Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета
Нацыяна́льны акадэмі́чны Вялі́кі тэа́тр о́перы і бале́та ў Мінску — адзіны ў Беларусі тэатр оперы і балета, адзін з двух музычных тэатраў краіны (разам з Музычным тэатрам), галоўная музычная і тэатральная пляцоўка краіны.
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета | |
---|---|
| |
Заснаваны | 25 мая 1933 |
Наведвальнікі |
|
Будынак тэатра | |
Краіна | |
Размяшчэнне | |
Будынак | Мінск, пл. Парыжскай камуны, 1 |
Адрас | Площадь Парижской Коммуны |
Кіраўніцтва | |
Дырэктар | Кацярына Дулава |
Мастацкі кіраўнік | Валянцін Елізар’еў |
Галоўны балетмайстар | Ігар Колб |
Галоўны хормайстар | Ніна Ламановіч |
Сайт | bolshoibelarus.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Размешчаны ў гістарычным раёне Мінска — Траецкім прадмесці ў велічным будынку, акружаным маляўнічым паркам, па адрасе плошча Парыжскай камуны, дом 1.
Будынак оперы — помнік міжнароднага значэння[2], узор савецкага канструктывізму з элементамі ар-дэко[3] (арх. І. Р. Лангбард, Г. Л. Лаўроў).
Пастаноўкі большасці спектакляў у тэатры ідуць на мове арыгінала, а таксама на абедзвюх дзяржаўных мовах краіны — на беларускай і рускай.
Гісторыя будынка
правіцьКонкурс і будаўніцтва
правіцьПершапачаткова будаўніцтва тэатра планавалася па праекце архітэктара Георгія Лаўрова. У 1932 годзе ў часопісе «Искусство и революция» быў апублікаваны яго артыкул «Да пабудовы Беларускага дзяржаўнага тэатру ў г. Мінску», дзе падрабязна апісваўся гэты праект. Новы будынак павінен быў быць абсталяваны па апошнім слове тэхнікі з адзінай залай на 3400 чалавек[4].
11 чэрвеня 1933 года ў дзень святкавання вызвалення сталіцы БССР ад белапалякаў на плошчы Парыжскай камуны адбылася ўрачыстая закладка будынка[4].
У сувязі з новымі патрабаваннямі праект Георгія Лаўрова быў перагледжаны і адхілены. У 1933 годзе быў абвешчаны новы конкурс на праект тэатра ў Мінску. У ім удзельнічалі бачныя савецкія дойліды М. Р. и Б. Р. Бархіны , Н.А. Троцкі , Л. У. Руднеў, І. Р. Лангбард і інш., беларускія архітэктары А. П. Воінаў, У. М. Вараксін, Н. М. Макляцова. Па ўмовах конкурсу неабходна было прадставіць праект тэатра з глядзельнай залай на 3000 месцаў і звышмеханізаванай сцэнай[4].
Па выніках конкурсу новым архітэктарам стаў І. Лангбард[5]. Умяшчальнасць была паменшана да 1200 гледачоў[5]. Існуе легенда, што Янка Купала, убачыўшы праект, выклікнуў: «А летуценны хлопец гэты Лангбард!»[6]. Будаўніцтва тэатра завяршылася ў 1938[7] годзе (паводле іншых звестак у 1937).
Будынак тэатра адкрыўся 10 мая 1939 года прэм’ерай оперы беларускага кампазітара Яўгена Цікоцкага «Міхась Падгорны».
Унутранае ўбранне даваеннага тэатра было досыць аскетычным: глядзельная зала, вырашаная ў выглядзе амфітэатра, невялікія балконы і аркестравая яма. Партал сцэны меў вузкую паласу ляпных дэкаратыўных элементаў. З першапачатковых інтэр'ераў захаваліся толькі нахільная кесаніраваная частка столі з прафіляваным карнізам, а таксама люстра глядзельнай залы[8].
Таму ўжо ў 1941 годзе пачаліся першыя перабудовы аскетычных інтэр’ераў[8].
-
Фасад на тэатральны праезд (вул. Чычэрына)
-
Галоўны фасад
-
Агульны выгляд
Падчас Вялікай Айчыннай вайны
правіцьУ 1941 годзе ў тэатр трапіла бомба і пашкодзіла глядзельную залу[9]. Падчас нямецкай акупацыі 1941—1944 гадоў тэатр быў пераўтвораны ў стайню і сховішча[9]. Інтэр’еры і ўпрыгожванні былі разрабаваны: у Германію вывезлі люстэркі, мэблю, люстры, дываны, карціны, унікальныя рэчы з тэатральнага рэквізіту і дэкарацый. Люстра глядзельнай залы ў гады вайны страціла каля 40 % шкляных дэталяў[8]. Сам будынак немцамі планавалася падарваць, усе памяшканні былі замінаваны[9].
-
Інтэр'ер тэатра, май 1943
-
Оперны тэатр на фоне зруйнаванага Мінску
Пасляваенны перыяд
правіцьПа вяртанні ў Мінск пасля вызвалення яго ад нямецкіх акупантаў І. Р. Лангбарда, ён распрацаваў практычна новае рашэнне інтэр’ераў: замест амфітэатра выканана класічная тэатральная зала з партэрам, ложамі ў бельпаверсе, бенуарам і яруснымі балконамі. Былі выдзелены цэнтральная і бакавыя ложы, павялічана аркестравая яма, выкладзены новы паркет, праведзена частковая рэканструкцыя парадных лесвіц. У інтэр’еры фае з’явілася вялікая колькасць ляпных дэкаратыўных элементаў: шэраг медальёнаў, размешчаных на фрызах, з барэльефнымі партрэтамі дзеячаў культуры, гіпсавыя капітэлі калон. Агароджы балконаў фае і глядзельнай залы ўпрыгожвалі ляпныя гірлянды з кветкавым арнаментам, якія чаргуюцца з крыштальнымі бра і маскаронамі. Паводле праекта, усю ляпніну новых інтэр’ераў, выкананую скульптарам Андрэям Бембелем, прапанавалася пазалаціць[8].
