Балет у Беларусі
Вытокі беларускага харэаграфічнага мастацтва ў глыбокай старажытнасці — у гульнях, абрадах, карагодах, дзе танец быў неаддзельны ад песні, гульні, акцёрскага дзеяння.[1]
Гісторыя
правіцьПершыя прафесіянальныя танцоры-скамарохі вядомыя на Беларусі з 12 стагоддзя.
З 17 стагоддзя функцыяніравалі школьны тэатр, народная драма, батлейка.
XVIII—XIX стагоддзі
правіцьСярод першых балетных тэатраў на Беларусі — прыгонныя тэатры 18—19 стагоддзяў, у якіх былі балетныя трупы. Яны дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спецыяльна абсталяваных памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуші інш.
Паводле гістарычных звестак, першым балетным тэатрам быў Нясвіжскі тэатр Радзівілаў (1740—1791), які прайшоў шлях ад аматарскага да прафесіянальнага і сфарміраваў вялікі арыгінальны рэпертуар. У яго складзе налічвалася больш за 20 прыгонных танцораў. Часам у спектаклі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, прадстаўнікі шляхты і кадэты нясвіжскага корпуса. У розныя гады ў тэатры балетмайстрамі працавалі Я. Аліўе, Л. Дзюпрэ, А. Лойка і Г. Петынеці, А. Пуціні, Шрэтэр. Балеты ставіліся і ў Слуцкім тэатры Радзівіла.[2]
Высокага прафесіяналнага ўзроўню дасягнула балетная трупа Ружанскага тэатра Сапегаў (1765—1791), дзе працаваў польскі танцоўшчык і балетмайстар М. Пранчынскі (паставіў балет «Літасцівасць Ціта», 1784).[2]
Значны балетны рэпертуар меў Гродзенскі тэатр Тызенгаўза (1769—1780), дзе першыя балеты выконвалі італьянскія артысты, а з 1778 года прыгонныя танцоўшчыкі. У перыяд росквіту тэатра балетная трупа налічвала больш за 30 чалавек; першым яе балетмайстрам быў Г. Петынеці, які ставіў балеты на ўласныя лібрэта, пазней — К. А. Марэлі. Зберагліся звесткі пра пастаноўкі спектакляў «Балет пекараў», «Квартэт дудароў» і «Сялянскі балет».[2]
Творчых поспехаў дасягнула балетная трупа Слонімскага тэатра Агінскага (1771—1791), які шмат гастраліраваў і паспяхова канкурыраваў з каралеўскім балетам у Варшаве. У яго рэпертуары налічвалася 18 балетаў: «Каралеўскі балет», «Дзікі балет», «Балет млынароў», «Рыбакі», «Дэзерцір» і іншыя, а таксама шэраг танцавальных дывертысментаў і асобных танцаў.[2]
Прафесіянальную балетную трупу меў Шклоўскі тэатр Зорыча (1778—1800), на сцэне якога выконваліся алегарычныя балеты з харамі і пантамімай, створаныя балетмайстрамі П. Барцанці, Марыядзіні, Дз. Хорватам і М. Пранчынскім.[2]
У Свіслацкім тэатры Тышкевіча (1788—1819) перыядычна выступалі сольныя балетныя трупы.
