэнне плошчы ландшафтнага парку, вылучэнне экспазіцый кветкава-дэкаратыўных раслін. Плошча пладовага саду трансфармавалася ў эксперыментальныя ўчасткі, былі прадугледжаны таксама значныя работы па добраўпарадкаванню тэрыторыі саду, у т. л. стварэнне штучнага вадаёма, будаўніцтва лабараторнага корпуса, аранжарэй, гаспадарчых пабудоў[4]. У 1973 годзе па праекце архітэктара Віктара Марцьянава створана агароджа па вуліцы Акадэмічнай[8].

Сучаснасць

правіць

25 лістапада 1999 г. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1842 калекцыйнаму фонду жывых раслін і гербарыю інтрадукаваных раслін сусветнай флоры ЦБС нададзены статус нацыянальнага здабытку Рэспублікі Беларусь, з 29 верасня таго ж года ландшафтна-экспазіцыйная тэрыторыя і аранжарэі Саду абвешчаны помнікам прыроды рэспубліканскага значэння, а з 16 кастрычніка 2000 г. яго тэрыторыя ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[9].

З 1 красавіка 2006 года рашэннем адміністрацыі Першамайскага раёна Цэнтральны батанічны сад абвешчаны тэрыторыяй, свабоднай ад курэння.

 
Экспазіцыйная аранжарэя

У 2007 годзе ў батанічным садзе адкрылася экспазіцыйная аранжарэя, будаўніцтва якой было пачата ў 2004 годзе. У аранжарэі прадстаўлены экзатычныя расліны, якія насяляюць розныя кліматычныя зоны планеты. Дзякуючы адкрыццю новага будынка батанічны сад не будзе зачыняцца на зіму з лістапада па красавік, а застанецца адкрытым для наведвання аранжарэі.

Цяпер сад (плошча 92,8 га) — буйная навукова-даследчая ўстанова, якая распрацоўвае важнейшыя пытанні інтрадукцыі і акліматызацыі раслін, навуковых асноў зялёнага будаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя. Мае наступную структуру: лабараторыі мабілізацыі раслінных рэсурсаў, інтрадукцыі і селекцыі арнаментальных раслін, інтрадукцыі дрэвавых раслін, хіміі раслін і тэхналогіі расліннай сыравіны, экалагічнай фізіялогіі раслін; інтрадукцыі пладова  (руск.)-ягадных раслін, фітапатагенных арганізмаў. Есць навукова-дашаможныя падраздзяленні: група садаўпарадкавання, патэнтна-інфармацыйны аддзел, бібліятэка, гербарый інтрадукаваных раслін, фоталабараторыя, экскурсійнае бюро. Мае таксама доследна-эксперыментальную базу па вырошчванні буйнаплодных паўночна-амерыканскіх журавін і буякоў у Ганцавіцкім раёне. Сад падтрымлівае навуковыя сувязі і абменьваецца насеннем з 279 батанічнымі садамі і арбарэтумамі (дэндрарыямі) 45 замежных краін усіх кантынентаў зямнога шара, а таксама з 134 батанічнымі і раслінаводчымі ўстановамі СССР[4]. Выдае зборнікі навуковых прац. У садзе працавалі акадэмікі АН БССР М. П. Тамін, Ц. М. Годнеў, М. А. Дарожкін, М. Дз. Несцяровіч, М. У. Смольскі, член-карэспандэнт М. М. Ганчарык[10].

У 33 самастойных батанічных калекцыях ЦБС сабрана звыш 12 тысяч таксонаў вышэйшых раслін, якія належаць да 4560 відаў з 1330 родаў і 253 сямействаў[9]. За час існавання ў Садзе прайшлі інтрадукцыйныя выпрабаванні больш за 270 тысяч узораў раслін рознага паходжання[9].

У дэндралагічнай калекцыі Саду прадстаўлены розныя жыццёвыя формы раслін: дрэвы, кусты, паўхмызнякі, кусцікі і ліяны. Пераважнымі жыццёвымі формамі з’яўляюцца кусты (47,4 %) і дрэвы (39,7 %). Істотны ўдзел раслін, здольных праяўляць сябе і дрэвамі і кустамі (8,2 %). Доля ліян невялікая (3,5 %), а паўхмызнякоў і кусцікаў — малазначная (1,1 і 0,2 % адпаведна)[9].