Дэкаратыўныя элементы старой партальнай аркі былі разабраны і ўстаноўлены новыя. Новы партал уяўляў сабой шэсць палос з ляпнымі дэкаратыўнымі элементамі. У цэнтральнай частцы знаходзіўся герб БССР са сцягамі па баках[8].
Рэканструкцыя доўжылася тры гады і скончылася 7 лістапада 1947 года. Тэрміны адкрыцця тэатра ўвесь час зрываліся, акрамя будматэрыялаў не хапала таксама працоўных рук, да ўсяго тэатр быў пераўтвораны «…з аднаўляльнага аб’екта ў стацыянарны лагер… ваеннапалонных…»[10]. Больш таго, кіраўніцтва тэатра ў лютым 1947 года жалілася Старшыне Савета Міністраў, што «…са жніўня 1946 г. паступленне праектных матэрыялаў фактычна спынілася… ад аўтарскага нагляду без спецыяльнай аплаты прафесар Лангбард адмовіўся…»[11]. Сродкі для аплаты аўтарскага нагляду былі выдзелены толькі ў маі[12]. Навокал тэатра падчас рэканструкцыі быў разбіты парк, спраектаваны І. Лангбардам.
У 1967 годзе адбылася рэканструкцыя завяршэння тэатру, у выніку чаго апошні атрымаў досыць невыразны нізкі шаломападобны дах, які мастацтвазнаўцы жартаўліва ахрысцілі яе «безгустоўным парасонам»[13], а таксама тэхнічнае пераабсталяванне — упершыню пасля вайны. Падчас рэканструкцыі будынка ў яго сутарэннях была знойдзена зброя часоў Айчыннай вайны, прадметы побыту і муміфікаваны труп нямецкага салдата[14].
Падчас рэканструкцыі ў 1977—1981 гадах (арх. В. Аладаў) сцены ў вестыбюлі і фае былі аздоблены натуральным мармурам. Адбыліся змены і ў дэкаратыўным рашэнні глядзельнай залы, так у 1981 годзе на агароджах балкона і бенуара на месцы згубленага ляпнога ўстаноўлены новы, пазалочаны дэкор, выразаны з дрэва (арх. Т. Куцапалава)[8].
Рэканструкцыя
правіць4 чэрвеня 2005 года пастановай Саўміна № 595 зацверджаны архітэктурны праект «Рэстаўрацыя і рэканструкцыя помніка архітэктуры — будынка творчага аб’яднання „Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета РБ“»[15].
Генеральнай праектнай арганізацыяй стаў інстытут «Белпраект» (кіраўнік праекта архітэктар Анатоль Шабалін). У распрацоўцы праекта бралі ўдзел звыш 30 субпадрадчыкаў. Заказчыкам праектавання выступіла творчае аб’яднанне «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета РБ». З функцыянальных запатрабаванняў, аб’ект быў разбіты на 3 пускавыя комплексы. Першы складаўся з малой рэпетыцыйная залы, грымёрныя, гаспадарчых і інжынерных памяшканняў. Другі — з памяшканняў абслугоўвання, падрыхтоўкі спектакляў і дэкарацый. У трэці ўвайшлі сцэнічны[16] і гледачовы[17] блокі[15].
У 2006—2009 гадах будынак мінскай оперы быў зачынены на рэканструкцыю, падчас якой адбылося вяртанне да першапачатковага варыянта Іосіфа Лангбарда. За кошт пераўтварэння гарышчаў дадалося 3 паверхі карыснай плошчы, пад будынкам з’явілася прастора, роўная вышыні 6-павярховага дома, дзе размясціліся новыя механізмы сцэны[9].
Усе працы абыйшліся дзяржаве ў 260 мільярдаў беларускіх рублёў, уключаючы выдаткі і па добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый[13].
-
Тэатр уначы
-
Заслона і аркестравая яма
-
Балконы
-
Фае
Архітэктура
правіцьБудынак з’яўляецца помнікам архітэктуры канструктывізму міжваеннага перыяду. Архітэктурнае рашэнне оперы мае шмат агульнага са знакавым для савецкай архітэктуры праектам Палаца Саветаў у Маскве (арх. Б.М. Іафан , 1933), аб’ём якога яшчэ не пераўтвораны ў пастамент для статуі Леніна[3]. Гэты аб’ём складаецца з некалькіх як бы часткова вылучаных з асноўнай масы элементаў рознага геаметрычнага віду: паўцыліндраў рознай вышыні і дыяметра, некалькіх паралелепіпедаў[18].
Ярусная пабудова кампазіцыі, у якой ураўнаважаны манументальнасць і дынамізм, з аформленымі рытмічным строем лапатак паверхнямі фасадаў, з’яўляецца свабодным пераасэнсаваннем класічных узораў цэнтрычных збудаванняў, у якім прыкметны ўплыў стылю ар-дэко — у праекце прасочваецца характэрная тэндэнцыя да дэкаратывізму, аднак гэта скульптурнае афармленне фасадаў не было рэалізавана ў жыццё з-за недахопу сродкаў у рэспубліканскім буджэце[9]. У афармленні партала сцэны, фае і вестыбюляў выскарыстана дэкаратыўная пластыка[3]. Сіметрычнае рашэнне аб’ёмнай формы і наяўнасць прасторнай плошчы перад акцэнтаваным выхадам паказваюць на асноўныя пункты ўспрымання збудавання[18]. Дамінаванне вертыкалі ў кампазіцыі будынка адпавядае яго ролі горадабудаўнічага акцэнту ў панараме[3].