Вядома, што пры тэатрах Гродна, Нясвіжа, Слоніма, Слуцка і Шклова існавалі балетныя школы (Гродзенская музычна-тэатральная школа, Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Слуцкая балетная школа, Шклоўская балетная школа)[1], якія рыхтавалі танцораў на высокім узроўні. Найбольш таленавітыя беларускія прыгонныя танцоры (А. Дарэўская, М. Малінская, Р. Бекер, М. Рымінскі і інш.) пазней выступалі на варшаўскай і пецярбургскай сцэнах.[1] Балетныя трупы тэатраў Гродна і Слоніма ў канцы 18 стагоддзя склалі аснову польскага «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці», 14 прыгонных артыстаў Шклоўскага тэатра Зорыча з поспехам танцавалі на Пецярбургскай імператарскай сцэне і ў Маскве (П. і К. Азарэвічы, А. Бжазінскі, К. Буткевіч, Я. Чуцікаў).[2]
У 1845—1847 гадах у Віцебску працавала прыватная балетная трупа пад кіраўніцтвам французскага балетмайстра М. Піёна, т.зв. Віцебскі балет Піёна; у яе рэпертуары былі балеты «Антыкварыус», «Швейцарская малочніца», «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца, «Вяселле ў Айцове» К. Курпінскага і Ю. Дамсе, «Дзве статуі» Ю. Эльснера. Разам з прыватнаўласніцкімі тэатрамі на стварэнне прафесіянальнага музычна-драматычнага тэатра на Беларусі паўплывала таксама дзейнасць Першай беларускай трупы І. Буйніцкага (1910—1913), у балетныя спектаклі якой уключаліся і народныя танцы.[2]
XX стагоддзе
правіцьНацыянальны балетны тэатр узнік на пачатку 1920-х гадоў. Першыя балетныя спектаклі, у т.л. «Капелія» Л. Дэліба, «Зачараваны лес» Р. Дрыга, пастаўлены ў 1920-я гады К. Алексютовічам на сцэне БДТ, які меў і балетную трупу.[3] У 1930 годзе адчынілася Беларуская студыя оперы і балета. У балетную трупу ўваходзілі В. Бурэйка, Я. Вяпрынскі, Р. Гімпелева, Н. Гурвіч, С. Дрэчын, К. Калітоўская, Т. Новікава, К. Пекур, Т. Узунава, Н. Фінская, Ю. Хіраска і інш.[2] Яна паслужыла асновай для стварэння ў 1933 годзе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, першай харэаграфічнай пастаноўкай якога быў «Чырвоны мак» Р. Гліэра (балетмайстар Л. Крамарэўскі). У наступныя гады на сцэне тэатра пастаўлены шэраг класічных і савецкіх балетаў.[3]
Значнай вяхой у гісторыі беларускага балета стаў першы нацыянальны балет «Салавей» М. Крошнера (лібрэта Ю. Сланімскага па аднайменнай аповесці З. Бядулі, пастаноўка 1-й рэдакцыі А. Ермалаева і Лапухова (1939), 2-й — А. Ермалаева (1940)). Адлюстроўваючы агульную для тагачаснага савецкага балета тэндэнцыю, «Салавей» вобразна раскрываў народна-гераічную тэму, ярка ўвасабляў вобраз паўстаўшага народа. У ім праз узаемадзеянне класічнага і народнага танца выпрацоўвалася нацыянальная харэаграфічная мова. Музычны і танцывальны фальклор стаў асновай музычнай і сцэнічнай драматургіі твора.[3] Вобразы Сымона (С. Дрэчын) і сялянскай дзяўчыны Зоські (А. Нікалаева) і іх антыпода гайдука Макара раскрываліся разнастайнымі харэаграфічнымі фарбамі, паказваліся ў развіцці. Спектакль вырашаўся ў духу народнай легенды, быў насычана паэтычнымі абагульненнямі, сімваламі, гіпербаламі, і адначасова вобразы галоўных герояў увасабляліся ў ім рэалістычна.
У 1939 годзе па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам З. Васільевай у тэатральным вучылішчы ў Мінску адкрыта секцыя харэаграфіі[2], на базе якой у 1945 годзе створана Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча — зараз Беларускі дзяржаўны харэаграфічны каледж.
У гады Вялікай Айчыннай вайны артысты беларускага балета ў складзе канцэртных брыгад выязджалі на фронт, працавалі ў Алма-Аце, Горкім, Свярдлоўску. У горад Каўроў была эвакуіравана трупа тэатра, дзе адбыўся паказ балета «Марная засцярога» П. Л. Гертэля ў пастаноўцы З. Васільевай (1944). Першым балетным спектаклем у вызваленым Мінску быў балет «Арлекінада» Р. Дрыга (пастаноўка В. Вайнонена, 1945).