Найбольш поўна ў дэндралагічнай калекцыі прадстаўлены віды сямействаў ружавыя (Rosaceae) (475 відаў ці 32 %), Caprifoliaceae (99 відаў, 7 %), бярозавыя (Betulaceae) (85 відаў, 6 %) і Hydrangeaceae (72 віды, 5 %). Трохі меншую колькасць відаў налічваюць сямействы: Berberidaceae, хваёвыя (Pinaceae), верасовыя (Ericaceae), Oleaceae і бабовыя (Fabaceae) (67, 60, 59, 58 і 56 відаў ці 4 %), вярбовыя (Salicaceae), Grossulariaceae і Aceraceae і (47, 42 і 39 відаў ці 3 %), кіпарысавыя (Cupressaceae), Celastraceae, кізілавыя (Cornaceae) і букавыя (Fagaceae) (30, 26, 23 і 23 віды ці 2 %). Па 1 % (22 віды) займаюць у складзе дэндралагічнай калекцыі Rhamnaceae і ліпавыя (Tiliaceae). Сумарны ўдзел астатніх сямействаў, якія ахопліваюць 195 арыгінальных відаў, складае 8 %. Гэтыя сямействы прадстаўляцю, як правіла, менш за 13 відаў, а 17 сямействаў у дэндралагічнай калекцыі Саду прадстаўлены толькі адным відам[9].

Распрацавана і функцыянуе інфармацыйна-пошукавая сістэма гербарыя ЦБС НАН Беларусі — HBC-Info, якая ўключае да 45 % агульнай колькасці дрэвавай калекцыі, у тым ліку 385 выяў таксонаў[9].

ЦБС рэгулярна абменьваецца насенным матэрыялам з 240 батанічнымі садамі замежных краін, найбольш інтэнсіўна — з Расіяй, Украінай, Францыяй, Італіяй і Германіяй.

Архітэктура

правіць

Сад спалучае рысы пейзажнай і рэгулярнай планіроўкі. Кампазіцыйнае ядро — цэнтральны партэр. Праз яго праходзіць асноўная планіровачная вось, якая ідзе ад галоўнага ўвахода па алеі да партэра і мемарыяльнай алеі, завершанай возерам. Дэндрарый прарэзаны радыяльнымі прамымі алеямі, што сыходзяцца да цэнтральнага партэра. Утвораныя пры гэтым сектары з’яўляюцца экспазіцыйнымі зонамі флоры пэўнага геаграфічнага арэала. Знешняя яблыневая алея кампазіцыйна аб’ядноўвае і абмяжоўвае дэндрарый. Аранжарэйны комплекс і лабараторны корпус удала аддзелены ад гадавальнікаў саду алеяй таполяў. Новыя кампазіцыйныя элементы саду — партэр каля службовага ўвахода і рэканструяваны ракарый з горнаальпійскай расліннасці Каўказа, Сярэдняй Азіі і Закарпацця. Багатая калекцыя раслін саду навукова сістэматызавана. Створаныя батанічныя экспазіцыі аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі ландшафтнай архітэктуры[10].

 
План Цэнтральнага батанічнага саду НАНБ.

I. Цэнтральны партэр
II. Ландшафтны парк
III. Сектар Далёкага Усходу
IV. Сектар Паўночнай Амерыкі
V. Сектар Еўропы і Сібіры
VI. Сектар Крыма і Каўказа
VII. Сектар Сярэдняй Азіі
VIII. Сектар Беларусі
IX. Лесапарк
X. Экспазіцыя кветкава-дэкаратыўных раслін
XI. Экспазіцыя сістэматыкі травяністых