Інтэр’еры
правіцьКалі заходзіш у тэатр і глядзіш суцэльную безыдэйна барочную ляпніну, і яна абвальваецца на вашу свядомасць[19] |
Я чую шмат папрокаў па адрасе маіх прац. У стаўленні да Вялікага беларускага тэатра гэтыя папрокі зусім правільныя. Нават наадварот. Я б сказаў, што яны пераменшаны. Таму што гэта такая агіднасць, калі я праходжу, я сарамліва адварочваюся ад гэтага. Але з вас ніхто не ведае, што тэатр рабіўся без мяне. Я толькі пачаў унутранае аздабленне, а потым працавалі без мяне… Таму вы цяпер і маеце такую агіднасць. Прычым, усё зроблена бесталкова, брыдка, выродліва… Я глядзеў, як распісваюцца сцены тэатра… Дазвольце папрокі вярнуць, таму што гэты тэатр я не рабіў…[19] І. Лангбард |
Падчас апошняй рэстаўрацыі былі адноўлены згубленыя дэкаратыўныя ляпныя элементы ўнутранага ўбрання глядзельнай залы і фае ў адпаведнасці з наяўнымі графічнымі матэрыяламі, выкананымі самім І. Р. Лангбардам, і гістарычнымі фатаграфіямі канца 1940-х — пачатку 1950-х гадоў[8].
Стылістыка інтэр’ераў была максімальна набліжана да першапачатковай. Аздабленне было выканана пераважна з натуральнага мармуру і граніту. Значная частка дэкору глядзельнай залы была пазалочана. З чырвонага аксаміту адноўлены генеральная заслона, драпіроўкі на ложах, балконах і дзвярных праёмах. На столі выканыны альфрэйны жывапіс, адрэстаўравана цэнтральная люстра і вялікія люстры фае. Свяцільні 1960—1970-х гадоў заменены на крыштальныя люстры і бронзавыя люстры з плафонамі з матавага шкла, якія адпавядаюць стылістыцы 1950-х гадоў. Падлога фае выканана з дзевяці відаў граніту з арнаментальным рысункам, на балконах фае і ў глядзельнай зале — з наборнага паркета. У глядзельнай зале захаваўся партал 1946—1948 гадоў, на якім адсутнічае толькі герб са сцягамі[8].
Скульптурнае афармленне
правіцьВерагодна, на пэўных этапах будаўнічых прац разглядалася магчымасць стварэння скульптур[20]. Але ў сувязі з памяншэннем каласальных памераў першапачатковага праекта Лангбарда і скарачэннем выдаткаў з дзяржбюжэту ў канчатковым выніку архітэктар адмовіўся ад статуй. Выключэннем стала статуя Сталіна, якая дамінавала ў афармленні фае да пачатку 1950-х гадоў[21].
Пад час апошняй рэканструкцыі тэатра скульптурнае афармленне фасадаў выканалі скульптары Генадзь Буралкін, Аляксандр Фінскі і Міхаіл Шкробат. Кожная са скульптур муз, Каліёпы — заступніцы эпічнай паэзіі і Тэрпсіхоры — заступніцы танца, мае ў вышыню 5 метраў і важыць 5 тон, а цэнтральная скульптура гэчаскага бога Апалона, заступніка мастацтва, паэзіі і музыкі, мае ў вышыню 4,7 метраў[22] важыць каля 7 тон. Першапачаткова меркавалася ўстанавіць на порціку над уваходам Апалона, які кіруе квадрыгай, але абралі скульптуру бога з двума вянкамі, якія славяць оперу і балет. Па абодва бакі ад яго размешчаны німфы, кожная 4 метра ў вышыню[22], якія ляцяць і трубяць аб прыходзе заступніка мастацтваў[9].
Новае скульптурнае афармленне фасадаў па матывах старажытнагрэчаскай міфалогіі было сустрэта крытыкай: па першае, на эскізных праектах немагчыма разгледзець якія менавіта статуі прадугледжваў архітэктар, па другое, зыходзячы з функцыянальных задач пабудовы падобнага роду скульптуры не маглі мець места ў той час, бо акрамя ўласна тэатральных гледзішчаў будынак выкарыстоўваўся для буйных грамадскіх мерапрыемстваў да 1966 года, пакуль не быў уведзены ў эксплуатацыю Палац спорту, па трэцяе, багатае скульптурнае афармленне супярэчыць стылістыцы будынка, яго прастаце і строгасці канструктывізму, а таксама парушае важную для Лангбарда вертыкальнасць чляненняў будынка[21].
Сквер Траецкая гара
правіцьПасля вайны, у 1949 годзе пачаліся працы па добраўпарадкаванні прылеглай да тэатра тэрыторыі па праекту І. Лангбарда, быў ліквідаваны Тэатральны праезд, які ішоў ад параднай лесвіцы цэнтральнага ўваходу тэатра да вуліцы Янкі Купалы — замест яго з’явілася Цэнтральная алея[23].
Падчас апошняй рэканструкцыі тэатра на галоўнай алеі быў размешчаны святлодынамічны каскадны фантан, струмені якога паўтараюць сілуэт самога будынка, з’явіліся дадатковыя алеі — Балетная і Оперная, якія былі ўпрыгожаны скульптурнымі групамі «Балет» (скульптар С. Гумілеўскі) і «Оперная муза» (скульптары Л. і С. Гумілеўскія)[13][24]. Алеі асвятляюцца ліхтарамі, выкананымі ў стылі XVIII стагоддзя[23].