У пасляваенныя гады рэпертуар тэатра папоўніўся творамі балетнай класікі: «Дон Кіхот» (пастаноўка 1947) і «Баядэрка » (1959) Л. Мінкуса, «Эсмеральда » Ч. Пуні (1951), «Шапеніяна » (1952), «Жызэль » (1953) і «Карсар » (1957) А. Адана, «Лебядзінае возера» (1948), «Спячая прыгажуня» (1954) і «Шчаўкунок» (1956) П. Чайкоўскага, «Лаўрэнсія» А. Крэйна (1955), «Марная засцярога» П. Л. Гертэля (1959).[2]
Адначасова працягвалася работа над стварэннем арыгінальнага рэпертуару, над спектаклямі на нацянальную тэму. Значнай падзеяй у гісторыі беларускага балетнага тэатра стала пастаноўка балета «Князь-возера» В. Залатарова, вырашанага ў жанры харэаграфічнай драмы (лібрэта М. Клімковіча па матывах народных паданняў, пастаноўка К. Мулера, 1949). Творчымі здабыткамі гэтага спектакля сталі ўдалая тэатралізацыя харэаграфічнага фальклору, пашырэнне кола народных танцаў, якія ўвайшлі ў драматургію беларускага балетнага тэатра, першая спроба стварэння масавага танца на пуантах з нацыянальнай афарбоўкай. Поспеху спектакля садзейнічала высокае майстэрства і яркі тэмперамент выканаўцаў галоўных роляў А. Hікалаевай (Надзейка), С. Дрэчына (Васіль) і С. Паўлава (Князь). Пазней балетмайстар А. Ермалаеў на тую ж музыку стварыў новыя харэаграфічныя спектаклі «Аповесць пра каханне» (пастаноўка 1953) і «Палымяныя сэрцы» (пастаноўка 1955).
Пэўнае значэнне ў развіцці лірыка-камедыйнага жанру ў нацыянальнай харэаграфіі мела пастаноўка К. Мулерам балета «Падстаўная нявеста» Г. Вагнера (1958). Тагачасныя тэмы былі ўвасоблены ў балетным спектаклі «Сцежкаю грому» К. Караева (балетмайстар Н. Конюс, пастаноўка 1960), а таксама ў нацыянальных балетах «Мара» Я. Глебава (балетмайстр А. Андрэеў, пастаноўка 1961) і «Святло і цені» Г. Вагнера (лібрэта М. Алтухова па водле рамана П. Броўкі «Калі зліваюцца рэкі», харэаграфія і пастаноўка А. Андрэева і Н. Стукалкінай, пастноўка 1963). Прыкметнай вяхой у развіцці сучаснай тэматыкі на беларускай сцэне з’явілася пастаноўка камернага, псіхалагічна паглыбленага спектакля «Альпійская балада» Я. Глебава (лібрэта Р. Чарахоўскай па аднайменнай аповесці В. Быкава, харэограф А. Дадышкіліяні пастаноўка 1967), які па сваёй ідэйнай накіраванасці з’яўляўся балетам гераічным. У ролі Джуліі — К. Малышава, у ролі Івана — Л. Чахоўскі. Пастаноўка пашырыла кола праблем беларускіх харэаграфічных спектакляў, узняла тэмы інтэрнацыянальнага гучання.[2]
Пошукі нацыянальнай своеасаблівасці працягваліся пры пастаноўцы балетаў «Пасля балю» (1971) Г. Вагнера; «Мара» (1961), «Выбранніца» (лібрэта А. Вярцінскага і А. Дадышкіліяні, пастаноўка Дадышкіліяні (1969)), «Ціль Уленшпігель» (1974, 2-я рэдакцыя ў 1978) Я. Глебава; «Страсці» («Pагнеда», 1995) А. Мдывані, «Кругаверць» («Народны трылер», 1996) А. Залётнева і інш.[1]
На беларускай сцэне ставілі спектаклі балетмайстры Захараў, К. Галяйзоўскі, Лапухоў, Вайнонен, Н. Стукалкіна, Н. Конюс, Бельскі, А. Вінаградаў. Склаліся выканальніцкія кадры. Сярод майстроў першага пакалення (1930 — 40-я гады) А. Нікалаева, З. Васільева, С. Дрэчын, Н. Младзінская, Т. Караваева, Б. Карпілава-Разенблат, Я. Глінскіх; у 1950—60-я гады вылучаліся Л. Ражанава, В. Міронаў, Н. Давыдзенка, А. Карзянкова, В. Крыкава, В. Давыдаў, М. Шэхаў, І. Савельева, К. Малышава, І. Дзідзічэнка, Р. Красоўская, М. Красоўскі, Г. Мартынаў, Я. Паўловіч і інш.[3]