1. Каланада
2. Галоўны ўваход
3. Сад рададэндранаў
4. Калекцыя кветкавых раслін
5. Цюльпаннае дрэва
6. Ружоўнік
7. Экспазіцыя «Кветкі»
8. Экспазіцыя «Кветкі свету»
9. Экспазіцыя павойных раслін
10. Матачнік садовых формаў
11. Экспазіцыя садовых хвойных дрэў
12. Экспазіцыя «Сады Беларусі»
13. Гадавальнік драўняных раслін
14. Сірынгарый (бэзавы сад)
15. Камяністая горка
16. Возера
17. Востраў мастацтваў
18. Беларускі куток
19. Участак кармавых і лекавых раслін
20. Лабараторны комплекс
21. Ліманарый
22. Аранжэрэйны комплекс
23. Экспазіцыйныя аранжэрэя
24. Гандлёвы павільён
25. Службовы ўваход
26. Вегетацыйны домік
27. Адміністрацыйны будынак
28. Селекцыйны гадавальнік арнаментальных раслін
29. Каранцінная аранжэрэя і гадавальнік
30. Вытворча-гаспадарскі комплекс
31. Транспартная прахадная

Цэнтральны партэр

правіць

Цэнтрам кампазіцыі саду, яго найбольш параднай экспазіцыяй з’яўляецца цэнтральны партэр. Да яго вядзе шырокая алея з ліпы драбналістай (Tilia cordata) і арэха маньчжурскага (Juglans mandshurica). Аснова партэра — роўны, вельмі прыгожы газон, абкружаны шчыльнай жывой агароджай з туі заходняй (Thuja occidentalis), якой пададзены дэкаратыўныя геаметрычныя формы. Цэнтральная клумба афармляецца дэкаратыўнымі кветкавымі раслінамі (ірэзінэ (Iresine), альтэрнантэра (Alternanthera), цынерарыя (Cineraria), бягоніі (Begonia), пеларгоніі (Pelargonium), пірэтрумы (Pyrethrum) і інш.)[10]. Аксамітная паверхня газона, рабаткі, складаныя вянкі кветкавых арнаментаў ствараюць уражанне жывога калейдаскопа.

 
Галоўны партэр
 
Алея дуба чарэшчатага, від у бок партэра
 
Алея бярозы павіслай
 
Алея клёна серабрыстага

Веерам разбягаюцца ў радыяльным напрамку алеі: арэхавая, кляновая, бярозавая, туевая, ліпавая, яловая, чаромхавая, ясянёвая, яблыневая, дубовая. З цэнтральнага партэра добра праглядваюцца ландшафтны парк, розныя дрэвава-кустовыя пасадкі, невялікія палянкі, курціны, зараснікі. Каля ўваходнай алеі ружоўнік, які разам з партэрам складае агульнае кампазіцыйнае цэлае. Аформлены ў выглядзе вялікага газона з украпваннем квітучых кустоў, дарожкамі, малымі архітэктурнымі формамі[11].

Ландшафтны парк

правіць
 
Ландшафтны парк

Пабудаваны на аснове спалучэння асобных груп дрэў і квітучых садоў з газонамі і кветкавым афармленнем. Кампазіцыя парку створана з мясцовых і інтрадукаваных парод дрэў (бяроза (Betula), арэх маньчжурскі (Juglans mandshurica), клён (Acer), дуб (Quercus), ясень (Fraxinus), рабіна (Sorbus), хвоя (Pinus), белая акацыя (Robinia pseudoacacia), таполя (Populus), елка (Picea), глог (Crataegus), чаромха звычайная (Prunus padus), барбарыс (Berberis), вярба (Salix), лістоўніца (Larix), яблыня (Malus) і інш.). Тут цудоўныя алеі, групы і курціны з розных мясцовых і іншаземных дрэвавых парод, роўныя газоны, прыгожыя квітучыя рабаткі, лужкі, звілістыя дарожкі, круглаватыя пергалы з разнастайнымі павойнымі раслінамі. Усе кампазіцыі ў парку будуюцца на «падбіўцы» дрэў нізкарослымі кустамі і адасобленасці на зялёным фоне палянак. На асноўнай з іх — Сонечнай — пасаджаны дуб у гонар першаадкрывальніка космасу Ю. А. Гагарына[11].

Палянка — лугавы газон, акаймаваны дугласіямі (Pseudotsuga), дубамі (Quercus), клёнамі (Acer). На ёй створана курціна хвоі чорнай (Pinus nigra), побач з якой група разгалістых вербаў (Salix). Завершана палянка жывой агароджай з пузыраплодніку каліналістага (Opulaster opulifolius), за ёй вялікі масіў, дзе растуць белая акацыя (Robinia pseudoacacia), граб (Carpinus), клён (Acer), хвоі (Pinus), дугласіі (Pseudotsuga), бярозы (Betula), ясені (Fraxinus), таполі (Populus)[11].