У чэрвені 2008 годзе на новае месца пасля рэстаўрацыі быў перанесены помнік Максіму Багдановічу (скульптар С. Вакар, архітэктары Ю. Казакоў, Л. Маскалевіч), які быў усталяваны ў скверы 9 снежня 1981 годзе на 90-годдзе нараджэння класіка і да 2008 года знаходзіўся насупраць галоўнага ўваходу ў тэатр[2]. Месца для помніка абрана невыпадкова: праз вуліцу, якая носіць цяпер яго імя, стаяў дом, дзе нарадзіўся паэт[25].
14 мая 2009 гада камісія па найменні і перанайменні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак Мінска прыняла рашэнне надаць безназоўнаму скверу ў межах вул. Куйбышава — А. Пашкевіч — М. Багдановіча — Я. Купалы гістарычную назву Траецкая гара, менавіта так называлася плошча Парыжскай камуны да будаўніцтва на ёй тэатра оперы і балета ў 1930-х гадах[26].
Гісторыя тэатра
правіцьЗараджэнне
правіцьГісторыя тэатра пачалася яшчэ ў 1920-я гады на сцэне Першага дзяржаўнага тэатра (БДТ—1), які меў у сваім складзе салістаў оперы, харавую і балетную групы і невялікі сімфанічны аркестр. Ужо тады ставіліся музычна-драматычныя спектаклі, урыўкі з опер «Князь Ігар» А. Барадзіна, «Зачараваны лес» Р. Дрыга, «Фея лялек » Ё. Баера і балетаў, гучала народная музыка. У 1927 годзе опера А. Даргамыжскага «Русалка » была пастаўлена цалкам[27]. Пераклад «Русалкі» на беларускую мову зрабіў Ф. Ждановіч, пастаноўка В. Селяха). Першай спробай да ўвасаблення арыгінальнай беларускай камічнай оперы з`віўся твор М. Аладава «Тарас на Парнасе» (лібрэта Ю. Дрэйзіна).
У той жа час К. Алексютовіч спрабуе ставіць першы нацыянальны балет «У чэрвеньскую ноч» (лібрэта і музыка К. Алексютовіча і Маркевіча).
У 1930 годзе оперны клас Мінскага музычнага тэхнікума, які ажыццявіў да таго часу пастаноўку шэрагу опер, быў пераўтвораны ў Дзяржаўную студыю оперы і балета[27], якую ўзначаліў спявак Антон Баначыч — у мінулым партнёр Фёдара Шаляпіна па выступленнях у Марыінскім тэатры. За тры гады ў студыі былі падрыхтаваны прафесійныя артысты і пастаўлены оперы «Залаты пеўнік », «Кармэн», «Яўген Анегін», «Царская нявеста »[27].
Адкрыццё тэатра
правіцьДзяржаўны тэатр оперы і балета быў адкрыты ў Мінску 25 мая 1933 года спектаклем «Кармэн» з Ларысай Александроўскай у галоўнай ролі, пастаўлены рэжысёрам Б. Нордам[5]. У ліку першых пастановак калектыву былі оперы «Яўген Анегін» у пастаноўцы В. Барысевіч і «Пікавая дама» у пастаноўцы Б. Мардвінава[27], балет «Чырвоны мак». Першым беларускім балетам стаў «Салавей» М. Крошнера, пастаўлены ў 1939 годзе[28]. Ужо ў чэрвені 1940 года тэатр гучна заявіў пра сябе ў Маскве, дзе з поспехам былі паказаны тры нацыянальныя оперы: «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага, «У пушчах Палесся» Анатоля Багатырова і «Кветка шчасця» Аляксея Туранкова.
Падчас вайны
правіцьПадчас Вялікай Айчыннай вайны шмат артыстаў тэатра пайшлі на фронт або далучыліся да партызанскага руху. Астатні калектыў тэатра, які складаўся з 50 чалавек, эвакуіраваўся, артысты працавалі ў тэатрах Алма-Аты, Свярдлоўска, Молатава, Масквы. Да вясны 1942 г. па ўсіх тылавых раёнах удалося сабраць значную частку даваеннай трупы, у тым ліку прыму тэатра народную артыстку СССР Л. Александроўскую, якая працавала ў г. Алма-Аце. У якасці сцэнічнай пляцоўкі была задзейнічана сцэна драматычнага тэатра ў г. Горкім. Тут кампазітар Я. Цікоцкі пачаў працу над новай операй «Алеся» (лібрэта П. Броўкі), напісаў 11 песень для сольнага і харавога выканання на вершы вядучых беларускіх паэтаў, А. Клумаў стварыў аперэту «Каханне і нянавісць» (лібрэта І. Рубінштэйна). У 1943 г. беларускі тэатр оперы і балета перабраўся ў Каўроў, дзе пачаў выступаць у памяшканні клуба «Металіст», цалкам прадстаўленага ў распараджэнне беларускіх артыстаў[5]. Артысты розных жанраў стваралі франтавыя канцэртныя брыгады і выступалі на перадавой перад салдатамі Савецкай Арміі. Адразу пасля вызвалення сталіцы калектыў вярнуўся ў Мінск[5] і 21 снежня 1944 года адкрыў сезон прэм’ерай оперы Яўгена Цікоцкага «Алеся» на сцэне Дома афіцэраў, які цудам уцалеў пасля бамбардзіроўкі[5].
Паваенныя гады
правіцьВяртанне ў сталіцу БССР адзначыла адраджэнне Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі. Пасля рамонту і рэканструкцыі будынка тэатра, пашкоджанага бамбёжкай, адбылося ўрачыстае адкрыццё 7 лістапада 1947 года операй «Кастусь Каліноўскі» Дзмітрыя Лукаса[5]. Вельмі хутка Беларускі тэатр оперы і балета ўвайшоў у лік прызнаных лідараў на культурнай прасторы СССР, меў устойлівую рэпутацыю аднаго з самых яскравых і творча жыццяздольных оперных калектываў.