На новыя рубежы выйшаў беларускі балетны тэатр з 1970-х гадоў. З’явілася новае пакаленне выканаўцаў: Л. Бржазоўская, Н. Дадышкіліяні, І. Душкевіч, У. Камкоў, Н. Паўлава, С. Пясцехін, В. Саркісьян, Ю. Траян, Т. Яршова і інш. З 1973 года трупу ўзначальвае В. Елізар’еў.[2] У яго пастаноўках «Стварэнне свету» А. Пятрова (1976), «Ціль Уленшпігель» (2-я рэдакцыя, 1978), «Спартак » А. Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана » на музыку К. Орфа (1983), «Вясна свяшчэнная » І. Стравінскага (1986), «Рамэа і Джульета» С. Пракоф’ева (1988) на высокім узроўні ўвасабляюцца грамадска значныя філасофскія тэмы, інтэнсіўна абнаўляюцца сродкі выразнасці, фарміруюцца новыя прынцыпы харэаграфічнай паэтыкі і эстэтыкі.[1]
У 1990-х гадах беларускі балетны рэпертуар пастаянна папаўняецца харэаграфічнымі спектаклямі розных стыляў, эпох і жанравай накіраванасці, пастаноўкамі новых балетмайстраў, сярод якіх Д. Арыпава, І. Бельскі, А. Вініградаў, Ю. Грыгаровіч, М. Далгушын, Д. Зайферт, Р. Захараў, У. Іваноў, Ф. Коэн, Г. Маёраў, Р. Паклітару, Н. Фурман, Ю. Чурко і іншыя.[2]
У 1995 годзе Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета паставіў балет А. Мдывані-Елізар’ева «Страсці» («Рагнеда»), прысвечаны гістарычнаму мінуламу беларускага народа (Дзяржаўная прэмія Беларусі 1996).
Сярод значных пастановак 1990-х сваёй нацыянальнай накіраванасцю вылучаецца спектакль «Кругаверць», створаны па матывах беларускіх балад на музыку А. Залётнева (лібрэта Ю. Чурко, харэаграфія і пастаноўка У. Іванова і Ю. Чурко). Цэнтральны метафарычны вобраз — вобраз млына — жыцця як вечнай кругаверці, адкуль з’яўляюцца і куды вяртаюцца галоўныя героі пасля апавядання сваёй гісторыі.[2]
У апошнія дзесяцігоддзі 20-га стагоддзя беларускае харэаграфічнае мастацтва набыло міжнароднае прызнанне. З поспехам прайшлі гастролі балетнай трупы ў краінах Еўропы, Лацінскай Амерыкі, ЗША, Азіі і інш. Балеты беларускіх аўтараў пастаўлены ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Самары, Чалябінску, Хельсінкі і інш.[3]
Балетная трупа была сфарміравана і ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры. У розныя гады ў яе складзе былі Т. Акімава, С. Вядзмедзь, У. Казінец, У. Крупскі, Ю. Лапша, Л. Рабушка, Г. Шылянкова і інш. Аднаактовы балет «Паненка і хуліган» на музыку Дз. Шастаковіча (харэографы В. Саркісьян і В. Лапо, 1982) заклаў аснову ўласна балетнага рэпертуару тэатра. У розныя гады ў тэатры балетмайстрамі працавалі В. Бутрымовіч, С. Дрэчын, М. Красоўскі, В. Саркісьян, Л. Травінін. З 1993 года балетную трупу тэатра ўзначальвае Н. Дзьячэнка. Яна паставіла балеты «Іспанскія мініяцюры» на народную музыку (1992), «Новыя Амазонкі» М. Равеля (1997), «Жызэль » (1998), «Зачараваны прынц» на музыку П. Чайкоўскага (2002), «Вальпургіева ноч» Ш. Гуно (2003), а таксама харэаграфію да многіх музычных спектакляў. У рэпертуары балетнай трупы спектаклі з балетнай класікі «Шапеніяна » (пастаноўка 1994), «Дон Кіхот» Л. Мінкуса (пастаноўка 1994), «Кармэн-сюіта » Ж. Бізэ — Р. Шчадрына (пастаноўка 1995), «Штраусіяна» (1992), «Шэхеразада» на музыку М. Рымскага-Корсакава (1993); сучасных аўтараў: балет «Мефіста» на музыку У. Кандрусевіча (лібрэта Ю. Чурко, пастаноўка У. Іванова, 2002), «In pivo veritas» паводле ірландскіх народных песень і музыкі эпохі Адраджэння (пастаноўка Р. Паклітару, 2003). Сярод артыстаў балета салісты Ю. Дзятко, К. Кузняцоў, Р. Івакіры, В. Краснаглазаў, Р. Крукоўскі. Балетная трупа вядзе гастрольную дзейнасць.[2]
XXI стагоддзе