Амаль на самым краі масіву бярозавы гай. З паўночнай мяжы парку праходзіць рабінавая алея, высаджаная ўздоўж мураванай агароджы. Уздоўж унутранай звілістай сцежкі ў выглядзе секцыйнага тунеля ўстаноўлены пергалы, абвітыя вінаградам і інш. павойнымі раслінамі. 3 хвойных экзотаў растуць хвоі Мурэя (Pinus murrayana) і веймутава (Pinus strobus), чорная аўстрыйская (Pinus nigra),румелійская (Pinus peuce), кедры сібірскі (Pinus sibirica) і карэйскі (Pinus koraiensis), елка канадская (Picea glauca), піхта сібірская (Abies sibirica). У кампазіцыю ландшафтнага парку ўключаны пасадкі бэзу (Syringa) (184 сарты)[11].

Дэндрарый

правіць

Дэндрарый плошчай каля 46 га размешчаны за партэрам саду. З поўначы яго абмяжоўвае алея з клёна серабрыстага, з усходу — алея з яблынь крэба: паўднёвыя межы дэндрарыя і саду супадаюць. Налічвае больш за 1500 відаў і форм дрэвава-кустовых раслін. Прамянёвымі алеямі з абарыгенных і інтрадукаваных дрэвавых парод, якія разыходзяцца ад цэнтральнага партэра, дэндрарый падзелены на батаніка-геаграфічныя сектары: Далёкаўсходні край і Усходняя Азія, Паўночная Амерыка, Еўропа і Сібір, Крым і Каўказ, Сярэдняя Азія, Беларусь. Кожная з алей абсаджана пэўнай шародай дрэў: дуб звычайны (Quercus robur), чаромха Маака (Prunus maackii), ясень пенсільванскі (Fraxinus pennsylvanica), елка звычайная (Picea abies), туя заходняя (Thuja occidentalis), ліпа драбналістая (Tilia cordata), бяроза павіслая (Betula pendula), клён серабрысты (Acer saccharinum). У Дзень Перамогі 9 мая 1945 года тут створана мемарыяльная яловая алея[11].

Экспазіцыя Далёкаўсходні край і Усходняя Азія

правіць
 
Алея чаромхі

Экспазіцыя Далёкаўсходні край і Усходняя Азія абмежавана алеямі з яблынь крэба і чаромхі Маака (Prunus maackii)[11]. Адзін з найбуйнейшых геаграфічных сектараў, якія экспануюць іншаземную флору, яго плошча складае 4,6 га (30 % плошчы сектараў іншаземных флор)[9]. У калекцыі 494 віды і формы. Сярод іх такія лесаўтваральныя віды, як піхта суцэльналістая (Abies holophylla), хвоя кедравая карэйская, або кедр карэйскі (Pinus koraiensis), арэх маньчжурскі (Juglans mandshurica), аксаміт амурскі, або коркавае дрэва (Phellodendron amurense), бяроза даурская (Betula dahurica). 3 Цэнтральнага Кітая  (англ.) культывуюцца кальквіцыя цудоўная (Kolkwitzia amabilis), рабіна кенэ (Sorbus koehneana), бэз ніцы, розныя віды дэйцыі (Deutzia), спірэі (Spiraea), глогу (Crataegus). З Японіі, пераважна з горных раёнаў Хакайда, інтрадукавана 60 таксонаў дрэвавых раслін (піхта Віча (Abies veitchii), лістоўніца японская (Larix leptolepis) і інш.)[11].