Тэатр шмат разоў гастраляваў на самай прэстыжнай сцэне былога СССР — у Вялікім тэатры ў Маскве. Паспяховыя гастролі 1940 года прынеслі тэатру ганаровае званне «Вялікі», 1964 года — «акадэмічны»[29].
Першы беларускі дзіцячы оперны спектакль «Марынка» кампазітара Р. К. Пукста быў пастаўлены ў 1955 годзе[5][27].
На сцэне тэатра актыўна ставіліся нацыянальныя оперы, створаныя беларускімі кампазітарамі: «Надзея Дурава» Анатоля Багатырова (1956), «Зорка Венера» (1970) і «Новая зямля» (1982) Юрыя Семянякі, «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Генрыха Вагнера (1980), «Джардана Бруна» (1977), «Візіт дамы» (1995) і «Юбілей» (2002) Сяргея Картэса, «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана (1989), «Майстар і Маргарыта» Яўгена Глебава, «Князь Наваградскі» Андрэя Бандарэнкі (1992), «Нататкі вар’ята» Вячаслава Кузняцова (2005), «Сіняя Барада і яго жонкі» Віктара Капыцько (2006) і шэраг іншых. У 76-м тэатральным сезоне (2008/2009) адбылася прэм’ера беларускай камічнай оперы «Чужое багацце», рэканструяванай Уладзімірам Байдавым і Віктарам Скарабагатавым за сілу партытурах кампазітара Яна Голанда,
У 1989 годзе была пастаўлена опера «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана, якая атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі.
Значнай падзеяй у гісторыі Беларускай оперы сталі маштабныя пастаноўкі опер «Вайна і мір» Сяргея Пракоф’ева, «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета » Дзмітрыя Шастаковіча, «Барыс Гадуноў» Мадэста Мусаргскага.
Дзейнасці балетнай трупы ў 1980-я — 1990-я гг. уласціва ўзбагачэнне рэпертуару і засваення сучаснай харэаграфіі — у гэты час па яркія пастаноўкі Валянціна Елізар’ева «Кармэн-сюіта», «Стварэнне свету», «Тыль Уленшпігель», «Спартак», «Шчаўкунок», «Кармін Бурана», «Балеро», «Рамэа і Джульета», «Страсці», «Жар-птушка», «Вясна свяшчэнная». Сведчаннем прызнання беларускага балета стала прэмія Міжнароднай асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ля данс », якую атрымаў у 1996 годзе балет «Страсці» («Рагнеда») Андрэя Мдзівані-Валянціна Елізар’ева, прысвечаны лёсу полацкай княгіні[5].
Падзеі 2020 года
правіцьПасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў тэатра выходзіў на акцыі пратэсту 14[30] і 15 жніўня[31]. Пасля ціску на Купалаўскі тэатр з боку ўладаў і звальнення яго дырэктара Паўла Латушкі больш за 300[32] артыстаў і супрацоўнікаў Вялікага тэатра падпісалася пад зваротам у падтрымку купалаўцаў[33]:
Звальненне прафесіянала такога ўзроўню будзе вялікай памылкай. Акрамя таго, мы можам страціць адзін з найлепшых тэатральных калектываў краіны, бо супрацоўнікі Купалаўскага тэатра збіраюцца звольніцца разам са сваім дырэктарам. І гэта будзе непапраўнай стратай для беларускай культуры. |
24 жніўня галоўным дырыжорам Нацыянальнага тэатра оперы і балета быў прызначаны Вячаслаў Чарнуха-Воліч. Але ўжо 26 жніўня ён пакінуў сваю пасаду. Паводле афіцыйнай інфармацыі — праз каранавірусную інфекцыю, але паводле некаторых супрацоўнікаў тэатра, сыход Чарнухі-Воліча ніяк не быў звязаны са станам яго здароўя[32].
27 кастрычніка артысты правялі акцыю салідарнасці з беларускім народам, звярнуўшыся перад пачаткам спектакля «Царская нявеста» да прысутных: «У гэты пераломны момант, калі ў нашай краіне адбываецца беззаконне і несправядлівасць, мы не можам маўчаць…». Пасля звароту яны выканалі песню «Магутны Божа», гледачы падтрымалі артыстаў авацыямі[34].
28 кастрычніка «Беларускі фонд культурнай салідарнасці» паведаміў пра звальненне 4 супрацоўнікаў тэатра: дырыжора тэатра, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі і ўладальніка медаля імя Францыска Скарыны Андрэя Галанава і першую скрыпку аркестра Рэгіну Саркісаву. Раней яны падпісалі зварот культурных дзеячаў з нагоды ўльтыматуму С. Ціханоўскай. Таксама звольнілі скрыпачку Алу Джыган і альтыстку Аляксандру Пацёміну, якія 27 кастрычніка перад пачаткам спектаклю выказаліся супраць гвалту і беззаконня ў Беларусі[35]. У той жа дзень «у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй» былі адменены ўсе спектаклі, а таксама канцэрты ў малой залы з 29 кастрычніка па 20 лістапада[36].
Зоркі мінулага
правіцьНародныя артысты СССР:
- Ларыса Александроўская — спявачка, рэжысёр,
- Мікалай Ворвулеў — спявак,
- Яраслаў Вашчак — дырыжор
- Яўген Глебаў — кампазітар, на сцэне тэатра ішлі яго балеты «Мара», «Выбранніца», «Альпійская балада», «Ціль Уленшпігель», «Курган», опера «Майстар і Маргарыта»,
- Святлана Данілюк — спявачка,
- Валянцін Елізар’еў — харэограф,
- Тамара Ніжнікава — спявачка,
- Аркадзь Саўчанка — спявак.