правіцьУ 2010-я гады актыўна пашырыўся балетны рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета: з’явіліся новыя нацыянальныя балеты, аднавіліся і адрэдагаваліся класічныя пастаноўкі, адкрыліся новыя назвы і новыя імёны. Пастаўлены балеты «Папялушка » С. Пракоф’ева (2009, балетмайстар Ю. Пузакоў, дырыжор В. Плоскіна), «Трыстан і Ізольда » на музыку Р. Вагнера (2010, балетмайстар Ю. Траян, дырыжор М. Калядка), «Сільфіда » Х. Левенскольда (2011, балетмайстар Н. Далгушын, дырыжор В. Плоскіна), «Тамар» на музыку М. Балакірава (2011, харэаграфія Ю. Смарыгінаса, балетмайстар А. Ліепа, дырыжор В. Плоскіна, сцэнаграфія Л. Бакста), «Жызэль » А. Адана (2012, балетмайстры Н. Далгушын, А. Ціхамірава, дырыжор М. Калядка, мастак В. Окунеў), «Анюта» В. Гаўрыліна (2012, балетмайстар У. Васільеў, дырыжор В. Плоскіна), «Сем прыгажунь» К. Караева (2013, балетмайстар Ю. Пузакоў), «Каханне і смерць» Палад Бюльбюль аглы (2016, балетмайстар В. Костэль, дырыжор Э. Куліеў), «Ор і Ора» М. Крылова (2017, балетмайстар А. Ціхамірава, дырыжор А. Іваноў).
На малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета былі пастаўлены балеты «Зала чакання» А. Хадоска (2012, балетмайстар Ю. Дзятко), «Хто я?» С. Картэса (2015, балетмайстры Ю. Дзятко, К. Кузняцоў, дырыжор А. Лясун), «Метамарфозы» на музыку І. С. Баха (2012, балетмайстар А. Іваноў).
Значнае месца ў беларускім балетным рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета на пачатку XXI стагоддзя занялі творы Вячаслава Кузняцова: у 2000 годзе быў пастаўлены балет «Макбет» — сімволіка-алегарычная інтэрпрэтацыя трагедыі У. Шэкспіра, пастаўленая балетмайстрам Н. Фурман (дырыжор А. Лясун). Знакавымі падзеямі сталі пастаноўкі балетаў кампазітара, прысвечаных важным постацям нацыянальнай гісторыі — «Вітаўт» (2013 — балетмайстар Ю. Траян, дырыжор В. Воліч) і «Анастасія» (2018 — балетмайстар Ю. Траян, дырыжор А. Галанаў). У абедзвюх пастаноўках аўтарамі ў аснову пакладзены не дакументальны, а мастацка абагульнены падыход да ўвасаблення гістарычных падзей: у балетах раскрываецца тэма асобы ў гісторыі і акцэнтуюцца агульначалавечыя каштоўнасці — высакароднасць, каханне, высокая мараль, стойкасць духу, патрыятызм, самаахвярнасць і маральная чысціня.[4]
Афішу Вялікага тэатра Беларусі ўпрыгожылі балеты культавага чэшскага і нідэрландскага харэографа Іржы Кіліана — «чорна-белыя» на музыку В. А. Моцарта «Шэсць танцаў» (2013) і «Маленькая смерць» (2016). Палітру сучаснай беларускай балетнай сцэны дапоўнілі яркія фарбы рускай харэаграфіі «срэбнага стагоддзя» — пастаўленыя балетмайстрам Андрысам Ліепай балеты ў харэаграфіі М. Фокіна «Шахеразада» на музыку М. Рымскага-Корсакава (2011, дэкарацыі Л. Бакста, дырыжор В. Плоскіна), «Жар-птушка» І. Стравінскага (2014, дэкарацыі Л. Бакста, дырыжор В. Плоскіна), «Пятрушка» (2018, дэкарацыі А. Бенуа, дырыжор В. Плоскіна).[5]
14-15 лютага 2018 года ў Беларусі прайшла першая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Беларускі балет у сусветнай культурнай прасторы». Першы дзень прайшоў у Гетманскай зале Нясвіжскага замка: менавіта дзякуючы магутнаму магнацкаму роду Радзівілаў у XVIII стагоддзі была створана першая школа акадэмічнага танца і першая прафесійная харэаграфічная трупа. Харэографы, выканаўцы і навукоўцы з Беларусі, Расіі, Францыі, Літвы, Латвіі і Польшчы звярнуліся да гісторыі балета Беларусі і Марселю, абмеркавалі асноўныя тэндэнцыі сучаснага балета ў свеце і, у прыватнасці, нашай краіне. Мерапрыемства правадзілася па ініцыятыве пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі і знаходзіцца пад патранажам ЮНЕСКА.[6] Другі дзень на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адзначыўся майстар-класам літоўскіх педагогаў, цікавай канцэртнай праграмай кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.[7]