Экспазіцыя Паўночная Амерыка

правіць

Экспазіцыя Паўночная Амерыка абмежавана алеямі з чаромхі Маака (Prunus maackii) і ясеня пенсільванскага (Fraxinus pennsylvanica)[11]. Найбуйнейшы геаграфічны сектар, які экспануе іншаземную флору, яго плошча складае 7,2 га (47 % плошчы сектараў іншаземных флор)[9]. У калекцыі 424 таксоны. З субарктычнай правінцыі Паўночнай Амерыкі, якая ўключае значную частку Канады, інтрадукаваны такія каштоўныя віды дрэвавых раслін, як елка шызая (Picea glauca), лістоўніца амерыканская (Larix laricina), бяроза папяровая (Betula papyrifera), туя заходняя (Thuja occidentalis), хвоя веймутава (Pinus strobus), піхта бальзамічная (Abies balsamea). З заходніх паўночнаамерыканскіх штатаў інтрадукаваны 80 відаў: дугласія Мензіса (Pseudotsuga menziesii), елка калючая (Picea pungens), піхта аднаколерная (Abies concolor), лістоўніца заходняя (Larix occidentalis), магонія падубалістая (Mahonia aquifolia), спірэя Дугласа (Spiraea douglasii) і іншыя віды дрэў і кустоў. Большасць з іх выкарыстоўваюцца ў садова-паркавым будаўніцтве рэспублікі[11].

Экспазіцыя Еўропа і Сібір

правіць

Экспазіцыя Еўропа і Сібір абмежавана алеямі з бярозы павіслай (Betula pendula) і туі заходняй (Thuja occidentalis). Налічвае 249 таксонаў. Многія віды даволі частыя ў лесаводчай і азеляняльнай практыцы рэспублікі (лістоўніца еўрапейская (Larix decidua), хвоя кедравая еўрапейская (Pinus cembra), ціс еўрапейскі (Taxus baccata) і інш.). З Балкан на Беларусь інтрадукаваны елка сербская (Picea omorika), хвоя румелійская (Pinus peuce), конскі каштан звычайны (Aesculus hippocastanum), бэз звычайны (Syringa vulgaris) і іншыя каштоўныя для зялёнага будаўніцтва віды. 71 від дрэвавых раслін інтрадукаваны з Сібіры: піхта сібірская (Abies sibirica), лістоўніца сібірская (Larix sibirica), елка сібірская (Picea obovata), віды вольхаў (Alnus), бярозы (Betula), таполі (Populus), Хвоя сібірская кедравая (Pinus sibirica), ліпа сібірская (Tilia sibirica), бружмель алтайскі (Lonicera altaica), рададэндран Ледэбура (Rhododendron ledebourii) і інш[11].

Экспазіцыя Крым і Каўказ

правіць

Экспазіцыя Крым і Каўказ абмежавана алеямі з клёну серабрыстага і бярозы павіслай[11]. Найменшы геаграфічны сектар, які экспануе іншаземную флору, яго плошча складае ўсяго 0,5 га (3 % плошчы сектараў іншаземных флор)[9]. Прадстаўлена 82 таксонамі, сярод якіх такія цікавыя эндэмічныя віды, як елка ўсходняя, дуб Гартвіса, дуб буйнапыльнікавы, ляшчына дрэвападобная, або мядзведжы арэшнік. Амаль цалкам акліматызаваліся ліпа каўказская, рабіна каўказская, бяроза Літвінава і інш. Асобныя віды, такія як елка Нордмана і лапіна ясенялістая, або арэх каўказскі, культывуюцца ў паўднёвай частцы рэспублікі з XIX ст.[11]

Экспазіцыя Сярэдняя Азія

правіць

Экспазіцыя Сярэдняя Азія абмежавана алеямі з бярозы павіслай, дуба звычайнага пірамідальнага, туі заходняй і экспазіцыяй сістэматыкі травяністых раслін. Параўнальна бедная, налічвае 89 таксонаў. Сярод іх елка Прэнка, бяроза туркестанская, бяроза кіргізская, а таксама розныя віды барбарысу, вішні, ружы, глогу[12].

Экспазіцыя Беларусь

правіць
 
Ручай

Экспазіцыя Беларусь размешчана абапал алеі з ліпы драбналістай[12]. Плошча экспазіцыі складае 30,4 га (66 % ад агульнай плошчы геаграфічных сектараў), што робіць яе найбуйнейшым сектарам ЦБС НАНБ[9]. Прадстаўлена асноўнымі расліннымі згуртаваннямі лясоў рэспублікі[12] (48 відаў дрэвавых раслін, у тым ліку 21 віду дрэў, 21 віду кустоў і 7 відаў паўкустоў і кусцікаў)[9] — хвойнікамі, ельнікамі, дубровамі, бярэзнікамі з падлескам з ядлоўцу, курцінай граба звычайнага, групы рабін, зараснікамі вербаў, вольхі чорнай і шэрай і інш. Берагавая лінія і востраў возера дэкарыраваны вербамі, аерам, рагозам, трыснягом[12].