Народныя артысты Беларусі:
- Людміла Бржазоўская — балерына,
- Ніна Давыдзенка — балерына,
- Інэса Душкевіч — балерына,
- Уладзімір Іваноў — танцоўшчык,
- Уладзімір Камкоў — танцоўшчык,
- Людміла Кудраўцава — балерына,
- Рыта Млодак — спявачка, лірыка-драматычнае сапрана,
- Сяргей Нікалаеў — сцэнограф,
- Наталля Руднева — спявачка, меца-сапрана
- Яўген Чамадураў — сцэнограф,
- Сямён Штэйн,— рэжысёр.
Заслужаныя артысты Беларусі:
- Юлія Дзятко — балерына,
- Таццяна Шаметавец — балерына.
Выканаўцы без ганаровых званняў:
- Эрнст Гейдэбрэхт — сцэнограф,
- Яўген Ждан — сцэнограф,
- Таццяна Каламійцава— дырыжор,
- Леў Крамарэўскі — балетмайстар,
- Леў Лях — дырыжор, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь,
- Алег Маралеў — рэжысёр,
- Уладзімір Машэнскі — дырыжор,
- Вячаслаў Окунеў — сцэнограф,
- Віталь Пятроўскі — танцоўшчык,
- Юрый Ужанцаў — рэжысёр.
Сучаснасць
правіцьУ 1996 годзе ў выніку рэарганізацыі адзіны тэатр падзяліўся на самастойныя структуры: тэатр оперы і тэатр балета. У 2009 годзе пасля капітальнай рэканструкцыі будынка было прынята рашэнне зноў аб’яднаць трупы ў адзіны Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета.
Оперны рэпертуар
правіцьАснову опернага рэпертуару[37] Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь складаюць пераважна класічныя оперы.
Асаблівым попытам карыстаюцца творы прадстаўнікоў італьянскай і рускай кампазітарскай школы. У тым ліку «Севільскі цырульнік» Джаакіна Расіні, «Набука», «Баль-маскарад», «Аіда» і «Травіята» Джузэпэ Вердзі, «Мадам Батэрфляй», «Тоска », «Багема » і «Турандот» Джакама Пучыні. Сярод рускіх кампазітараў — «Князь Ігар» Аляксандра Барадзіна, «Іаланта» і «Яўген Анегін» Пятра Чайкоўскага.
З нацыянальных твораў на сцэне ідуць «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана, прызнаная адной з лепшых беларускіх оперных пастановак[38], «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага, «Мядзведзь» Сяргея Картэса, «Доктар Айбаліт» Марыны Марозавай (на аснове лібрэта Таццяны Мушынскай)[39].
Балетны рэпертуар
правіцьАснову рэпертуара складаюць класічныя пастаноўкі, а таксама балеты Валянціна Елізар’ева. Пастаноўкі іншых харэографаў (напрыклад, «Марная засцярога», пастаўлены нямецкім харэографам Дзітмарам Зайфертам, «Папялушка» у пастаноўцы маскоўскага харэографа Юрыя Пузакова, «Трыстан і Ізольда » у версіі Юрыя Траяна, «Шчаўкунок», пастаўлены Аляксандрай Ціхаміравай) прыкмента саступаюць ім па ўзроўню.
Трупа
правіцьДырыжоры
правіць- Запрошаныя дырыжоры
Рэжысёры
правіць- Рэжысёр-пастаноўшчык
- Рэжысёры
Балетная трупа
правіцьГалоўны балетмайстар — Ігар Колб[40][41]
Загадчык балетнай трупай — Таццяна Шаметавец
- Вядучыя майстры сцэны
- Ягор Азаркевіч
- Кацярына Алейнік
- Ігар Аношка
- Ігар Артамонаў
- Арцём Банькоўскі
- Марына Вежнавец
- Вольга Гайко
- Эвен Капітэн
- Канстанцін Геронік
- Юрый Кавалёў
- Антон Краўчанка
- Канстанцін Кузняцоў
- Таро Курачы
- Такатошы Мачыяма
- Вікторыя Трэнкіна
- Людміла Уланцава
- Надзея Філіпава
- Ганна Фокіна
- Людміла Хітрова
- Aляксандра Чыжык
- Яна Штангей
- Алег Яромкін
- Ірына Яромкіна
- Салісты
- Балетмайстры-пастаноўшчыкі
- Балетмайстры-рэпетытары
Оперная трупа
правіцьЗагадчык трупы оперы — Наталля Акініна
- Сапрана
- Алена Бундзелева
- Таццяна Гаўрылава
- Марыя Галкіна
- Кацярына Галаўлёва
- Ганна Гур’ева
- Марта Данусевіч
- Алена Зотава
- Надзея Кучар
- Ірына Кучынская
- Марына Ліхашэрст
- Анастасія Малашкевіч
- Вольга Маліноўская
- Святлана Марусевіч
- Настасся Масквіна
- Таццяна Пятрова
- Клаўдзія Пацёмкіна
- Іна Русіноўская
- Алена Сіняўская
- Алена Таболіч
- Таццяна Траццяк
- Дыяна Трыфанава
- Анастасія Храпіцкая
- Ніна Шарубіна
- Алена Шведава
- Мецца-сапрана
- Тэнара
- Барытоны
- Басы
- Запрошаныя салісты
Кіраўнік групы стажораў — Ніна Шарубіна
Хор
правіць- Хормайстары
- Ніна Ламановіч — Галоўны хормайстар
- Сяргей Аграновіч
- Iрына Карманова
Канцэртмайстры
правіць- Канцэртмайстры оперы
- Канцэртмайстры балета
- Канцэртмайстры хора
Мастакі
правіць- Мастакі-пастаноўшчыкі
- Мастакі па святлу
Кіраўніцтва
правіцьДырэктары
правіць- Оскар Гантман (?-1937)
- Фёдар Ярыкаў (1937—1938)— дырэктар-мастацкі кіраўнік
- Оскар Гантман (1938-?)