15 мая 2021 года ў Вялікім тэатры Беларусі адбылася прэм’ера балета «Лебядзінае возера» П. Чайкоўскага ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева з І. Яромкінай, А. Яромкіным і Ю. Кавалёвым у галоных ралях. У спектаклі можна было заўважыць новыя харэаграфічныя і музычныя фрагменты, якія аднавіў сам Елізар’еў.[8][9]
Беларускі балет у нумізматыцы і філатэліі
правіць- На банкноце наміналам 100 000 рублёў 1996 года на асабовым боку намаляваны Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, а на адваротным баку размешчана сцэна з балета «Выбранніца» Я. Глебава.[10] На 100-рублёвай банкноце 2000 і 2011 гадоў таксама знаходзіцца выява балета «Выбранніца».
Манеты
правіць- У 2003 годзе Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь выпусціў сярэбраную памятную манету «Беларускі балет». На аверсе ў крузе, абведзеным геаметрычным арнаментам, знаходзіцца рэльефная выява будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, а на рэверсе змешчана рэльефная выява сцэны з нацыянальнага балета «Страсці» (Рагнеда) і надпіс у два радкі: «Балет Беларускі».[11] У 2005 годзе на конкурсе СОТY (Coin of the Year — «Манета года»), арганізаваным амерыканскімі агенцтвам навін «Уорлд Коін Ньюз» і выдавецкім домам «Краўзэ Паблікейшнс», манета атрымала вышэйшы тытул «Манета года 2005», якая прысуджаецца за першае месца сярод пераможцаў у дзесяці намінацыях. Яна таксама перамагла ў намінацыі «Манета з лепшым мастацкім рашэннем».[12][13]
- У 2005 годзе Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь выпусціў залатую памятную манету «Беларускі балет» наміналам 10 і 200 рублёў. На рэверсе ў цэнтры раўмешчана рэльефная выява балерыны, якая танцуе, справа — надпіс: «БЕЛАРУСКІ БАЛЕТ».[14]
- У 2006 годзе Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь выпусціў залатую памятную манету «Беларускі балет» з рэльефнай выявай артыстаў балета (сцэна з нацыянальнага балета «Страсці» (Рагнеда) на рэверсе.[15]
- У 2007 годзе Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь выпусціў залатую памятную манету «Беларускі балет» наміналам 10, 200 і 1000 рублёў і сярэбраную памятную манету наміналам 20 і 1000 рублёў. На рэверсе справа на люстэркавым фоне знаходзіцца рэльефная выява балерыны, якая танцуе; злева — люстраное адлюстраванне балерыны.[16] У 2008 годзе залатая манета вартасцю 200 рублёў «Беларускі балет. 2007» (мастак Святлана Заскевіч) прымала ўдзел у міжнародным прафесійным конкурсе памятных манет «Манетнае сузор’е», арганізаваным па ініцыятыве выдавецкага дома «Уотэр Марк», і ў намінацыі «Залатая манета года» падзяліла другую прэмію з прадстаўнікамі з Фінляндыі і Украіны.[13]
- У 2013 годзе Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь выпусціў залатыя і сярэбраныя памятныя манеты «Беларускі балет». На манетах размешчаны выявы фрагментаў з балета «Лебядзінае возера» П. Чайкоўскага.[17]
- У 2014 годзе Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь выпусціў залатую памятную манету «Беларускі балет»[18], а ў 2015 годзе — сярэбраную.[19] На рэверсе ў цэнтры знаходзіцца выява балерыны ў вобразе па матывах акадэмічных сцэн з класічных балетных пастановак; сукенка прымы-балерыны выступае фонам для малюнка танцуючых на ім балерын кардэбалета.