Экспазіцыя кветкава-дэкаратыўных раслін

правіць
 
Кветнік
 
Ружоўнік

У экспазіцыі кветкава-дэкаратыўных раслін некаторыя кветкавыя культуры прадстаўлены ў выглядзе самастойных экспазіцый (ружоўнік, рададэндрарый, сірынгарый, цюльпінарый і інш.). У калекцыі каля 5000 відаў, форм і сартоў[12].

Экспазіцыя сістэматыкі травяністых

правіць
 
Экспазіцыя сістэматыкі травяністых

Экспазіцыя сістэматыкі травяністых заснавана на размяшчэнні вялікай колькасці травяністых раслін (каля 1500 відаў) па філагенетычнай сістэме А. Л. Тахтаджана[12].

Экспазіцыя экалогіі і раслін

правіць

Экспазіцыя экалогіі і раслін відавочна паказвае ва ўмовах максімальнага набліжэння да прыродных уплыў знешніх фактараў на травяніста-кустовыя расліны і іх згуртаванні, узаемаадносіны раслін з асяроддзем[12].

Экспазіцыя біялогіі і раслін

правіць

Экспазіцыя біялогіі і раслін дэманструе найбольш важныя этапы біялогіі развіцця, іх марфолага-біялагічныя асаблівасці, прыстасаванасць раслін да розных умоў асяроддзя, з’явы полавага дымарфізму, біялогіі цвіцення і апылення, марфолага-анатамічную будову пладоў, спосабы рассялення насення для падтрымання жыцця і шэраг іншых з’яў з жыцця раслін[12].

3кспазіцыя ахоўных раслін

правіць

3кспазіцыя ахоўных раслін прызначана для паказу рэдкіх і знікаючых відаў раслін беларускай флоры, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы[12].

Дырэктары

правіць

Зноскі

  1. а б в Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.. стар. 632
  2. а б Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння. Брэсцкая вобласць Архівавана 22 верасня 2016. // Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (руск.)
  3. а б в г д е Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8. стар. 197
  4. а б в г Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8. стар. 198
  5. Міраненка Аляксей Віктаравіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 463. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
  6. Рахтеенко Иван Наумович (руск.) // Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі
  7. а б Кароткая гістарычная даведка аб ГКК. Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі(недаступная спасылка)
  8. Мартьянов Виктор Семенович // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
  9. а б в г д е ё ж з і к И. М. Гаранович, С. М. Кузьменкова, М. Н. Рудевич, В. Г. Гринкевич. КОЛЛЕКЦИОННЫЕ ФОНДЫ ДРЕВЕСНЫХ РАСТЕНИЙ ЦЕНТРАЛЬНОГО БОТАНИЧЕСКОГО САДА НАН БЕЛАРУСИ, ИХ ГЕРБАРИЗАЦИЯ И БАЗЫ ДАННЫХ
  10. а б в Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8. стар. 199
  11. а б в г д е ё ж з і к л Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8. стар. 200
  12. а б в г д е ё ж з Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8. стар. 201
  13. Навука. — 2023. — 11 красавіка. — С. 2

Літаратура

правіць
  • Несцяровіч, М. Д. Інтрадукцыя дрэў і кустоў за 40 год Беларускай ССР//Навука ў Беларускай ССР за 40 год. Выдавецтва Акадэміі навук Беларускай ССР. Мінск,1958. С. 191—200
  • Смольскі, М. У. Цэнтральны батанічны сад АН БССР // Навука ў Беларускай ССР за 40 год. Выдавецтва Акадэміі навук Беларускай ССР. Мінск,1958. С. 238—251.
  • Токарев, Н. В. Возвращенные имена. Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий (под редакцией академика АН Беларуси А. С. Махнача). Минск: Навука і тэхніка, 1992 г. 120 с.
  • Нестерович, Н. Д. Ботанический сад Академии наук Белорусской ССР//Природа. 1947. № 10
  • Н. В. Токарев Военные судьбы. Сотрудники АН Беларуси — участники Великой Отечественной войны (под редакцией академика Н. А. Борисевича). Минск: Навука і тэхніка, 1995. 89 с.

Спасылкі

правіць