- Уладзімір Стэльмах (1945—1947)
- Сяргей Картэс (1996—2002) — дырэктар-мастацкі кіраўнік Тэатра оперы
- Андрэй Лапцёнак (2002-?) — дырэктар тэатра оперы
- Валянцін Елізар’еў (1996—2009) — дырэктар-мастацкі кіраўнік Тэатра балета
- Уладзімір Грыдзюшка (2009—2019) — дырэктар аб’яднанага Тэатра оперы і балета
- Аляксандр Пятровіч (2019—2021)
- Вячаслаў Гарбузаў (2021—2022)[42]
- Кацярына Дулава (з 2022)
Мастацкія кіраўнікі, галоўныя рэжысёры
правіць- Фёдар Ярыкаў (1937—1938)— дырэктар-мастацкі кіраўнік
- Павел Златагораў (1939—1942) — галоўны рэжысёр
- Барыс Мардвінаў (1947—1951) — галоўны рэжысёр
- Ларыса Александроўская (1951—1960) — галоўны рэжысёр
- Дзмітрый Смоліч (1962—1970)— мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр
- Атар Дадышкіліяні (1972—1976) — галоўны рэжысёр
- Вячаслаў Цюпа (1987—1992) — галоўны рэжысёр тэатра оперы і балета
- Сяргей Картэс (1991—2002) — спярша мастацкі кіраўнік опернай трупы, з 1996 года — мастацкі кіраўнік-дырэктар Тэатра оперы
- Маргарыта Ізворска-Елізар’ева (2002—2009) — мастацкі кіраўнік Тэатра оперы
- Валянцін Елізар’еў (1996—2009) — мастацкі кіраўнік-дырэктар Тэатра балета
- Міхаіл Панджавідзэ (2010—2019) — галоўны рэжысёр аб’яднанага Тэатра оперы і балета[43]
- Валянцін Елізар’еў (2018—2021) — мастацкі кіраўнік аб’яднанага Тэатра оперы і балета
- Маргарыта Ізворска-Елізар’ева (з 2021) — мастацкі кіраўнік Тэатра оперы і балета[44]
Галоўныя дырыжоры
правіць- 1933−1936 — Ілья Гітгарц,
- 1938−1941 — Натан Грубін,
- 1944−1948 — Анісім Брон,
- 1948−1950 — Уладзімір Пірадаў ,
- 1951−1964 — Леў Любімаў,
- 1966−1968 — Газіз Дугашаў,
- 1969−1972 — Кірыл Ціханаў,
- 1972−1980 — Яраслаў Вашчак,
- 1980−1984 — Аляксандр Анісімаў,
- 1984−1989 — Генадзь Праватораў ,
- 1989−2007 — Аляксандр Анісімаў,
- з 2007 — Віктар Пласкіна.
Галоўныя балетмайстры
правіць- Васіль Вайнонен (1944—1946) — мастацкі кіраўнік балета
- Канстанцін Мулер (1946—1960)
- Аляксей Андрэеў (1960—1964)
- Атар Дадышкіліяні (1965—1971)
- Аляксей Андрэеў (1971—1973)
- Валянцін Елізар’еў (1973—1996 — галоўны балетмайстар, 1996—2009 — дырэктар-мастацкі кіраўнік Тэатра балета
- Юрый Траян (2009—2022) — галоўны балетмайстар, пазней мастацкі кіраўнік балета
- Ігар Колб (з 2022)
Галоўныя хармайстары
правіць- Георгій Пятроў (1933—1937, 1945—1960)
- Аляксей Кагадзееў (1960—1993),
- Ніна Ламановіч (з 1993).
У культуры
правіцьБудынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета адлюстраваны ў скульптуры «Дойлід» Уладзіміра Жбанава, устаноўленай у 2007 годзе на плошчы Незалежнасці ў Мінску.
Заўвагі
правіць- ↑ Тэатры Беларусі | 27.03.2019
- ↑ а б склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ а б в г А.С. Шамрук. Архітэктура Беларусі XX-пачатку XXI ст.:эвалюцыя стыляў і мастацкіх канцэпцый = Архитектура Беларуси XX-начала XXI в.:эволюция стилей и художественных концепций. — Мн.: Белорус. Наука, 2007. — 335 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-08-0868-4.
- ↑ а б в Театр оперы и балета «…зерно будущего и плевелы настоящего»
- ↑ а б в г д е ё ж з Фотаздымкі і інфармацыя на вэбсайце www.minsk-old-new.com («Мінск Старый і Новы») Архівавана 26 студзеня 2009. (руск.)
- ↑ Неизвестный Лангбард(недаступная спасылка)
- ↑ Беларусы: у 13 т. Т. 2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 320
- ↑ а б в г д е ё ж Реконструкция театра оперы и балета: Интерьеры до и после
- ↑ а б в г д е В Театре оперы и балета в Минске нашли… мумифицированный труп немца Архівавана 24 студзеня 2013.
- ↑ Да праекта пастановы ГЛ БССР «Аб завяршэнні аднаўленчых прац і ўводзе ў эксплуатацыю будынка Беларускага дзяржаўнага ордэна Леніна тэатра оперы і балета». Оперны тэатр. Перапіска з СМ БССР аб аднаўленні тэатра. 1947 г. // БДАМЛМ, ф. 20, оп. 1, д. 28, з. 7.
- ↑ Аб аднаўленні будынка Беларускага дзяржаўнага ордэна Леніна тэатра оперы і балета… Оперны тэатр. Перапіска з СМ БССР аб аднаўленні тэатра. 1947 г. // БДАМЛМ, ф. 20, оп. 1, д. 28, з. 13.
- ↑ Оперны тэатр. Перапіска з СМ БССР аб аднаўленні тэатра. 1947 г. // БДАМЛМ, ф. 20, оп. 1, д. 28, з. 24.