Маркі
правіць-
Балет «Стварэнне свету»
-
Балет «Страсці» («Рагнеда»; паштовы блок)
- У 2000 годзе Белпошта выпусціла серыю «Беларускі балет», аформленую мастаком А. Гапіенка і якая складаецца з маркі і паштовага блока. На марцы намаляваны дуэт Адама і Евы з арт-рок-балета «Стварэнне свету» Андрэя Пятрова. Малюнак маркі выкананы па фатаграфіі, на якой адлюстраваны салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь Наталля Рабцава і Уладзімір Доўгіх (пастаноўка Валянціна Елізар'ева, 1976). На блоку намаляваная сцэна з балета «Страсці» («Рагнеда») Андрэя Мдывані, выкананая па фатаграфіі, на якой адлюстраваны акцёры НАВТБ РБ.
- У 2013 годзе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне паштовую марку «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Падзея была прымеркавана да 80-годдзя найбуйнейшага тэатра краіны. На юбілейнай марцы намаляваны сцэны з оперных і балетных спектакляў Вялікага тэатра. Прадстаўлены салісты оперы Сяргей Франкоўскі і Аксана Волкава ў пастаноўцы «Набука» Джузэпэ Вердзі, артысты балета Вольга Гайко і Ігар Артамонаў ў спектаклі Пятра Чайкоўскага «Лебядзінае возера».[20]
Зноскі
- ↑ а б в г д Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — 760 с.: іл.
- ↑ а б в г д Балет // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2002. — Т. 1. — 565 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0255-5.
- ↑ ИСТОРИЯ ТЕАТРА
- ↑ Гісторыя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета
- ↑ К истокам белорусского балета
- ↑ За партнёрку — навука(недаступная спасылка)
- ↑ В Большом театре состоялась премьера «Лебединого озера» в постановке Валентина Елизарьева
- ↑ У Вялікім тэатры Беларусі адбылася прэм’ера балета «Лебядзінае возера»
- ↑ http://belbonistika.com/?p=173
- ↑ https://www.nbrb.by/coinsbanknotes/coins/commemorative/102
- ↑ Сенько В. 10 лет белорусской монете(недаступная спасылка) // Банкаўскі веснік. — январь, 2007. — С. 6-11.
- ↑ а б Воробьёва А. Памятные монеты — гордость Республики Беларусь // Банкаўскі веснік. — март, 2010. — С. 111—114.
- ↑ https://www.nbrb.by/coinsbanknotes/coins/commemorative/103
- ↑ https://www.nbrb.by/coinsbanknotes/coins/commemorative/104
- ↑ https://www.nbrb.by/coinsbanknotes/coins/commemorative/105
- ↑ https://www.nbrb.by/coinsbanknotes/coins/commemorative/264
- ↑ https://www.nbrb.by/coinsbanknotes/coins/commemorative/372
- ↑ https://www.nbrb.by/coinsbanknotes/coins/commemorative/335
- ↑ Минсвязи выпускает в обращение первую марку из серии «Театры Беларуси»
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Балет // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2002. — Т. 1. — 565 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0255-5.
- Балет: энциклопедия. / Гл. ред. Ю. Н. Григорович. — М.: Советская энциклопедия, 1981. — 623 стр. с илл.