- ↑ а б в Большие перемены в Большом Архівавана 25 чэрвеня 2012.
- ↑ Национальный Академический Большой Театр Оперы и Балета Республики Беларусь
- ↑ а б В здании Лангбарда будет лучшая сценическая площадка Беларуси
- ↑ сцэна і яе кішэні, механічнае абсталяванне, усталявальнае асвятленне, акустычныя прылады
- ↑ глядзельная зала, фае, вестыбюль, гардэробная, буфет, санвузлы
- ↑ а б Ю.Н. Кишик. Архітэктурная кампазіцыя = Архитектурная копмпозиция. — Мн.: Вышэйшая школа, 2010. — 191 с. — 1 100 экз. — ISBN 978-985-06-1352-3.
- ↑ а б Квартет Лангбарда, или Момент истины
- ↑ Напрыклад, першапачатковы лангбардаўскі праект, які перамог у конкурсе 1934 г. на стварэнне тады яшчэ Вялікага дзяржаўнага тэатра (не «Оперы і балета» — меркавалася выкарыстоўваць новабудоўлю для грандыёзных тэатральна-агітацыйных пастановак), уключаў не толькі скульптурную групу са сцягамі перад уваходам, але таксама і вялікую трыбуну для прывітання парадаў і дэманстрацый
- ↑ а б Черным по белому: скульптуры на здании театра
- ↑ а б Белорусские воятели Геннадий Буралкин, Александр Финский и Михаил Шкробот создают композицию в виде Аполлона и двух нимф для Большого театра оперы и балета. Архівавана 15 лістапада 2008.
- ↑ а б Как задумал Лангбард…(недаступная спасылка)
- ↑ CКУЛЬПТУРНАЯ КОМПОЗИЦИЯ Архівавана 2 кастрычніка 2015.
- ↑ 120 лет со дня рождения Максима Богдановича
- ↑ Десять безымянных скверов Минска обрели названия Архівавана 4 кастрычніка 2015.
- ↑ а б в г д Большой театр оперы и балета Республики Беларусь (руск.)
- ↑ Соловей(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ Гісторыя тэатра Архівавана 28 сакавіка 2012. на Афіцыйным сайце Архівавана 27 студзеня 2010. (руск.)
- ↑ Пратэст на прыступках опернага тэатра
- ↑ Пратэст каля помніка М. Багдановічу
- ↑ а б Галоўны дырыжор пайшоў з Опернага праз два дні пасля прызначэння. Салідарнасць з Купалаўскім і Латушкам 26.08.2020 / 19:14
- ↑ Супрацоўнікі Опернага тэатра запатрабавалі аднавіць на пасадзе Паўла Латушку 25.08.2020
- ↑ У Оперы перад «Царскай нявестай» пад авацыю выканалі «Магутны Божа» ВІДЭА
- ↑ Пасля акцыі салідарнасці з Опернага звольнілі дырыжора, першую скрыпку аркестра, скрыпачку і альтыстку . Радыё Свабоды (28 кастрычніка 2020). Праверана 28 кастрычніка 2020.
- ↑ Пасля акцыі салідарнасці ў Оперным тэатры адмянілі спектаклі. Афіцыйна: каранавірус Архівавана 1 лістапада 2020.
- ↑ Рэпертуар Архівавана 28 сакавіка 2012. на Афіцыйнай старонцы тэатра Архівавана 27 студзеня 2010.
- ↑ Театр оперы и балета(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ Дзіцячая опера: што «Доктар…» прапісаў?(недаступная спасылка)
- ↑ ИГОРЬ КОЛБ. ГЛАВНЫЙ БАЛЕТМЕЙСТЕР ТЕАТРА
- ↑ Главный балетмейстер Большого театра Беларуси Игорь Колб: мое вхождение в профессию было именно здесь
- ↑ https://news.tut.by/culture/729937.html Архівавана 12 мая 2021.
- ↑ https://nashaniva.by/?c=ar&i=242852&lang=ru
- ↑ https://news.tut.by/culture/719423.html Архівавана 18 лютага 2021.
Літаратура
правіць- Мушынская Т. М. Валянцін Елізар’еў. — Мн., 2003.
- Мушынская Т. М.Гармония дуэта". — Мн., 1987.
- Мушынская Т. М.«Гаркавы смак ісціны». — Мн., 1993.
- Мушынская Т. М. «Жарсці» («Рагнеда»). — Мн., 1997.
- Смольский Б. С. Белорусский государственный ордена Ленина Большой театр оперы и балета. — Мн., 1963.
- Чурко Ю. М. Белорусский балет, Минск, 1966.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета
- Афіцыйная вэб-старонка тэатра (бел.) (руск.) (англ.)
- Иосиф Лангбард. Театр оперы и балета в Минске (руск.)
- В Театре оперы и балета в Минске нашли… мумифицированный труп немца Архівавана 24 студзеня 2013. (руск.)
- Театр оперы и балета «…зерно будущего и плевелы настоящего» (руск.)
- ст. "Беларускі тэатр оперы і балета " у рускамоўнай «Тэатральнай энцыклапедыі» Архівавана 16 кастрычніка 2013. (руск.)
- Гісторыя тэатраАрхівавана 28 сакавіка 2012. на афіцыйнай вэб-старонцы тэатра Архівавана 27 студзеня 2010. (руск.)
- Фотаздымкі і інфармацыя на вэбсайце www.minsk-old-new.com («Мінск Старый і Новы») Архівавана 26 студзеня 2009. (руск.)
- Iосiф Лянгбард. Менская Опэра у «НН»(недаступная спасылка)
- Белорусский балет: как стать балериной (видео) Архівавана 3 красавіка 2015. (руск.)
- Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета на сайце «Архіварта»
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |